Перайсьці да зьместу

Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду

1-я Ўстаўная грамата Выканкаму
Абрэвіятура Выканкам Рады Зьезду
Наступнік Рада Беларускай Народнай Рэспублікі
Дата ўтварэньня 3 студзеня 1918 (108 гадоў таму)
Дата спыненьня існаваньня 18 сакавіка 1918 (107 гадоў таму)
Тып заканадаўчая
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Месцазнаходжаньне Менск, Пляц Волі, д. 7
Дзейнічае ў рэгіёнах Беларусь
Сяброўства 10 чалавек
Старшыня Язэп Варонка
Міністар вайсковых справаў Сымон Рак-Міхайлоўскі
Міністар унутраных справаў Ян Серада
Кіраўнік справаў Лявон Заяц
Матчына кампанія Рада Ўсебеларускага зьезду

Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду — орган заканадаўчай улады Беларусі, які 3 студзеня [ст. ст. 21 сьнежня 1917] 1918 году Рада Ўсебеларускага зьезду стварыла са свайго складу зь ліку 10 чалавек.


3 студзеня [ст. ст. 21 сьнежня 1917] 1918 г. Рада Ўсебеларускага зьезду абрала са свайго складу Выканаўчы камітэт з 10 чалавек[1].

Склад Выканаўчага камітэту Рады Ўсебеларускага зьезду[1]
Пасада ІмяДата народзінаўМесца народзінаўПартыя
Старшыня,
міністар замежных справаў
Язэп Варонка17 красавіка [ст. ст. 4 красавіка] 1891 (26 гадоў)Сакольскі павет, Гарадзенская губэрняБеларуская сацыялістычная грамада
Міністар вайсковых справаў Сымон Рак-Міхайлоўскі14 красавіка [ст. ст. 2 красавіка] 1885 (32 гады)в. Максімаўка, Вялейскі павет, Віленская губэрняБеларуская сацыялістычная грамада
Міністар унутраных справаў Ян Серада13 траўня [ст. ст. 1 траўня] 1879 (38 гадоў)в. Задзьвея, Наваградзкі павет, Менская губэрняБеларуская сацыялістычная грамада
Кіраўнік справаў Лявон Заяцсакавік 1890 (28 гадоў)в. Даўгінаў, Вялейскі павет, Віленская губэрняБеларуская сацыялістычная грамада
Міністар працы Аляксандар Прушынскі11 сакавіка [ст. ст. 27 лютага] 1887 (30 гадоў)фальварак Новы двор, Менскі паветПартыя сацыялістаў-рэвалюцыянэраў
Міністар асьветы Макар Касьцевіч18 жніўня [ст. ст. 6 жніўня] 1891 (26 гадоў)в. Баброўня, Гарадзенскі паветБеларуская сацыялістычная грамада
Міністар сельскай гаспадаркі Тамаш Грыб19 сакавіка [ст. ст. 7 сакавіка] 1895 (22 гады)в. Паляны, Сьвянцянскі павет, Віленская губэрняБеларуская сацыялістычная грамада
Міністарка сацыяльнай апекі Палута Бадунова7 верасьня 1885 (32 гады)мяст. Навабеліца, Гомельскі павет, Магілёўская губэрняБеларуская сацыялістычная грамада
Міністар без партфэлю Язэп Дыла14 красавіка [ст. ст. 2 красавіка] 1880 (37 гадоў)Слуцак, Менская губэрняРасейская сацыял-дэмакратычная работніцкая партыя
Міністар без партфэлю Восіп Лагун1894 (23 гады)в. Мікіцёнкі, Дзісенскі павет, Віленская губэрняБеларуская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя

13 лютага [ст. ст. 31 студзеня] 1918 г. Язэп Дыла і Восіп Лагун пакінулі Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду і перайшлі на працу ў Беларускі нацыянальны камісарыят, які Савет народных камісараў Расейскай СФСР стварыў у якасьці аддзелу Народнага камісарыяту па справах нацыянальнасьцяў. 19 лютага 1918 г. Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду стаў законным органам улады ў Менску, бо Выканкам Заходняй вобласьці РСФСР зьехаў у Смаленск. 20 лютага 1918 г. Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду на прапанову Я.Варонкі ўлучыў у свой склад прадстаўнікоў 4-х этнічных меншасьцяў Беларусі: габрэяў, летувісаў, палякаў і расейцаў. 21 лютага 1918 г. Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду зацьвердзіў Першую Ўстаўную грамату «Да народаў Беларусі», паводле якой «абвясьціў сябе тымчасоваю ўладаю на Беларусі, паходзячаю да кіраваньня краем». Таксама Выканкам у 1-й Устаўной грамаце вызначыў, што: «Тымчасовую народную ўладу краю‚ якая паставіць сабе заданьня абароны і зацьвярджэньня здабыткаў рэвалюцыі‚ будзе зьдзейсьніваць створаны намі Народны сакратарыят Беларусі»[1].

21 лютага 1918 г. войска Нямецкай імпэрыі ўступіла ў Менск. Урад Нямецкай імпэрыі адмовіўся прызнаваць сувэрэнітэт Выканаўчага камітэту і створанага ім Народнага сакратарыяту Беларусі і 3 сакавіка 1918 г. заключыў Берасьцейскі мір з урадам Расейскай СФСР аб падзеле Беларусі. 9 сакавіка 1918 г. Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду зацьвердзіў Другую Ўстаўную грамату «Да народаў Беларусі», паводле 1-га пункту якой пастанавіў, што: «Беларусь у рубяжох расьсяленьня і лічэбнай перавагі беларускага народу абвяшчаецца Народнай Рэспублікай. Згодна з 3-м пунктам 2-й Устаўной граматы абвяшчалася, што «заканадаўчая ўлада ў Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Радзе Ўсебеларускага зьезду дапоўненай прадстаўнікамі нацыянальных меншасьцяў Беларусі». Паводле 4-га пункту, «Спаўняючая і адміністрацыйная ўлада ў Беларускай Народнай Рэспубліцы належыць Народнаму Сакратарыяту Беларусі‚ які назначаецца Радаю Зьезду і перад ёю трымае адказ»[1].

18 сакавіка 1918 г. Рада Ўсебеларускага зьезду на пасяджэньні ў поўным складзе абвясьціла сябе Радай Беларускай Народнай Рэспублікі, пасьля чаго Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду спыніў існаваньне. У далейшым Рада БНР выбірала са свайго складу Прэзыдыюм для кіраваньнямі між пасяджэньнямі ў поўным складзе[1].

  1. 1 2 3 4 5 Анатоль Сідарэвіч. Выканаўчы камітэт Рады Ўсебеларускага зьезду // Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах / гал.рэд. Барыс Сачанка, маст. Эдуард Жакевіч. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1994. — Т. 2. — С. 370-371. — 537 с. — 20 000 ас. — ISBN 5-85700-142-0