Айртан Сэна
Айртан Сэна | |
Ayrton Senna | |
Нарадзіўся | 21 сакавіка 1960[1][2] |
---|---|
Памёр | 1 траўня 1994[1] (34 гады) |
Кар’ера ў Формуле-1 | |
Грамадзянства | |
Гады дзейнасьці | 1984—1994 |
Каманды | Тоўлмэн, Лотус, Макларэн, Ўільямз |
Рухавікі | Hart, Renault, Honda, Ford |
Удзелаў | 162 (161 старт) |
Чэмпіёнстваў | 3 (1988, 1990, 1991) |
Перамогаў | 41 |
П’едэсталаў | 80 |
Пунктаў | 610 (614)[a] |
Стартавых лідэрстваў | 65 |
Найхутчэйшых колаў | 19 |
Першая гонка | Гран-пры Бразыліі 1984 году |
Першая перамога | Гран-пры Партугаліі 1985 году |
Апошняя перамога | Гран-пры Аўстраліі 1993 году |
Апошняя гонка | Гран-пры Сан-Марына 1994 году |
Узнагароды | |
Подпіс | |
ayrtonsenna.com.br (парт.) (анг.) |
Айртан Сэна да Сылва (па-партугальску: Ayrton Senna da Silva , [aˈiʁtõ ˈsẽnɐ dɐ ˈsiwvɐ]; 21 сакавіка 1960, Сан-Паўлу, Бразылія — 1 траўня 1994, Балёньня, Італія) — бразыльскі аўтагоншчык, чэмпіён сьвету ў Формуле-1 1988, 1990 і 1991 рокаў.
Найбольшага посьпеху Айртан Сэна дабіўся, выступаючы за Макларэн-Хонду. У 1988 року яны з паплечнікам Аленам Простам перамаглі ва ўсіх гонках сэзону, акрамя аднае, а Айртан Сэна заваяваў першае чэмпіёнства. Праз год чэмпіёнам стаў Прост, а Сэна заваяваў два чэмпіёнскія тытулы ў наступныя гады. Ён здабыў для «Макларэну» найбольшую колькасьць перамог за іншых кіроўцаў, а таксама трымае рэкорд у шэсьць перамог на Гран-пры Манака.
З 1994 року перайшоў у каманду Ўільямз. Загінуў у тым жа сэзоне ў выніку аварыі на Гран-пры Сан-Марына[9].
Маладосьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзіўся ў заможнай сям’і земляўласьніка-фабрыканта Мілтана да Сылвы і Нэйдэ Сэны да Сылвы; меў старэйшую сястру Вівіяну і малодшага брата Леанарда. Айртан зь дзяцінства займаўся гімнастыкай, цікавіўся аўта- і матагонкамі. З 13-гадовага веку ўдзельнічаў у гонках на картынгах.
У 1977 року скончыў школу і стаў чэмпіёнам Паўднёвай Амэрыкі па картынгу, а ў 1979 і 1980 роках станавіўся віцэ-чэмпіёнам сьвету. У 1981 пераехаў у Вялікабрытанію дзеля ўдзелу ў гонках з адкрытымі коламі. Але нават пасьля перамогі ў Формуле Форд ён ня верыў, што зможа дабіцца посьпехаў у аўтагонках, і ў канцы сэзону абвясьціў пра сыход з Формулы ды вяртаньне ў Бразылію, каб працягваць бацькоўскую справу. Аднак, атрымаўшы прапанову выступаць за каманду Формулы Форд 2000 на £10 000, ён вярнуўся ў Ангельшчыну і ўзяў матчына прозьвішча, паколькі да Сылва было самым распаўсюджаным у Бразыліі. У 1982 року Айртан Сэна перамог у чэмпіянатах брытанскай і эўрапейскай Формулаў Форд 2000.
У 1983 року ўдзельнічаў у гонках Брытанскай Формулы-3 за каманду «Заходні Сарэй Рэйсінг» ды заваяваў чэмпіёнства.
Кар’ера ў Формуле-1
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля гэтага яго запрасілі на тэсты некалькі камандаў Формулы-1. Урэшце ён стаў пілётам маладой каманды Тоўлмэн. У сваёй першай гонцы Формулы-1 у Бразыліі Айртан Сэна кваліфікаваўся 17-м, але сышоў на 8-м коле праз тэхнічную няспраўнасьць. Ужо ў наступнай гонцы ў Паўднёвай Афрыцы здабыў свае першыя пункты, фінішаваўшы 6-м. Найлепшага выніку ў гэтым сэзоне Сэна дабіўся на Гран-пры Манака, заняўшы другое месца пасьля Алена Проста. Па выніках сэзону заняў 9-е месца з 13 пунктамі.
У наступным годзе перайшоў у Лотус. У другой гонцы сэзону, Гран-пры Партугаліі, упершыню стартаваў зь першай пазыцыі і ўпершыню перамог, абышоўшы другога кіроўцу Мікеле Альбарэта з Фэрары на хвіліну, а ўсіх астатніх удзельнікаў — больш чым на кола. Гэтая гонка стала першым «Вялікім шлемам» ягонай кар’еры, бо да ўсяго ён яшчэ і паказаў найлепшы вынік за кола. Айртан Сэна апярэдзіў усіх іншых пілётаў паводле колькасьці стартавых пазыцыяў у сэзоне — сем. Аднак не на ўсіх гонках машына здолела даехаць да канца. Па выніках сэзону Сэна і паплечнік па камандзе Эліё дэ Анджэліс сталі 4-м і 5-м адпаведна.
Сэзон 1986 року зноў пачаўся для Айртана Сэны ўдала — другім месцам на Гран-пры Бразыліі і перамогай на Гран-пры Гішпаніі. Падвяла машына 98T, якая паказвала перавагу на складаных, пакручастых трасах, аднак была ненадзейнай. Ізноў Сэна стаў лідэрам паводле колькасьці перамог у кваліфікацыі — восем, а чэмпіянат зноўку скончыў на 4-м месцы з 55 пунктамі.
У 1987 року «Лотус» паставіла новыя рухавікі Honda V6, зь якімі ў мінулым сэзоне перамог «Ўільямз». Напачатку сэзону Сэна перамог у некалькіх гонках, аднак з хадою чэмпіянату стала відавочна, што аўтамабілі «Ўільямзу» пераўзыходзяць усе іншыя. Так, на Гран-пры Вялікабрытаніі пілёты «Ўільямзу» Найджэл Мэнсэл і Нэльсан Піке абышлі фінішаваўшых трэцімі Сэну і ягонага калегу Сатору Накадзіму на кола. Расчараваны Сэна дамовіўся пра пераход з наступнага сэзону ў Макларэн, а па выніках 1987 року стаў трэцім з 57 пунктамі і толькі адным першым месцам у кваліфікацыі.
У Макларэне Айртан Сэна далучыўся да ўжо двухразовага чэмпіёна сьвету Алена Проста. Цягам пяці гадоў яны будуць ня толькі партнэрамі, але часта і зацятымі канкурэнтамі, што неаднойчы прывядзе да драматычных вынікаў. У 1988 року пілёты Макларэна выйгралі ў 15 з 16 гонак на безканкурэнтным аўтамабілі McLaren MP4/4 (на Гран-пры Італіі абодва пілёты Макларэна сышлі з дыстанцыі). Чэмпіёнам упершыню ў кар’еры з васьмю перамогамі стаў Айртан Сэна.
У наступным сэзоне канкурэнцыя між Айртанам Сэнам і Аленам Простам узмацнілася як на трасе, так і па-за ёй. Сэна пасьля некалькіх перамог запар захапіў лідэрства ў сэзоне, аднак ненадзейнасьць аўтамабілю і некалькі аварыяў прывялі да перамогі ў чэмпіянаце Алена Проста. У перадапошняй гонцы сэзону, Гран-пры Японіі, Айртану Сэне для працягу барацьбы за першае месца ў агульным заліку была неабходная перамога, але ўсю гонку лідзіраваў Ален Прост. На 46-м коле пры спробе абгону між імі адбылося сутыкненьне. Прост сышоў з гонкі, а Сэна пасьля перазапуску рухавіка і заезду на піт-стоп дзеля замены пашкоджанага носу перамог у гонцы, але быў дыскваліфікаваны. Па выніках сэзону Айртан Сэна стаў другім пасьля Алена Проста, які адмовіўся далей зь ім супрацоўнічаць і сышоў у Фэрары.
У 1990 року Сэна захапіў лідэрства зь першых гонак, дзе здабыў шэсьць перамог, два другія і тры трэція месцы. Тым ня меней, напрыканцы сэзону да яго падцягнуўся Ален Прост на Фэрары. У перадапошняй гонцы ў Японіі цяпер ужо Просту была неабходная перамога, аднак у самым пачатку гонкі Сэна, які стартаваў на першай лініі з канкурэнтам, учыніў зь ім аварыю на хуткасьці 270 км/г. Гэта забясьпечыла Айртану Сэне чэмпіёнства.
У сэзоне 1991 року Айртан Сэна стаў наймалодшым трохразовым чэмпіёнам сьвету. Гэтым разам Ален Прост не аказаў сур’ёзнай канкурэнцыі. Сэна перамог у сямі гран-пры.
У сэзоне 1992 року каманда «Ўільямз» прадставіла новы гоначны аўтамабіль FW14B, які паказаў сябе значна хутчэйшым за ўсе астатнія баліды. Тым часам у Макларэне працягваліся праблемы з найдзейнасьцю, а іхнія новыя машыны мелі новыя хібы. На трэніровачнай гонцы перад другой гонкай сэзону ў Мэксыцы Айртан Сэна разьбіў машыну аб бэтонную сьцяну, і яго змаглі выцягнуць толькі з дапамогай лекараў. Ён змог прыняць удзел у гонцы назаўтра, але ня скончыў яе праз адмову каробкі перадачаў. З трыма перамогамі Сэна скончыў сэзон на чацьвертай пазыцыі пасьля Мэнсэла, Рыкарда Патрэзэ (абодва — Ўільямз) і Міхаэля Шумахэра. Ужо тады стасункі Сэны з Шумахэрам перасталі быць прыязнымі, бо бразылец бачыў у маладым гоншчыку пагрозу свайму лідэрству ў Формуле-1.
У першай гонцы сэзону 1993 року ў Паўднёвай Афрыцы адбылося сутыкненьне Сэны і Шумахэра, але бразылец здолеў фінішаваць другім. Ён у рэкордны шосты раз стаў пераможцам Гран-пры Манака і нават пасьля гэтага ўзначаліў табліцу лідэраў. Аднак зноў сказалася ненадзейнасьць мэханікі Макларэна і пераўзыходзтва Ўільямза-Рэно. Чэмпіёнам у чацьверты раз стаў Ален Прост. Перамога на апошнім Гран-пры Аўстраліі стала для Айртана Сэны 41-й і апошняй у ягонай кар’еры; ён стаў віцэ-чэмпіёнам.
Пасьля сыходу Проста з Формулы-1 Айртан Сэна заняў ягонае месца ў «Ўільямзе». Яму давялося засвойваць новы гоначны аўтамабіль Williams FW16, які пасьля забароны на выкарыстаньне актыўнай падвескі, антыбуксавальнай і антыблякавальнай сыстэмаў не паказваў перавагаў над мінулымі мадэлямі FW15C і FW14B. У першай гонцы ў Бразыліі Айртан Сэна заваяваў 1-е месца ў кваліфікацыі, аднак у гонцы ў спаборніцтве зь Міхаэлем Шумахэрам сышоў з трасы. У наступным, Ціхаакіянскім Гран-пры Сэна зноў перамог у кваліфікацыі, але ў першым павароце саступіў Міхаэлю Шумахэру, пасьля чаго быў зьбіты Мікам Хякінэнам і Ніколам Лярыні. Гэта быў найгоршы старт сэзону для Сэны.
Сьмерць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Трэцяя гонка сэзону, Гран-пры Сан-Марына, распачынала эўрапейскі цыкль Формулы-1. Падчас трэніровачнай гонкі бразыльскі пратэжэ Сэны Рубэнс Барыкела трапіў у сур’ёзную аварыю і ня змог працягнуць гонку. У суботняй кваліфікацыі на хуткасьці 310 км/г аб бэтонны мур разьбіўся аўстрыйскі гоншчык Ролянд Ратцэнбэргер.
Гонка пачалася для Сэны абгонам свайго суперніка Міхаэля Шумахэра, але неўзабаве на трасе зьявілася машына бясьпекі, паколькі на старце адбылося сутыкненьне Бэнэтона-Форда Юркі Ярвілехта і Лотуса-Мюгена Хонды Пэдру Ламі. Колы і аскепкі машынаў паранілі васьмёх гледачоў і паліцыянта на галоўнай трыбуне. Машына бясьпекі, спартовая вэрсія Opel Vectra, ехала недастаткова хутка для Формулы-1, ад чаго колы гоначных аўтамабіляў астывалі. Гонка была ўзноўленая на 6-м коле
Пры выхадзе на 7-м коле з хуткаснага павароту Тамбурэла аўтамабіль Айртана Сэны на хуткасьці 307 км/г вылецеў з трасы і ўдарыўся ў бэтонны мур на астаткавай хуткасьці каля 233 км/г. Сэну выцягнулі з машыны на працягу дзьвюх хвілінаў і на месцы аказалі першую дапамогу. Ад разрыву паверхневай скроневай артэрыі Айртан Сэна ўжо страціў каля 4,5 л крыві (амаль 90%). Яму на месцы правялі трахеатамію і перавезьлі ў балёнскі шпіталь. Увечары таго ж дня лекары зафіксавалі ягоную сьмерць.
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Да 1990 ня ўсе заваяваныя кіроўцам пункты ўлічваліся ў чэмпіянаце (глядзіце сыстэма налічэньня пунктаў у Формуле-1). Нумары бяз дужак — пункты ў чэмпіянатах, у дужках — агулам.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Ayrton Senna // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
- ^ Ayrton Senna // Store norske leksikon (бук.) — 1978. — ISSN 2464-1480
- ^ https://web.archive.org/web/20210121182854/https://acervo.estadao.com.br/noticias/acervo,era-uma-vez-em-sp-maternidade-sao-paulo,11001,0.htm
- ^ https://www.liberoquotidiano.it/news/sfoglio/11599274/Ayrton-Senna--il-racconto-della.html
- ^ http://www.theguardian.com/sport/2004/apr/22/formulaone.comment
- ^ http://www.theguardian.com/football/2004/apr/25/sport.comment5
- ^ Deutsche Nationalbibliothek Record #119032058 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
- ^ https://www.bbc.co.uk/sport/formula1/20324109
- ^ David Tremayne.. Obituary: Ayrton Senna (анг.) // Independent, 1 траўня 1994 г. Праверана 12 чэрвеня 2021 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Афіцыйная бачына (анг.) (парт.)
- Эўрапейская фан-бачына (анг.)
- Статыстыка (анг.) на DriverDB.com
- Статыстыка (анг.) на Racing-Reference
- Нарадзіліся 21 сакавіка
- Нарадзіліся ў 1960 годзе
- Нарадзіліся ў Сан-Паўлу
- Памерлі 1 траўня
- Памерлі ў 1994 годзе
- Памерлі ў Балёньні
- Памерлі ў Эміліі-Раманьні
- Айртан Сэна
- Бразыльскія філянтропы
- Бразыльскія рыма-каталіцкія дзеячы
- Гоншчыкі брытанскай Формулы-3
- Чэмпіёны Формулы-1
- Уведзеныя ў Міжнародную залю славы матаспорту
- Аўтагоначнікі, якія загінулі ў гонках
- Кіроўцы „Лотусу“ ў Формуле-1
- Кіроўцы „Макларэну“ ў Формуле-1
- Кіроўцы „Тоўлману“ ў Формуле-1
- Кіроўцы „Ўільямзу“ ў Формуле-1