Васіль Маргелаў
Васіль Маргелаў Васіль Маркелаў | ||||||||||
27 сьнежня 1908 — 4 сакавіка 1990 | ||||||||||
Мянушка | Дзядзька Вася | |||||||||
---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
Месца нараджэньня | Кацярынаслаў, Расейская імпэрыя | |||||||||
Месца сьмерці | Масква, Расейская СФСР, СССР | |||||||||
Прыналежнасьць | СССР | |||||||||
Род войскаў | паветрана-дэсантныя войскі (з 1948 году) | |||||||||
Гады службы | 1928—1990 | |||||||||
Званьне | генэрал арміі (1967) | |||||||||
Камандаваў | Паветрана-дэсантныя войскі СССР (1954—1959, 1961—1979) | |||||||||
Бітвы/войны | Паход Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і Ўкраіну 1939 году, Савецка-фінляндзкая вайна (1939—1940), Нямецка-савецкая вайна, Савецкае ўварваньне ў Чэхаславаччыну | |||||||||
Узнагароды | | |||||||||
Сувязі | 5 сыноў: Генадзь (1931, Касьцюковічы — 2016), Васіль, Анатоль (1938, Беларуская ССР — 2008), Віталь (1941—2021) і Аляксандар (1945—2016) | |||||||||
Васі́ль Пілі́павіч Марге́лаў (сапр. Маркелаў; 14 сьнежня 1908 па ст.ст., цяпер Дняпро, Украіна — 1990, Масква, цяпер Расея) — савецкі вайсковы дзяяч беларускага паходжаньня.
8-ы камандзір Паветрана-дэсантных войскаў СССР (1954—1959, 1961—1979). Герой Савецкага Саюзу (1944), генэрал арміі (1967) і кандыдат ваенных навук (1968). Ляўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1975)[1].
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Васіль Піліпавіч Маркелаў нарадзіўся ў беларускай сям’і. Бацька Піліп Іванавіч Маркелаў працаваў мэталюргам. Маці Агап’я Сьцяпанаўна была родам з Бабруйскага павету Менскай губэрні. У сьнежні 1913 году сям’я вярнулася на радзіму бацькі ў мястэчка Касьцюковічы Клімавіцкага павету (Магілёўская губэрня)[1]. Навучаўся ў царкоўна-прыходзкай школе. У 1921 годзе ў 13-гадовым узросьце скончыў 6-клясную школу і пачаў працаваць у гарбарнай майстэрні. У 1923 годзе стаў работнікам касьцюковіцкага «Хлебапрадукта» (Беларуская ССР)[1]. Таксама працаваў лесьніком і старшынём работніцкага камітэту лесапрамысловай гаспадаркі ў Касьцюковічах[2]. У 1925 годзе па камсамольскай пуцёўцы на 3 гады адправіўся працаваць гарняком ва Ўкраінскую ССР на Данбас. Праз абвал прабыў у рудніку 3 дні бязь ежы, сьвятла і вады. У выніку пасьля выхаду зь лякарні яму забаранілі працаваць гарняком па стане здароўя. Пасьля 1926 году ўступіў ва Ўсесаюзную камуністычную партыю. У 1928 годзе быў закліканы ў Чырвоную армію[1]. Прысягу прымаў на беларускай мове. У асабістай справе самавызначыўся як беларус[3]. У верасьні 1928 году паступіў у групу снайпэраў Аб’яднанай беларускай вайсковай школы (АБВШ) ў Менску[1], якую скончыў у красавіку 1931 году. Затым заняў пасаду камандзіра кулямётнага ўзводу 99-га стралковага палка 33-й стралковай дывізіі ў Магілёве. Пазьней стаў камандзірам кулямётнай роты ў Менскай вайсковай пяхотнай вучэльні[2].
Пасьля 1933 году ў ходзе абмену партыйных білетаў, які працягваўся да 1936 году, Васілю Маркелаву выдалі дакумэнт з памылковым напісаньнем прозьвішча праз «г» замест «к», як Маргелаў. Той улік у палітычным аддзеле вялі інструктар Мірціц Неўлер, палітычны кіраўнік Залман Эркін і машыністка Соня Міскевіч. 25 кастрычніка 1938 году заняў пасаду камандзіра 2-га батальёну 23-га стралковага палка 8-й стралковай дывізіі імя Фэлікса Дзяржынскага і ў сьнежні 1938 году пакінуў Менск[4]. У верасьні 1939 году ўдзельнічаў у паходзе Чырвонай арміі ў Заходнюю Беларусь[1]. У якасьці начальніка аддзелу выведкі штаба 8-й стралковай дывізіі Дзяржынскага здабыў у немцаў найноўшы адмысловы супрацьгаз на заданьне выведвальнай управы Беларускага фронту. У ходзе апэрацыі атрымаў раненьне твару, якое пакінула шнар на шчацэ[1]. У 1939—1940 гадах удзельнічаў у Савецка-фінскай вайне ў складзе 596-га палка 122-й стралковай дывізіі 24-га стралковага корпусу 4-й арміі. У званьні капітана быў камандзірам лыжнага выведвальнага батальёну. Пры прасоўваньні на 10 км углыб Фінляндыі паланіў афіцэраў[4] Галоўнага штабу Швэцыі. Пасьля вайны ў званьні маёра стаў памагатым камандзіра 596-га палка па страявой частцы. У кастрычніку 1940 году заняў пасаду камандзіра 15-га дысцыплінарнага батальёну Ленінградзкай вайсковай акругі[2].
Нямецка-савецкая вайна
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Падчас Нямецка-савецкай вайны ваяваў на 6 франтах — Ленінградзкім, Паўночна-Заходнім, Сталінградзкім, Паўднёвым, 3-м і 4-м Украінскіх. Быў камандзірам палка, начальнікам штабу дывізіі і камандзірам дывізіі. Удзельнічаў у баях пад Ленінградам і Сталінградам, на Дняпры і Днястры, у Румыніі і Баўгарыі, Югаславіі і Чэхаславаччыне, Вугоршчыне і Аўстрыі[1]. У лістападзе 1941 году ў званьні маёра ўзначаліў у абложаным Ленінградзе 1-ы лыжны полк марскіх пехацінцаў. Падпарадкоўваўся наўпросту загадніку Балтыйскага флёту віцэ-адміралу Ўладзімеру Трыбуцу. У сьнежні 1941 году высадзіўся на ўзьбярэжжы Ладагі ў напрамку Ліпкі-Шлісельбург (Кіраўскі раён). Гэта вымусіла нямецкага генэрала-фэльдмаршала Вільгельма фон Лееба, які загадваў групай арміяў «Поўнач», зьняць частку войскаў з-пад Пулкава[4]. Таксама ў сьнежні 1941 году пазнаёміўся з вайсковай лекаркай Ганнай Куракінай, зь якой выхаваў 5 сыноў[2]. У траўні 1942 году пры заходзе 200 нямецкіх вайскоўцаў у тыл расстраляў 79 зь іх з кулямёта «Максім»[4]. Пасьля раненьня і лячэньня ў шпіталі заняў пасаду камандзіра стралковага палка 54-й арміі Ленінградзкага фронту, якая пазьней ваявала на Волхаўскім фронце[2].
У кастрычніку 1942 году ў званьні падпалкоўніка гвардыі стаў загадваць 13-м гвардзейскім стралковым палком, які ўваходзіў у 2-ю гвардзейскую армію Радзівона Маліноўскага. Цягам 2-х месяцаў навучаў бранябойнікаў, якія стаялі ў рэзэрве ў Прыволжы, супрацьтанкаваму бою з дапамогай адмысловых ружжаў, гранатаў і кактэйляў Молатава. Цягам 5 дзён баёў 19—24 сьнежня 1942 году на рацэ Мышкаўка (Сталінградзкая вобласьць) 13-ы полк падбіў і спаліў большасьць цяжкіх танкаў «Тыгр» 4-й танкавай арміі генэрал-палкоўніка Германа Гота. У выніку прарыў нямецкага танкавага кліна да 6-й арміі генэрала Фрыдрыха Паўлюса праваліўся. Сам Маргелаў атрымаў у баі кантузію. 1 студзеня 1943 году ўдзельнічаў ва ўзяцьці Кацельнікаўскага хутара ў ходзе Сталінградзкай бітвы[4]. На Паўднёвым фронце быў намесьнікам камандзіра 3-й гвардзейскай стралковай дывізіі, якая ўдзельнічала ў прарыве «Мівус-фронту» ў Растоўскай вобласьці.
Цягам 1943 году ўдзельнічаў у адваёве Ўкраіны, у тым ліку ў жніўні на Данбасе (Данбаская апэрацыя 1943 году). З 1944 году ў званьні палкоўніка ўзначаліў 49-ю гвардзейскую стралковую дывізію 28-й арміі 3-га Ўкраінскага фронту, на чале якой атрымаў 13 падзякаў ад вярхоўнага галоўнакамандуючага Ёсіфа Сталіна. У сакавіку 1944 году яго дывізія фарсіявала Дняпро і авалодала Хэрсонам (Мікалаеўская вобласьць) у ходзе Беразьнегавата-Сьнігіроўскай апэрацыі[4]. 19 сакавіка 1944 году атрымаў званьне герой Савецкага Саюзу[1]. Пазьней 49-я дывізія заняла Мікалаеў і Адэсу. У жніўні 1944 году браў удзел у Яска-Кішынёўскай апэрацыі (Малдаўская ССР), пасьля чаго 49-я дывізія ўвайшла ў Румынію. Пасьля баёў у Баўгарыі і Югаславіі 49-я дывізія ўдзельнічала ва ўзяцьці Будапэшту (Вугоршчына) і Вены (Аўстрыя)[2]. У траўні 1945 году на мяжы Аўстрыі і Чэхаславаччыны паланіў 2-і танкавы корпус ахоўных атрадаў, у склад якога ўваходзілі дывізіі «Вялікая Нямеччына» і «Мёртвая галава». 24 чэрвеня 1945 году ў званьні генэрал-маёра гвардыі ўдзельнічаў у Парадзе Перамогі ў Маскве на чале зводнага палка 2-га Ўкраінскага фронту[4]. Ад 1946 году займаў кіраўнічыя пасады ў Савецкай арміі[1].
Паветрана-дэсантныя войскі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1948 годзе скончыў Вышэйшую вайсковую акадэмію імя Кліма Варашылава ў Маскве (Расейская СФСР). 30 красавіка 1948 году міністар узброеных сілаў СССР Мікалай Булганін прызначыў яго загадваць 76-й паветрана-дэсантнай дывізіяй у Пскове. Падчас 1-га прызямленьня з парашутам разьбіў сабе нагу, таму 2 тыдні хадзіў зь перавязанай нагой. Агулам выканаў звыш 60 скокаў з парашутам, апошні зь якіх у 1973 годзе ў 65-гадовым веку[4]. З красавіка 1950 году па 1954 год у званьні генэрала быў камандзірам 37-га гвардзейскага корпусу ў Прыморскім краі (Манастырышча, Чарнігаўскі раён)[2]. У 1954—1959 і 1961—1979 гадах загадваў Паветрана-дэсантнымі войскамі СССР[1]. У 1967 годзе стаў генэралам арміі. У 1968-м атрымаў ступеню кандыдат ваенных навук[5]. У сакавіку 1970 году падчас апэратыўна-стратэгічных вучэньняў «Дзьвіна» ў Беларускай ССР высадзіў з самалётаў дэсантны полк за 22 хвіліны. Высадку ажыцьцявілі з 280 самалётаў «Ан-12» і 4-х Ан-22 «Антэй». Агулам даставілі 8000 дэсантнікаў і 152 адзінак баявой тэхнікі, у тым ліку артылерыю[2]. Падчас падзякі дэсантнікам за вучэньні «Дзьвіна» заявіў: «А вось калі б давялося скакаць, знаходзячыся ўнутры машыны ў баі? Разумею, што гэта складана, але ніхто, акрамя нас, гэтага ня зробіць». У выніку выраз «Ніхто, акрамя нас!» стаў дэвізам Паветрана-дэсантных войскаў (ПДВ) СССР. Пазьней 76-я павэтрана-дэсантная дывізія брала ўдзел у вучэньнях «Дняпро»[4].
У 1972 годзе выпрабавалі рухавік тармажэньня «Кентаўр» для высадкі людзей унутры баявой машыны на парашуце. Таксама ў 1972 годзе Маргелаў увёў у форму дэсантнікаў цяльняшку з блакітнымі палоскамі і блакітныя бэрэты[4]. 5 студзеня 1973 году пад Тулай накіраваў свайго малодшага сына Аляксандра на 1-ю высадку з самалёта баявой машыны дэсанта (БМД-1) на парашуце з вайскоўцамі ўнутры. Гэтую высадку правялі вайскоўцы 339-га палка, які месьціўся ў Віцебску (Беларуская ССР)[6], маёр Леанід Зуеў і лейтэнант Аляксандар Маргелаў. Апошні быў інжынэрам навукова-тэхнічнга камітэту ПДВ[4]. У 1975 годзе Васіль Маргелаў атрымаў Дзяржаўную прэмію СССР за пасьпяховую высадку людзей унутры баявой машыны[5]. У 1976 годзе ўкаранілі дэсантны рухавік «Рэактаўр», які 4-кратна павысіла хуткасьць зьніжэньня за кошт рэактыўных соплаў, што зьменшыла ўразьлівасьць ад агню. У 1976—1991 гадах «Рэактаўр» пасьпяхова скарысталі каля 100 разоў. У лютым 1978 году ў Беларусі прайшлі вучэньні «Бярэзіна» з удзелам парашутна-дэсантнага палка 103-й паветрана-дэсантнай дывізіі зь Віцебску. Падчас вучэньня вайсковую частку ўпершыню поўным складам з тэхнікай і ўзбраеньнем высадзілі з самалёта Іл-76[2]. Затым былі вучэньні «Поўдзень». Таксама 76-я дывізія вылятала з Пскова і высаджвалася пад Фэрганой (Узбэцкая ССР) і Кіравабадам (Азэрбайджанская ССР), а таксама ў Манголіі. У 1979 годзе Маргелаў перайшоў на працу ў Групу генэральных інспэктараў Міністэрства абароны СССР, дзе працягваў працаваць да канца жыцьця[4].
Узнагароды
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Цягам жыцьця быў узнагароджаны 13 ордэнамі і 19 мэдалямі Савецкага Саюзу, у тым ліку 4 ордэнамі Леніна. Ад замежных дзяржаваў атрымаў 34 ордэны і мэдалі[4].
Памяць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Яго імя носіць Разанская вышэйшая паветрана-дэсантная камандная вучэльня (Расея), а таксама вуліцы і плошчы ў гарадах некалькіх краінаў. Штогод на Дзень паветрана-дэсантных войскаў 2 жніўня вэтэраны і дэсантнікі ладзяць шэсьце да помніка Маргелаву на Новадзявочых могілках у Маскве (раён Хамоўнікі, Цэнтральная адміністрацыйная акруга)[4]. Маргелаву паставілі каля 20 помнікаў, у тым ліку ў Беларусі ў Берасьці, Касьцюковічах (Магілёўская вобласьць) і Менску. У 2008 году рэжысэр Алег Штром зьняў 8-сэрыйны фільм «Дэсантны Баця» пра Маргелава, дзе галоўную ролю сыграў Міхаіл Жыгараў[2].
Сям’я
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Меў 5 сыноў. Малодшы зь іх Аляксандар служыў у 339-м палку ў Віцебску (цяпер Беларусь) і выканаў 5 студзеня 1973 году 1-ю высадку з самалёта ў баявой машыне дэсанту[4]. Жонкі: 1) Марыя, 2) Феадосія Яфрэмаўна Сяліцкая, 3) вайсковая лекарка Ганна Аляксандраўна Куракіна (са сьнежня 1941 году). Сыны:
- Генадзь Маргелаў (1931, Касьцюковічы, цяпер Беларусь — 2016) — савецкі вайсковы дзяяч. Удзельнік Нямецка-савецкай вайны. Генэрал-маёр (1973). Начальнік Вайсковага інстытуту фізычнай культуры|Вайсковага інстытуту фізычнай культуры ў Ленінградзе (Расейская СФСР, 1979—1982).
- Васіль Маргелаў (нарадзіўся ў Беларусі).
- Анатоль Маргелаў (1938, Беларуская ССР — 2008) — савецкі навуковец-вынаходнік 220 сродкаў сувязі. Доктар тэхнічных навук.
- Віталь Маргелаў (1941—2021) — савецкі і расейскі выведнік. Намесьнік кіраўніка Службвы вонкавай выведкі Расеі (1997—2003), дэпутат Дзяржаўнай думы Расеі 6-га скліканьня (2003—2007). Генэрал-палкоўнік (2001).
- Аляксандар Маргелаў (1945, Кішынёў, Малдоўская ССР — 2016) — савецкі інжынэр-вынаходнік. Герой Расеі (1996), палкоўнік.
Унук Міхаіл Віталевіч Маргелаў (нар. 1964) — дзяржаўны дзяяч Расеі. 4-ы старшыня Камітэту Савета Фэдэрацыі Расеі ў міжнародных справах (2001—2014). Палкоўнік (2014). Намесьнік старшыні «Транснафты» (зь 2014 году).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г д е ё ж з і к Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 27 сьнежня 2013. — № 243 (27608). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
- ^ а б в г д е ё ж з і Мікалай Шаўчэнка. Дэсантнік нумар адзін // Зьвязда. — 19 сьнежня 2018. — № 244 (28860). — С. 5.
- ^ Міхась Скобла. «А што павінен быў зрабіць капітан ці маёр у сваім падразьдзяленьні – паўстаньне падняць?» // Народная воля : газэта. — 3 верасьня 2021. — № 67 (4627). — С. 3. — ISSN 2071-9647.
- ^ а б в г д е ё ж з і к л м н о Анатоль Сланеўскі. Васіль Маргелаў: зь любых вышыняў — у любое пекла // Зьвязда. — 12 сьнежня 2015. — № 241 (28099). — С. 5.
- ^ а б Маргелаў Васіль Піліпавіч // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1999. — Т. 10. — С. 108. — 576 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0144-3
- ^ Вікенцій Ключнік. Віцебск – дэсантная сталіца // Зьвязда. — 14 жніўня 2013.
Гэта — накід артыкула пра біяграфію асобы. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |
- Нарадзіліся 27 сьнежня
- Нарадзіліся ў 1908 годзе
- Памерлі 4 сакавіка
- Памерлі ў 1990 годзе
- Героі Савецкага Саюзу
- Кавалеры ордэна Леніна
- Кавалеры ордэна Кастрычніцкай рэвалюцыі
- Кавалеры ордэна Чырвонага Сьцягу
- Кавалеры ордэна Суворава
- Кавалеры ордэна Айчыннай вайны
- Кавалеры ордэна Чырвонай Зоркі
- Узнагароджаныя мэдалём «За перамогу над Нямеччынай у Вялікай Айчыннай вайне 1941—1945 гг.»
- Ляўрэаты Дзяржаўнай прэміі СССР
- Нарадзіліся ў Дніпры
- Беларусы ва Ўкраіне
- Сябры КПСС
- Удзельнікі савецка-фінскай вайны
- Удзельнікі савецкага ўварваньня ў Польшчу (1939)
- Удзельнікі нямецка-савецкай вайны
- Выпускнікі Вайсковай акадэміі Генэральнага штабу Расеі
- Савецкія генэралы
- Паветранадэсантныя войскі
- Кандыдаты навук
- Памерлі ў Маскве
- Пахаваныя на Новадзявочых могілках