Перайсьці да зьместу

Правы Альянс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Правы альянс»)
Правы Альянс
Дата заснаваньня 2004
Штаб-кватэра Менск
Ідэалёгія кансэрватызм, традыцыяналізм, нацыянальная дэмакратыя, нацыяналізм
Орган партыйнага друку бюлетэнь «Паходня», газэта «Вартаўнік дзяржавы», раённая газэта «Паўднёвы Захад»
Дэвіз «Наша справа правая!»
«Душу богу, жыцьцё Беларусі, годнасьць дзеля сябе!»
Афіцыйны сайт aljans.org

«Правы Альянс» (ПА) — моладзевая недзяржаўная арганізацыя ў Беларусі.

Знаходзіцца ў фармаце аргкамітэту і спрабуе зарэгістравацца як грамадзкае аб’яднаньне (2012). Арганізацыя прытрымліваецца (правых) кансэрватыўных, традыцыяналісцкіх каштоўнасьцяў і выступае за нацыянальнае адраджэньне. 19 чэрвеня 2009 году прыхільнікамі ПА для арганізацыі легальнай дзейнасьці была зарэгістраваная некамэрцыйная інфармацыйна-кансалтынгавая ўстанова «Правы Альянс». Але ўжо праз год, у верасьні 2010 году Мінстэрства юстыцыі накіравала ў Гаспадарчы суд Менску пазоў аб ліквідацыі ІКУ «Правы Альянс». Менскі гаспадарчы суд прыняў рашэньне аб ліквідацыі структуры[1], але працэдура ліквідацыі ўстановы дагэтуль не распачатая.

Мэтамі дзейнасьці «Правага Альянсу» зьяўляюцца садзейнічаньне пабудове моцнай, прававой, сувэрэннай дзяржавы, абарона правоў грамадзян Рэспублікі Беларусь і беларусаў замежжа, разьвіцьцё нацыянальнай культуры, адукацыі, прапаганда здаровага ладу жыцьця і патрыятычных ідэяў ў грамадзтве.

  • садзейнічаньне забесьпячэньню незалежнасьці і сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь, падвышэньню яе міжнароднага аўтарытэту;
  • дапамога і садзейнічаньне дзяржаўным і грамадзкім органам у пабудове беларускай дзяржавы, заснаванай на сваіх нацыянальных, гістарычных і сацыяльных традыцыях;
  • ажыцьцяўленьне культурна-асьветніцкай дзейнасьці, уключаючы вывучэньне гісторыі Беларусі, захаваньне роднай мовы і традыцый беларусаў;
  • прапаганда здаровага ладу жыцьця і падтрымка спорту з мэтаю выхаваньня духоўна і фізычна здаровага пакаленьня;
  • ажыцьцяўленьне эфэктыўнай моладзевай палітыкі, падтрымка актыўнай і таленавітай моладзі ў рэалізацыі яе грамадзка-карыснай дзейнасьці;
  • разьвіцьцё і прапаганда турызму ў Беларусі як сродку выхаваньня асобы ў гармоніі з навакольлем.

Таксама да сваіх галоўных задачаў ПА адносіць адбор і прыцягненьне да дзейнасьці арганізацыі «самаадданых сыноў і дачок беларускай нацыі (будучай эліты) гатовай і здольнай працаваць на карысьць свабоднай, незалежнай і сацыяльна-пасьпяховай Беларускай Рэспублікі».

«Правы Альянс» быў заснаваны ў канцы 2003 году пасьля таго, як самараспусьцілася[2] Беларуская партыя свабоды (БПС), і паўстаў як аб’яднаньне беларускіх патрыятычных моладзевых ініцыятываў.[2]

На сёньня мае некалькі соцень валянтэраў[2] і прадстаўнікоў ва ўсіх абласьцях краіны.

За часы існаваньня «Альянсам» былі праведзены дзясяткі акцыяў і кампаніяў нацыянальна-патрыятычнай і грамадзка-сацыяльнай скіраванасьці: узнаўленьне памятнай шыльды ў гонар Кастуся Каліноўскага на вул. Каліноўскага ў Менску, адзначэньне дню гораду ў Магілёве, усталяваньне памятнага крыжа ў вёсцы Дражна, фаернае шэсьце ў дзень Герояў у Слуцку, кампанія «Антымак» за забарону продажу опіюмаўтрымоўваючага макавага насеньня і інш.

На працягу 2004—2008 гадоў аб’яднаньне ўзаемадзейнічала з правым спэктрам беларускай апазыцыі. Займаліся арганізацыяй бясьпекі пад час першага кангрэсу дэмакратычных сілаў (кастрычнік 2005).

Пад час прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году сябры «Правага Альянса», акрамя інфармацыйна-агітацыйнай працы ў штабе, забясьпечвалі бясьпеку адзінага кандыдата ад АДС А. Мілінкевіча.

На мясцовых выбарах у 2007 годзе 12 сябраў «Альянсу» вылучаліся кандыдатамі ў дэпутаты (4 чалавекі ў Менску). У выбарах 2008 году ў Палату Прадстаўнікоў — прымалі ўдзел трое прадстаўнікоў арганізацыі.

Падчас апошніх прэзыдэнтскіх выбараў ў 2010 годзе «Правы Альянс» не падтрымаў ні воднага з кандыдатаў і афіцыйна не ўдзельнічаў у гэтай кампаніі. Але сябры арганізацыі працавалі ў камандах асобных апазыцыйных кандыдатаў, якім дапамагалі весьці выбарчыя кампаніі. Пасьля выбараў хваля рэпрэсій закранула і Правы Альянс. Некалькі чалавек былі затрыманыя і асуджаныя на суткі, у дзясяткаў актывістаў па ўсёй краіне прайшлі ператрусы. Частка актывістаў, у тым ліку і кіраўнік Правага Альянсу Юрась Карэтнікаў, пад пагрозай крымінальнага перасьледу, былі вымушаныя зьехаць з краіны. Па вяртаньні на Радзіму, Юрась Карэтнікаў быў арыштаваны беларускімі спэцслужбамі і правёў 10 сутак у турэмным ізалятары, пад час зьняволеньня трымаў галадоўку[3][4]

Ад часу заснаваньня арганізацыі яе лідэрам зьяўляўся Юрась Карэтнікаў. 7 верасьня 2011 году Цэнтральнаай Радай «Правага Альянсу» было прынятае рашэньне аб скасаваньні інстытуту лідэрства ў арганізацыі. Наўзамен лідэрству было ўведзена калегіяльнае кіраваньне Цэнтральнай Рады «Правага Альянсу», якая складаецца з 6 чалавек, ранейшы кіраўнік арганізацыі Юрась Карэтнікаў увайшоў у Раду і стаў яе ганаровым сябрам. Таксама было прынятае рашэньне аб выхадзе «Правага Альянсу» з усіх палітычных блёкаў і саюзаў і спыненьні палітычнай дзейнасьці арганізацыі (ад гэтага часу сябры арганізацыі могуць удзельнічаць у палітыцы толькі як прыватныя асобы)[5].

Маюць стасункі з правымі арганізацыямі Ўкраіны, Летувы, Польшчы.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]