Перайсьці да зьместу

Вікіпэдыя:Не чапляйцеся да пачаткоўцаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Скарачэньні:
ВП:НЧП
ВП:НЧДП

Вікіпэдыя разьвіваецца ня толькі дзякуючы карпатлівай працы найбольш актыўных удзельнікаў праекту, але і дзякуючы ўнёску мноства зацікаўленых ёю — пачаткоўцаў, якія часта застаюцца ананімнымі. Кожны з нас калісьці быў «пачаткоўцам», у тым ліку і тыя, хто выявіўся досыць асьцярожным і здолеў удала пазьбегнуць тыповых памылак. Многія з нас нават па некалькіх месяцах, а то і гадоў працы ўсё яшчэ лічаць сябе пачаткоўцамі.

Новае папаўненьне аўтараў — гэта, у пэрспэктыве, будучыя сябры супольнасьці, і яны — наш найкаштоўнейшы здабытак. Мы маем ставіцца да новых удзельнікаў па-добраму, і цярпліва, бо нішто не адпуджвае патэнцыйна каштоўных удзельнікаў так, як варожасьць або элітызм. Шматлікія пачаткоўцы хутка асвойваюцца ў Вікіпэдыі і пачынаюць упэўнена працаваць, але некаторым не хапае ведаў пра Вікіпэдыю або ўменьня.

Калі ласка, не чапляйцеся да новых удзельнікаў!

[рэдагаваць крыніцу]
  • Зразумейце: пачаткоўцы ня проста патрабуюцца супольнасьці — яны прыносяць карысьць. Дапамагаючы пачаткоўцам у працы, мы спрыяем пашырэньню нашых ведаў, думак і перакананьняў, тым самым павялічваем каштоўнасьць Вікіпэдыі, забясьпечваючы яе нэўтральнасьць, бесстароннасьць і цэласнасьць як рэсурсу ведаў.
  • Помніце: наш дэвіз, наш заклік да пачаткоўцаў — Будзьце рашучымі! Так, у нас ёсьць збор правілаў, сталыя стандарты і традыцыі, але пры іх ўжываньні ні ў якім разе ня варта дэманстраваць нэгатывісцкі падыход. Трэба сачыць за тым, каб яны не перашкаджалі дзеяньням такіх пачаткоўцаў, якія маглі б ўспрыняць заклік да сьмеласьці занадта літаральна. Бо цалкам магчыма, што зноў прыбылае папаўненьне прынясе з сабой багаты досьвед, набыты дзякуючы ўдзелу ў іншых праектах, і новыя гаючыя ідэі і творчую энэргію, якія дапамогуць разьвіць і палепшыць нашу супольнасьць і вынікі яе працы, нават калі іх дзейнасьць не зусім адпавядае дзейным правілах і нормам. Можа здарыцца, што гэта нашыя правілы і стандарты патрабуюць перагляду або дапаўненьня, тады як сёе-тое з таго, што пачаткоўцы, як можа здацца на першы погляд, робяць няслушна, напраўду палепшыць і ўдасканаліць Вікіпэдыю. Перш чым рабіць высновы пра тое, што новы ўдзельнік робіць штосьці ня так або насуперак «норме», прасачыце за такім пачаткоўцам пэўны час, калі трэба, пагутарыце зь ім і паспрабуйце зразумець яго намеры.
  • Калі вы сапраўды выявілі або шчыра пэўныя, што пачатковец памыліўся, напрыклад, — забыўся вылучыць назоў тлустым шрыфтам або паставіць карысныя спасылкі, — выпраўце памылку самі. Не крытыкуйце пачаткоўца незаслужана рэзка — помніце: у Вікіпэдыі рэдагаваць артыкулы можа кожны, у самым літаральным сэнсе гэтых словаў і таму асноўная праца кожнага — рэдагаваць, а не крытыкаваць або наглядаць за іншымі.
  • Калі вы адчуваеце, што абавязкова мусіце выказацца з нагоды дапушчанай пачаткоўцам памылкі, рабіце гэта так, каб дапамагчы. Перш за ўсё павітайце новага ўдзельніка на яго старонцы абмеркаваньня, назавіцеся, дайце зразумець, што пачаткоўца тут чакаюць. А потым ужо выкладайце вашыя папраўкі спакойна і па-сяброўску, і паспрабуйце, калі магчыма, таксама паказаць і на тое, што пачатковец зрабіў добра, і вам спадабалася. Калі вы нічога гэтага ня можаце зрабіць, то лепш зусім нічога не казаць.
  • Пэўныя пачаткоўцы, наадварот, нерашучыя пры рэдагаваньні, асабліва калі гаворка ідзе пра такія значныя крокі, як наданьне артыкулу нэўтральнага выгляду (НПГ) або перайменаваньне старонак: альбо праз боязь пашкодзіць штосьці ў Вікіпэдыі, ці думаючы, што яны могуць абразіць кагосьці з удзельнікаў Вікіпэдыі, ці праз боязь трапіць пад крытыку. Паспрабуйце растлумачыць такім пачаткоўцам прынцып Вікіпэдыі «будзьце рашучымі!» І не пераймайцеся празь іх, магчыма, няслушную нясьмеласьць.
  • Калі вы бярэцеся даваць пачаткоўцам парады, паспрабуйце стрымаць свой павучальны запал і трымацца спакойнага тону, а лепей калі яшчэ й на некалькі паўтонаў ніжэй, чым звычайны, такія, што пераважае ў Вікіпэдыі стрыманы і расслаблены стыль дыскусіяў. Новыя ўдзельнікі маюць адчуваць непадробленасьць зычлівага прывітаньня, а ні ў якім разе ня спробу нават намёку на тое, што ім можа спатрэбіцца чыйсьці літасьцівы дазвол, каб уступіць у нейкі клюб для абраных. У кожнай галіне паглыбленай і спэцыялізаванай чалавечай дзейнасьці ёсьць свае строгасьці і свае правілы, на вывучэньне якіх трэба выдаткаваць час, але затое ад пэрыядычнага перагляду і пераацэнкі гэтых правілаў і абмежаваньняў яны могуць стаць лепшымі.
  • Часам удзельнікі забываюць падпісацца на старонках абмеркаваньняў з дапамогай чатырох «тыльдаў». Напамін пра неабходнасьць падпісвацца ў абмеркаваньнях можна зрабіць прасьцей і ў менш дакучлівай форме, калі выкарыстоўваць адмысловыя шаблёны. Гэта, паверце, значна больш эфэктыўна, чым штабнаваць нагадваньні, мармычучы сабе пад нос лаянкі.
  • Кіруйцеся здагадкай пра добрыя намеры з боку новых удзельнікаў. Хутчэй за ўсё, яны хочуць дапамагчы, дык дайце ім гэтую магчымасьць!
  • Помніце афарызм брытва Гэнлана («Ніколі не прыпісвайце шкодніцкім намерам тое, што цалкам можна растлумачыць нястачай ведаў»). Паводзіны, якія могуць падацца дасьведчаным удзельнікам Вікіпэдыі шкодніцкімі, хутчэй за ўсё, тлумачацца няведаньнем правілаў і таго, што чакаецца ад удзельнікаў Вікіпэдыі. Нават калі вы на 100 % пэўныя, што хтосьці — абсалютна дарэмная, нікому не патрэбная прыблуда, інтэрнэт-троль, вандал, а тое і яшчэ горш, — паводзьце сябе, нібы гэта ня так. Калі вы захоўваеце спакой, выяўляеце ўвагу і вядзеце сябе паважліва, вы тым самым ўмацоўваеце сваю ўласнаю годнасьць, і ўжо гэта ідзе на карысьць праекту.
  • Помніце, што і вы калісьці былі пачаткоўцам. Стаўцеся да іншых так, як бы вы хацелі, каб ставіліся да вас, калі вы толькі прыйшлі ў Вікіпэдыю і былі новым удзельнікам (і калі магчыма, яшчэ лепей, чым так).

Глядзіце таксама

[рэдагаваць крыніцу]