Царква Дабравешчаньня Багародзіцы (Віцебск)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Помнік сакральнай архітэктуры
Царква Дабравешчаньня Багародзіцы
Дабравешчанская царква
Дабравешчанская царква
Краіна Беларусь
Места Віцебск
Каардынаты 55°11′29.08″ пн. ш. 30°12′03″ у. д. / 55.1914111° пн. ш. 30.20083° у. д. / 55.1914111; 30.20083Каардынаты: 55°11′29.08″ пн. ш. 30°12′03″ у. д. / 55.1914111° пн. ш. 30.20083° у. д. / 55.1914111; 30.20083
Дата заснаваньня XII ст.
Царква Дабравешчаньня Багародзіцы на мапе Беларусі ±
Царква Дабравешчаньня Багародзіцы
Царква Дабравешчаньня Багародзіцы
Царква Дабравешчаньня Багародзіцы
Царква Дабравешчаньня Багародзіцы
Царква Дабравешчаньня Багародзіцы
Царква Дабравешчаньня Багародзіцы
Commons-logo.svg Царква Дабравешчаньня Багародзіцы на Вікісховішчы

Царква Дабравешчаньня Багародзіцы (Зьвеставаньня) — помнік архітэктуры XII ст. у Віцебску. Знаходзіцца на левым беразе Дзьвіны, на месцы былога рамесьніцка-гандлёвага пасаду Ніжняга Замка. Пры пабудове была ў юрысдыкцыі Канстантынопальскага патрыярхату, цяпер — Маскоўскага. Дзейнічае. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь.

Дабравешчанская царква — найстарэйшы мураваны будынак Віцебску, які пацярпеў ад маскоўскай перабудовы ў 1862 годзе і быў узарваны савецкімі ўладамі ў 1961 годзе. У 1999 годзе завяршылася аднаўленьне гіпатэтычнага аблічча сьвятыні XII ст. з выкарыстаньнем захаваных муроў. Побач з царквой стаяў Фарны касьцёл, таксама ўзарваны і дагэтуль не адноўлены.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пісьмовыя крыніцы не захавалі дакладных зьвестак пра час будаваньня царквы. Легенда, зьмешчаная ў позьняй Віцебскай хроніцы, сьцьвярджае, што царкву збудалі ў X ст. на загад княгіні кіеўскай Вольгі. Аднак першыя дакумэнтальныя гістарычныя зьвесткі пра сьвятыню зьяўляюцца толькі на старонках літоўскіх (беларускіх) хронік XVXVI стагодзьдзяў. На іх падставе Мацей Стрыйкоўскі адносіць узьвядзеньне мураванага будынка да XIV ст. — часоў вялікага князя Альгерда. Аднак большасьць дасьледнікаў архітэктуры канца XIX — 1-й паловы XX стагодзьдзяў лічылі, што ў XIV ст. праводзілася толькі перабудова помніка (зьявіліся новыя скляпеньні). Дасьледаваньні археолягаў паводле шэрагу асаблівасьцяў будаўнічай тэхнікі і аналізу архітэктурных формаў вызначылі прыблізны час будаваньня — 2-я чвэрць XII ст.[1] Існуе меркаваньне, што царкву збудавалі балканскія дойліды, прывезеныя ў 1140-я раней высланымі ў Бізантыю полацкімі князямі[2].

З «Рысунку места Віцебску», 1664 год

У 1619 годзе разам з асобна пастаўленай драўлянай званіцай перайшла да ўніятаў. У сярэдзіне XVII ст. адбылася новая перабудова — замест аркавых закамараў зьявіліся 2-гранныя шчыпцы, якія абумовілі 8-схільнае пакрыцьцё царквы. Дагэтуль належыць найбольш старажытная выява царквы — на «Рысунку места Віцебску» (1664). Паводле рысунку, мела 1 купал на барабане, побач знаходзілася званіца. За часамі Вялікай Паўночнай вайны значна пацярпела і пэўны час стаяла паўзруйнаваная. У 1714 годзе праводзіўся рамонт, па 1759 годзе царкву перабудавалі ў стылі віленскага барока[3].

У Вайну 1812 году французы выкарысталі царкву пад склад боепрыпасаў. У 1831 годзе ўлады Расейскай імпэрыі перадалі яе Маскоўскаму патрыярхату, у 1833 годзе праводзіўся рамонт. У 1862 годзе царскія ўлады ў межах палітыкі маскалізацыі краю[4] капітальна перабудавалі царкву: будынку не вярнулі аўтэнтычны выгляд, а надалі рысы маскоўскага сярэднявечнага дойлідзтва.

Адноўленая царква

Упершыню помнік дасьледаваў у канцы XIX ст. А. Паўлінаў (падрабязна апісаў муроўку XII ст., склаў плян збудаваньня і прапанаваў яго рэканструкцыю). У 1944 годзе абмеры царквы зрабіў П. Бараноўскі. Археалягічныя дасьледаваньні праводзілі І. Хозераў (1946), Г. Штыхаў (1964), М. Каргер (1968) і П. Рапапорт (1975). У 1982 годзе рэшткі царквы дасьледавалі А. Трусаў, П. Рапапорт і Т. Бубенька.

Будынак пацярпеў за часамі Другой сусьветнай вайны ў 1944 годзе. Да сьнежня 1961 году, калі савецкія ўлады ўзарвалі царкву (пры актыўным удзеле галоўнага архітэктара Віцебску[5]), яе муры захоўваліся амаль на ўсю вышыню. У 1977 годзе праводзілася кансэрвацыя рэштак (архітэктар С. Друшчыц), з 1992 году — адбудова (архітэктар Г. Лаўрэцкі)[6]. 7 студзеня 1999 году адбылося адкрыцьцё адноўленай царквы.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гіпатэтычная рэканструкцыя на XII ст., зробленая ў канцы XIX ст.

Помнік полацкай школы дойлідзтва, прыклад творчай перапрацоўкі крыжова-купальнага базылікальнага тыпу бізантыйскага сакральнага будынка. Выцягнуты ў пляне прастакутны аб’ём на высокім цокалі з тыльнай усходняй сьцяны мае вялікую паўкруглую цэнтральную апсыду, дэкарыраваную тонкімі калёнкамі. Шырыня царквы 11,1 м, даўжыня без апсыды 18,2 м, з апсыдай — 21 м, таўшчыня сьценаў ад 1,1 да 1,5 м. Бакавыя фасады плоскімі лапаткамі падзяляюцца на 4 амаль аднолькавыя праслы, завершаныя закамарамі з дахамі-бочкамі. З паўднёвага, паўночнага і заходняга бакоў разьмяшчаліся аркавыя ўходныя парталы зь невялікімі прытворамі. Канструкцыйнае выкананьне будынка — у бізантыйскай тэхніцы муроўкі (opus mixtum): гарызантальныя шэрагі блёкаў-квадраў абчасанага жоўтага каменю-вапняку чаргуюцца з пракладзенай паміж імі ў 1—4 шэрагі тонкай цэглай-плінфай (выяўлены шэраг плінфаў з клеймамі). Памеры плінфы — 3—3,7 × 19—20 × 27—29 см (асноўны фармат), 2,8 × 15 × 21 см і 6 × 27 × 30 см. Муроўка змацоўваецца рашчынай так званай ружовай цамянкі — сумесь вапны з тоўчанай цэглай. Канструкцыйна сьцены ўмацоўваліся гарызантальна пакладзенымі ў 2 шэрагі бярвеньнямі. Падлога складаецца зь невялікіх часаных камянёў, яе ўзровень на 105 см вышэй за цокаль будынка. Пад аўтэнтычнай падлогай на глыбіні да 1 м знаходзіцца пласт вапнавай рашчыны з дамешкамі дробных камянёў, пад якім залягае культурны пласт 0,4—0,6 м з керамікай XI — 1-й чвэрці XII стагодзьдзяў[7].

Інтэр’ер царквы

Па перабудове ў стылі віленскага барока купал на сяродкрыжжы разабралі, а над алтарнай часткай узьвялі вежачку зь сьпічакам. На ўсю шырыню галоўнага фасаду прыбудавалі новы ўходны аб’ём зь дзьвюма шмат’яруснымі вежамі-званіцамі і фігурным франтонам паміж імі. У адпаведнасьці з грэка-каталіцкай абраднасьцю ў інтэр’еры царквы зрабілі мураваную алтарную перагародку. Да паўночнага фасаду каля алтара далучылася рызьніца, а да паўднёвага фасаду — 2-павярховая прыбудова, на другім паверсе якой знаходзілася «цёплая» Пакроўская царква. У выніку маскоўскай перабудовы 2-й паловы XIX ст. з царквы зьнялі вежы-званіцы, над дахам узьвялі вялікі драўляны 8-гранны барабан з купалам-цыбулінай. У наш час над будынкам узьвялі цыліндрычны барабан пад паўсфэрычным купалам. На фасадах рэстаўратары пакінулі адкрытымі фрагмэнты старажытнай плінфавай муроўкі.

Унутры 6 крыжовых у сечыве слупоў падзяляюць залю на 3 нэфы, сярэдні зь якіх шырэйшы за бакавыя, і завяршаецца вонкавай апсыдай, бакавыя — паўкруглымі нішамі ў тоўшчы сьцяны. У заходняй частцы на пары слупоў разьмяшчаліся хоры, на якія вялі ўсходы ў тоўшчы фасаднай сьцяны. Бакавыя часткі хораў займалі капліцы зь невялікімі апсыдамі ў таўшчыні муроў. Нартэкс пад хорамі вылучаецца глухім прасьценкам.

Інтэр’ер царквы меў багатую фрэскавую размалёўку XII ст., якая пакрывала ўсе роўніцы сьценаў (захаваліся выява анёла і дэкор вакол праёмаў і ўздоўж сьцяны каля падлогі). Геамэтрычны дэкор меў выгляд ланцужкоў з 3-кутніх пірамідаў. Калярыстычная гама карычнева-чырвоная, ружова-жоўтая, зялёна-блакітная. Фрагмэнт фрэскавай выявы ваяра з старажытнаславянскімі літарамі, зьняты з партала галоўнага ўходу, захоўваецца ў Віцебскім абласным краязнаўчым музэі. Іканастас 2-ярусны сучаснай работы[8].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Да перабудовы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па перабудове[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Страчаная спадчына / Т. Габрусь. — Менск, 2003. С. 61.
  2. ^ Беларусь: энцыкл. даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш. — Мінск: БелЭн, 1995.
  3. ^ Страчаная спадчына / Т. Габрусь. — Менск, 2003. С. 63.
  4. ^ Лаўрэцкі Г. Віцебская Благавешчанская царква // Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993. С. 120.
  5. ^ Габрусь Т. Мураваныя харалы. — Менск, 2001. С. 187.
  6. ^ Кулагін А. Праваслаўныя храмы на Беларусі. — Менск, 2001. С. 39.
  7. ^ Трусаў А. Віцебская царква Звеставання // ЭГБ. Т. 2. — Менск, 1994. С. 327.
  8. ^ Кулагін А. Праваслаўныя храмы на Беларусі. — Менск, 2001. С. 40.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Histvalue sign export.svg Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  212Г000089

Commons-logo.svg Царква Дабравешчаньня Багародзіцы (Віцебск)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў