Перайсьці да зьместу

Беларускі архіў старажытных грамат

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
«Беларускі архіў старажытных грамат»
рас. Бълорусскій архивъ древнихъ грамотъ
Жанр: археаграфія
Аўтар: Іван Грыгаровіч
Мова арыгіналу: старабеларуская
Публікацыя: 1824
Асобнае выданьне: 1824
Выдавецтва: тыпаграфія С. Селіваноўскага
Колькасьць старонак: 162
Носьбіт: кніга
Электронная вэрсія

«Беларускі архіў старажытных грамат» — першы зборнік гістарычных дакумэнтаў беларускіх земляў, выдадзены 13 лютага 1824 году ў Маскве.

Улучаў 57 актаў пра палітычныя сувязі князёў і фэадалаў дзеля падтрымкі і ўмацаваньня праваслаўнай царквы ў Беларусі. Сярод іншага, зьмяшчаў дакумэнты пра разьвіцьцё беларускіх местаў і гандлю, утварэньне мескіх станаў і дзейнасьць царкоўных брацтваў. З архіўных сховішчаў Магілёва паходзіла 55 актаў. Астатнія 2 былі зАршанскага мужчынскага і Мсьціслаўскага Пустынскага манастыроў[1]. Папярэдне пратаярэй Іван Грыгаровіч сабраў рукапісы ў Магілёве і Мсьціславе, пасьля чаго падрыхтаваў зборнік у Гомлі. Выданьне ажыцьцявілі на сродкі графа Мікалая Румянцава. Зборнік падзялілі на 3 часткі, зь якіх выйшла першая. Беларускі дзяржаўны архіў-музэй літаратуры і мастацтва зьберагае рукапіс 2-й часткі зборніка[2]. Для 3-й часткі прызначаліся дакумэнты XVII стагодзьдзя. Кніга была наватарскай паводле зьместу, прадмета дасьледаваньня і крыніцазнаўчай дакладнасьці. Зборнік адкрыў перад тагачаснымі дасьледнікамі шматвяковую гісторыю Беларусі[3].

Сярод 57 дакумэнтаў 1463—1768 гадоў у 1-й частцы большасьць складалі прывілеі местам і праваслаўнай царкве. Гэтыя дакумэнты выдалі вялікія князі літоўскіяКазімер Ягайлавіч, Жыгімонт Стары, Жыгімонт Аўгуст, Сьцяпан Батура, Жыгімонт Ваза, Уладзіслаў Ваза, Ян Казімер, Міхал Вішнявецкі і Станіслаў Аўгуст Панятоўскі, амсьціслаўскія князі Іван Юр’евіч і Міхаіл Іванавіч, кіеўскі мітрапаліт Гедэон Сьвятаполк-Чацьвярцінскі, маскоўскія цары Аляксей Міхайлавіч і Пётар I, маскоўскія патрыярхі Нікан і Якім, а таксама курляндзкі герцаг Якаў і іншыя. Найбольш значнымі дакумэнтамі былі прывілеі: Сьцяпана Батуры Магілёву на магдэбурскае права 1578 году, Жыгімонта Вазы на заснаваньне Магілёўскага брацтва 1602 году і Станіслава Аўгуста Панятоўскага магілёўскаму япіскаму Георгію Каніскаму на заснаваньне Магілёўскай духоўнай вучэльні і друкарні 1768 году. У большасьці дакумэнты надрукавалі на старабеларускай мове арыгіналаў. Некаторыя дакумэнты забясьпечылі паралельнымі тэкстамі на лацінскай, польскай і расейскай мовах. Тэксты дакумэнтаў падалі з захаваньнем старажытных літараў, вынасной літары «и» і паеркі. Сярод ілюстрацыяў былі пячатка Магілёва, подпісы Жыгімонта Вазы, Льва Сапегі і патрыярха Нікана. Дакумэнты забясьпечылі археаграфічнымі камэнтарамі пра арыгінал дакумэнта, яго мову, пячаткі і месца захаваньня. Пры канцы кнігі зьмясьцілі заўвагі і папраўкі ў выглядзе гістарычных камэнтароў. Істотную частку зьмешчаных у зборніку дакумэнтаў страцілі і не перавыдавалі, таму выданьне захавала навуковую вартасьць[2].

У зборніку пераважалі прывілеі на вызваленьне ад падаткаў, на маёнткі і гандаль, мыты, устаўныя і магдбурскія граматы. Большасьць прававых актаў тычылася Магілёва, а рэшта — Мсьціслава, Полацка і Віцебска. Сярод іншага, прысутнічалі: Устаўная грамата Жыгімонта Аўгуста жыхарам Магілёва аб вольнасьцях, падатках і павіннасьцях 1561 году, прывілей магілёўскім мяшчанам і купцам на бязмытны гандаль у Масковіі 1618 году і на мясцовую юрысдыкцыю 1672 году. Асноўнымі прывілеямі царкве з боку вялікіх князёў былі: ад Аляксандра праваслаўнаму духавенству 1499 году, ад Жыгімонта Старога аб іх незалежнасьці ад сьвецкай улады 1511 году і падобны акт 1592 году. Прысутнічалі дакумэнты пра гаспадарча-прававыя паўнамоцтвы царквы і духавенства, падаткі і павіннасьці сялянства, а таксама ўладаньні шляхты. Дыпляматычных дачыненьняў тычыліся граматы маскоўскага цара Пятра І маршалку Падбярэскаму, вяльможам і шляхце Польшчы і Вялікага Княства Літоўскага (ВКЛ) аб саюзе з Рэччу Паспалітай 1709 году. Духоўнага жыцьця Беларусі тычыўся прывілей Сьцяпана Батуры праваслаўнаму насельніцтву ВКЛ на права карыстацца юліянскім календаром 1584 году. Сярод іншага, абнародавалася копія зацьверджанага вялікім князем літоўскім герба Магілёва з выявамі мескай брамы, рыцара і герба Пагоня[3].

Другая частка захавалася ў рукапісе, які выявіў савецкі прафэсар Аляксандар Аляксандравіч Праабражэнскі (1925—2002) ў зборы купца Генадзя Васільевіча Юдзіна ў Дзяржаўным архіве Краснаярскага краю. Дакумэнты 2-й часткі рыхтавалі прафэсар Віленскага ўнівэрсытэту Іван Лабойка, уніяцкі сьвятар Сасноўскі і дазорац вучэльняў Дарашкевіч на падставе архіваў Вільні, Магілёва, Полацкай уніяцкай кансысторыі, Румянцаўскай бібліятэка Каралеўца (Прусія) і Мэтрыкі Вялікага Княства Літоўскага ў Маскве. Рукапіс склалі з 66 дакумэнтаў 1252—1707 гадоў на мове арыгіналаў — старабеларускай, а таксама грэцкай, лацінскай, польскай і расейскай, часткова зь перакладам. Сярод найбольш значных матэрыялаў былі: агульназемскі прывілей вялікага князя Казімера 1447 году, дакумэнты да Берасьцейскага царкоўнага сабору 1596 году. Таксама зьмясьцілі радавод Амсьціслаўскіх князёў у выглядзе табліцы[3].

  1. ^ Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 13 лютага 2014. — № 27 (27637). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ а б «Беларускі архіў старажытных грамат» // Электронная энцыкляпэдыя «Вялікае Княства Літоўскае», 2010 г. Праверана 23 лютага 2022 г.
  3. ^ а б в Георгі Галенчанка. «Беларускі архіў старажытных грамат» // Энцыкляпэдыя гісторыі Беларусі ў 6 тамах / Міхась Біч. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 1993. — Т. 1: А—Беліца. — С. 424. — 494 с. — 20 000 ас. — ISBN 5-85700-074-2