Скрыгалаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам EmausBot (гутаркі | унёсак) у 21:53, 6 жніўня 2012. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Скрыгалаў
Вобласьць: Гомельская
Раён: Мазырскі
Сельсавет: Скрыгалаўскі
Тэлефонны код: +375 2363
Аўтамабільны код: 3
Геаграфічныя каардынаты: 52°06′01″ пн. ш. 28°48′55″ у. д. / 52.10028° пн. ш. 28.81528° у. д. / 52.10028; 28.81528Каардынаты: 52°06′01″ пн. ш. 28°48′55″ у. д. / 52.10028° пн. ш. 28.81528° у. д. / 52.10028; 28.81528
Скрыгалаў на мапе Беларусі
Скрыгалаў
Скрыгалаў
Скрыгалаў

Скрыга́лаў — вёска ў Беларусі, на правым беразе ракі Прыпяць. Цэнтар сельсавету Мазырскага раёну Гомельскай вобласьці. Насельніцтва 747 чал. (2004). Знаходзіцца за 33 на захад ад Мазыра, за 10 км ад чыгуначнай станцыі Пціч (лінія Гомель — Лунінец); на аўтамабільнай дарозе Мазыр — Петрыкаў.

Скрыгалаў — даўняе мястэчка гістарычнай Мазыршчыны

Гісторыя

Выяўленыя археолягамі два курганныя могільнікі XXIII стст. (11 насыпаў, за 2 км на поўдзень ад Скрыгалава і 13 насыпаў, за 2 км ад вёскі, ува ўрочышчы Забуклявечча) сьведчаць пра засяленьне гэтай мясцовасьці ў глыбокай старажытнасьці. Упершыню Скрыгалаў згадваецца ў XIII ст. 7 траўня 1497 крымскія татары забілі тут мітрапаліта кіеўскага і Ўсяе Русі Макарыя (у 1897 у ягоны гонар збудавалі капліцу, ува ўрочышчы Падселішча — абэліск). Станам на 1590 у Скрыгалаве было 14 дымоў. З XVII ст. мясьціна знаходзілася ў валоданьні Аскеркаў. Знойдзены тут у 1925 манэтны скарб (каля 200 манэтаў Рэчы Паспалітай) датуецца 3-й чвэрцю XVII ст. і сьведчыць пра значныя гандлёвыя зьвязкі. З 1702 гады побач з Скрыгалавам працавала рудня К. Аскеркі. 28 траўня 1782 кароль і вялікі князь Станіслаў Аўгуст Панятоўскі надаў мястэчку прывілей на 2 рэгулярныя кірмашы і штотыднёвыя таргі.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Скрыгалаў апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Мазырскім павеце Менскай губэрні. Станам на 1795 у мястэчку было 70 двароў, з 1799 дзейнічала царква (згарэла ў 1872). Праз Скрыгалаў праходзіў гасьцінец з Мазыра ў Давыд-Гарадок. Мелася паштовая станцыя. У XIX ст. непадалёк існавала сяло Скрыгалаўская Слабада (65 двароў на 1816), якое пазьней злучылася зь мястэчкам. На 1847 Скрыгалаў знаходзіўся ў валоданьні Тышкевічаў, тут было 109 двароў, дзейнічалі прыстань і пераправа на рацэ Прыпяць. У 1858 адкрылася школа. На 1859 — 115 двароў[1]. За часамі нацыянальна-вызвольнага паўстаньня ў 1863 каля мястэчка дзейнічалі паўстанцкія аддзелы. Паводле вынікаў перапісу (1897) — 137 двароў, царква, малітоўны дом, народная вучэльня, 8 крамаў, карчма, сельская лякарня. Працавала паштова-тэлеграфная кантора. На 1908 — 204 двары. З 1910 працавала пільня.

1 студзеня 1919 згодна з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі Скрыгалаў увайшоў у склад Беларускай ССР, дзе ў 1924 зрабіўся цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі. Станам на 1925 тут было 359 двароў, на 2004 — 313 гаспадарак.

Насельніцтва

Інфраструктура

У вёсцы працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, лякарня, дом культуры, 2 бібліятэкі, пошта.

Забудова

Плянаваньне складаецца з 2 падзеленых каналам частак: паўночнай (простая вуліца, арыентаваная з паўднёвага ўсходу на паўночны захад) і паўднёвай (дугападобная вуліца шыротнай арыентацыі). Забудова двухбаковая, сядзібнага тыпу. У 19871995 узводзіліся цагляныя дамы на 110 радзінаў, у якіх разьмясьціліся перасяленцы з забруджаных радыяцыяй месцаў па катастрофе на Чарнобыльскай АЭС (1986). Новым вуліцам перасяленцы далі назвы сваіх былых вёсак Белы Бераг і Белабярэская Рудня.

Турыстычная інфармацыя

Дзейнічае Скрыгалаўскі этнаграфічны музэй.

Выдатныя мясьціны

  • Капліца (1906)
  • Парк (XIX ст.)

Страчаная спадчына

  • Царква Сьвятога Міколы (XVIII ст.; грэка-каталіцкая)

Крыніцы

  1. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 379.
  2. ^ Гарады і вёскі Беларусі. Энцыкл. Т. 2. Кн. 2. — Менск, 2005.

Літаратура