Кропка з коскай
Кропка з коскай | |
; | |
◄ • .... … : ; · √ ÷ × ► | |
Іншыя назвы | кропка з закавыкаю пункт з коскай пункт з закавыкаю |
---|---|
Зьвесткі | |
Тып | друкарскі знак; |
Назва ў Юнікодзе | semicolon
|
Юнікод | U+003B |
HTML | ;, ; |
UTF-16 | 0x3B |
URL-код | %3B |
усе сымбалі · лацінка · кірыліца · грэцкія · дыякрытыкі · валюты · дапамога |
Кро́пка з ко́скай, састарэлая назва — кро́пка з закавы́каю (;) — разьдзяляльны няпарны знак прыпынку.
Правілы выкарыстаньня
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У беларускай мове кропка з коскай ставіцца паміж адносна незалежнымі састаўнымі часткамі сказа, якія аб'ядноўваюцца ў адзін складаны сказ бяз злучнікаў, а самі часткі разгорнутыя і (альбо) маюць свае знакі прыпынку:
«Чарнеецца сажаю вечар. Дождж б'ецца аб хвалі ракі; гуляе, гудзе над ёй вецер, заводзіць, што ў полі ваўкі»
Кропка з коскай можа ставіцца на стыку частак бяззлучнікавага сказа з адносна незалежнымі часткамі, калі паміж імі знаходзіцца пабочнае слова. У гэтым выпадку кропка з коскай паказвае, да якой з частак адносіцца пабочнае слова:
«Але якое гэта запрашэньне — адзін сказ у канцы, як бы між іншым, для ветлівасьці; можа, спадзявалася, што ён не адважыцца прыехаць»
Кропка з коскай ставіцца паміж часткамі складанага сказа, якія зьвязваюцца паміж сабой: далучальнымі злучнікамі але, толькі, аднак, усё ж, тым ня менш і інш., асабліва калі гэтыя часткі разгорнутыя і (альбо) маюць свае знакі прыпынку:
«Марозік крэпіць, лёд таўшчэе, і рэчка вольная нямее, да дна вадзіца вымярзае й ходу, бедная, ня мае, і цесна там ёй, і няміла яе халодная магіла; але дарма: жывую сілу не запраторыш ты ў магілу, мароз бязжаласны й люты!»— Я. Колас
Далучальнымі злучнікамі й і (у значэнні «і») толькі ў тым выпадку, калі яны аб'ядноўваюць дзьве састаўныя часткі, якія бяз гэтых злучнікаў былі б самастойнымі сказамі, разьдзеленымі кропкай:
«На ёй [ялінцы] валоскія арэхі, а з пазалочанай паперкі глядзяць панадныя цукеркі; і больш на ёй няма нічога, ды хіба ж дзецям трэба многа?»— Я. Колас
Перад злучнікам а кропка з коскай ставіцца толькі ў тым выпадку, калі састаўныя часткі, якія зьвязваюцца гэтым злучнікам, разгорнутыя й маюць свае знакі прыпынку:
«Ён невысок, ня надта ёмак, ды карчавіты й няўломак, а волас мае цёмна-русы, і зухаўскія яго вусы ў меру доўгі, густаваты, угору чуць канцы падняты; а вочы шэры, невялічкі, глядзяць прыветна, як сунічкі, але раптоўна й адразу не расчытаеш іх выразу…»— Я. Колас
Кропка з коскай ставіцца паміж разьвітымі аднароднымі членамі, калі пры адным зь іх ёсьць коскі:
«Хлопец зьлёгку задрыжаў і ўзяў скрыпку паслухмяна; струны звонкія наладзіў, раз-другі смычком правёў і аддаўся ўвесь абладзе, чарам струнных галасоў»— Я. Колас
Кропка з коскай ставіцца паміж разгорнутымі даданымі часткамі складаназалежнага сказа, падпарадкаванымі адной і той жа галоўнай, калі паміж даданымі няма злучальнага злучніка, асабліва калі ў сярэдзіне такіх даданых ёсьць свае даданыя часткі:
«Калі з-пад завялых шыпулек паказаліся й смачна запахлі спачатку маленькія шэра-сінія струменьчыкі дыму, а потым, вельмі хутка разросшыся, вялікімі клубамі паплылі над бульбоўнікам; калі, нарэшце, праз гольле прабіліся жвавыя й белаватыя на ранку языкі полымя, на ўчастку неяк адразу ўсё зьмянілася»— А. Кулакоўскі
Кропка з коскай ставіцца паміж групамі адносна незалежных састаўных частак бяззлучнікавага сказа, а таксама паміж групамі даданых частак, якія адносяцца да адной галоўнай:
«Цёмны бор, кусты, балоты, кучы лоз і дубняку, рэчкі, купіны, чароты, мора траваў і хмызьняку; мосьцік, зложаны зь бярвеньняў, брод і грэбля кожны крок, на дарозе рад карэньняў, крыж, пахілены набок; пералескі, лес, паляна, старасьвецкі дуб з жарлом, хвоя-веліч на кургане з чорным буславым гняздом; гразь, пяскі, лужок зялёны, шум крынічкі з-пад карча, шэлест лісьцяў несканчоны, крык у небе крумкача; вербы, груша-сіраціна, нізкарослы цёмны гай…»— Я. Колас
Кропка з коскай ставіцца ў канцы рубрык пералічэньня, калі яны не зьяўляюцца самастойнымі сказамі, але дастаткова разгорнутыя і (альбо) маюць свае знакі прыпынку:
Паводле папярэдніх даных, рух усіх трох спадарожнікаў адбываецца па блізкіх арбітах з пачатковымі парамэтрамі:
- пэрыяд абарачэньня 95,2 мінуты;
- максымальная адлегласьць ад паверхні Зямлі (у апаґеі) 876 кілямэтраў;
- мінімальная (у пэрыґеі) 210 кілямэтраў;
- вугал нахілу арбіт да плоскасьці роўніка 56 градусаў 10 хвілін.
У дыфэрэнцыяльнай геамэтрыі кропка з коскай, пастаўленая перад індэксам, пазначае каварыянтную вытворную функцыі па каардынаце, пазначанай дадзеным індэксам. Напрыклад:
Цікавыя факты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- У першым беларускім буквары, выдадзеным у 1906 годзе ў Санкт-Пецярбургу выдавецкай суполкай «Загляне сонца і ў наша аконца», кропка з коскай называлася «кропкай з закавыкай».