Лінейная пяхота
Лінейная пяхота | |
Гады існаваньня | XVII — сярэдзіна XIX стагодзьдзя |
---|---|
Краіны | |
Тып | пяхота |
Лінейная пяхота — від пяхоты, які складаў аснову сухапутных войскаў зь сярэдзіны XVII да сярэдзіны XIX стагодзьдзя.
Лінейная пяхота зьявілася ў XVII стагодзьдзі. Напачатку XVII стагодзьдзя швэцкі кароль Густаў II Адольф значна палегчыў мушкет і забясьпечыў яго колавым замком. Пасьля гэтага можна было страляць не з падстаўкі, а прама з рук. З гэтага часу ад стралкоў не патрабавалася фізычнай сілы й спрыту. Да таго ж на новы мушкет патрабавалася менш жалеза й у масавай вытворчасьці ён апынуўся таньней. Аднак, пры Густаве-Адольфе ў швэцкім войску зброяю з колавым замком была забясьпечана толькі кавалерыя. Пяхота атрымала мушкеты з колавым замком ужо пасьля сьмерці Густава-Адольфа.
З масавым распаўсюдам ручной агнястрэльнай зброі ў пяхотных частках зь сярэдзіны XVII стагодзьдзя на палях бітваў стала панаваць лінейная тактыка, паводле якой пяхота будавалася ў доўгія тонкія лініі й вяла інтэнсіўны залпавы агонь.
Лінейная тактыка патрабавала строгай дысцыпліны й простых, але даведзеных да аўтаматызму прыёмаў. Пры навучаньні ўжывалася муштра і целавыя пакараньні. Гэта зрабіла немагчымым камплектаваньне радавога складу з дваранаў. Была створана лінейная пяхота — масавая разнавіднасьць пяхоты, якая камплектуецца на аснове гвалтоўных рэкруцкіх набораў зь сялянаў (асабліва прыгонных) або вербаваньня наймітаў. Толькі афіцэрскі склад заставаўся дваранскім.
Лінейная пяхота хутка стала асноўным і найболей масавым відам пяхоты ў эўрапейскіх краінах. Мушкетнікі й грэнадзеры, былыя раней элітнымі войскамі, паступова ў шматлікіх краінах увайшлі ў склад лінейнай пяхоты, перайшлі да лінейнай тактыкі й сталі камплектавацца з прастачынаў.
Тактыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Лінія складалася з 2-х, 3-х ці 4-х шэрагаў ваяроў. Каб не замінаць стральбе задніх шэрагаў, першы шэраг мог станавіцца на калена. Лінія прызнавалася асноватворнай баявой пабудоваю й прарыў лініі лічыўся паразаю. Пяхота навучалася страявым прыёмам, асноўнаю мэтаю якіх зьяўлялася хуткае разгортваньне лініі й манэўры.
Пяхота, адмыслова прызначаная для выкарыстаньня лінейнай тактыкі, атрымала назву лінейнай пяхоты. Але лінія была не адзінай яе баявой пабудоваю. Пры пагрозе абыходу варожаю коньніцаю яна будавалася ў карэ (квадрат) з пустою сярэдзінаю (такое карэ складалася з чатырох лініяў, накіраваных тварам вонкі квадрата). У нападзе магла выкарыстоўвацца ня толькі звычайная, але й скошаная лінія (такую пабудову выкарыстоўваў Фрыдрых II і яго пасьлядоўнікі). Для штурму крэпасьцяў і іншых умацаваных пунктаў, а таксама для нападу ў складанай мясцовасьці (дзе рух лініі сустрэў бы перашкоды) выкарыстоўвалася пастраеньне ў іншы стулены строй — калёну.
Пасьля Вялікай францускае рэвалюцыі францускія войскі, а затым і войскі некаторых іншых краінаў сталі камплектавацца на аснове ўсеагульнай вайсковай павіннасьці, таму яны не ўмелі атакаваць у разгорнутай лініі, а атакавалі ў калёне. У лінію яны будаваліся толькі ў абароне.
Агульным сярод пастраеньняў лінейнае пяхоты было тое, што яна ваявала ў стуленым строю.
Узбраеньне і экіпіяваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Лінейная пяхота была ўзброена мушкетамі. У сярэдзіне XVII стагодзьдзя мушкеты былі абсталяваныя багнэтам, што дазволіла ёй абараняцца ад непрыяцельскай коньніцы. У канцы XVII стагодзьдзя мушкеты былі заменены лягчэйшымі й таннымі пяхотнымі стрэльбамі з крэмневым замком («крамянёўкамі», вагаю ў 5 кг і калібрам 17,5 мм) спачатку ў Францыі, а затым і ў іншых дзяржавах. У шматлікіх краінах для новых стрэльбаў захавалася назва «мушкет». Як мушкеты, так і стрэльбы былі гладкаствольнымі й мелі вельмі нізкую дакладнасьць. Але ў іх была важная перавага — шпаркасьць зараджаньня: яны стралялі тройчы ў хвіліну, у той час як наразныя карабіны — толькі раз на хвіліну.
Асноўная маса лінейнае пяхоты ня мела ніякага ахоўнага рыштунка. Толькі тыя, якія ўвайшлі ў яе былыя элітныя атрады маглі захоўваць па традыцыі асобныя элемэнты абароны, напрыклад, медныя шапкі ў грэнадзераў.
Суадносіны зь іншымі відамі пяхоты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У першыя часы лінейная пяхота складала невялікую частку ад усёй пяхоты. Яна не магла супрацьстаяць коньніцы, таму асноўнаю масаю пяхоты заставаліся пікінеры. З вынаходзтвам багнэта патрэба ў пікінерах адпала, і паступова лінейная пяхота стала большасьцю.
Акрамя лінейнай пяхоты, існавалі элітныя войскі (галоўным чынам, ахова манархаў і Папы) і лёгкая пяхота, не выкарысталая лінейнай тактыкі й узброеная першапачаткова аркебузамі. Лінейная пяхота, у якой мушкеты й стрэльбы з багнэтам былі цяжэй аркебузаў, стала звацца таксама цяжкаю пяхотаю. Аркебузы неўзабаве выйшлі з ужываньня, але ў канцы XVIII стагодзьдзя зьявілася новая разнавіднасьць лёгкае пяхоты — стрэлкі рассыпнога строю (еґеря, карабінеры і іншыя), узброеныя дарагімі наразнымі карабінамі (штуцарамі) без багнэту й навучаныя прыцэльнай стральбе ды выкарыстаньню натуральных хованкаў і зморшчынаў мясцовасьці.
У Францыі ў эпоху рэвалюцыйных і Напалеонаўскіх войнаў фармальна працягваў існаваць падзел на ґвардыю, лінейную і лёгкую пяхоту. Але Напалеон быў праціўнікам наразной зброі, таму фактычна й лінейныя, і «лёгкія» палкі мелі аднолькавую тактыку й узбраеньне (гладкаствольныя стрэльбы). І ў лінейных, і ў «лёгкіх» палках напалеонаўскае Францыі меліся батальёны, набраныя з жаўнераў, якія асабліва праславіліся, што змагаліся ў рассыпном страю (але ўзброеных гладкаствольнымі стрэльбамі).
У Расеі й некаторых іншых краінах, дзе шырока выкарыстоўваліся еґеры, лінейная пяхота стала больш выкарыстоўвацца для рукапашнага бою. Лёгкая ж пяхота забясьпечвала агнявую падтрымку, затуляла перасоўваньне часткаў. У XIX павеку доля еґераў хутка расла, а доля лінейнае пяхоты зьмяншалася.
Заход лінейнай пяхоты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да сярэдзіны XIX стагодзьдзя зьявіліся «наразныя мушкеты», якія спалучалі дакладнасьць штуцараў і хуткастрэльнасьць мушкетаў. Яны ўхілілі асноўны недахоп лёгкае пяхоты. Падчас Крымскае вайны расейская лінейная пяхота (пяхотныя палкі) несла цяжкія страты ад агню францускіх зуаўаў, узброеных «наразнымі мушкетамі». З другога боку, ангельская лінейная пяхота ваявала ў той вайне даволі ўдала (прыкладам зьяўляецца тонкая чырвоная лінія).
У сярэдзіне XIX стагодзьдзя былі вынайдзены казназарадныя вінтоўкі, з укараненьнем якіх стралковыя войскі атрымалі адчувальную перавагу над лінейнаю пяхотаю. Неўзабаве пасьля Крымскай вайны ў Расеі лінейная й лёгкая пяхота былі аб’яднаныя ў адзіныя стралковыя войскі, якія выкарыстоўвалі наразную зброю й рассыпную тактыку.Пры гэтым пяхота падзялілася на стралкоў,пяхотныя палкі й грэнадзерскі корпус(не лічачы ґвардыі). Стралкі мелі то ж узбраеньне але лепшую стралковую падрыхтоўку.
У ЗША да пачатку грамадзянскае вайны лінейнай пяхоты амаль не было (бо ў барацьбе з індзейцамі яна была бескарысная). Напачатку грамадзянскай вайны як паўночнікі, так і паўднёўцы сфармавалі некалькі лінейных палкоў, але яны панесьлі цяжкія страты й фактычна былі зьнішчаны. Пасьля грамадзянскай вайны лінейныя палкі ў ЗША не ствараліся.
Да 1870 году ў шматлікіх нямецкіх дзяржавах усё яшчэ існавала лінейная пяхота. У Францыі пад уплывам аўтарытэту Напалеона з 366 пяхотных батальёнаў 300 звалася лінейнымі. Хоць яны не падвяргаліся паліцавай дысцыпліне, а ў 1866 атрымалі вінтоўкі Шаспа, тым ня менш, яны па-ранейшаму абараняліся ў лініях і атакавалі ў стуленых калёнах. Падчас Франка-прускай вайны лінейная пяхота масава гінула абапал ад агню вінтоўкаў (а ў французаў — і ад шрапнэлі нямецкае наразное артылерыі). З 1871 годзе ў Нямецкай імпэрыі войскаў пад назваю Linieninfanterie не стала.
Рост хуткастрэльнасьці вінтоўкаў і вынаходзтва ў 1883 году кулямёта Максім прывялі да таго, што стуленыя строі лінейнае пяхоты сталі трываць велізарныя страты й не даходзілі да дыстанцыі штыкавога бою. Гэта прывяло да поўнай адмовы ад лінейнай пяхоты на мяжы XIX—XX стагодзьдзяў.
Аднак ва ўзброеных сілах Вялікабрытаніі назва «лінейная пяхота» захавалася для пазначэньня неэлітных войскаў з простым узбраеньнем (у адрозьненьне ад ґвардыі, дэсантнікаў, марской пяхоты і т. д.). Брытанская лінейная пяхота характарызуецца меншым часам навучаньня ў параўнаньні зь іншымі брытанскімі пешымі часткамі:
- Лінейная пяхота: 24 ці 26 тыдняў
- Parachute Regiment: 28 тыдняў
- Royal Marine Commandos: 32 тыдняў
- RAF Regiment: 29 тыдняў.
Ад лінейнай пяхоты варта адрозьніваць так званыя лінейныя батальёны ў расейскім войску 1803—1917 гадоў — падразьдзяленьні, раскватараваныя па лініі мяжы імпэрыі, гэта значыць погранвойска,хоць з 1897 году іх дапоўніў корпус памежнай варты,больш прэстыжны і эфэктыўны.Тым ня менш, лінейныя батальёны былі асноваю расейскіх войскаў падчас заваёвы Туркістану.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Oskar Schlattmayer: Das moderne Militär und seine Ursprünge, Trient 1910
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Лінейная пяхота — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў