Мэнахем Бэгін
Мэнахем Вульфавіч Бэгін (16 жніўня 1913, Берасьце — 9 сакавіка 1992, Тэль-Авіў) — палітычны дзяяч Ізраіля, сёмы прэм’ер-міністар Ізраілю з чэрвеня 1977 па 1983, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру (1978, разам з Анварам Садатам). У 1940-х гадах кіраўнік тэрарыстычнай арганізацыі «Іргун».
Маладосьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў сям’і сакратара Берасьце-літоўскай габрэйскай грамады, адным зь першых у горадзе, хто далучыліся да сіянізму. Скончыў Берасьцейскую габрэйскую рэлігійную школу, затым дзяржаўную гімназію (1931) і паступіў на юрыдычны факультэт Варшаўскага ўнівэрсытэту, які скончыў у 1935 з ступеньню магістра права.
Кар'ера
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У верасьні 1939 году пераехаў з Варшавы ў Вільню, дзе 20 верасьня 1940 году яго ўвязьнілі ў Лукіскую турму супрацоўнікі Народнага камісарыяту ўнутраных справаў Летувіскай ССР. Пасьля катаваньняў яго выраклі да 8 гадоў зьняволеньня па абвінавачаньні ў супрацы з брытанскай выведкай. 1 чэрвеня 1941 году яго вывезьлі ў Паўночна-Пячорскі папраўча-працоўны лягер (Комі АССР, Расейская СФСР)[7]. Пазьней, у 1957 годзе, ён выдаў кнігу ўспамінаў «Белы ночы» пра допыты і жыцьцё ў лягеры. Пры канцы чэрвеня 1941 году нямецкія акупанты забілі яго бацьку разам зь іншымі 5000 жыдоў Берасьця (Беларуская ССР). Нямецкія нацысты таксама забілі яго маці і старэйшага брата Гэрзьля ў ходзе Галакосту. Пасьля падпісаньня 30 ліпеня 1942 году польска-савецкага Пагадненьня аб аднове дыпляматычных дачыненьняў Бэгіна вызвалілі як польскага грамадзяніна і накіравалі ў Армію Андэрса ў якасьці малодшага афіцэра.
У траўні 1942 году празь Іран прыбыў з арміяй у брытанскую падмандатную Палестыну. У сьнежні 1942 году генэрал Міхал Такарэўскі-Карашэвіч падпісаў Бэгіну дазвол на бестэрміновы адгул. Тады ж Бэгін уступіў у «Нацыянальную вайсковую арганізацыю (НВА) Ізраільскай зямлі», якую ўзначаліў у студзені 1944 году. 1 лютага 1944 году «НВА Ізраілю» абвясьціла пра паўстаньне супраць Брытанскага мандатнага ўраду Палестыны. 13 лютага 1944 году на загад Бэгіна атрады «НВА Ізраілю» падарвалі бязьлюдныя сядзібы Ведамства перасяленьня ў Ерусаліме, Тэль-Авіве і Хайфе. У наступным удзельнікі «НВА» падарвалі сядзібы Падатковай службы ў гэтых 3 местах. У ходзе нападаў на паліцэйскія ўчасткі паўстанцы забілі 6 брытанскіх паліцыянтаў і страцілі 2 удзельнікаў «НВА». У кастрычніку 1945 году Бэгін аб’яднаў высілкі «НВА» з арганізацыямі «Змагары за свабоду Ізраіля» і «Абарона» ў «Габрэйскі рух супраціву». 22 ліпеня 1946 году ўдзельнікі руху на загад Бэгіна падарвалі ў Ерусаліме гасьцініцу «Цар Давід», дзе месьціўся брытанскі Сакратарыят Палестыны. У выніку загінуў 91 чалавек, у тым ліку 21 чыноўнік, 13 жаўнераў, 3 паліцыянты і 49 пісараў, пасыльных і супрацоўнікаў гасьцініцы[7]. У верасьні 1947 году ўрад Брытаніі пастанавіў вывесьці войска з Палестыны. 29 лістапада 1947 году Генэральная Асамблея ААН зацьвердзіла Пастанову № 181 аб пляне падзелу Палестыны на 2 дзяржавы для арабаў і габрэяў. У выніку нязгоды пачалася Грамадзянская вайна ў падмандатнай Палестыне, у якой «НВА Ізраілю» дзейнічала супольна з арганізацыяй «Абарона». Пры канцы красавіка 1948 году «НВА Ізраілю» удзельнічала ў аблозе Яфы. Да сыходу брытанскага войска Бэгін хаваўся ў Тэль-Авіве і яго ўсходніх ваколіцах.
14 траўня 1948 году Часовы ўрад Ізраілю зацьвердзіў у Тэль-Авіве Дэклярацыю аб заснаваньні дзяржавы Ізраіль. На наступны дзень сумежныя арабскія дзяржавы пачалі супраць яго Першую араба-ізраільскую вайну. 15 траўня 1948 году Бэгін абвясьціў па радыё пра выхад «НВА Ізраілю» з падпольля. 20 чэрвеня сустрэў у прыморскай вёсцы Віткін карабель «Альталена», які прывёз зброю з Францыі. На ўпаўнаважаньне ўраду Давыда Бэн-Гурыёна камандзір Аляксандраўскай брыгады Даніл Эвэн запатрабаваў выдаць усю зброю на караблі. Ва ўмовах адсутнасьці адказу ад Бэгіна войскі пачалі гарматны абстрэл. У выніку сутыкненьня загінула 16 удзельнікаў «НВА» і 3 жаўнеры Войска абароны Ізраілю. Пасьля здачы карабля звыш 200 сябраў «НВА» на некалькі тыдняў арыштавалі. Бэгін пагадзіўся на ўлучэньне жаўнераў «НВА» ў склад Войска абароны Ізраілю. 15 чэрвеня 1948 году Бэгін заснаваў партыю «Свабода», якая атрымала 11,5% галасоў на выбарах 25 студзеня 1949 году і заняла 14 месцаў у Сходзе Ізраілю. У 1973 годзе аб’яднаў сваю партыю зь Лібэральнай, «Вольным асяродкам», «Дзяржаўным сьпісам» і «Рухам за вялікую Ізраільскую зямлю» ў партыю «Злучнасьць». Ачоленая ім партыя выйграла выбары 17 траўня 1977 году, у выніку чаго Бэгін стаў 6-м прэм’ер-міністрам Ізраілю да 1983 году. 17 верасьня 1978 году ў ЗША падпісаў з эгіпецкім прэзыдэнтам Анварам Садатам 2 Кэмп-Дэвідзкія пагадненьні «Аб міры на Блізкім Усходзе» і «Аб заключэньні мірнай дамовы»[7]. 26 сакавіка 1979 году падпісаў у Вашынгтоне (ЗША) мірную дамову з Эгіптам.
У лістападзе 1982 году аўдавеў. Яго жонка Аліза памерла ў Ізраілі, пакуль ён наведваў Вашынгтон са службовым візытам. Амаль праз год, 10 кастрычніка 1983 году падаў у адстаўку[7].
Памяць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]31 кастрычніка 2013 году ў берасьцейскім сквэры па вуліцы Куйбышава адкрылі памятны бюст Бэгіна[8].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б חה"כ מנחם בגין — Кнэсэт.
- ^ а б в г Menachem Begin // Encyclopædia Britannica (анг.)
- ^ а б в г Menachem Begin // Store norske leksikon (бук.) — 1978. — ISSN 2464-1480
- ^ а б Menaḥem Begin // Gran Enciclopèdia Catalana (кат.) — Grup Enciclopèdia, 1968.
- ^ а б Deutsche Nationalbibliothek Record #118508296 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
- ^ а б Pas L. v. Genealogics (анг.) — 2003.
- ^ а б в г Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 16 жніўня 2013. — № 152 (27517). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
- ^ Сьвятлана Яскевіч. Нобэлеўскі ляўрэат родам зь Берасьця // Зьвязда. — 2 лістапада 2013. — № 208 (27573). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
Гэта — накід артыкула пра палітыка. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |
|