Перайсьці да зьместу

Амэрыканска-беларускія стасункі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Стасункі Беларусі і ЗША»)
Амэрыканска-беларускія дачыненьні
Злучаныя Штаты Амэрыкі і Беларусь

ЗША

Беларусь
Дыпляматычныя місіі
Амбасада ЗША ў Беларусі Амбасада Рэспублікі Беларусь у ЗША
Амбасадары
Павераны ў справах Робэрт Райлі Павераны ў справах Павал Шыдлоўскі

Амэрыканска-беларускія дачыненьні — двухбаковыя міжнародныя дачыненьні Злучаных Штатаў Амэрыкі і Рэспублікі Беларусь.

28 сьнежня 1991 году Злучаныя Штаты Амэрыкі і Рэспубліка Беларусь усталявалі дыпляматычныя дачыненьні. У 1992 годзе адчынілі Амбасаду Беларусі ў ЗША. 31 студзеня 1992 г. адчынілі Амбасаду ЗША ў Беларусі. 7 ліпеня 1993 г. прызначэньне першым амбасадарам Беларусі ў ЗША атрымаў Сяргей Мартынаў. 25 жніўня 1992 г. першы амбасадар ЗША ў Беларусі Дэвід Сўорц прыступіў да выкананьня сваіх абавязкаў. У 1993 г. Амбасаду Беларусі перанесьлі ў будынак па Нью-Гэпшырскім прасп., д. 1619. У ліпені 1993 году ў Вашынгтоне старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч сустрэўся з прэзыдэнтам ЗША Білам Клінтанам. 15 студзеня 1994 г. прэзыдэнт Біл Клінтан наведаў Беларусь. У 1995 г. прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка сустрэўся зь Білам Клінтанам у ЗША. Тады ж заснавалі міжурадавы камітэт разьвіцьцюя амэрыканскага бізнэсу ў Беларусі. У лістападзе 1999 г. адбылася паўторная сустрэча на Стамбульскім саміце АБСЭ[1].

3 чэрвеня 2002 г. прэзыдэнт ЗША Джордж Ўокер Буш падпісаў Пастанову аб неўжываньні папраўкі Джэксана-Вэніка да Закона аб гандлі 1974 году, якім падоўжыў дзеяньне нармальнальных гандлёвых адносінаў Беларусі і ЗША тэрмінам на год[2].

У верасьні 2004 году ЗША абвясьцілі аб намэры дамагацца адхіленьня ад улады прэзыдэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Пазыцыю ЗША выказаў сэнатар Джон Маккейн: «Мы будзем змагацца за тое, каб Беларусь вызвалілася ад тыраніі. Зьмена рэжыму прэзыдэнта Лукашэнкі ў Беларусі плянуецца ня ўзброеным шляхам, а з дапамогай міжнароднага ціску».

Усьлед за гэтай заявай амэрыканскае міністэрства фінансаў абвінаваціла беларускі «Інфабанк» у адмываньні грошай Садама Хусэйна.

6 кастрычніка Палата прадстаўнікоў Кангрэса ЗША аднагалосна прагаласавала за ўводзіны эканамічных санкцыяў супраць Беларусі і яе прэзыдэнта асабіста.

Прыняты Кангрэсам Закон «Аб дэмакратыі ў Беларусі» ўтрымоўвае доўгі сьпіс патрабаваньняў Аляксандру Лукашэнка:

  • вызваленьне асобаў, якія зьмяшчаюцца ў зьняволеньні, зьмешчаных у турмы за палітычныя або рэлігійныя перакананьні,
  • адклікаць палітычна матываваныя абвінавачваньні супраць апазыцыянэраў і незалежных журналістаў,
  • падаць вычарпальнае тлумачэньне зьнікненьняў дзеячаў апазыцыі і журналістаў,
  • спыніць рэпрэсіі супраць незалежных СМІ, незалежных прафзьвязаў, няўрадавых і рэлігійных арганізацыяў, апазыцыі
  • правесьці ў Беларусі вольныя і сумленныя прэзыдэнцкія і парлямэнцкія выбары ў адпаведнасьці са стандартамі АБСЭ.

Пакуль гэтыя патрабаваньні ня будуць выкананыя, адміністрацыі ЗША забароненае падаваць Беларусі якія-небудзь пазыкі, крэдытныя гарантыі, страхавыя выплаты, фінансаваньне і любое іншае фінансавае садзейнічаньне, а прадстаўнікам ЗША ў МВФ, Сусьветным банку і іншых міжнародных арганізацыях загадваецца галасаваць супраць падаваньні любога садзейнічаньня Беларусі. Паводле Акту, кангрэс і прэзыдэнт ЗША павінны каардынаваць рэалізацыю дадзенага закону зь іншымі дзяржавамі, у першую чаргу эўрапейскімі, «заахвочваючы іх ісьці на аналягічныя меры ў стаўленьні да ўлад Рэспублікі Беларусь».

Закон «Аб дэмакратыі» патрабуе ад прэзыдэнта ЗША не пазьней чым праз 90 дзён пасьля ўступа законапраекта ў сілу накіраваць у Кангрэс адмысловы даклад аб пастаўках узбраеньняў і баявых тэхналёгій зь Беларусі ў краіны, якія падтрымліваюць міжнародны тэрарызм.

У дакладзе таксама павінны быць паказаныя памэры асабістага стану і дадзеная адзнака ўласнасьці, якой валодаюць прэзыдэнт Лукашэнка і іншыя беларускія кіраўнікі, у тым ліку «афіцыйныя асобы, якія ўдзельнічалі ў прыгнечаньні свабоды ў Беларусі, уключаючы судзьдзяў і пракурораў».

20 кастрычніка 2004 году прэзыдэнт ЗША Джордж Ўокер Буш падпісаў Закон «Аб народаўладзьдзі ў Беларусі»(en)[3]. Такім чынам, эканамічныя санкцыі супраць улад Беларусі афіцыйна ўступілі ў сілу. Падпісаньне закона пацьвярджае, што ЗША маюць намер сур’ёзна дамагацца адхіленьня Аляксандра Лукашэнкі ад улады.

Аднак сам даклад аб асабістым стане беларускіх службоўцаў, азагалоўлены «Report on Belarus, the Last Dictatorship in Europe, Including Arms Sales and Leadership Assets» (Даклад па Беларусі — апошняй дыктатуры ў Эўропе, улучальны дадзеныя па гандлі зброяй і ўласнасьці кіраўнікоў) быў накіраваны Джорджам Бушам у Кангрэс толькі 16 сакавіка 2006, гэта значыць за тры дні да прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі. У дакладзе нараўне зь іншымі крыніцамі выкарыстоўваецца інфармацыя газэт «Маскоўскі Камсамолец», «Камэрсант» і агенцтва «Інтэрфакс».

У 2007 годзе аб’ём двухбаковага гандлю склаў $740,8 млн. Увесну 2010 году амэрыканскія прадпрыемствы «Ханівэл» (Морыс-Плэйнс, штат Нью-Джэрзі), «Сіско Сыстэмз» (Сан-Хасэ, штат Каліфорнія), «Навістар» (Лаел, штат Іліной), «Арвін-Мэрытор» (Трой, штат Мічыган), «Майкрасофт» (Рэдманд, штат Вашынгтон) і «Сігулер Гаф» (Нью-Ёрк) стварылі сумесна зь беларускімі прадпрымальнікамі Раду справавой супрацы Беларусі і ЗША. Аб’ём амэрыканскіх укладаньняў у Беларусі за 2011 год амаль падвоіўся параўнальна з 2010 годам і склаў $137,8 млн. Істотная частка амэрыканскіх укладаньняў прыпадала на Беларускі парк высокіх тэхналёгіяў. На 1 студзеня 2012 году на ўліку ў Беларусі стаялі 282 сумесных і замежных прадпрыемствы з удзелам амэрыканскага капіталу[1].

1 лютага 2020 году ў менскім Палацы незалежнасьці дзяржаўны сакратар ЗША Майкл Пампэо сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Пампэо заявіў, што пасьля 12-гадовага перапынку ўрад ЗША прызначыць амбасадара ў Беларусі, «каб амэрыканскія прадпрыемствы былі тут»[4]. 20 ліпеня 2020 году А. Лукашэнка прызначыў намесьніка міністра замежных справаў Беларусі Алега Краўчанку на пасаду амбасадара Беларусі ў ЗША, якая была вольнай 12 гадоў[5].

28 лютага 2022 году Дзяржаўны дэпартамэнт ЗША прыпыніў працу Амбасады ЗША ў Беларусі ў сувязі расейскім уварваньнем ва Ўкраіну, у тым ліку з тэрыторыі Беларусі[6]. Напярэдадні, 27 лютага, А. Лукашэнка пацьвердзіў, што з чарнобыльскіх раёнаў Беларусі, дзе на вучэньнях «Саюзная рашучасьць-2022» былі расейскія войскі, запускаліся ракеты па пазыцыях ва Ўкраіне[7].

  1. ^ а б Беларусь i краіны Амэрыкі // Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь, 2015 г. Праверана 24 траўня 2017 г.
  2. ^ Леанід Тугарын. Лягічнае рашэньне ЗША // Зьвязда : газэта. — 22 чэрвеня 2002. — № 145-146 (24524-24525). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  3. ^ Закон «Аб народаўладзьдзі ў Беларусі» (анг.) // Кангрэс ЗША, 2006 г. Праверана 24 траўня 2017 г.
  4. ^ Марыя Дадалка. «Вы прыехалі ў нармальную краіну, дзе жыве нармальны народ, і краіна гатова працаваць на стабільнасьць і мір» // Зьвязда : газэта. — 4 лютага 2020. — № 22 (29136). — С. 1, 2. — ISSN 1990-763x.
  5. ^ Назначаны паслы ў ЗША, Нідэрланды, Аўстрыю, Вялікабрытанію і Казахстан // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 20 ліпеня 2020 г. Праверана 20 ліпеня 2020 г.
  6. ^ ЗША прыпынілі работу свайго пасольства ў Менску // БелТА, 28 лютага 2022 г. Праверана 13 сакавіка 2022 г.
  7. ^ Марыя Дадалка. Канстытуцыя прапісаная ў духу народа, жаданьняў, якія ёсьць у народа // Зьвязда. — 28 лютага 2022. — № 40 (29662). — С. 2, 3.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]