Перайсьці да зьместу

Віталь Радзівонаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Радзівонаў»)
Віталь Радзівонаў
Пэрсанальная інфармацыя
Нарадзіўся 11 сьнежня 1983(1983-12-11)[1][2][3] (40 гадоў)
Рост 179 см
Вага 79 кг
Пазыцыя нападнік
Клюбы
Гады Клюб Гульні (галы)¹
2001—2003 Віцебск 49 (6)
2003—2005 Тарпэда-БелАЗ 57 (21)
2006—2017 БАТЭ 262 (118)
2009 Фрайбург 12 (4)
Зборныя
2002—2005 Беларусь (да 21) 10 (2)
2007—2017 Беларусь 48 (10)

Віта́ль Радзіво́наў (нарадзіўся 11 сьнежня 1983 году, Віцебск, БССР) — беларускі футбаліст. У 2007—2017 гадах правёў 48 матчаў за зборную Беларусі і забіў у іх 10 мячоў. Уваходзіць у Клюб беларускіх бамбардзіраў для футбалістаў, якія забілі 100 і болей галоў на найвышэйшым узроўні[4].

Выхаванец футбольнай школы клюбу «Лякаматыў-96». Дарослую футбольную кар’еру пачаў у 2001 годзе ў асноўнай камандзе таго ж клюбу, у якім правёў два сэзоны, прыняўшы ўдзел у 49 матчах чэмпіянату. Большасьць часу, праведзенага ў складзе віцебскага «Лякаматыва», быў асноўным гульцом шэрагу атакі.

Сваёй гульнёй за гэтую каманду прыцягнуў увагу прадстаўнікоў трэнэрскага штаба клюбу «Тарпэда» з Жодзіна, у склад якога далучыўся ў пачатку 2003 году. Згуляў за жодзінскіх «аўтазаводцаў» наступныя тры сэзоны сваёй гульнявой кар’еры. Гуляючы ў складзе «Тарпэда» таксама ў асноўным выходзіў на поле ў асноўным складзе каманды й быў адным з галоўных бамбардзіраў каманды, маючы сярэднюю выніковасьць на ўзроўні 0,37 голу за гульню першынства.

У склад БАТЭ далучыўся ў 2005 годзе, разам зь якім атрымаў шэраг тытулаў на нацыянальнай арэне, а таксама прымаў удзел у матчах эўракубкаў. Менавіта ў БАТЭ Віталь атрымаў сваю мянушку «прафэсар», якую далі яму трэнэры Аляксей Бага й Аляксандар Федаровіч, параўноваючы дзеяньні гульца з расейскай зоркай НХЛ Ігарам Ларыёнавым, які таксама мае мянушку «прафэсар»[5]. Таксама, выступаючы за БАТЭ, гулец прыцягнуў увагу трэнэрскага штабу нацыянальнай зборнай Беларусі.

На працягу 2009 году на правах арэнды абараняў колеры нямецкага «Фрайбургу», за які пасьпеў згуляць 12 матчаў у нацыянальным чэмпіянаце, аднак гэтак і не замацаваўся ў камандзе й вярнуўся ў БАТЭ.

24 траўня 2012 году Радзівонаў двойчы забіў ў матчы супраць клюбу «Менск», што прынесла клюбу перамогу зь лікам 2:0, а Віталь стаў лепшым бамбардзірам БАТЭ ў беларускім першынстве, маючы на сваім рахунку 57 галоў, перасягнуўшы, такім чынам, рэкорд Віталя Кутузава ў 56 забітых галоў, які быў усталяваны ім у пэрыяд з 1998 па 2001 гады[6]. 19 верасьня 2012 году Радзівонаў забіў другі гол у матчы Лігі чэмпіёнаў супраць францускага «Лілю», які стаў першым голам гульца ў групавым раўндзе Лігі чэмпіёнаў, а клюб атрымаў у гэтай сустрэчы першую перамогу на гэтай стадыі ў сваёй гісторыі[7]. Апошні прарыў барысаўскага клюбу ў эўракубках зьвязаны з важкім унёскам Віталя ў вынікі каманды, то бок гулец мае на сваім рахунку 16 мячоў у розыгрышах Лігі чэмпіёнаў (12) і Лігі Эўропы (4).

У сэзоне 2013 году Радзівонаў нарэшце вярнуўся на выдатныя бамбардзірскія паказчыкі ў чэмпіянаце Беларусі, да таго тры гады запар найлепшым бамбардзірам клюбу быў Рэнан Брэсан. У першых праведзеных дзесяці матчах нязьменна адзначаўся голам або галявой перадачай, аднак шэраг матчаў прапусьціў з-за невялікай траўмы, у тым ліку забіваў у 8 сваіх матчах запар. Усё гэта дазволіла Віталю з 14 галамі зноўку стаць найлепшым бамбардзірам чэмпіянату, таксама ён быў прызнаны найлепшым футбалістам і найлепшым нападнікам чэмпіянату паводле вэрсіі Беларускай фэдэрацыі футболу.

Завяршыў кар’еру пасьля сэзону 2017 году[8], пасьля чаго быў прызначаны на пасаду спартовага дырэктара БАТЭ[9], якую пакінуў у красавіку 2019 году[10]. У жніўні 2019 году стаў начальнікам каманды ў менскім «Энэргетыку»-БДУ[11]. Пакінуў клюб у сакавіку 2020 году[12].

22 жніўня 2007 году дэбютаваў у афіцыйных матчах у складзе нацыянальнай зборнай Беларусі ў таварыскім матчы супраць зборнай Ізраілю, які завяршыўся перамогай беларусаў зь лікам 2:1, Радзівонаў выйшаў напачатку другой паловы гульні. Пасьля таго, як у сьнежні 2014 году трэнэрам зборнай стаў Аляксандар Хацкевіч, перастаў выклікацца ў галоўную каманду краіны. У сакавіку 2017 году, калі зборную ачоліў Ігар Крывушэнка, вярнуўся ў каманду і 25 сакавіка 2017 году пасьля амаль трохгадовага перапынку зноў згуляў за зборную, выйшаўшы на замену ў матчы супраць зборнай Швэцыі (0:4).

БАТЭ Барысаў

  • Найлепшы футбаліст чэмпіянату Беларусі — 2008, 2013
  • Найлепшы нападнік чэмпіянату Беларусі — 2012, 2013, 2016
  • У сьпісе 22 найлепшых футбалістаў чэмпіянату Беларусі — 2005, 2007, 2008, 2010, 2011, 2012, 2013, 2014, 2016
  • Найлепшы бамбардзір чэмпіянату Беларусі — 2008, 2013, 2016
Клюб Сэзон Чэмпіянат
Дывізіён Матчы Галы
БАТЭ 2015 Найвышэйшая ліга 17 9
2016 Найвышэйшая ліга 25 15
2017 Найвышэйшая ліга 19 8

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]