Пераклады Бібліі на славацкую мову
Першы пераклад Бібліі на славацкую мову, як альтэрнатыва перакладам на чэскую, датаваны 1756 рокам.
Пачаткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Першы Біблійны тэкст на мове, набліжанай да славацкай, датаваны 1469 рокам і знойдзены ў эстэргомскай бібліятэцы. Гэта быў фрагмэнт рукапісу Эвангельля паводле Яна.
З прыходам Рэфармацыі славацкія пратэстанты пачалі карыстацца перакладамі Бібліі на чэскую мову[1].
Пераклады
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Каталіцкая царква замовіла камедульскім бэнэдыктынам з Чырвонага Кляштару славацкі пераклад Бібліі. Ягоным аўтарам называюць Рамуальда Гадбаўнага[2][3][4]. Пераклад быў скончаны ў першай палове XVIII стагодзьдзя і дайшоў да нашага часу ў копіі 1756—1760 рокаў.
Наступным пераклаў Біблію яшчэ адзін каталіцкі сьвятар Юрай Палкавіч у першай палове XIX стагодзьдзя. Ягоны пераклад быў надрукаваны ў 1820—1830-х роках у Эстэргоме і стаў першым славацкім друкаваным перакладам Бібліі. Наступны каталіцкі пераклад сьвятара Францішка Віцязаслава Сасінка быў скончаны да 1888 року, аднак цалкам так і не надрукаваны.
Першы цалкам надрукаваны пераклад Бібліі на сучасную літаратурную славацкую мову апублікаваны ў 1913—1926 роках. Аўтарамі перакладу былі Андрэй Глінка, Ян Войташшак, Ціхамір Мілкін, Марцін Колар й іншыя каталікі.
У 1930—1931 року рабін Ёзэф Ўайс пераклаў зь іўрыту першую й другую кнігу Майсееву дзеля школьных патрэбаў.
У 1936—1937 лютэранскі пастар Ёзэф Рогачак зьдзейсьніў першы пратэстанцкі пераклад Бібліі; усутыч да гэтай пары славацкія пратэстанты карысталіся выключна чэскай Краліцкай Бібліяй.
У 1955 року зьявіўся рыма-каталіцкі пераклад, падрыхтаваны Біблійнай камісіяй пры Суполцы сьвятога Язэпа ў Трнаве.
У 1968 у Рыме выдадзены Новы Запавет у перакладзе Штэфана Порубчана з грэцка-сэміцкага арыгіналу.
Новы эвангелісцкі пераклад зьявіўся ў 1977 року.
У 1986 пад патранатам Славацкай літургічнай камісіі выдадзены рымска-каталіцкі пераклад Новага Запавету з Нэавульгаты. Пераклад усяе Бібліі паводле Новавульгаты выйшаў у Рыме ў 1995 року. Гэта найбольш поўнае аднатомнае выданьне ўсяе Бібліі на сучасную літаратурную славацкую мову, зьдзейсьненае пад кіраўніцтвам доктара багаслоўя Ёзэфа Герыбана, які напісаў прадмовы да асобных кнігаў і ўласна пераклаў кнігі Тобіта і Юдыт.
Экумэнічны пераклад на славацкую мову выдадзены ў 2007 року. У 2009 упершыню зьдзейсьнены пераклад Ерусалімскай Бібліі рымска-каталіцкага сьвятара Антона Ботка.
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Mikuláš Teich, Dušan Kováč, Martin D. Brown. Slovakia in History. — 2011. — С. 65.
- ^ Roland Sussex, Paul V. Cubberley. The Slavic languages. — 2006. — С. 102.
- ^ «Kamaldulská Biblia»
- ^ * Bible // Slovakia and the Slovaks — A concise Encyclopedia. — 1995. — ISBN 80-85584-11-5
- Camalduls // Slovakia and the Slovaks — A concise Encyclopedia. — 1995. — ISBN 80-85584-11-5
- Hadvabný // Slovakia and the Slovaks — A concise Encyclopedia. — 1995. — ISBN 80-85584-11-5
- Červený Kláštor // Slovakia and the Slovaks — A concise Encyclopedia. — 1995. — ISBN 80-85584-11-5
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Славацкія пераклады Бібліі: Каталіцкі, Рогачка, эвангелісцкі, экумэнічны (славацк.)
- Славацкія пераклады Бібліі: Рогачка, эвангелісцкі, экумэнічны (славацк.)
- Рыма-каталіцкі пераклад (славацк.)