Перайсьці да зьместу

Марат Маркаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Марат Маркаў
па-расейску: Марат Сергеевич Марков
Міністар інфармацыі Рэспублікі Беларусь
13 чэрвеня 2024 году — цяперашні час
Папярэднік: Уладзімер Пярцоў
2-і старшыня ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал»
24 сакавіка 2017 году — 13 чэрвеня 2024 году
Папярэднік: Рыгор Кісель
Наступнік: Ігар Луцкі
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 1 траўня 1969(1969-05-01) (55 гадоў)
Бацька: Сяргей Маркаў
Адукацыя:
Узнагароды: Прэмія прэзыдэнта Беларусі «За духоўнае адраджэньне» (2020)
Спэцыяльная прэмія Прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры ды мастацтва (2020)
Мэдаль «За працоўныя заслугі» (2022)

Мара́т Сярге́евіч Ма́ркаў (нар. 1969, Лунінец, Берасьцейская вобласьць, цяпер Беларусь) — прапагандыст рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі, мэдыя-мэнэджар і тэлевядоўца. Другі старшыня «Агульнанацыянальнага тэлебачаньня» (2017–2024), міністар інфармацыі Беларусі з чэрвеня 2024 году.

Мае грузінскае паходжаньне і родзічаў у Грузіі. Маці — Лілія Канстанцінаўна Маркава — адпрацавала 25 гадоў загадніцай натарыяльнай канторы ў Лунінцы (Берасьцейская вобласьць)[1]. У школе № 2 Лунінца (Берасьцейская вобласьць), якую скончыў у 1986 годзе[2], быў акцябронкам, піянэрам і камсамольцам. Двойчы бываў у дзіцячых лягерах «Зубраня» (Зубранёўка, Мядзельскі раён) і «Артэк» (пасёлак Гурзуф, Ялта, Украінская ССР). Сьпяваў і граў на бас-гітары ў школьным рок-гурце. Пасьля 5 гадоў навучаньня граньню на скрыпцы перайшоў у футбольную сэкцыю. Займаўся таксама барацьбой дзю-до. Скончыў школу з залатым мэдалём. У 1986 годзе паступіў у Менскую вышэйшую інжынэрную зэнітна-ракетную вучэльню СПА, дзе атрымаў тэхнічную асьвету. У 19 гадоў пачаў займацца ў трэнажорнай зале з трэнэрам, зь якім працягнуў заняткі цягам больш як 30 гадоў. Праслужыў у беларускім войску 13 гадоў, дзе даслужыўся да намесьніка камандзіра ўзводу. Па сканчэньні юрыдычнага факультэту БДУ некалькі гадоў працаваў аўдытарам. Пазьней уладкаваўся на Беларускае тэлеграфнае агенцтва. Адтуль атрымаў запрашэньне на пасаду галоўнага дарадцы ў Адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі, дзе дайшоў да пасады 1-га намесьніка начальніка галоўнай ідэалягічнай управы. У верасьні 2011 году паступіў у Акадэмію кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі на эканамічную спэцыяльнасьць. У сьнежні 2011 году быў прызначаны намесьнікам старшыні Белтэлерадыёкампаніі ў інфармацыйнай галіне. У асьпірантуры пісаў працу па выбарчых тэхналёгіях і вывучаў тэорыю кіраваньня. У 2015 годзе набыў амэрыканскі матацыкл «Харлі-Дэвідсан» мадэлі «Электрычка», які стаў яго 2-м хобі пасьля трэнажоркі[1].

Быў аўтарам і вядоўцам перадачы «Буйным плянам» на тэлеканале «Беларусь 1». 24 сакавіка 2017 году прызначаны старшынёй управы ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал», якому належыць «Агульнанацыянальнае тэлебачаньне» («АНТ»)[3]. Цягам 2017 году правёў першы зь 2006 году адбор вядоўцаў на тэлеканале «АНТ»[4]. У студзені 2018 году ютуб-канал «АНТ» 1-м сярод СМІ Беларусі набраў 100 млн праглядаў[5]. 10 красавіка 2018 году паведаміў, што 54 % этэру «АНТ» складаў расейскі зьмест, а рэшту — зьмест беларускай вытворчасьці[6]. Увосень 2018 году ў Сіяні (правінцыя Шэньсі) падпісаў шматбаковае пагадненьне з «Цэнтральным тэлебачаньнем Кітаю» аб стварэньні супольнага навіновага парталу. У лістападзе 2018 году перавёў «Агульнанацыянальнае тэлебачаньне» на высокае разрозьненьне[1]. У лістападзе 2018 годзе стаў весьці аўтарскую перадачу інтэрвію «Нічога асабістага» на канале «АНТ»[7]. 13 лістапада 2018 году ў рэзыдэнцыі Віскулі (Камянецкі раён) ў Белавескай пушчы ўдзельнічаў у заснаваньні Клюбу кіраўнікоў СМІ Беларусі і Расеі[8]. У 2018 годзе доля забаўляльнага зьместу зь «Першага каналу» Расеі на «АНТ» склала 44 %[5].

На ліпень 2020 году ютуб-канал «АНТ» меў звыш 360 000 падпісчыкаў і звыш 50 млн праглядаў ад пачатку году[9].

Прапаганда і ўдзел у рэпрэсіях

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Выступаў у СМІ з апраўданьнем створанай рэжымам Лукашэнкі сыстэмы СМІ й дзяржаўнай цэнзуры[10].

У 2020 годзе, пасьля гвалтоўнага падаўленьня сілавымі структурамі хвалі масавых пратэстаў, выкліканых фальсыфікацыяй прэзыдэнцкіх выбараў, з ачоленага Маркавым АНТ у знак пратэсту супраць цэнзуры і прапаганды звольнілася больш супрацоўнікаў, чым зь іншых дзяржаўных тэлеканалаў: каля чвэрці ўсіх працаўнікоў[11]. Паводле сьведкаў, Маркаў пагражаў звальняючымся крымінальнымі справамі й гвалтоўнымі зьнікненьнямі(ru)[11].

Акрамя гэтага, Маркаў уваходзіў у склад так званай «камісіі па інфармацыйнай бясьпецы» пры Радзе бясьпекі Рэспублікі Беларусь, якая ў канцы лета пазбавіла акрэдытацыі шматлікіх журналістаў замежных СМІ[12].

У канцы 2020 году Маркаў атрымаў ад А. Лукашэнкі прэмію «За духоўнае адраджэньне»[13].

3 чэрвеня 2021 году на АНТ апублікаванае інтэрвію Марата Маркава з палітвязьнем Раманам Пратасевічам пасьля таго, як той быў зьняты з прымусова пасаджанага ў Менску самалёта Ryanair і, па распаўсюджаных падазрэньнях, быў катаваны сілавікамі Лукашэнкі[14][15][16][17].

13 чэрвеня 2024 года прызначаны Міністрам інфармацыі Рэспублікі Беларусь[18].

Міжнародныя санкцыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

21 чэрвеня 2021 году Маркаў быў унесены ў санкцыйны сьпіс Вялікабрытаніі як кіраўнік «Агульнанацыянальнага тэлебачаньня», «адказны за праграмныя й рэдактарскія рашэньні, у тым ліку за рашэньне пра запісу й трансьляцыю „інтэрвію“» з Раманам Пратасевічам з прыкметамі жорсткага абыходжаньня зь ім і якое, «паводле шырока распаўсюджаных меркаваньняў, здымаліся пад прымусам»[19].

2 сьнежня 2021 году Маркаў быў даданы ў чорны сьпіс Эўразьвязу[20]. 20 сьнежня Маркава ў свой санкцыйны сьпіс уключыла Швайцарыя[21]. 22 сьнежня да адпаведнага пакету санкцый ЭЗ далучыліся Альбанія, Ісьляндыя, Ліхтэнштайн, Нарвэгія, Паўночная Македонія, Сэрбія, Чарнагорыя[22][23].

  1. ^ а б в Валянціна і Іван Ждановічы «Тут маё жыцьцё» // Беларусь : часопіс. — Кастрычнік 2018. — № 10 (1021). — С. 18—23. — ISSN 0320-7544.
  2. ^ Уроженец Брестчины Марат Марков возглавил ОНТ [Ураджэнец Берасьцейшчыны Марат Маркаў узначаліў АНТ] — Вечерний Брест, 28 сакавіка 2017 (на расейскай мове)
  3. ^ Марат Маркаў прызначаны cтаршынёй управы ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» // Белтэлерадыёкампанія, 24 сакавіка 2017 г. Праверана 7 чэрвеня 2021 г.
  4. ^ Вікторыя Целяшук Вечны рухавік інфармацыі // Мясцовае самакіраваньне. — 30 сакавіка 2018. — № 13 (446). — С. 5.
  5. ^ а б Вікторыя Целяшук. Нічога асабістага // Зьвязда : газэта. — 22 сьнежня 2018. — № 249 (29363). — С. 5. — ISSN 1990-763x.
  6. ^ Вольга Мядзьведзева, Уладзіслаў Лукашэвіч. Сустрэча з прэзыдэнтам адбылася на тэлестудыі // Газэта «Зьвязда», 11 красавіка 2018 г. Праверана 7 чэрвеня 2021 г.
  7. ^ Вікторыя Целяшук Нічога лішняга // Мясцовае самакіраваньне. — 9 лістапада 2018. — № 45 (478). — С. 5.
  8. ^ Заснаваны Клюб рэдактараў Беларусі і Расеі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 13 лістапада 2018 г. Праверана 7 чэрвеня 2021 г.
  9. ^ Канал, які аб’ядноўвае // Беларусь. — Ліпень 2020. — № 7 (1042). — С. 19.
  10. ^ Марат Марков: Любви к родине не бывает много [Марат Маркаў: Любові да радзімы шмат не бывае] — Минск-новости, 18 красавіка 2019 г. (на расейскай мове)
  11. ^ а б З АНТ звольніліся каля чвэрці усіх супрацоўнікаў. Кім іх замянілі і што там адбываецца цяпер (бел.) Радыё Свабода Праверана 2021-06-20 г. Архіўная копія ад 2021-06-07 г.
  12. ^ "Ничего личного" Марата Маркова. Что известно об авторе интервью с Протасевичем и почему его называют "белорусским Соловьевым" (рас.). Настоящее время (4 чэрвеня 2021 г.).
  13. ^ Руководитель ОНТ Марков получил спецпремию Лукашенко (рас.) Reform.by(be)
  14. ^ Наста Захарэвіч (3 чэрвеня 2021 г.) Чаму ня варта аналізаваць «прызнаньні» Пратасевіча Радыё Свабода
  15. ^ «Прызнаньне пад руляй аўтамата». Бацька Рамана Пратасевіча і Франак Вячорка пра «інтэрвію» Рамана Пратасевіча Радыё Свабода
  16. ^ Пратасевіч даў інтэрв’ю АНТ Наша Ніва
  17. ^ «Интервью с пленными не бывает» (рас.) Беларускі партызан Архіўная копія ад 2021-06-04 г.
  18. ^ «Двое Эйсмантаў для кантролю над прэсай — перабор». Фрыдман — пра прызначэнне Маркава Новы час
  19. ^ CONSOLIDATED LIST OF FINANCIAL SANCTIONS TARGETS IN THE UK (анг.). Office of Financial Sanctions Implementation HM Treasury (2021-06-25).
  20. ^ ЕС прыняў пяты пакет санкцый супраць Беларусі ў сувязі з міграцыйным крызісам Наша Ніва Праверана 2021-12-23 г.
  21. ^ Searching for subjects of sanctions
  22. ^ Яшчэ некалькі еўрапейскіх краін далучыліся да пятага санкцыйнага пакета Еўразвязу, у тым ліку прарасійская Сербія Наша Ніва Праверана 2021-12-23 г.
  23. ^ Declaration by the High Representative on behalf of the European Union on the alignment of certain countries concerning restrictive measures in view of the situation in Belarus (анг.). Рада Эўрапейскага зьвязу(be) (2021-12-22). Праверана 2021-12-23 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]