Перайсьці да зьместу

Вікіпэдыя:Беларускія традыцыйныя гістарычныя назвы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Вікіпэдыя:БТГН»)
Скарачэньні:
ВП:БТГН
ВП:ГН

У канцы XVIII—XX стагодзьдзях беларуская этнічная тэрыторыя цалкам або часткова апынулася ў складзе іншых дзяржаваў, улады якіх ня толькі не клапаціліся пра захаваньне мясцовых асаблівасьцяў, а наадварот — праводзілі мэтанакіраваную палітыку сьвядомага адрыву беларускага народу ад гістарычных традыцыяў, роднай культуры і мовы (гл. Русіфікацыя Беларусі). Адным з захадаў падобнай палітыкі было зьнішчэньне беларускай тапаніміі, якое выявілася ў афіцыйным зьмяненьні традыцыйных гістарычных назваў геаграфічных аб'ектаў (афіцыйнае перайменаваньне) або неафіцыйным перайначваньні іх на чужынскі капыл (неафіцыйнае перайменаваньне).

На падставе вуснай і пісьмовай традыцыі, запачаткаванай беларускім нацыянальна-вызвольным рухам, урадам Беларускай Народнай Рэспублікі, Беларускай эміграцыяй і працягнутай укладальнікамі і карыстальнікамі сучаснай нармалізацыі беларускага клясычнага правапісу, з мэтай зрабіць найменьне артыкулаў пра геаграфічныя аб’екты, разьмешчаныя на беларускай этнічнай тэрыторыі (шырэй — тэрыторыі колішняга Вялікага Княства Літоўскага), больш лягічным і пасьлядоўным, супольнасьць Беларускай Вікіпэдыі прыняла правіла, якое апісвае парадак выбару традыцыйных гістарычных назваў у якасьці асноўных назваў адпаведных артыкулаў. Правіла зьмяшчае дадатак — «Сьпіс пацьверджаных перайменаваньняў», які абнаўляецца і дапаўняецца з улікам выяўленьня новых зьвестак.

Да традыцыйных гістарычных назваў належаць першыя дакумэнтальныя назвы геаграфічных аб’ектаў (або назвы, утвораныя па-за палітыкай русіфікацыі, палянізацыі або летувізацыі, у тым ліку ў выніку перайменаваньняў) або формы, атрыманыя ў выніку натуральнай трансфармацыі гэтых назваў згодна з жывой беларускай тапанімічнай практыкай. Адпаведныя назвы працяглы час ужываюцца мясцовымі жыхарамі (або ўжываліся да русіфікацыі) і таму могуць лічыцца часткай моўнай традыцыі.

Пры адсутнасьці пералічаных ніжэй выпадкаў назва артыкула пра геаграфічны аб’ект выбіраецца ў адпаведнасьці з сучаснымі афіцыйнымі даведнікамі (энцыкляпэдыямі) з улікам артаграфічных нормаў клясычнага правапісу.

«Афіцыйнае» перайменаваньне

[рэдагаваць крыніцу]

Частку геаграфічных аб’ектаў (звычайна вялікіх) на беларускай этнічнай тэрыторыі афіцыйна перайменавалі за часамі панаваньня Расейскай імпэрыі і СССР. Падобныя перайменаваньні ажыцьцяўляліся на падставе афіцыйных дакумэнтаў — указаў, пастановаў і інш.

У гэтым выпадку, каб абраць у якасьці асноўнай назвы артыкула беларускую традыцыйную гістарычную назву дастаткова прывесьці спасылку на адпаведны афіцыйны дакумэнт (першасную крыніцу) або на другасную крыніцу, вартую даверу, у якой будзе пацьвярджацца факт перайменаваньня.

Прыклады першасных і другасных крыніцаў, вартых даверу: указы Прэзыдыюму Вярхоўнага савету Беларускай ССР, «Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Беларусі» (1985), «Административно-территориальное устройство БССР» (1985, 1987), «Беларуская энцыкляпэдыя», «Вялікі гістарычны атляс Беларусі», «Гарады і вёскі Беларусі», «Краткий топонимический словарь Белоруссии» (1974), шматтомнае сэрыйнае энцыкляпэдычнае выданьне «Памяць», «Слоўнік назваў населеных пунктаў», «Слоўнік перайменаваных паселішчаў Беларусі» (2013), «Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі» і інш.

Асобны вынятак — новыя аб’екты, упершыню названыя ўладамі Расейскай імпэрыі, міжваеннай Польскай Рэспублікі і СССР. У гэтым выпадку асноўная назва артыкула (калі яна не адпавядае сучасным беларускім афіцыйным даведнікам) абіраецца толькі ў выніку дасягненьня кансэнсусу на старонцы абмеркаваньня.

«Неафіцыйнае» перайменаваньне

[рэдагаваць крыніцу]

У часы панаваньня Расейскай імпэрыі і СССР назвы геаграфічных аб’ектаў (звычайна невялікіх) на беларускай этнічнай тэрыторыі перайначваліся на расейскі капыл. Пры гэтым фактычнае перайменаваньне належным чынам не афармлялася: прадстаўнікі чужынскай улады на месцах пачыналі пісаць назвы так, як яны лічылі «правільна». Трэба адзначыць, што да гэтай часткі адносяцца і тыя выпадкі, калі афіцыйнае перайменаваньня хутчэй за ўсё было, але пакуль не знайшліся крыніцы, якія гэтае пацьвярджаюць.

У гэтым выпадку, каб абраць у якасьці асноўнай назвы артыкула беларускую традыцыйную гістарычную назву, трэба ў абмеркаваньні артыкула прывесьці другасныя крыніцы, вартыя даверу, дзе б сьцьвярджалася слушнасьць той або іншай назвы. Пры адсутнасьці другасных крыніцаў можна прывесьці першасныя крыніцы, у якіх будзе пацьвярджацца, што такая назва сапраўды пасьлядоўна ўжывалася ў мінулым. Таксама пажадана пацьвердзіць, што прысутная ў першасных крыніцах назва сапраўды выкарыстоўваецца ў дачыненьні да адпаведнага геаграфічнага аб’екта ў беларускіх энцыкляпэдычных, навуковых або краязнаўчых крыніцах, вартых даверу.

Прыклады першасных крыніцаў: для перайменаваньняў савецкага часу — Ваенна-тапаграфічная мапа Расейскай імпэрыі («мапа Шубэрту»), Спэцыяльная мапа Эўрапейскай Расеі («мапа Стральбіцкага»), «Геаграфічна-статыстычны слоўнік Расейскай імпэрыі», сьпісы населеных месцаў па Віленскай, Віцебскай, Гарадзенскай, Ковенскай, Магілёўскай, Менскай (1857 і 1909), Смаленскай і Сувальскай губэрняў, кніга «Список населенных мест Б.С.С.Р. (б. Минской губернии)» (1924), дакумэнты расейскага часу і т.п.; для перайменаваньняў расейскага часу — мапы і дакумэнты Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай.