Вікіпэдыя:Кіруйцеся сумленнасьцю ўдзельнікаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Скарачэньне:
ВП:КСУ

Кіруйцеся здагадкай пра сумленнасьць удзельнікаў — гэта фундамэнтальны прынцып кожнага вікі-праекту, у тым ліку і Вікіпэдыі. Калі кожнаму дазваляецца ўносіць выпраўленьні, то варта меркаваць, што большасьць удзельнікаў імкнуцца дапамагчы праекту, а не нашкодзіць яму. Сапраўды, калі б гэта не адпавядала праўдзе, то праект, падобны да Вікіпэдыі, ня здолеў б існаваць — ён проста быў б вырачаны ад моманту стварэньня.

Таму калі ў вас ёсьць слушныя падставы лічыць, што нейкае рэгаваньне зьяўляецца памылкай, зробленай з добрых намераў або безь відавочнага злога намеру, — проста выпраўце яго, але не сьпяшаецеся пазначаць рэдагаваньне як вандалізм або адкат. Калі вы ня можаце з кімсьці пагадзіцца, помніце, што ваш апанэнт, магчыма, шчыра верыць, што дзейнічае на карысьць праекту. Зьвярніцеся да яго на старонцы абмеркаваньня, каб высьветліць гэта для сябе і даць таму чалавеку спрыяльную магчымасьць зрабіць тое ж самае. Часта адно гэта можа зьняць усе непаразуменьні і пазьбегнуць разьвіцьця бессэнсоўнага канфлікту. Асабліва не забывайце пра патрэбу цярплівага і зычлівага стаўленьня да пачаткоўцаў, якія яшчэ могуць быць недастаткова знаёмымі з правіламі і культурай Вікіпэдыі.

Цалкам магчыма, што самому пачаткоўцу свае паводзіны ўяўляюцца цалкам адэкватным, і звычайна ўся справа тут у неразуменьні або няслушнай інтэрпрэтацыі культуры Вікіпэдыі. Нярэдка пачаткоўцы бываюць перакананымі ў тым, што нязвыклыя ім правілы мусяць быць зьмененымі адпаведна зь іх ранейшым досьведам. Апроч таго, многія пачаткоўцы, якія маюць досьвед і глыбокія веды ў той або іншай сфэры, чакаюць за гэта неадкладнага прызнаньня і павагі. І іх паводзіны звычайна зьяўляюцца вынікам такіх чаканьняў і зусім неабавязкова тлумачыцца фанабэрыстасьцю або хвальбой.

Кіруючыся сумленнасьць удзельнікаў, варта выходзіць менавіта з намераў, а ня дзеяньняў. Людзі і з найлепшымі намерамі робяць памылкі, і калі гэта здараецца, то памылкі варта выпраўляць. Але вы ня мусіце дзейнічаць так, нібы гэтыя памылкі рабіліся з намерам нашкодзіць. Папраўце, але ня лайце. Вы сустрэнеце ў Вікіпэдыі людзей, зь якімі ня зможаце пагадзіцца. Але нават калі яны ня маюць рацыі, гэта ня значыць, што яны маюць намер зруйнаваць або зьняславіць праект. Таксама тут будуць і некаторыя людзі, зь якімі вам будзе цяжка супрацоўнічаць. Але і гэта не азначае, што яны спрабуюць нашкодзіць праекту — гэта азначае толькі тое, што вам нялёгка зь імі супрацоўнічаць. Няма патрэбы спрабаваць тлумачыць дзеяньні ўдзельніка несумленнасьцю, нават калі здаецца наяўным злы намер, таму што спосаб супраціву актыўных удзельнікаў і адміністратараў (выпраўленьні, адкаты, блякаваньні) будзе абірацца і застасоўвацца менавіта на падставе паводзінаў удзельніка, а не ягоных намераў.

Няма сумневу, што паміж прэзумпцыяй сумленнасьці і ігнараваньнем шкоднасных дзеяньняў існуюць адрозьненьні. Калі вы чакаеце, што іншыя людзі будуць меркаваць, што вы дзейнічаеце выходзячы з добрых намераў, паклапаціцеся пра тое, каб гэтыя намеры прадэманстраваць. Не прымушайце іншых заўсёды толькі меркаваць пра вашыя добрыя намеры. Патрабаваньні: «Мяркуйце пра (мае) добрыя намеры!» — не вызваляюць вас ад патрэбы тлумачыць свае дзеяньні, а частае грэбаваньне гэтай патрэбай толькі пераканае іншых у тым, што вы дзейнічаеце несумленна або проста не адказваеце за свае дзеяньні.

Калі разгараецца вайна рэдагаваньняў, лёгка забыцца пра прынцып здагадкі добрых намераў. Гэта можа прывесьці да непажаданых наступстваў:

  • Асабістыя нападкі. Як толькі, мяркуючы пра несумленнасьць, вы дапусьціце пераход на асобы, аб’ект вашых нападкаў можа выказаць здагадку, што з вашага боку ёсьць благія намеры. Вайна рэдагаваньняў ад гэтага стане толькі больш бязьлітаснай. Людзі, як і сланы, рэдка забываюць дрэннае.
  • Адыход ад прынцыпу нэўтральнага пункту гледжаньня. У ідэале, артыкулы маюць задавальняць усіх. Кожны адкат, заміж рэдагаваньня і ўраўнаважваньня аднабаковага падыходу, парушае прынцып нэўтральнага пункту гледжаньня па-за залежнасьцю ад таго, наколькі адыёзным быў тэкст, які мае патрэбу ў збалянсаваньні і карэкцыі прадузятасьцяў. Паспрабуйце высьвятліць, чаму іншы ўдзельнік унёс у артыкул сваю прадузятасьць, чаму іншы ўдзельнік лічыць, што артыкул быў неаб’ектыўным. Далей, калі гэта магчыма, паспрабуйце зьяднаць вашыя пункты гледжаньня з улучэньнем у тэкст іншай пазыцыі, але ў выразах, якія вы лічыце нэўтральнымі. Калі кожны бок будзе пільнавацца такога прынцыпу, то ўрэшце вы прыйдзеце да досыць нэўтральнага пункту гледжаньня або хоць бы сустрэнецеся недзе каля яго.

Замест таго каб вінаваціць рэдактара, заўсёды лепш спакойна выправіць чыюсьці памылку, нават калі вы думаеце, што ягоныя дзеяньні былі несумленнымі. Бо чалавек ахвотней пагодзіцца з вашымі заўвагамі, калі вы зробіце іх ў таварыскай форме. Калі ж вы маеце перакананьне, што дададзены тэкст няслушны, то нашмат лепей будзе яго выправіць, чым проста выдаліць.

Калі вашыя рэдагаваньні лічацца хлусьнёй або арыгінальным дасьледаваньнем — паспрабуйце не вінаваціць іншых удзельнікаў у нецярпімасьці і не настойвайце на сваёй праўдзе галаслоўна, а прывядзіце спасылкі на крыніцы, зь якіх вы ўзялі зьвесткі, што трапілі пад сумнеў.

Гэтыя рэкамэндацыі не патрабуюць, каб удзельнікі працягвалі меркаваць пра сумленнасьць у выпадку выяўленьне адваротнага. вандалізм, нападкі на асобу, агрэсія і абразы, а таксама войны рэдагаваньняў могуць прывесьці да страты добрых намераў. У той жа час, помніце, што людзі навучаюцца на сваіх памылках, і ня варта прыпамінаць удзельніку яго, магчыма, непрыстойныя паводзіны ўва ўжо разьвязаных канфліктах.