Вікіпэдыя:Правілы і рэкамэндацыі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перш чым падаць інфармацыю пра правілы і рэкамэндацыі, варта заўважыць, што мэта Беларускай Вікіпэдыі — стварэньне паўнавартаснай, дакладнай энцыкляпэдыі беларускай мовай і нічога болей. Каб зрабіць гэты працэс больш узгодненым і зразумелым для кожнага, распрацаваны шэраг правілаў і рэкамэндацыяў, якіх варта прытрымлівацца ўсім удзельнікам. Асноўная інфармацыя пра гэтыя правілы і прыводзіцца ў гэтым артыкуле. Увесь сьпіс правілаў і рэкамэндацыяў можна знайсьці ў катэгорыі Вікіпэдыя:Правілы і рэкамэндацыі.

Правілы і рэкамэндацыі выражаюць стандарты, паводле якіх быў дасягнуты кансэнсус сярод удзельнікаў, кожны з сваёй ступеньню важнасьці: правілы — абавязковыя для выкананьня ўсімі ўдзельнікамі, рэкамэндацыі ж носяць больш характар парадаў. Відавочна, што ніводны звод правілаў ня здольны ахапіць абсалютна ўвесь спэктар пытаньняў і аспэктаў, таму імі трэба карыстацца зыходзячы з агульнага сэнсу. І, калі ўдзельнік парушае дух гэтых правілаў, няхай тэхнічна не парушыўшы ніводнага зь іх, ён заслугоўвае вымовы. Тыя ж удзельнікі, якія праяўляюць добрыя намеры, ветлівасьць і шукаюць дасягненьня кансэнсусу, заслугоўваюць гасьціннага асяродзьдзя.

Кожны ўдзельнік, у тым ліку і Вы, зьяўляецца назіральнікам і рэдактарам Вікіпэдыі. Вікіпэдыя ня мае ані галоўнага рэдактара, ані мэханізму цэнзуры, калі артыкул праходзіць зацьверджаньне перад выданьнем. Актыўныя ўдзельнікі выпраўляюць фармат і зьмест, калі гэта патрэбна, зыходзячы з агульнага сэнсу або з наяўных правілаў.

Некаторымі паўнамоцтвамі, такімі як выдаленьне артыкулаў або блякаваньне артыкулаў ад рэдагаваньня, надзеленыя толькі адміністратары, якія маюць пэўны ўзровень досьведу і надзейнасьці. Таксама толькі адміністратары могуць заблякаваць удзельнікаў, заўважаных за вандалізмам.