Станіслаў Макраноўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Станіслаў Макраноўскі
па-польску: Stanisław Mokronowski
10 студзеня 1761 — 19 кастрычніка 1821
Stanisław Mokronowski.png
Месца нараджэньня Багуцін, Польшча
Месца сьмерці Варшава, Польшча
Прыналежнасьць Рэч Паспалітая Рэч Паспалітая
Гады службы 17801794
Званьне Генэрал-маёр (1792), Генэрал-лейтэнант (1794)
Бітвы/войны Бітва пад Зелянцамі, Бітва пад Мацяёвіцамі
Узнагароды
Ордэн Белага арла
Ордэн Virtuti Militari
Ордэн сьвятога Станіслава
Станіслаў Макраноўскі ў Вікісховішчы

Станіслаў Макраноўскі (па-польску: Stanisław Mokronowski) гербу Богорыя (нарадзіўся 10 студзеня 1761 ў горадзе Багуцін каля Влоцлаўка — памёр 19 кастрычніка 1821 ў Варшаве) — камэргер Станіслава Аўгуста Панятоўскага, член Чатырохгадовага Сойму, ґенэрал-лейтэнант каралеўскай арміі, удзельнік вайны Расеі з Рэччу Паспалітай 1792 году і паўстаньня ў 1794 годзе, пляменьнік Андрэя Макраноўскага.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 17751777 гадах вучыўся ў Варшаўскім кадэцкім корпусе, пасьля да 1780 — у Парыскай вайсковай школе.

У 1780 годзе ўступіў прапаршчыкам у каронную ґвардыю Рэчы Паспалітай, але менш чым праз два гады ён сышоў у адстаўку ў званьні лейтэнанта й у 17821788 — служыў у францускай арміі, як капітан Каралеўскага Нямецкага палку.

Пасьля вяртаньня на радзіму служыў віцэ-брыгадырам (1788), а затым брыгадырам (1792) у нацыянальнай кавалерыі. Быў абраны паслом на Чатырохгадовы Сойм[1].

Удзельнічаў у вайне Расеі з Рэччу Паспалітай 1792 году, у тым ліку й у бітве пад Зелянцамі, быў узнагароджаны крыжом Virtuti Militari. Пасьля далучэньня караля польскага й вялікага князя літоўскага Станіслава Аўгуста Панятоўскага да Таргавіцкай канфэдэрацыІ, Макраноўскі выйшаў у адстаўку, нягледзячы на атрыманьне званьня ґенэрал-майра.

Далучыўся да паўстаньня 1794 году. Прытрымліваўся кансэрватыўных і раялістскіх поглядаў, варагаваў з прадстаўнікамі радыкальнага крыла паўстаньня (якабінцамі). 25 красавіка 1794 году, кіраўнік паўстаньня Тадэвуш Касьцюшка надаў Макраноўскаму званьне ґенэрал-лейтэнанта, прызначыў яго камандуючым узброенымі сіламі Варшавы й Мазавецкага княства. З-за супярэчнасьцяў з Касьцюшкай, апошні 15 чэрвеня 1794 году прызначыў Макраноўскага камандзірам дывізіі, а 10 жніўня 1794 году — камандуючым паўстанцкімі войскамі ў Вялікім Княстве Літоўскім замест хворага Мікалая Вяльгорскага.

У сярэдзіне жніўня 1794 году Макраноўскі прыбыў пад Берасьце. Ён меркаваў сканцэнтраваць войскі ВКЛ у двух дывізіях: каля Берасьця й паміж Берасьцем і Гародняй, каб не даць магчымасьці Расейскаму войску фарсіраваць Буг. Аднак дрэнны стан арміі ВКЛ прымусіў Макраноўскага 5 верасьня 1794 году падаць рапарт аб адстаўцы. Касьцюшка просьбу Макраноўскага не задаволіў і параіў яму даць бітву Расейцам. 29 верасьня 1794 году Касьцюшка прыбыў у Гародню, дзе ўручыў Макраноўскаму залаты пярсьцёнак з надпісам «Айчына свайму абаронцы».

Пасьля паразы пад Мацяёвіцамі Макраноўскі больш не плянаваў ніякіх наступальнах дзеяньняў і адвёў войска ВКЛ пад Варшаву.

У кастрычніку 1794 году падаў у адстаўку. Пасьля паражэньня паўстаньня жыў у Італіі, пасьля вярнуўся ў Варшаву, дзе, між іншым, адзельнічаў у акцыі па будаўніцтву памятніка Юзэфу Панятоўскаму. У Варшаве ён і памёр. Быў пахаваны ў касьцёле Капуцынаў.

Макраноўскі — чацьвёртая асоба пасьля Панятоўскага, Касьцюшкі й Вельгорскага на арыґінальнам лісьце ўзнагароджаных ордэнам Virtuti Militari. У 1815 годзе ўзнагароджаны ордэнам Белага Арла, кавалер ордэну Сьвятога Станіслава[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Mariusz Machynia, Czesław Srzednicki, Wojsko koronne. Sztaby i kawaleria, Kraków 2002, s. 33, Kawalerowie i statuty Orderu Orła Białego 1705—2008, 2008, s. 283.
  2. ^ Kawalerowie i statuty Orderu Orła Białego 1705—2008, 2008, s. 283.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Т. Бялова (гал. рэд.) і інш. Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. Т. 3. Дадатак. А — Я. — Менск: Беларуская Энцыкляпэдыя імя Пятруся Броўкі, 2010. — Т. 3. — 696 с. — 3000 ас. — ISBN 978-985-11-0487-7
  • Zebrał Ł. Siemieński Listy Kościuszki do jenerała Mokronowskiego i innych osób pisane. — Lwów: 1877.