Вікіпэдыя:Вандалізм

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Скарачэньне:
ВП:ВАНД

Вандалізм у Вікіпэдыі — відавочна шкодніцкае даданьне, выдаленьне або зьмена зьмесьціва, зьдзейсьненае наўмысна ў мэтах скампрамэтаваць верагоднасьць і аўтарытэтнасьць энцыкляпэдыі. Галоўным чынам вандалізм выяўляецца ў даданьні на старонкі Вікіпэдыі лаянкі або бессэнсоўнага набору сымбаляў, у падмене выкладзеных у артыкуле фактаў. Даданьне няслушных зьменаў з прычыны шчырай памылкі вандалізмам не зьяўляецца.

Вандалізм, нягледзячы на пашыранае меркаваньне, напраўду ня ёсьць вялікай праблемай для Вікіпэдыі, бо ўсе зьмены артыкулаў захоўваюцца ў адмысловай базе зьвестак, — такім чынам, зламысьнікі ня могуць зьнішчыць інфармацыю цалкам. Удзельніку, які заўважыў, што артыкул сапсавалі, рэкамэндуецца адкаціць пашкоджаную вэрсію, зрабіць гэта зусім не складана. Большасьць наступстваў вандалізму ў Вікіпэдыі нэўтралізуюцца ў лічаныя хвіліны.

Тыпы вандалізму[рэдагаваць крыніцу]

Вандалізм падзяляецца на тыпы паводле мэтаў, мэтадаў і складанасьці выяўленьня.

Паводле мэтаў[рэдагаваць крыніцу]

  1. Жартоўны вандалізм — даданьне жартоўных артыкулаў або жартоўныя зьмены існых артыкулаў.
  2. Вандалізм з мэтай прыцягнуць увагу — даданьне ў артыкулы абраз, стварэньне «артыкулаў-нападак».
  3. Спам-вандалізм — даданьне непрымальных вонкавых спасылак для (сама)рэклямы.
  4. Ідэалягічны вандалізм — «артыкулы-нападкі» і рэдагаваньні, якія зьніжаюць нэўтральнасьць
  5. Містыфікацыі — даданьне хлусьлівай інфармацыі з мэтай сапсаваць рэпутацыю Вікіпэдыі і/або паставіць у няёмкае становішча тых, хто карыстаецца ёй, а таксама з мэтай стварыць хлусьлівае абгрунтаваньне пункту гледжаньня пэўнага ўдзельніка.
  6. Вандалізм з помсты — спосаб адпомсьціць супольнасьці або якімсьці яе ўдзельнікам за штосьці.
  7. Рабінгудзкі вандалізм — «зло дзеля дабра», парушэньне правілаў дзеля дэманстрацыі іх нібы абсурднасьці, выдаленьне фрагмэнтаў артыкулаў, якія зьмяшчаюць ненарматыўную лексыку, натуралістычныя апісаньні і інш., падрабязьней гл. Вікіпэдыя:Не даводзьце да абсурду.

Паводле мэтадаў[рэдагаваць крыніцу]

  1. Дзіцячы вандалізм — неаднаразовае даданьне графіці або ачыстка старонак. Здараецца з мэтай праверыць магчымасьці Вікіпэдыі або як спроба выдаліць артыкул зь зьмесьцівам, які выклікае пратэст.
  2. Цяжкавыяўляльны вандалізм (часта званы таксама падступным вандалізмам) — даданьне невялікай колькасьці заведама хлусьлівай інфармацыі, або незаўважная псаваньне існай (падмена спасылак, датаў, лікаў, асобных знакаў; псаваньне разьметкі, і г. д.).
  3. Нябачны вандалізм — занясеньне абразьлівых дадаткаў або заведама хлусьлівым зьвестак у выточны код старонак, не выяўляльнае пры праглядзе і навігацыі на ўэб-старонцы.
  4. Вандалізм пераназваньнямі — зьмена назваў старонак на абразьлівыя, бессэнсоўныя або відавочна не адпаведныя зьмесьціву артыкула.
  5. Вандалізм перанакіраваньнямі — усталёўка перанакіраваньняў на абразьлівыя артыкулы або малюнкі, a таксама стварэньне перанакіраваньняў з дурнымі або лаянкавымі назвамі.
  6. Вандалізм у загрузцы выяваў — загрузка абуральных і правакацыйных выяваў.
  7. Copyvio-вандалізм — зацятае даданьне з шкодніцкімі мэтамі тэкстаў, абароненых аўтарскім правам, без дазволу аўтара.
  8. Вандалізм з дапамогай бота — зьмена мноства (сотняў, тысячаў) старонак з дапамогай адмысловай праграмы-бота (адкат такога вандалізму звычайна таксама робіцца аўтаматычна).
  9. Вандалізм адкатамі — скасаваньне карысных рэдагаваньня або адкатаў вандалізму.
  10. Вандалізм шаблёнаў і юзэрбоксаў. Небясьпечны тым, што адначасна вандалізуюцца ўсе старонкі, дзе выкарыстоўваюцца адпаведныя шаблёны.
  11. Вандалізм з дапамогай машыннага перакладу — сыстэматычнае даданьне атрыманых з дапамогай аўтаматычнага перакладніка тэкстаў, якія зьмяшчаюць сэнсавыя перакручваньні арыгінала, пры ігнараваньні папярэджаньняў.

«Вандалізавацца» могуць як артыкулы, так і старонкі ўдзельнікаў, шаблёны, службовыя старонкі.

Паводле складанасьці выяўленьня[рэдагаваць крыніцу]

  1. Простае хуліганства. Яго можа лёгка ўбачыць і выявіць кожны чалавек. Звычайна такі вандалізм лёгка выдаляецца кожным удзельнікам. Прыклады: выдаленьне ўсяго артыкула, замена тэксту на якую-небудзь лаянку, даданьне бессэнсоўнага набору знакаў.
  2. Ціхі вандалізм. Яго нельга заўважыць у тэксьце артыкула, але добра відаць пры праглядзе рэдагаваньня. Прыклады: замена тэксту на іншы з супрацьлеглым сэнсам пры той жа крыніцы, істотная зьмена лічбавых зьвестак без замены крыніцы (калі гэта ня зьменная інфармацыя).
  3. Складаная фальсыфікацыя. Прыклады: фальсыфікацыя зьмесьціва ці прывядзеньне да ня вельмі радыкальнай, але тым ня менш няслушнай тэзы якойсьці маладаступнай папяровай крыніцы. Патрабуе для выяўленьня знаёмства з тэмай і стараннага вычытваньня крыніцаў.

Дзеяньні, якія не зьяўляюцца вандалізмам[рэдагаваць крыніцу]

Некаторыя дзеяньні маюць падабенства з вандалізмам, але ім не зьяўляюцца. А менавіта:

  1. Тэст пачаткоўца. Часам пачаткоўцы, калі бачаць кнопку «рэдагаваць», то жадаюць паглядзець, ці сапраўды ў іх атрымаецца штосьці адрэдагаваць. Яны націскаюць кнопку і штосьці пішуць у тэксьце. Гэта не вандалізм! Наадварот, іх трэба шчыра вітаць і даць спасылку на Пясочніцу. Для гэтага можна выкарыстаць спэцыяльны шаблён {{тэст}}.
  2. Пашыраны тэст пачаткоўца. Часам пачаткоўцы жадаюць паглядзець, ці атрымаецца ў іх зрабіць артыкул дурным або зусім нечытэльным. Ім проста цікава, што можна рабіць у вікі. Калі прыбраць іх зьмены, яны перастануць так рабіць; калі даслаць ім паведамленьне, яны засаромяцца. Але калі пачатковец працягвае сваё «тэставаньне» і па гэтым, тут ужо пачынаецца вандалізм.
  3. Вывучэньне магчымасьцяў вікі. Пэўныя ўдзельнікі не адразу прывыкаюць да вікі-разьметцы. Ім патрабуецца час, каб паэкспэрымэнтаваць з вонкавымі і ўнутранымі спасылкамі, табліцамі і да т. п. Замест таго, каб асуджаць такога пачаткоўца як вандала, растлумачыце незразумелыя яму ці ёй асаблівасьці вікі-разьметкі і/або дайце спасылкі на адпаведныя даведкавыя старонкі (асабліва на старонку Вікіпэдыя:Як рэдагаваць артыкул).
  4. Парушэньні нэўтральнасьці. Пісаць артыкулы з нэўтральнага пункта гледжаньня нялёгка, і нават дасьведчаныя ўдзельнікі часам пішуць рэчы, неідэальныя ў гэтым пляне. Кожнага або амаль кожнага чалавека яго перакананьні ў большай або меншай ступені асьляпляюць. Хоць такая ўласьцівасьць чалавечай натуры вартая жалю, гэта не вандалізм.
  5. Сьмелыя рэдагаваньні. Палітыка Вікіпэдыі: «Вікіпэдыя:Будзьце рашучымі». Некаторыя вікіпэдысты робяць вялікія рэдагаваньні ў артыкулах з мэтай іх палепшыць. І хоць вам, можа быць, непрыемна бачыць, што вялікія порцыі напісанага вамі тэксту прыбралі ао сур’ёзна адрэдагавалі, — гэта не вандалізм. Мудрыя вікіпэдысты ўраўнаважваюць сьмеласьць любоўю.
  6. Даданьне арыгінальных дасьледаваньняўзабараняецца правіламі, але вандалізмам не зьяўляецца.
  7. Памылкі. Памылкі не зьяўляюцца вандалізмам паводле вызначэньня. Калі вы лічыце, што артыкул утрымоўвае няслушную інфармацыю, праверце, ці так гэта і/або абмяркуйце факты з аўтарамі. Калі ж аўтары не зважаюць на вашыя тлумачэньні і хібныя рэдагаваньні працягваюцца, то трэба паспрабаваць высьвятліць, чаму яны ўносяць гэтыя рэдагаваньні.
  8. Цкаваньне або асабістыя абразы забараняюцца ў Вікіпэдыі, але звычайна не зьяўляюцца вандалізмам.
  9. Нечаканыя зьмены. Незвычайны стыль рэдагаваньняў ня робіць удзельніка вандалам. Калі хтосьці робіць добрае рэдагаваньне, але піша ў кароткім апісаньні «Прывітаньне, гэта Яська!» — гэта не вандал. Гэта пачатковец. Прыязна растлумачыце яму, як трэба пазначаць кароткае апісаньне. Не блякуйце яго і не выдаляйце ягоных зьменаў.