Перайсьці да зьместу

Сьпіс перакладаў Бібліі на славянскія мовы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Перакла́ды Бі́бліі на славя́нскія мо́вы — пераклады Бібліі, выкананыя ў розныя гістарычныя пэрыяды рознымі аўтарамі з мэтаю перакладу на славянскія мовы.

Гісторыя перакладаў Бібліі на славянскія мовы пачынаецца зь перакладаў Бібліі на царкоўнаславянскую мову. Іншыя мовы ўключаюць у сябе:

Усходнеславянскія мовы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
«Библия Руска» — Біблія, апублікаваная Францішкам Скарынам.
Перасопніцкае Эвангельле

Традыцыйна першай друкаванай Бібліяй, выдадзенай на старабеларускай мове, лічацца працы беларускага першадрукара Францішка Скарыны.

Каля 1517 году Скарына засноўвае ў Празе друкарню, у якой 6 жніўня 1517 году выдаў першую друкаваную беларускую кнігу — «Псалтыр». Усяго на працягу 1517—1519 гадоў Скарына пераклаў і выдаў 20 кніг Бібліі. Да кожнай кнігі ён пісаў прадмову, у якой распавядаў пра гісторыю стварэньня кнігі, разважаў аб яе зьмесьце. На пачатку 1520 году ён пераязджае ў Вільню й там засноўвае першую на тэрыторыі Беларусі друкарню ў доме Якуба Бабіча. У ёй каля 1522 году Скарына выдаў «Малую падарожную кніжыцу», а ў сакавіку 1525 — «Апостал».

Мова друкаваных Скарынавых кнігаў зь лінгвістычнае й гістарычнае кропкі зору разглядаецца як мова, заснаваная на царкоўнаславянскай, аднак зь вялікай колькасьцю ўласнабеларускіх словаў, такім чынам больш зразумелая тагачаснаму насельніцтву Вялікага Княства Літоўскага. Свае пераклады біблейскіх тэкстаў Скарына рабіў на падставе дзьвюх крыніц: царкоўнаславянскага тэксту ды чэскай Бібліі 1506 году. Менавіта з-за асаблівасьцяў чэскага перакладу, якія перайшлі й у скарынаўскія кнігі, апошнія былі адвергнутыя Праваслаўнай і Каталіцкай цэрквамі.

Між тым, таксама адзначаюцца працы Васіля Цяпінскага, Сымона Буднага, Івана Федаровіча, Пётра Мсьціслаўца, Канстантына-Васіля Астроскага, Стэфана Зізанія ды Мялеція Сматрыцкага[1], Сьпірыдон Собаль, Максім Вашчанка і інш.[2].

Першыя спробы перакладу Бібліі на сучасную літаратурную беларускую мову прыпадаюць на ХХ стагодзьдзе, у прыватнасьці на яго першую палову.

Першую спробу перакласьці Эвангельле на літаратурную беларускую мову зьдзейсьніў каталіцкі сьвятар Ільдэфонс Бобіч у 1912—1921 роках, аднак яна не атрымала прызнаньня[3]. На пачатку 20-х гадоў гэтага ж стагодзьдзя прэсьбітар Лукаш Дзекуць-Малей перакладае на беларускую мову чатыры Эвангельлі, гэты пераклад вядомы як Пераклад Бібліі Дзекуць-Малея. У 1938 годзе выходзіць пераклад ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага («Čatyry Ewanelii i Apostalskija Dziei»), ягоную працу працягнуў Пётар Татарыновіч, выдаўшы ў 1954 у Рыме камэнтаваныя «Sviatuju Evaneliju i Apostolskija Dziei», а ў 1974 — «Listy Sviatych Apostalau».

Поўны пераклад Бібліі на беларускую мову ўпершыню складае вядомы беларускі мовазнаўца Ян Станкевіч, пераклад выканаўся ў супрацоўніцтве з кваліфікаваным гебраістам Майсеем Гітліным. Выкананы паводле пратэстанцкага канону і перакладзены з арыгіналу[4].

Сярод перакладаў другое паловы ХХ стагодзьдзя адзначаюцца пераклады ксяндза Ўладзіслава Чарняўскага, арцыбіскупа БАПЦ Мікалая Мацукевіча, пратэстанцкага прапаведніка Яна Пятроўскага, рэлігійнага й сьвецкага дзеяча Міхася Міцкевіча і пісьменьніка Анатоля Клышкі.

У сучасным стагодзьдзі выйшлі пераклады паводле Беларускага экзархату Расейскай праваслаўнай царквы, Васіля Сёмухі, Беларускага Біблійнага таварыства.

Вядомая гісторыя перакладаў Бібліі на ўкраінскую мову пачынаецца ў XVI стагодзьдзі з выхадам Перасопніцкага Эвангельля.

Паўднёваславянскія мовы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Баўгарская Праваслаўная Царква працягвала выкарыстоўваць старацаркоўнаславянскую мову (стараславянскую) да 1940-х гадоў.

У 1835 годзе Брытанскае й Замежнае Біблейнае Таварыства заключыла кантракт з баўгарскім манахам Нэафітам Рыльскім. Ім быў распачаты новы пераклад, які ў пазьнейшых выданьнях застаецца стандартнай вэрсіяй і сёньня.

Раньня гісторыя перакладаў Біблійных тэкстаў на македонскую мову зьвязаная зь перакладамі ад 1852 году. Уся Біблія, улучаючы й Другакананічныя кнігі, была перакладзеная арцыбіскупам Гаўрылам. Пераклад надрукаваны ў 1990 годзе.

У XVI стагодзьдзі славенскія пратэстанцкія пастары Прымаж Трубар ды Юры Далмацін пераклалі Біблію на славенскую мову, Юры Далмацін працаваў над поўным перакладам Новага й Старога запаветаў.

На прэкмурскую славенскую мову Біблію перакладалі Іштван Кюзьміч ды Міклаш Кюзьміч (Nouvi Zákon, Szvéti evangyeliomi).

Заходнеславянскія мовы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пераклады Бібліі на польскую мову датуюцца XIII стагодзьдзем, першы поўны пераклад быў скончаны ў XVI стагодзьдзі. За сёньняшнім часам самай папулярнай Бібліяй у Польшчы зьяўляецца Біблія Тысячагодзьдзя (па-польску: Biblia Tysiąclecia), якая ўпершыню была апублікаваная ў 1965 годзе.

Першы пераклад усёй Бібліі на чэскую мову (на аснове Вульгаты) быў выкананы ў 1360 годзе. Разам з гэтым перакладам вядомыя Біблія Яна Гуса (выдадзеная ў 1488 годзе), Краліцкая Біблія (1579 год, канчатковая рэдакцыя — у 1613 годзе).

Краліцкая Біблія зьяўляецца першым такім перакладам з моваў арыгіналу (ідыш, арамэйская ды грэцкая мовы), гэтая Біблія й зараз застаецца ў шырокім выкарыстаньні. Сярод сучасных перакладаў вылучаюцца пераклады 1979 ды 2009 гадоў.

  1. ^ Юлія Інышава. (26 сакавіка 2012) Ірына Дубянецкая: Нацыя ня склалася, пакуль яна ня мае перакладу Бібліі на сваю мову. ЭўраБеларусь. Праверана 12 красавіка 2012 г.
  2. ^ Чалавек і грамадства: Энцыклапедычны даведнік. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 1998. — ISBN 985-11-0108-7
  3. ^ А. А. Турилов. (2 верасьня 2009) БИБЛИЯ. IV. ПЕРЕВОДЫ. На славянские языки. Белорусский (рас.) Православная энциклопедия. Церковно-научный центр «Православная Энциклопедия». Праверана 6 студзеня 2013 г.
  4. ^ Глеб Лабадзенка. (20 сакавіка 2012) Ірына Дубянецкая: Беларусь 1000 гадоў жыве без Бібліі Блог Глеба Лабадзенкі Праверана 12 красавіка 2012 г.
  • Jackson, Samuel Macauley, ed. (1914). New Schaff-Herzog Encyclopedia of Religious Knowledge (third ed.). London and New York: Funk and Wagnalls.
  • Konikovo Gospel

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]