Гран-пры Бэльгіі
Спа-Франкаршам | |
Гісторыя | |
---|---|
Праведзеныя гонкі | 79 |
Першая гонка | 1925 |
Лідэр (гоначнік) | Міхаэль Шумахэр (6) |
Лідэр (канструктар) | Фэрары (18) |
Траса | |
Працягласьць кола | 7,004 км |
Працягласьць гонкі | 308,052[1] км |
Колькасьць колаў | 44 |
Сэзон 2023 году | |
Поўл-пазыцыя |
|
Подыюм |
|
Найхутчэйшае кола |
|
Вонкавыя спасылкі | |
spagrandprix.com (фр.) (анг.) (нід.) (ням.) | |
Гран-пры́ Бэ́льгіі (па-француску: Grand Prix de Belgique, па-нідэрляндзку: Grote Prijs van België, па-нямецку: Großer Preis von Belgien) — этап чэмпіянату сьвету ў колцавых аўтагонках Формулы-1. Першы Гран-пры адбыўся на трасе ў Спа ў 1925 року, збудаванай у 1921 для мотагонак. З 1924 року там таксама ладзяцца 24-гадзінныя спаборніцтвы трываласьці.
Гонкі на Спа-Франканшаме слынныя сваім непрадказальным надвор’ем. У гісторыі Формулы-1 зафіксаваны пэрыяд, калі гонкі ў Бэльгіі ладзіліся пад дажджом 20 гадоў запар.
Паміж 1925 і 1973 рокамі, калі ў Эўропе было прынята ладзіць пераходныя эўрапейскія Гран-пры, траса ў Спа 6 разоў атрымлівала гэтае званьне.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Упершыню Гран-пры Бэльгіі на трасе Спа-Франкаршам адбылося ў 1925 року; першым пераможцам стаў італьянскі гоначнік Альфа Рамэо Антоніё Аскары, які ўжо ў наступнай гонцы ў Францыі трагічна загінуў. Траса ў Бэльгіі была пераробленая, і спаборніцтвы на яе вярнуліся толькі ў 1930 року. У 1939 року на трасу дадалі паварот Райдыльён; у той гонцы праз дажджыстую трасу разьбіўся і пазьней памёр брытанскі гоначнік Рычард «Дык» Сымэн. Пераможцам стаў ягоны сукаманднік па Мэрсэдэсе Герман Лянг.
Пасьля вайны Гран-пры Бэльгіі аднавілася ў 1946 року. На Франкаршаме пазьмянялі ўсе павольныя павароты, каб зрабіць яе хутчэйшай. У той час бэльгійскі этап стаў вядомы як адзін з самых экстрэмальных, складаных і страшных у гісторыі мотаспорту.
З 1950 року Гран-пры Бэльгіі ўвайшла ў каляндар чэмпіянату сьвету Формулы-1. Першым ягоным пераможцам стаў аргентынец Хуан Мануэль Фанхіё.
У 1957 року гонка была скасаваная праз брак сродкаў, выкліканы падвышэньнем цэнаў на паліва на тле Суэцкага крызісу. У 1958 траса была дапрацаваная, аднак захавала рэпутацыю надзвычай складанай і патрабавальнай. Паколькі павароты заставаліся па-ранейшаму хуткаснымі, для вылету з гонкі дастаткова было драбнюткай памылкі. Да таго ж надвор’е ў рэгіёне вельмі непрадказальнае; часта здаралася так, што адна частка трасы сухая і сонечная, а ў другой лье дождж. Вакол трасы стаялі тэлеграфныя слупы, дамы, муры, бардзюры ці дрэвы, аб якія разьбіваліся і гінулі мноства гоначнікаў у розных дысцыплінах.
У 1960 року ў чэмпіянаце ўпершыню ўдзельнічалі незалежныя брытанскія канструктары: Купэр, Лотас — якія мелі значна лягчэйшыя ды хутчэйшыя аўтамабілі з рухавіком наперадзе, чым іхнія папярэднікі. Ніхто ня ведаў, як павядуцца гэтыя баліды на трасе ў Франкаршаме. У тыя часы ні трасы, ні аўтамабілі ня мелі зусім аніякіх сродкаў абароны. Каркасы машынаў выраблялі зь вельмі тонкага гаручага матэрыялу, і ніхто не правяраў аўтамабілі на бясьпеку (гэтае правіла зьявілася толькі ў 1961). Кіроўцы мелі шаломы, аднак іх выраблялі зь лёгкіх нетрывалых матэрыялаў; а пасамі бясьпекі не карысталіся, бо лічылі лепшым вылецець з аўто, чымся згарэць у ім. Гоначны ўікэнд стаў адным з самых трагічных у гісторыі Формулы-1. Падчас трэніроўкі ў «Лотасе» Стырлінга Моса адляцела кола, і ён разьбіўся ў павароце Бэрнэнвіль. Ад удару ён вылецеў з баліду і ўпаў на трасе, зламаўшы абедзьве нагі, некалькі хрыбетак і рэбраў. Ён выжыў, аднак прапусьціў большасьць сэзону. Іншы гоначнік «Лотасу» Майк Тэйлар праз паломку стырнаваньня ўдарыўся ў дрэвы ля Ставэлёту і доўга ня мог выбрацца, пашкодзіўшы галаву і шыю. Пасьля здарэньня ён быў вымушаны скончыць кар’еру. Аднак яшчэ страшнейшая была ўласна гонка. На 17-м коле брытанец Крыс Брыстаў на «Купэры» ў змаганьні сутыкнуўся з бэльгійцам Вілі Мэрэсам; ад удару брытанец перакуліўся і ўдарыўся ў агароджу, пасьля чаго балід некалькі разоў перакуліўся, Брыстава выкінула з сядзеньня, і ён наляцеў на калючы дрот, які перарэзаў яму шыю. Мэрэс здолеў працягнуць гонку, але пазьней сышоў праз праблемы з каробкай перадачаў. Праз 5 колаў 26-гадоваму кіроўцу «Лотасу» Алан Стэйсі ў твар стукнулася птушка, ад чаго ён страціў кіраваньне на хуткасьці 228 км/г. Ягоны аўтамабіль пераляцеў праз агароджу непадалёк ад месца, дзе загінуў Брыстаў і ўзарваўся пры ўдары аб зямлю; Стэйсі загінуў на месцы. Гэта было найсьмяротнейшае Гран-пры да Сан-Марына 1994 року.
У 1966 року ў аўтамабілях Формулы-1 аб’ём рухавіку быў падвышаны з 1,5 да 3 літраў, што адразу падвысіла іхнюю магутнасьць удвая. Гонка трапілася дажджавая, мноства гоначнікаў сьлізгалі ў павароце Бэрнэнвілі. Брытанец Джэкі Ст’юарт у адным з паваротаў вылецеў з трасу, ударыўся ў тэлеграфны слуп, пасьля чаго ягоны аўтамабіль перакуліўся і прыціснуў пілёта. Амаль 30 хвілінаў брытанец ня мог выбрацца з-пад яго, пакуль з бакаў на гоначніка вылівалася паліва. На дапамогу прыбеглі паплечнік па камандзе БРМ Грэм Гіл ды амэрыканец Боб Бандурант, якія здолелі ўратаваць Ст’юарта. Пасьля гэтай аварыі брытанскі кіроўца фактычна распачаў «крыжовы паход» за бясьпеку гонак.
Праз год у Бляншымоне на разьлітай з аўтамабілю Джэкі Ст’юарта аліве пасьлізнуўся гоначнік Майк Паркс. На хуткасьці 240 км/г ягоны Ferrari пераляцеў праз агароджку, брытанец выляцеў зь яго, сур’ёзна пашкодзіўшы галаву і ногі. Ён трапіў у кому на тыдзень, здолеў аднавіцца, але больш у Формуле-1 ня ўдзельнічаў.
У 1968 року ў Формуле зьявіліся антыкрылы для паляпшэньня аэрадынамічных паказьнікаў, перанятыя эўрапейцамі ў гонках спартовых аўтамабіляў. На бэльгійскім Гран-пры абсталяваная такім чынам машына Фэрары дазволіла новазэляндцу Крысу Эйману заваяваць поўл-пазыцыю; гонка ж стала першай перамогай Макларэнаў у Формуле-1. Аднак і тут не абышлося без інцыдэнтаў: брытанец Браян Рэдман разьбіў свой «Купэр» на высокай хуткасьці аб прыпаркаваны непадалёк павароту Бэрнэнвіль легкавік Ford Cortina, ад чаго балід загарэўся. Рэдман вельмі абгарэў, зламаў нагу і прапусьціў большасьць сэзону.
У наступным сэзоне пытаньні бясьпекі дасягнулі крытычнага пункту. Сярэдняя хуткасьць на Шранкаршаме дасягала 240 км/г, аднак якія-кольвек захады бясьпекі адсутнічалі. Гран-пры мела адбыцца 8 чэрвеня 1969 року, але перад гэтым ад імя Асацыяцыі гоначнікаў Джэкі Ст’юарт запатрабаваў усталяваць абарончыя бар’еры і палепшыць дарожнае пакрыцьцё. Уласьнікі трасы адмовіліся плаціць за паляпшэньні, тады брытанскія, італьянскія ды францускія каманды адмовіліся ад удзелу ў гонцы. У красавіку было прынятае рашэньне пра скасаваньне бэльгійскага этапу. Што праўда, праз год былі ўсталяваныя бар’еры і часовая шыкана ў адным з хуткіх паваротаў, каб правесьці гонку; тым ня меней, сярэдняя хуткасьць і тады склала больш за 240 км/г. У 1971 року Гран-пры было скасаванае з прычыны неадпаведнасьці нормам бясьпекі Міжнароднай фэдэрацыі аўтаспорту (МФА).
Тады арганізатары вырашылі перанесьці гонку на дзьве новыя трассы ў Зольдэр і Нівэль-Балеры. Першая гонка адбылася ў 1972 року на Нівэль-Балеры, на наступны год — на Зольдэры. Пасьля Гран-пры 1974 року арганізатары вырашылі адмовіцца ад трасы ў Нівэлі, і наступныя дзевяць разоў гонкі адбываліся толькі на Зольдэры.
У 1981 року траса была не найлепшым чынам падрыхтаваная да правядзеньня спаборніцтваў. На пятнічнай трэніроўцы аргентынец Карляс Ройтэман на занадта вузкім пітлэйне выпадкова пераехаў мэханіка Азэльлі, які празь дзень сканаў ад траўмаў. У выніку ў дзень гонкі пілёты адмовіліся стартаваць, і гонка была адкладзеная. Тым ня менш яна адбылася, але на самым старце заглух «Эраўз» Рыкарда Патрэзэ; яму на дапамогу падбег мэханік Дэйв Лакет, ды ў гэты момант арганізатары абвясьцілі старт заезду. Іншы гоначнік каманды «Эраўз» Зыгфрыд Штор урэзаўся ў балід Патрэзэ, зьбіўшы Лакета. Гонка была перазапушчаная; Лакет выжыў, Патрэзэ і Штор не змаглі стартаваць паўторна, а перамог у гонцы Ройтэман.
У 1982 року на трэніроўцы сутыкнуліся канадзец Жыль Вільнёў зь немцам Ёхэнам Масам. «Фэрары» Вільнёва некалькі разоў перакуліўся, пілёт вылецеў, атрымаў значныя пашкоджаньні і пазьней сканаў у шпіталі.
Тым часам трасу ў Спа-Франкаршаме перарабілі, скараціўшы яе да 7 км і зрабіўшы новыя павароты. У 1983 року Гран-пры Бэльгіі адбылося тут, і траса адразу спадабалася гоначнікам ды камандам. У 1984 року Зольдэр апошні раз прыняў Гран-пры, пасьля чаго яно трывала замацавалася ў Спа. У 1988 року бэльгійскі этап быў перанесены з траўня-чэрвеня на жнівень-верасень і застаецца ў гэтай паравіне году дагэтуль.
У 1992 року сваю першую перамогу для «Бэнэтану» заваяваў Міхаэль Шумахэр.
У 1994 року пасьля трагедыі з Айртанам Сэнам і Роляндам Рацэнбэргерам ў Спа зрабілі дадатковую шыкану, але ўжо праз год яе скасавалі.
У 1998 року гонка адбывалася пад залевай. У першым павароце ў аварыю трапілі трынаццаць з дваццаці двух аўтамабіляў, таму гонку спынілі. Пасьля рэстарту гонка адбывалася з кепскай бачнасьцю; у адным з эпізодаў Міхаэль Шумахэр пратараніў балід Дэйвіда Култарда, а пазьней пабег да боксаў Макларэну біцца зь ім. Култард пазьней прызнаў сваю віну ў інцыдэнце. У фінальны залік трапілі толькі восем гоначнікаў, а Дэйман Гіл прынёс першую перамогу ў Формуле-1 камандзе «Джордан».
У 2003 року Гран-пры не адбылося праз забарону ў краіне рэклямы тытуню. Яшчэ раз гонка была скасаваная ў 2006 року празь непрыдатны стан трасы.
Гонка 2021 року ўвайшла ў гісторыю як найкарацейшае Гран-пры Формулы-1. Праз залеву гонка стартавала з машынай бясьпекі; гоначнікі праехалі за ёй два колы, пасьля чаго гонка была спыненая чырвонымі сьцягамі. Такім чынам гэта была яшчэ й адзіная гонка ў гісторыі, праведзеная цалкам без зялёных сьцягоў. Усе гоначнікі на прызавых месцах атрымалі палову балаў.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Belgium 2019 Архіўная копія ад 5 December 2019 г.