Вікіпэдыя:Крыніцы, вартыя даверу

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Скарачэньне:
ВП:КВД

Артыкулы ў Вікіпэдыі мусяць грунтавацца на вартых даверу, апублікаваных крыніцах, каб забясьпечваць паданьне ўсіх больш-менш пашыраных поглядаў, якія прысутнічаюць у такіх крыніцах (глядзіце Вікіпэдыя:Нэўтральны пункт гледжаньня). Слова «крыніца» мае ў Вікіпэдыі тры значэньні: уласна частку твору (артыкула, дасьледаваньня, дакумэнту, кнігі), аўтара твору (напрыклад, пісьменьніка) і яго выдаўца (напрыклад, «Наша Ніва» або выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі»). Усе яны могуць уплываць на надзейнасьць. З гэтай прычыны вартымі даверу крыніцамі могуць быць як апублікаваныя матэрыялы з вартым даверу працэсам апублікаваньня, так і аўтары, якія лічацца экспэртамі ў адпаведнай тэме, або і першае, і другое.

Надзейнасьць крыніцы і падставы даверу да яе залежаць ад кантэксту. Увогуле, чым болей людзей заангажаваныя ў праверку зьвестак, аналіз юрыдычных пытаньняў і вычытку зьместу, тым больш надзейнай становіцца публікацыя. Крыніцы мусяць проста перадаваць інфармацыю так, як яна падаецца ў артыкуле, і фармуляваць адпаведныя сьцьверджаньні. Калі на нейкую тэму няма крыніцаў, вартых даверу, то ў Вікіпэдыі ня мусіць быць артыкула на гэтую тэму.

Гэтая рэкамэндацыя разглядае надзейнасьць розных крыніцаў інфармацыі. Палітыка цытаваньня (глядзіце Вікіпэдыя:Магчымасьць праверкі) патрабуе паданьне спасылак на крыніцы ў тэксьце да ўсякага матэрыялу, які можа быць аспрэчаны або ўжо выклікае сумнеў, і да ўсіх цытатаў. Палітыка строга ўжываецца ў дачыненьні да ўсіх артыкулаў з асноўнай прасторы Вікіпэдыі, сьпісаў і сэкцыяў артыкулаў без выняткаў, і ў прыватнасьці, да біяграфіяў жывых людзей.

У выпадку неадпаведнасьці гэтай рэкамэндацыі правілам Вікіпэдыі перавагу маюць правілы, і гэтую рэкамэндацыю трэба прывесьці ў адпаведнасьць зь імі.

Іншыя правілы і рэкамэндацыі, якія маюць дачыненьне да крыніцаў інфармацыі: Вікіпэдыя:Недапушчальнасьць арыгінальных дасьледаваньняў і Вікіпэдыя:Біяграфіі жывых людзей.

Артыкулы Вікіпэдыі мусяць грунтавацца на надзейных, бесстароньніх, апублікаваных крыніцах з магчымасьцю хуткай праверкі і добрай рэпутацыяй. Гэта азначае, што мы зьмяшчаем меркаваньні толькі вартых даверу аўтараў, а ня погляды ўдзельнікаў Вікіпэдыі, якія прачыталі матэрыял і інтэпрэтавалі яго па-свойму. Пададзеныя ніжэй прыклады апісваюць толькі пэўныя з магчымых крыніцаў, вартых даверу, і не азначаюць адсутнасьці іншых варыянтаў. Слушнае выкарыстаньне крыніцаў заўжды мае кантэкст; здаровы сэнс і абмеркаваньні ёсьць неабходнымі часткамі працэсу.

Тэрмін «апублікаваны» ў агульным выпадку азначае тэкставыя дакумэнты ў традыцыйным друкаваным выглядзе альбо разьмешчаныя ў інтэрнэце. Аднак аўдыё-, відэа- і іншыя мультымэдыйныя матэрыялы, якія трансьляваліся, пашыраліся або захоўваюцца ў вартых даверу месцах (сэрвэрах, бібліятэках, архівах), таксама адпавядаюць крытэрам крыніцаў, вартых даверу. Як і ў выпадку тэкставых крыніцаў, аўтарамі мэдыяфайлаў маюць быць экспэрты ў адпаведнай тэме. Пры выкарыстаньні такіх файлаў іх таксама варта належным чынам цытаваць. Апроч таго, мусіць існаваць архіўная копія мультымэдыйнага матэрыялу. Пажадана (але не абавязкова), каб архіваваная копія разьмяшчалася ў інтэрнэце.

Тыпы крыніцаў[рэдагаваць крыніцу]

Шматлікія артыкулы Вікіпэдыі грунтуюцца на навуковых матэрыялах. Такія крыніцы — акадэмічныя і рэцэнзаваныя публікацыі, манаграфіі, падручнікі — звычайна найбольш надзейныя. Аднак пэўныя матэрыялы могуць састарэць у параўнаньні з альтэрнатыўнымі тэорыямі або мець супярэчнасьці ў адпаведнай галіне. Старайцеся, калі магчыма, кіравацца агульнапрынятым навуковым кансэнсусам, які, аднак, можа быць і не дасягнуты. У артыкулаў на навуковую тэматыку могуць выкарыстоўвацца і неакадэмічныя крыніцы, асабліва матэрыялы з высокаякасных папулярных публікацыяў. Выбар прымальных крыніцаў залежыць ад кантэксту. Калі існуюць разыходжаньні, варта зьмяшчаць спасылкі на крыніцы кожнага меркаваньня.

Навуковыя працы[рэдагаваць крыніцу]

  • Калі магчыма, артыкулы маюць спасылацца на другасныя крыніцы. Напрыклад, навуковы агляд, манаграфію або падручнік выкарыстаць лепей, чым першасны навуковы артыкул. Спасылаючыся на першасныя крыніцы, варта праяўляць надзвычайную асьцярожнасьць: ніколі не старайцеся інтэрпрэтаваць зьмест самі. Глядзіце Вікіпэдыя:Недапушчальнасьць арыгінальных дасьледаваньняў.
  • Навуковы матэрыял, артыкул, прыняты навуковай суполкай, лічыцца вартым даверу. Калі матэрыял апублікавалі ў атэставаных экспэртамі крыніцах або ў прафэсійнай акадэмічнай прэсе, хутчэй за ўсё яго ўжо папярэдне пряглядзеў прынамсі адзін навуковец-рэцэнзэнт.
  • Абароненыя кандыдацкія і доктарскія дысэртацыі, калі іх ужо апублікавалі, зьяўляюцца падмацаванымі крыніцамі навуковымі працамі, добрую ацэнку якім далі навуковыя супольнасьці; доступ да большасьці зь іх можна атрымаць паводле міжбібліятэчнага абанэмэнту. UMI(en) з 1940 году апублікавала 2 мільёны дысэртацыяў. Дысэртацыі, над якімі вядзецца праца, яшчэ не прайшлі рэцэнзію і ня лічацца апублікаванымі. Як правіла, гэтыя дысэртацыі не зьяўляюцца вартымі даверу крыніцамі.
  • Прыняцьце матэрыялу навуковай супольнасьцю можа пацьвярджацца тым, што вакол крыніцы вялася разгорнутая навуковая дыскусія. Праверыць яе наяўнасьць можна, напрыклад, з дапамогай цытаваньняў, якія адпаведная крыніца атрымала ў індэксе цытаваньняў навуковых артыкулаў.
  • Асобныя дасьледаваньні звычайна ўважаюцца за эскпэрымэнтальныя і могуць зьмяняцца ў сьвятле будучых акадэмічных штудыяў. Надзейнасьць адасобленага навуковага дасьледаваньня залежыць ад галіны. Дасьледаваньні, якія адносяцца да складаных і сур’ёзных галінаў, напрыклад мэдыцыны, менш аўтарытэтныя. Пазьбягайце непамернай вагі, цытуючы адно дасьледваньне ў такіх галінах. Мэта-аналізы, падручнікі і навуковыя часопісы больш пажаданыя, каб атрымаць больш надзейны пункт гледжаньня.
  • З асьцярогай варта ставіцца да часопісаў, створаных для таго, каб прасоўваць пэўны пункт гледжаньня. Заявы пра рэцэнзаваньне — не індыкатар, што гэтае выданьне зьяўляецца вартым даверу, або што нейкае рэцэнзаваньне сапраўды мела месца. Часопісы, якія не рэцэнзуюцца шырокай навуковай супольнасьцю, ня варта лічыць вартымі даверу крыніцамі. На іх можна спасылацца толькі дзеля таго, каб падаць погляды той групы асобаў, якіх прадстаўляе адпаведны часопіс[a].

Мас-мэдыя[рэдагаваць крыніцу]

Навінавыя выданьні зь вялікай аўдыторыяй у агульным выпадку можна лічыць крыніцамі, вартымі даверу. Зразумела, аднак, што нават інфармацыя ў самых паважаных выданьнях можа ўтрымліваць памылкі. Таму дапушчальнасьць разьмяшчэньня асаблівай навіны ў артыкуле Вікіпэдыі мае разглядацца ў кожным выпадку асобна. Карыстаючыся навінавымі крыніцамі, адрозьнівайце калёнкі меркаваньняў ад уласна навінаў.

  • Інфармацыю на навуковую тэматыку лепей браць з навуковых або высокаякасных ненавуковых крыніцаў. Навінавыя паведамленьні могуць быць прымальнымі ў залежнасьці ад інфармаванасьці ў галіне; і, як заўжды, улічвайце кантэкст.
  • Хоць пашырэньне чутак таксама лічыцца навінамі, усё ж Вікіпэдыя — гэта энцыкляпэдыя і павінна зьмяшчаць правераную вартымі даверу крыніцамі інфармацыю. Вікіпэдыя — ня месца для пашырэньня чутак і плётак.
  • Пэўныя выданьні карыстаюцца Вікіпэдыяй у напісаньні сваіх працаў. Таму ўдзельнікі Вікіпэдыі маюць асьцерагацца перакрыжаваных цытаваньняў[b].

Уласныя і сумнеўныя крыніцы[рэдагаваць крыніцу]

Сумнеўныя крыніцы[рэдагаваць крыніцу]

Сумнеўныя крыніцы — з кепскай рэпутацыяй што да праверкі фактаў, або без рэдактарскай вычыткі матэрыялаў. У склад такіх крыніцаў уваходзяць ўэб-сайты і публікацыі, якія выражаюць экстрэмісцкія погляды, прамацыйныя або цалкам заснаваныя на чутках і ўласных меркаваньнях. Сумнеўныя крыніцы найчасьцей нельга ўжываць для цытаваньня ў дачыненьні да староньніх тэмаў/установаў/асобаў. Таму выкарыстаньне падобных крыніцаў мусіць быць вельмі абмежаваным.

Уласныя крыніцы (надрукаваныя або зьмешчаныя ў сеціве)[рэдагаваць крыніцу]

Кожны, хто можа стварыць сайт або аплаціць выданьне ўласнай кнігі(en), зможа назваць сябе экспэртам у пэўнай галіне. З гэтае прычыны ўласна створаныя і апублікаваныя крыніцы: кнігі, інфармацыйныя бюлетэні, уласныя ўэб-сайты, блогі, уласныя старонкі ў сацыяльных сетках, запісы на інтэрнэт-форумах або твіты — скрайне непрымальныя.

Пад «блогамі» ў гэтым кантэксьце варта разумець уласныя і агульныя блогі. Пэўныя мас-мэдыя зьмяшчаюць калёнкі-блогі, якія могуць лічыцца надзейнымі крыніцамі, калі іхнымі аўтарамі зьяўляюцца прафэсійныя журналісты або адмыслоўцы ў галіне, пра якую яны пішуць, і блог зьяўляецца аб’ектам рэдактарскай праверкі. Допісы, пакінутыя чытачамі, ня ёсьць вартымі даверу крыніцамі.

У пэўных выпадках самастойна апублікаваныя матэрыялы могуць быць прымальнымі, калі іх аўтар зьяўляецца прызнаным экспэртам у адпаведнай галіне і яго працы раней публікаваліся ў вартых даверу староньніх крыніцах. Аднак такія самастойна апублікаваныя матэрыялы ня мусяць ужывацца пры напісаньні артыкулаў пра жывых асобаў, нават калі аўтар — вядомы дасьледнік або пісьменьнік.

Уласныя і падазроныя крыніцы як спасылкі на саміх сябе[рэдагаваць крыніцу]

Уласныя або падазроныя крыніцы могуць ужывацца як інфармацыя пра саміх сябе, асабліва ў артыкулах пра сябе, без патрабаваньня, каб яны былі апублікаванымі староньнімі крыніцамі, пры ўмове, што:

  1. матэрыял ня ёсьць непамерна своекарысьлівым;
  2. матэрыял не зьмяшчае закідаў да трэціх бакоў (іншых людзей, арганізацыяў і інш.);
  3. матэрыял не зьмяшчае зьвестак, якія беспасярэдне не датычацца суб’екта;
  4. няма абгрунтаваных сумневаў у іх верагоднасьці;
  5. артыкул не засноўваецца пераважна на такіх крыніцах.

Аўтарытэтнасьць у прыватных выпадках[рэдагаваць крыніцу]

Біяграфіі сучасьнікаў[рэдагаваць крыніцу]

Зьмяшчаючы біяграфічныя матэрыялы пра жывых людзей, рэдактары Вікіпэдыі мусяць быць асабліва ўважлівымі. Выдаляйце непацьверджаныя або недастаткова пацьверджаныя спрэчныя матэрыялы неадкладна, не захоўваючы іх на старонцы абмеркаваньня. Гэта тычыцца ўсякай інфармацыі пра жывых асобаў на кожнай старонцы ў кожнай прасторы назваў, ня толькі ў артыкулах.

Першасныя, другасныя і троесныя крыніцы[рэдагаваць крыніцу]

Артыкулы Вікіпэдыі мусяць грунтавацца на надзейных другасных крыніцах.

Троесныя крыніцы, такія як зборнікі, энцыкляпэдыі, падручнікі і іншыя абагульвальныя крыніцы, могуць выкарыстоўвацца для агляду або падсумаваньняў, але не замест другасных крыніцаў. Хоць артыкулы Вікіпэдыі зьяўляюцца троеснымі крыніцамі, яны не мусяць выкарыстоўвацца як надзейныя крыніцы для спасылак увогуле, бо ў Вікіпэдыі няма сыстэматычнага мэханізму для праверкі фактаў або дакладнасьці сьцьверджаньняў.

Першасныя крыніцы, зь іншага боку, часта даволі цяжка выкарыстаць адпаведна. Хоць у шматлікіх сытуацыях яны могуць быць прыдатнымі, варта ўжываць іх з асьцярогай, каб пазьбегнуць арыгінальных дасьледваньняў.

Мэдычныя досьледы[рэдагаваць крыніцу]

Ідэальнымі крыніцамі для біямэдычных сьцьверджаньняў ёсьць агульныя або сыстэматычныя агляды ў надзейных, староньніх, апублікаваных крыніцах, такіх як паважаныя мэдычныя часопісы, прызнаныя падручнікі, напісаныя экспэртамі ў гэтай галіне, або мэдычныя дапаможнікі ад нацыянальных або міжнародна вядомых экспэртаў.

Цытаваньні[рэдагаваць крыніцу]

Дакладнасьць цытаванага дакумэнту найбольш істотная; дакладнасьць цытаваньняў жывых людзей асаблівая неабходная. Цытаваньні мусяць суправаджацца спасылкамі на арыгінальныя крыніцы; пры ўжываньні другасных крыніцаў варта аддаваць перавагу тым, якія спасылаюцца на першакрыніцу. Другасныя крыніцы прыхільнікаў мусяць успрымацца з падазрэньнем, калі яны ўтрымліваюць недастаткова нэўтральных сьцьверджаньняў.

Вельмі істотна зьмясьціць арыгінальную крыніцу тэксту, як гэта падаецца ў артыкуле.

Навуковы кансэнсус[рэдагаваць крыніцу]

Сьцьверджаньне, што ўсе або большасьць навукоўцаў маюць пэўны пункт гледжаньня, патрабуе падмацаваньня вартымі даверу крыніцамі, якія пацьвярджаюць гэты кансэнсус. Зь іншага боку асобныя погляды маюць ідэнтыфікавацца ў крыніцах адпаведным чынам. Удзельнікі мусяць пазьбягаць арыгінальных дасьледаваньняў, асабліва спробаў скампанаваць розныя матэрыялы. Усякае сьцьверджаньне ў Вікіпэдыі, што на нейкую тэму існуе навуковы (акадэмічны) кансэнсус, мусіць пацьвярджацца крыніцамі, а не грунтавацца на думцы ўдзельнікаў.

Выкарыстаньне іншых крыніцаў[рэдагаваць крыніцу]

Калі аўтарытэтныя крыніцы часта цытуюць пэўную крыніцу, гэта таксама сьведчыць пра рэпутацыю апошняй, пазытыўную або нэгатыўную. Доказ яе надзейнасьці тым большы, чым болей пашыраныя і пасьлядоўныя спасылкі на яе ў іншых крыніцах. Напрыклад, шырока пашыранае цытаваньне без камэнтаваньня фактаў сьведчаць пра аўтарытэтнасьць і надзейнасьць крыніцы, а пашыраная крытыка — пра адваротнае.

Пры выкарыстаньні падобных крыніцаў варта не забывацца на іншыя правілы і рэкамэндацыі Вікіпэдыі, і старацца пазьбягаць прадстаўленьня асабліва спрэчных або нязначных пунктаў гледжаньня. Галоўнай задачай ёсьць прывядзеньне ўстойлівых поглядаў паводле крыніцаў.

Выказваньне поглядаў[рэдагаваць крыніцу]

Некаторыя крыніцы можна лічыць вартымі даверу за выказваньні іхнага аўтару, але не за выказваньні бяз аўтарства. Найпершым прыкладам ёсьць рэдактарскія калёнкі ў газэтах. Гэта надзейныя крыніцы, з улікам кантэксту, але выкарыстоўваючы іх, лепей у тэксьце дадаць спасылку на аўтара меркаваньня.

Важны вынятак у цытаваньні сьцьверджаньняў фактаў або меркаваньняў: Ніколі не карыстайцеся самавыдадзенымі кнігамі, зінамі, ўэб-сайтамі, ўэб-форумамі, блогамі і твітамі як крыніцай матэрыялу пра жывую асобу, калі гэта не напісана самім суб’ектам. «Самаапублікаваныя блогі» ў гэтым кантэксьце азначаюць уласныя і супольныя блогі; глядзіце Вікіпэдыя:Біяграфіі жывых людзей.

Глядзіце таксама[рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Напрыклад, Journal of Frontier Science ўжывае камэнтары ў блогу як рэцэнзіі
  2. ^ Здаралася, што матэрыялы, дададзеныя ў Вікіпэдыю вандаламі, зьяўляліся ў газэтах

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць крыніцу]