Перайсьці да зьместу

Альбэрта Аскары

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Альбэрта Аскары
Alberto Ascari
Аскары перад выпрабаваньнямі ў Монтэ-Карлё (1955)
Нарадзіўся 13 ліпеня 1918(1918-07-13)[1][2]
Памёр 26 траўня 1955(1955-05-26)[1][2] (36 гадоў)
Кар’ера ў Формуле-1
Грамадзянства
Гады дзейнасьці 19501955
Каманды Фэрары, Мазэраці, Лянча
Удзелаў 33 (32 старты)
Чэмпіёнстваў 2 (1952, 1953)
Перамогаў 13
П’едэсталаў 17
Пунктаў 107 ​914 (140 ​17)[a]
Стартавых лідэрстваў 14
Найхутчэйшых колаў 12
Першая гонка Гран-пры Манака 1950 году
Першая перамога Гран-пры Нямеччыны 1951 году
Апошняя перамога Гран-пры Швайцарыі 1953 году
Апошняя гонка Гран-пры Манака 1955 году

Альбэрта Аскары (па-італьянску: Alberto Ascari; 13 ліпеня 1918, Мілян, Італія — 26 траўня 1955, Монца, Італія) — італьянскі аўтагоначнік. Двухразовы чэмпіён сьвету ў Формуле-1 (1952, 1953), першы для каманды Фэрары і апошні дагэтуль італьянец, які заваяваў такі тытул. Адзіны італьянец, які станавіўся чэмпіёнам сьвету ў складзе Фэрары; а разам зь Міхаэлем Шумахэрам адзіныя, хто заваёўваў у Фэрары чэмпіёнствы запар. Першы гоначнік Формулы-1, які стаў неаднаразовым чэмпіёнам.

Ягоны бацька, Антоніё, таксама быў гоначнікам і загінуў падчас Гран-пры Францыі 1925 году. Сам Альбэрта таксама загінуў у маладым веку ў часе трэніроўкі на аўтадроме ў Монцы ў 1955 року.

Бацька — Антоніё Аскары, таленавіты ўдзельнік Гран-пры за каманду «Альфа Рамэо»[3], загінуў, калі сыну не было яшчэ і сямі гадоў[4]. Тым ня меней, Альбэрта захапіўся гонкамі яшчэ зь дзяцінства. Пачаў з матагонак у камандзе Bianchi[5]. З 1940 року пачаў рэгулярна браць удзел у аўтагонках Тысячы міляў.

У часе II сусьветнай вайны на сваім сямейным прадпрыемстве займаўся рамонтам транспарту італьянскага войска[5], а таксама добра зарабіў на пастаўках паліва для арміі ў Паўночнай Афрыцы.

Па вайне далучыўся да каманды Maserati 4CLT ў Гран-пры, а пасьля прыняцьця формульных правілаў — і ў пераходных чэмпіянатах. Дабіўся перамог у некалькіх гонках, але найбольшага посьпеху здабыў, далучыўшыся да Фэрары разам з сваім паплечнікам і настаўнікам у Мазэраці Люіджы Вілярэзі. Кіраўніком у Фэрары быў сябар і паплечнік ягонага бацькі Антоніё Аскары. У першым сэзоне Формулы-1 1950 року каманда значна саступала Альфа Рамэо, таму засяродзілася на падрыхтоўцы балідаў да наступнага сэзону.

У 1951 року на аўтамабілі Tipo 375 Альбэрта Аскары склаў канкурэнцыю Альфа Рамэо і да апошняй гонкі ў Гішпаніі адставаў ад Хуана Мануеля Фанхіё на 2 пункты. Тут ён заваяваў поўл-пазыцыю, аднак памылка каманды ў выбары шынаў зьвяла ўсе намаганьні на нішто, і Аскары скончыў на 4-м месцы, а пераможцам і чэмпіёнам сьвету стаў Фанхіё[6].

Аскары і Вілярэзі ў часе Гран-пры Італіі 1952 року

Першую гонку 1952 року Альбэрта Аскары прапусьціў з-за ўдзелу ў 500 мілях Індыянапалісу. Ён стаў першым эўрапейцам за 11 гадоў правядзеньня чэмпіянату сьвету ў Індыянапалісе, аднак сышоў там пасьля 40 колаў праз сапсаваныя шыны[4][7]. Пасьля гэтага ён перамог ва ўсіх астатніх шасьці Гран-пры Формулы-1, у кожным зь іх таксама паставіў найхутчэйшыя колы і стаў чэмпіёнам сьвету.

У пачатку наступнага сэзону перамог у трох гонках, што давяло колькасьць ягоных перамог запар да рэкордных дзевяці (ня лічачы Індыянапалісу); гэтая сэрыя спынілася чацьвертым месцам у Францыі. Яшчэ двух перамог у сэзоне яму хапіла для заваёвы другога чэмпіёнства запар, што занесла яго ў гісторыю Формулы-1 як першага двухразовага чэмпіёна[4][5][8][9].

У канцы сэзону Альбэрта Аскары з Фэрары не змаглі дамовіцца наконт заробку, і гоначнік сышоў у Лянчу[4][9]. Аднак каманда не пасьпела падрыхтаваць машыну да чэмпіянату, і Аскары быў вымушаны прапусьціць большую частку сэзону, таму Джані Лянча дазволіў яму часова выступіць у складзе іншых камандаў. У Мазэраці ён падзяліў адно з найхутчэйшых колаў Гран-пры Вялікабрытаніі[10]. На аўтамабілі Лянчы ён здолеў узяць удзел у гонцы Тысячы міляў і перамог там, нягледзячы на складаныя ўмовы надвор’я і паламаную дросельную спружыну, якую замянілі гумовым пасам[9][11]. Аўтамабіль Lancia D50 быў падрыхтаваны толькі да апошняй гонкі ў Гішпаніі, дзе Альбэрта заваяваў поўл, усталяваў найхутчэйшае кола, але сышоў праз праблемы з счапленьнем.

Аскары ў Лянчы D50 (1954)

Чарговы сэзон у Лянчы пачаўся аптымістычна перамогамі па-за залікам у Турыне і Нэапалі. 22 траўня 1955 року ў часе Гран-пры Манака Альбэрта Аскары, ідучы першым, на вялікай хуткасьці ўвайшоў у адну з шыканаў і, унікаючы сутыкненьня з бар’ерам, вырашыў зьехаць у затоку Міжземнага мора[4][12]. Сам гоначнік здолеў выратавацца, толькі паламаўшы нос[4][5][12].

Месца аварыі Аскары

26 траўня прыехаў на аўтадром у Монцы, каб паназіраць за выпрабаваньнямі спартовага аўтамабілю Ferrari 750 Monza сваім сябрам Эўджэніё Кастэлёці, зь якім яны мелі ўзяць удзел у 1000-кілямэтровай гонцы ў Монцы. Хоць гэта было незаплянавана, аднак Аксары таксаам вырашыў выпрабаваць машыну ў звычайнай вопратцы, узяўшы толькі шлём Кастэлёці[4][5][9]. На трэцім коле ў хуткім павароце аўто нечакана прабуксавала, устала носам і двойчы перакулілася. Аскары вылецеў на трасу і празь некалькі хвілінаў сканаў[4][5][13]. Паварот, на якім адбылася трагедыя, пазьней быў перайменаваны ў ягоны гонар, а пасьля пераробкі ў шыкану стаў звацца Варыянтам Аскары[13].

Пахаваны побач з бацькам на Манумэнтальных могілках Міляну. Ягоная сьмерць лічыцца адной з прычынаў сыходу Лянчы з аўтаспорту ўжо праз тры дні па трагедыі. Усе ўладаньні каманды Джані Лянча перадаў Энца Фэрары (уключна з гоначнікамі і аўтамабілямі)[8][9].

Імя Альбэрта Аскары нададзенае вуліцы ў Рыме, шыканам у Монцы і Буэнас-Айрэсе. У 1992 ён уведзены ў Міжнародную залю славы матаспорту[14], у 2017 — у Залю славы ФІА[15]. У ягоны гонар названая брытанская кампанія па вырабе супэркараў Ascari Cars.

  1. ^ Усутыч да 1990 у выніковым заліку чэмпіянату ўлічваліся ня ўсе здабытыя гоначнікам пункты (падрабязьней глядзіце сыстэму налічэньня пунктаў у Формуле-1). Лікі бяз дужак азначаюць пункты ў залік чэмпіянату; лікі ў дужках — агульную колькасьць пунктаў.
  1. ^ а б Alberto Ascari // Encyclopædia Britannica (анг.)
  2. ^ а б в г Allorto R. ASCARI, Alberto // Dizionario Biografico degli Italiani (італ.) — 1962. — Vol. 4.
  3. ^ Grand Prix History – Antonio Ascari grandprixhistory.org Праверана 6 April 2016 г.
  4. ^ а б в г д е ё ж Alberto Ascari – Biography grandprixhistory.org Праверана 6 April 2016 г.
  5. ^ а б в г д е Alberto Ascari | Formula 1®
  6. ^ Spanish GP, 1951 Race Report – GP Encyclopedia – F1 History on Grandprix.com grandprix.com Праверана 6 April 2016 г.
  7. ^ 8W – What? – Ferrari at Indianapolis forix.com Праверана 6 April 2016 г.
  8. ^ а б Formula 1 News, Live Grand Prix Updates, Videos, Drivers and Results – ESPN
  9. ^ а б в г д Formula 1's greatest drivers. Number 11: Alberto Ascari // BBC Sport Праверана 6 April 2016 г.
  10. ^ British GP, 1954 Race Report – GP Encyclopedia – F1 History on Grandprix.com grandprix.com Праверана 6 April 2016 г.
  11. ^ Mille Miglia – 1954 grandprixhistory.org Праверана 6 April 2016 г.
  12. ^ а б Monaco GP, 1955 Race Report – GP Encyclopedia – F1 History on Grandprix.com grandprix.com Праверана 6 April 2016 г.
  13. ^ а б TheScuderia.net – Ferrari F1 – Alberto Ascari Profile thescuderia.net Праверана 6 April 2016 г.
  14. ^ Alberto Ascari (анг.) International Motorsports Hall of Fame Праверана 8 February 2021 г.
  15. ^ World Champions Honoured as FIA introduce Hall of Fame (анг.) The Checkered Flag Праверана 8 February 2021 г.
  • Karl Ludvigsen/Mario Andretti. Alberto Ascari: Ferrari’s First Double World Champion Haynes Manuals Inc.. 2000 978-1859606803.
  • Pierre Menard/Jacques Vassal. Alberto Ascari: The First Double World Champion Chronosports. 2004 978-2847070644.
  • Kevin Desmond. Man with Two Shadows: Story of Alberto Ascari Proteus Books, Ltd.. 1981 978-0906071090.
  • Most Fastest Laps in Series in One Season Formula 1 Review Архіўная копія ад 28 September 2007 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]