Старажоўка

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам EmausBot (гутаркі | унёсак) у 12:15, 21 кастрычніка 2012. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Царква Сьвятой Марыі Магдалены

Старажоўка, Старажоўскае прадмесьце — гістарычны раён Менску ў паўночнай частцы места, за Траецкай гарой. На захад ад прадмесьця знаходзіліся Старажоўскія могілкі. Часам Старажоўку звалі Пярэспай, якая насамрэч пачыналася далей на поўнач.

На захадзе ад Старажоўкі месьціцца Старосьцінская Слабада, на поўначы — Пярэспа, на паўночным усходзе — Камароўка, на поўдні — Траецкае прадмесьце.[1]

Гісторыя

Назву сваю прадмесьце атрымала ад вартаўнічай (старажовай) заставы, што знаходзілася пры выезьдзе зь места з боку Старавіленскага і Даўгінаўскага трактаў у Барысаўскім кірунку (цяпер гэта скрыжаваньне вуліц Максіма Багдановіча і Кісялёва).

З 1797 року Старажоўскімі пачалі называць і праваслаўныя могілкі, дзе ў 1847 року была пабудаваная мураваная царква Марыі Магдаліны.[2]

На пачатак XX ст. прадмесьце ўваходзіла ў трэцюю паліцэйскую частку места. Праз Старажоўку праходзілі Мікалаеўская (цяпер Крапоткіна), Міхайлаўская (Камуністычная), Старажоўская (Кісялёва), Старавіленская, Аляксандраўская (раней Магілёўская, цяпер Максіма Багдановіча) вуліцы.[3]

У 1987 року менскія ўлады назвалі «Старажоўскай» вуліцу, якая праходзіла уздоўж набярэжнай Сьвіслачы паблізу крамы «Панарама», што з гістарычнага гледзішча не было дакладным.[4]

22 сьнежня 2006 року мескія ўлады надалі безназоўнаму сквэру на рагу праспэкта Машэрава і вуліцы Старажоўскай назву «Старажоўскі сквэр».[5]

Старыя адрасы[6]

  • Рог Аляксандраўскай і Старажоўскай. Бровар «Багемія». Заснаваны ў 1894 року графам К.Э. Чапскім. Меў паравы рухавік і дасканалае па тым часе абсталяваньне. Праз два рокі куплены фаміліяй Лекертаў. Прадукцыя прадпрыемства адзначаная пачэснай граматай Ўсерасейскай прамысловай і мастацкай выставы 1896 року ў Ніжнім Ноўгарадзе.
  • Міхайлаўская 81. Дрожджава-вінакурны завод Г. Гатоўскага. Пачаў дзейнічаць у 1881 року. У 1895 року пачаў вырабляць яшчэ і сьпірт. Быў усталяваны паравы кацёл, які абслугоўваў таксама млын пры заводзе. У пачатку XX ст. прадпрыемства ўваходзіла ў склад манапалістычнага аб'яднаньня дрожджава-вінакурных заводчыкаў Паўночна-Заходняга краю. Цяпер будынак належыць хлебазаводу №2 (Камуністычная, 70).
  • Стара-Віленская, 26, дом Фэльдмана. Кансьпіратыўная кватэра РСДРП у часы першай сусьветнай вайны. Прыкладна на тым месцы зараз стаіць будынак на рагу вуліц Старавіленскай і Кісялёва (Старавіленская, 56).
  • Старажоўскія могілкі. Царква роўнаапостальнай Марыі Магдалены. Заснаваная ў 1847 року. У 1950-я перабудаваная, да 1989 належыла Архіўнаму кіраваньню БССР. Пасьля рэстаўрацыі перададзеная БЭРПЦ (Кісялёва, 78).

Сучаснасьць

Ад назвы колішняга прадмесьця пайшлі сучасныя менскія тапонімы: Старажоўская вуліца, разьмешчаная, праўда, на паўночны захад ад гістарычнай Старажоўкі (гістарычная назва вуліцы — Старосьцінская Слабада) і Старажоўскі сквэр.

Крыніцы

  1. ^ «План губернского города Минска (1903)» з выпраўленьнямі і дадаткамі І. Сацукевіча // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мінск. БелЭн. 2006. C. 196—197
  2. ^ Святлана Багданкевіч. Старажоўка // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. С. 552
  3. ^ Іван Сацукевіч. Тапанімія вуліцы і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ стст. // «Беларускі калегіюм», 4 чэрвеня 2008.
  4. ^ Перестройка // Вячеслав Бондаренко. Названия минских улиц за последнее столетие: тенденции, загадки, парадоксы
  5. ^ Решение 22-й сессии Минского городского Совета депутатов 24-го созыва №274 от 22.12.2006 «Аб прысваенні назваў вуліцы, скверам і мікрараёнам г. Мінска»
  6. ^ Шыбека З. В., Шыбека С. Ф. Мінск: Старонкі жыцця дарэв. горада/ Пер. з рускай мовы М.Віжа; Прадмова С. М. Станюты. — Мн.: Полымя, 1994. — 341 с.

Літаратура