Перайсьці да зьместу

Беларуская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Беларуская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (БСДРП) — арганізацыя бальшавіцкага кірунку, існавала з восені 1917 да красавіка 1918 году. Створана ў Петраградзе на аснове Нарвэнскай арганізацыі Беларускай сацыялістычнай грамады (БСГ), спачатку налічвала каля 500 чальцоў, у асноўным рабочых. Пазьней да БСДРП далучылася Гэльсінгфорская арганізацыя БСГ, якая аб’ядноўвала каля 200 маракоў Балтыйскага флёту. У выканаўчы камітэт уваходзілі Аляксандр Чарвякоў, Восіп Лагун, Ю. У. Памецка, У. В. Скарынка, Аляксандар Усьціловіч і інш.

Вяла палітычную і культурна-асьветную работу сярод беларусаў у Петраградзе і яго ваколіцах. Мела прадстаўнікоў у ВЦВК (Усьціловіч, зь сьнежня 1917) і Пецяргофскім раённым Савеце Петраграду (Памецка, зь лютага 1918). Напачатку БСДРП працягвала падтрымліваць арганізацыйныя сувязі з БСГ, разам зь ёю ў верасьні 1917 году ўваходзіла ў Савет нацыянальных сацыялістычных партыяў, які аб’ядноўваў дробнабуржуазныя арганізацыі рэгіёнаў Расеі.

Сябры БСДРП бралі ўдзел у кастрычніцкім перавароце ў Петраградзе. У сьнежні 1917 партыя ўдзельнічала ў перавыбарах камітэту Беларускага таварыства ў Петраградзе па аказаньню дапамогі пацярпелым ад вайны.

Накіравала дэлегатаў на Ўсебеларускі зьезд і пасьля яго разгону падала заяву ў ЦК РСДРП(б) з патрабаваньнем стварыць камісію для рассьледаваньня гэтага здарэньня.

У студзені 1918 разам зь іншымі беларускімі арганізацыямі ў Петраградзе, што стаялі на плятформе савецкай улады, удзельнічала ў стварэньні Беларускага нацыянальнага камісарыяту (Белнацкаму), яго камісарам быў прызначаны Чарвякоў. У лютым 1918 многія чальцы БСДРП удзельнічалі ва ўзброенай абароне Петраграда ад нямецкіх інтэрвэнтаў. Пры дапамозе Пецяргофскага Савету партыя арганізавала кулямётныя курсы. Разам з вайсковым аддзелам Белнацкому стварыла атрад Чырвонай гвардыі, які ўвайшоў у Камуністычны атрад Петраградзкага камітэту РКП(б) (300 чал., камандзір Усьціловіч). У красавіку 1918 на падставе БСДРП створана беларуская сэкцыя РКП(б) пры Пецяргофскім райкоме РКП(б).