Флявіян (Дзьмітрыюк)
Архіяпіскап Флявіян | |
Архиепископ Флавиан | |
Імя пры нараджэньні | Фёдар Ігнацевіч Дзьмітрыюк |
---|---|
Род дзейнасьці | сьвятар |
Дата нараджэньня | 26 траўня 1895 |
Месца нараджэньня | Кіёвец, Бельскі павет, Холмская губэрня |
Дата сьмерці | 3 сакавіка 1977 |
Месца сьмерці | Горкі |
Месца вучобы | |
Занятак | дыякан, прэсьбітар |
- Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Дзьмітрыюк.
Архіяпі́скап Флявія́н (у сьвеце Фёдар Ігнацевіч Дзьмітрыюк; 26 траўня [ст. ст. 14 траўня] 1895, вёска Кіёвец, Бельскі павет Холмскай губэрні, Расейская імпэрыя — 3 сакавіка 1977, Горкі, РСФСР, СССР) — япіскап Расейскай праваслаўнай царквы, архіяпіскап Горкаўскі й Арзамаскі.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў сям’і псальмяра. У 1909 скончыў Холмскую духоўную вучэльню, у 1915 — Холмскую духоўную сэмінарыю.
30 чэрвеня 1915 рукапакладзены ў дыякана, а 9 жніўня — у прэсьбітэра і прызначаны настаяцелем царквы вёскі Вярэшчын(pl) Холмскай япархіі.
У сувязі з набліжэньнем фронту эвакуяваны ў Маскву. Служыў у храмах Масквы, Петраграду, Кацельнічу. З 1918 року служыў сьвятаром у вёсцы Страдзеч, пасьля — у Аляксандра-Неўскім саборы Пружаны Палескага ваяводзтва (Другая Рэч Паспалітая).
У 1938 року на патрабаваньне польскіх уладаў Дзьмітрыюк, як прыхільнік расейскай арыянтацыі, быў пазбаўлены польскага грамадзянства. Толькі пачатак Другой сусьветнай вайны зашкодзіў ягонай дэпартацыі.
На пачатку савецка-нямецкай вайны пражываў у вёсцы Чаравачыцы Кобрынскага раёну[1]. За сувязь зь беларускімі партызанамі у 1943 нацысты расстралялі жонку айца Фёдара Марыю, старэйшую дачку Галіну, ейнага мужа Васіля і яшчэ двух блізкіх родных. Цяжка параненую дачку Раісу здолелі ўратаваць[1].
З 1944 служыў у Петрапаўлаўскім саборы Кобрыня Берасьцейскай вобласьці, з 1946 — у Мікольскім саборы Бабруйску.
У 1952 року пераехаў у Таганрог. З 1953 — настаяцель катэдральнага сабору Раства Найсьвяцейшай Багародзіцы ў Растове-на-Доне.
6 красавіка 1955 ва Ўсьпенскай Пачаеўскай лаўры прыняў манаскі пострыг зь імем Флявіян. 26 траўня ўзьведзены ў сан архімандрыта. 1 верасьня 1957 пераведзены ў Троіца-Сергіеву Лаўру.
20 красавіка 1958 хіратанісаны ў япіскапа Сьвярдлоўскага і Ірбіцкага. Зь 9 сьнежня 1958 — япіскап Сьвярдлоўскі і Курганскі. З 25 сакавіка 1960 часова загадваў таксама Чалябінскай япархіяй; з 23 верасьня 1960 да 3 красавіка 1961 часова загадваў Пермскай япархіяй. З 7 ліпеня 1966 — япіскап Горкаўскі й Арзамаскі.
25 лютага 1968 узьведзены ў сан архіяпіскапа.
Сканаў 3 сакавіка 1977 року ў Горкім. Пахаваны ў агароджы Сьвята-Траецкай царквы Горкага.
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У кастрычніку 1966 року рашэньнем выканкаму райсавету Ленінскага раёну места Горкі узнагароджаны юбілейным мэдалём 20-годзьдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 рокаў «за актыўную падамогу чальцам падпольнага камітэту па барацьбе з фашызмам»[2].
У 1969 року ўзнагароджаны Ганаровай граматай Савецкага камітэту фонду міру[1].
Крыніцы і заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Флавиан, епископ, временно управляющий Пермской Епархией (рас.) Культурное наследние Прикамья — Heritage of Perm Праверана 1 сьнежня 2012 г.
- ^ 14 мая родился архиепископ Горьковский и Арзамасский Флавиан (Дмитриюк) (рас.). Русская православная церковь. Нижегородская митрополия (14 траўня 2009). Праверана 1 сьнежня 2012 г.
Папярэднік Мьсьціслаў (Валансевіч) |
Япіскап Сьвярдлоўскі 1958—1966 |
Наступнік Клімэнт (Перасьцюк) |
Папярэднік Мьсьціслаў (Валансевіч) |
Япіскап Горкаўскі 1966—1977 |
Наступнік Мікалай (Куцепаў) |