Перайсьці да зьместу

Гран-пры Італіі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гран-пры Італіі
Нацыянальны аўтадром Монцы
Гісторыя
Праведзеныя гонкі 93
Першая гонка 1921
Лідэр (гоначнік) Сьцяг Нямеччыны Міхаэль Шумахэр
Сьцяг Вялікабрытаніі Льюіс Гэмілтан (5)
Лідэр (канструктар) Сьцяг Італіі Фэрары (20)
Траса
Працягласьць кола 5,793 км
Працягласьць гонкі 306,720 км
Колькасьць колаў 53
Сэзон 2023 году
Поўл-пазыцыя
Подыюм
Найхутчэйшае кола
Вонкавыя спасылкі
monzanet.it/inter… (італ.)

Гран-пры́ Іта́ліі (па-італьянску: Gran Premio d’Italia) — адно з найстарэйшых у сьвеце аўтагоначнае Гран-пры, якое ладзіцца з 1921 року, а з 2013 року займае 1-е месца паводле агульнай колькасьці правядзеньняў. Адзінае Гран-пры разам з брытанскім, на якіх формульныя гонкі адбываліся бесьперапынна ад часу зьяўленьня.

Першае італьянскае Гран-пры адбылося 4 верасьня 1921 року на трасе пад Мантык’яры. Аднак большасьць гонак ладзіліся на трасе ў Монцы, адмыслова збудаванай да Гран-пры 1922 року. У той час гэты быў усяго трэці сталы аўтадром у сьвеце пасьля Бруклэндзу (Вялікабрытанія) ды Індыянапалісу (ЗША). Траса працягласьцю 10 км была даволі хуткаснай. У 1924 року тут загінуў брытанскі гоначнік «Мэрсэдэсу» Луіс Збароўскі.

Гран-пры 1928 року стала першым з шэрагу трагічных падзеяў на гэтым аўтадроме. На хуткасным адцінку 200 км/г ў барацьбе італьянцы Эміліё Матэрасі на Талбаце і Джуліё Фарэсьці на Бугацьці сутыкнуліся коламі, пасьля чаго балід Матэрасі уляцеў у неабароненую частку стадыёну, дзе гоначнік і 27 гледачоў загінулі, а яшчэ 26 атрымалі траўмы. Да трагедыі ў Ле-Мане 1955 року(d) Монца-1928 заставалася найсьмяротнейшым выпадкам у гісторыі аўтаспорту. Пасьля гэтага тры гады гонка ня ладзілася.

Гран-пры 1931 року, перанесенае на пачатак траўня, было хутчэй гонкай на вытрываласьць: яна цягнулася 10 гадзінаў. Праз год гонка адбылася ў пачатку чэрвеня. У 1933 яна вярнулася на традыцыйны верасьнёўскі пэрыяд. І зноўку адбылася трагедыя. Дзень гонкі, 10 верасьня, стаў вядомы як «Чорны дзень Монцы». На другім прагрэве з аўтамабілю Duesenberg графа Карлё Фэлічэ Тросьсі разьлілася аліва; у гэтым месцы пасьлізнуўся Мазэраці Баканіна Барзакіні, ад чаго яго закруціла, перакуліла і некалькі разоў ударыла аб пакрыцьцё. Джузэпэ Кампары, які ехаў зь ім побач, спрабуючы ўнікнуць сутыкненьня, вылецеў з трасы і ўдарыўся сваім Альфа Рамэо ў дрэвы, загінуўшы на месцы. Барзакіні сканаў у шпіталі той жа дзень. Гоначнікі вырашылі пачысьціць аліўную пляму, каб правесьці фінальны заезд. На восьмым коле гонкі ў гэтым месцы выбухнуў матор на Бугацьці польскага шляхціча Станіслава Чайкоўскага і прарваўся паліўны шлянг, ад чаго запалаў увесь аўтамабіль. Чайкоўскі вылез з машыны, але згарэў зажыва. Пераможцам гонкі быў абвешчаны францускі кіроўца Бугацьці Марсэль Леу.

Пасьля гэтага ў 1934 року гонку правялі на скарочанай трасе Флёрыё. Аднак яна аказалася надта павольнай, і праз год гонка адбылася на поўнай трасе Флёрыё (зь пяцьцю шыканамі). У 1938 року гонка вярнулася ў Монцу, адразу пасьля чаго пачалася пераробка трасы, перарваная вайной.

Гран-пры Італіі ўзнавілася толькі ў 1947 року, гэтым разам у мілянскім раёне Партэльлё. Тут італьянскі гоначнік Джаваньні Брака вылецеў на сваім Дэляжы з трасы і забіў пяцёх гледачоў. Больш гэтая траса ў гонках ніколі не выкарыстоўвалася. Праз год яе правялі ў турынскім парку Валентына, але з 1949 року Гран-пры вярнулася на пераробленую трасу ў Монцы.

У 1950 року першае Гран-пры Італіі і першы чэмпіянат Формулы-1 выйграў італьянец Джузэпэ «Ніна» Фарына на Alfa Romeo 158. У 1954 была праведзеная поўная перабудова трасы. Цяпер 10-км Монца стала настолькі хуткай, што баліды дасягалі сярэдняй хуткасьці 220 км/г (няшмат паводле цяперашніх мерак, але гэта больш, чым на авальным Індыянапалісе ў ЗША). У 1960 року брытанскія каманды байкатавалі гонку з прычыны небясьпечнага насыпу з бэтонавым пакрыцьцём замест асфальтавага; байкот дапамог італьянскім канструктарам здабыць лёгкую перамогу, але яна стала апошняй для аўтамабіляў зь пярэднім разьмяшчэньнем рухавіка.

Праз год адбылася трагедыя. На этапе ў Монцы мог вырашыцца лёс чэмпіянату, у якім спаборнічалі абодва гоначнікі «Фэрары» — Філ Гіл і Вольфганг фон Трыпс. У барацьбе за чацьвертае месца брытанец Джым Кларк сутыкнуўся зь немцам; фон Трыпс ударыўся ў агароджу, пераляцеў яе і трапіў на трыбуну, забіўшыся сам і яшчэ 14 гледачоў. Гонка не спынялася, ейным пераможцам стаў Гіл. Кларк выжыў, але трапіў пад рассьледаваньне італьянскай паліцыяй.

Больш насып на Монцы ў Формуле-1 ніколі не выкарыстоўваўся. У 1963 року арганізатары спрабавалі зноўку задзейнічаць надзвычай хуткасную канфігурацыю; аднак пятнічныя трэніроўкі паказалі, што машыны ліратальна фізычна не вытрымліваюць такіх нагрузак. Пасьля пагрозаў пілётаў байкатаваць гонку яе вярнулі да звычайнага выгляду.

Перамога Людавіка Скарф’ёцьці ў 1966 року стала апошняй для італьянскіх гоначнікаў у Монцы.

На Гран-пры 1970 року падчас кваліфікацыі ў Лотасе Ёхэна Рынта адмовіў тармазны вал; аўтамабіль вылецеў з трасы, ударыўся ў бар’ер і некалькі разоў перакуліўся. Рынт загінуў не ад удару, а ад кепска замацаванага поясу бясьпекі. У тым сэзоне ніхто ня змог яго пераўзысьці, таму Ёхэн Рынт стаў першым і адзіным пасьмяротным чэмпіёнам Формулы-1.

Гонка 1971 року стала найхутчэйшай дагэтуль гонкай у гісторыі Формулы-1, таму ў 1972 року на трасе былі дададзеныя дзьве шыканы. У 1974 яшчэ адна шыкана зьмененая і перайменаваная ў гонар Альбэрта Аскары, які загінуў тут у 1955 року падчас выпрабаваньняў спартовага аўтамабілю Фэрары. Яшчэ тры шыканы ўсталяваныя ў 1976 року.

Падчас кваліфікацыі 1978 року швэдзкі гоначнік Роні Пэтэрсан разьбіў свой балід «Лотас» і на гонку быў вымушаны ўзяць запасны балід паплечніка Марыё Андрэцьці, хоць і неадпаведны яму па габарытах. Як толькі пачалася гонка, у першым жа павароце Пэтэрсанава аўто ўляцела ў ахоўны бар’ер і загарэлася. Ізноўку маршалкі трасы не былі падрыхтаваныя, і замест іх Пэтэрсана выцягнулі з палаючага Лотасу гоначнікі Джэймз Гант і Патрык Дэпае. Швэд, аднак, на наступны дзень сканаў ад траўмаў.

У 1979 року траса была дапоўненая зонамі-пасткамі(d). У 1980 року гонка ўвогуле адбылася ў Імале, каб даць магчымасьць перарабіць Монцу. З 1981 року Гран-пры Італіі нязьменна ладзіліся ў Монцы. Імала заставалася ў календары Формулы-1 да 2006 року як Гран-пры Сан-Марына.

У 1981 року ў Монцы трапіў у аварыю брытанец Джон Ўотсан, аднак карбонавалокнавы «Макларэн» яго выратаваў.

Гран-пры Італіі 1988 году стала адзінай гонкай сэзону, дзе Макларэн ня здолеў здабыць перамогу, бо абодва ягоныя гоначнікі не фінішавалі. Першыя два месцы заваявалі гоначнікі Фэрары, што было асабліва важна, паколькі ўсяго месяц перад тым памёр заснавальнік каманды Энца Фэрары.

Пасьля трагедыі ў Імале-1994 ў трасу былі ўнесеныя зьмены, каб зьменшыць хуткасьць; чарговыя зьмены былі дададзеныя і налета. Апошнія паводле стану на 2024 рок зьмены былі ўнесеныя ў 2000. У тым годзе гонка пачалася трагічна: кола, якое адарвалася ад «Джордану» Гайнц-Гаральда Фрэнцэна, трапіла ў аднаго з маршалкаў. 33-гадовы Паолё Джысьлімбэрці ад атрыманых траўмаў сканаў.

Пасьля перамогі ў Італіі-2006 Міхаэль Шумахэр абвясьціў пра свой сыход з Формулы напрыканцы сэзону. На Гран-пры-2008 Сэбастыян Фэтэль стаў наймаладзейшым у гісторыі пераможцам кваліфікацыі, наймаладзейшым пераможцам (21 год 74 дні) і наймаладзейшым прызэрам Гран-пры Формулы-1.

З усталяваных рэкордаў:

  • у 2020 року Льюіс Гэмілтан усталяваў найхутчэйшае кваліфікацыйнае кола з часам 1:18,887 і сярэдняй хуткасьцю 264,362 км/г;
  • у 2023 року усталяваны рэкорд па найменшай працягласьці гонкі (без уліку скарочаных гонак): 1:13:41,143.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]