Перайсьці да зьместу

Чатырохэвангельле Івана Аляксандра

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Мініятура з Чатырохэвангельля з адлюстраваньнем цара зь сям’ёй

Чатырохэва́нгельле Іва́на Алякса́ндра, ці Чаты́ры Дабраве́сьці Івана Аляксандра (па-баўгарску: Четвероевангелие на (цар) Иван Александър) — ілюмінаваны рукапісны Эвангеляр XIV стагодзьдзя, напісаны на сярэднебаўгарскай мове, падрыхтаваны й ілюстраваны падчас валадараньня цара Івана Аляксандра ў Другім Баўгарскім царстве. Рукапіс лічыцца адным з найбольш каштоўных літаратурных твораў сярэднявечнай баўгарскай культуры.

Манускрыпт, які цяпер захоўваецца ў Брытанскай бібліятэцы, улучае тэкст чатырох Эвангельляў, ілюстраваных 366 (або 352 у залежнасьці ад групаваньня) мініятураў і складаецца з 286 пэргамэнтных фаліянтаў памерам 33 × 24,3 см, пазьней пранумараваных алоўкам. Аркуш № 74 быў выразаны і скрадзены ў пазьнейшыя часы; найімаверней на ім была мініятура з выяваю Суднага дня.

Рукапіс быў напісаны манахам Сімяонам у 1355—1356 на загад цара Івана Аляксандра. Няпэўна, ці Сімяон уласнаручна ілюстраваў Чатырохэвангельле, ці толькі займаўся перапісваньнем. Почырк у рукапісе падобны да хронікаў Канстантына Манасія (1344—1345), таксама створаная Тарнаўскай літаратурнай школай. Першапачаткова манускрыпт быз аздоблены золатам, каштоўнымі камянямі і жамчугом, аднак пазьней гэтыя пласьціны зьніклі і былі замененыя цяперашнімі.

Пасьля захопу Тарнава атаманамі ў 1393 рукапіс быў перапраўлены ў Малдавію, верагодна баўгарскім уцекачом. Празь некалькі рокаў яго выкупіў князь Аляксандру чэл Бун, што засьведчана чырвоным запісам на аркушы № 5.

Далейшы лёс манускрыпту да моманту, калі ў XVII стагодзьдзі ён трапіў у манастыр Сьвятога Паўла на гары Атон, невядомы. У 1837 року абат манастыра перадаў Чатырохэвангельле ў якасьці падарунку ангельскаму вандроўніку і калекцыянэру Робэрту Кэрзану, што ўратавала рукапіс ад пажару, які цалкам зьнішчыў манастыр і ўсе яго зборы напрыканцы XIX стагодзьдзя.

Пасьля Кэрзанавай сьмерці ў 1873 року ягоная дачка Дарыя ў 1917 перадала ўсю калекцыю ў Брытанскі музэй. З 1973, пасьля стварэньня Брытанскай бібліятэкі, манускрыпт захоўваецца там.

  • Lyudmila Zhivkova. Chetveroevangelieto na tsar Ivan Aleksandar (баўг.). — Sofia: 1980.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Чатырохэвангельле Івана Аляксандрасховішча мультымэдыйных матэрыялаў