Перайсьці да зьместу

Кіеўская мітраполія Ўкраінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 50°26′0″ пн. ш. 30°33′38″ у. д. / 50.43333° пн. ш. 30.56056° у. д. / 50.43333; 30.56056

Кіеўская мітраполія
укр. Київська митрополія
Абрэвіятура КМ
Дата ўтварэньня 988
Штаб-кватэра Кіева-Пячэрская лаўра
Месцазнаходжаньне Кіеў (Украіна)
Кіеўскі мітрапаліт Ануфры (Беразоўскі)
Кіраўнік адмін.апарату Віктар (Кацаба)
Загаднік Канцылярыі Ігар Базарынскі
Матчына кампанія Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату
Колькасьць супрацоўнікаў 381 сьвятар (2017 г.)
Сайт mitropolia.kiev.ua

Кіеўская мітраполія — мітраполія Ўкраінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату, заснаваная ў 988 годзе Канстатынопальскім патрыярхатам (Бізантыйская імпэрыя; цяпер Турэччына).

На 2017 год Кіеўская мітраполія налічвала 168 храмаў і 2 капліцы ў 15 дабрачыньнях Кіева: Абалонскае (12 храмаў), Галасееўскае (14 храмаў і 1 капліца), 1-е Дарніцкае (14 храмаў), 2-е Дарніцкае (12), Дзясьнянскае (10 храмаў і 1 капліца), Дняпроўскае (10 храмаў), Кладавішчанскае (11), 1-е Лякарневае (8), 2-е Лякарневае (8), Падольскае (12), Пячорскае (14), Саломенскае (12), Сьвятошынскае (13), 1-е Шаўчэнкаўскае (9) і 2-е Шаўчэнкаўскае (9)[1]. Таксама працавала 14 манастыроў, зь іх 10 мужчынскіх: Арханёла-Міхайлаўскі Зьвярынецкі, Дабравешчанскі, Дзесяцінны, Кіева-Пячэрская лаўра, Кітаеўская пустынь, Пакроўскі, Траецкія Ёнінскі і Кірылаўскі, Раства Багародзіцы, Увядзенскі[2]. У япархіі служыў 381 сьвятар: 186 пратаярэееў, 134 ярэі, 41 дыякан, 11 протадыяканаў і 9 архімандрытаў[3]. Таксама ў япархіі дзейнічалі Літургічная і Юбілейная камісіі і 13 аддзелаў: архітэктуры, будаўніцтва і помнікаў царкоўнай архітэктуры; аховы здароўя і пастырскай апекі мэдычных установаў; дабрачыннасьці і грамадзкага служэньня; духоўна-фізычнага выхаваньня моладзі; інфармацыйна-асьветніцкі; місіянэрскі; у справах моладзі; рэлігійнай асьветы і катэхізацыі; у справах сям’і; пастырскай апекі турэмнай сыстэмы; узаемінаў з Узброенымі сіламі і іншымі вайсковымі фармаваньнямі Ўкраіны; юрыдычны[4]. Вікарыямі Кіеўскай мітраполіі выступалі 3 мітрапаліты, 6 архіяпіскапаў і 8 япіскапаў[5].

У 988 годзе Канстантынопальскі патрыярхат (Бізантыйская імпэрыя; цяпер Турэччына) утварыў Кіеўскую мітраполію ў выніку хрышчэньня Кіеўскай Русі вялікім князем Уладзімерам Сьвятаславічам. У 1299 годзе кіеўскі мітрапаліт Максім перасяліўся ва Ўладзімер-на-Клязьме (цяпер Расея). У 1325 годзе яго наступнік Пятро Ратэнскі пераехаў у Маскву[6] (Вялікае Княства Маскоўскае). Пагатоў паводле 82-га правіла Картагенскага сабору 419 году (Заходняя Рымская імпэрыя; цяпер Туніс), «хай ня будзе дазволена ніякаму япіскапу пакідаць галоўнае места сваёй катэдры і адыходзіць да якойсьці царквы, што ў складзе яго япархіі»[7]. Тым часам у 1317 годзе ў Наваградку (Вялікае Княства Літоўскае; цяпер Беларусь) Канстантынопальскі патрыярхат заснаваў Літоўскую мітраполію. 15 сьнежня 1448 году Сабор япіскапаў Вялікага Княства Маскоўскага абраў маскоўскім мітрапалітам Ёну Аднавушава, якога канстантынопальскі патрыярх адмовіўся зацьвердзіць. У 1458 годзе Канстантынопальскі патрыярхат (Асманская імпэрыя) аднавіў Кіеўскую мітраполію (Вялікае Княства Літоўскае; цяпер Украіна) ў сувязі з утварэньнем адасобленай Маскоўскай мітраполіі (Вялікае Княства Маскоўскае)[6]. Маскоўскі сабор 1459 году ўтварыў «Маскоўскую царкву»[8], што Канстантынопальская праваслаўная царква (Асманская імпэрыя) палічыла за некананічны раскол (схізму). У 1589 годзе Канстантынопальскі патрыярхат прызнаў самастойнасьць (аўтакефалію) Маскоўскай царквы ў межах Маскоўскага царства.

Пасьля Берасьцейскай уніі 1596 году Кіеўскую мітраполію пад націскам на вышэйшае духавенства перападпарадкавалі рымскаму папу ў выглядзе Рускай уніяцкай царквы. У выніку адбыўся раскол праваслаўнай царквы ў Рэчы Паспалітай. У 1620 годзе ерусалімскі патрыярх Тэафан ІІІ на даручэньне канстантынопальскага патрыярха Цімафея II аднавіў Кіеўскую праваслаўную мітраполію і высьвяціў на мітрапаліта Ёва Барэцкага. У ліпені 1685 году кіеўскім мітрапалітам абралі Гедэона Сьвятаполк-Чацьвярцінскага (Гетманшчына), якога 8 лістапада высьвяціў маскоўскі патрыярх Ёакім за прысягу Маскоўскаму патрыярхату[6]. Пагатоў паводле 8-е правіла Эфэскага сабору 431 году (Бізантыйская імпэрыя; цяпер Турэччына) патрабуе, «каб ніхто з богаласкавых япіскапаў не распаўсюджваў сваю ўладу на чужую япархію, якая раней і спачатку не была пад яго рукой, або яго папярэднікаў»[9]. Таксама паводле 2-га правіла 1-га Канстантынопальскага сабору 381 году (Рымская імпэрыя), «Абласныя япіскапы хай не распаўсюджваюць сваёй улады на цэрквы за межамі сваёй вобласьці»[10].

У 1686 годзе маскоўскі цар Аляксей Міхайлавіч прапанаваў Асманскай імпэрыі дамову аб міры з умовай згоды новага канстантынопальскага патрыярха Дыянісія на перадачу Кіеўскай мітраполіі Маскоўскаму патрыярхату[11]. У траўні 1686 году патрыярх Дыянісі выдаў грамату аб перадачы Кіеўскай мітраполіі маскоўскаму патрыярху, за што атрымаў ад маскоўскага пасла Мікіты Аляксеева 400 залатых манэтаў і 120 сабаліных шкурак[12]. У 1687 годзе Канстантынопальскі сабор пазбавіў Дыянісія патрыяршага пасаду за хабарніцтва (грэцк. сыманію), празь якое той адмовіўся ад Кіеўскай мітраполіі на карысьць маскоўскага патрыярха[13]. З 1721 году Кіеўскую мітраполію падпарадкавалі Сьвяцейшаму ўрадаваму сыноду Расейскай імпэрыі, якое было ведамствам ураду.

21 кастрычніка 1921 году Ўсеўкраінскі царкоўны сабор абраў кіеўскім мітрапалітам Васіля (Ліпкоўскага). У межах Украінскай ССР мітрапаліт узначаліў Украінскую аўтакефальную праваслаўную царкву, якая спыніла існаваньне ў 1937 годзе ў выніку перасьледу з боку бальшавікоў. У 1941 годзе Кіеўская мітраполія аднавіла дзейнасьць у складзе Ўкраінскага экзархату Расейскай праваслаўнай царквы. У 1990 годзе ўвайшла ў склад Украінскай праваслаўнай царквы Маскоўскага патрыярхату[6].

  • Міхаіл (988—992)
  • Лявонці (992—1008)
  • Тэафілакт (1008—1018)
  • Ян I (1019—1035)
  • Феапемпт (1035—1049)
  • Кірыл I (1049—1051)
  • Іларыён (1051—1055)
  • Яфрэм І (1055—1061)
  • Георгі (1062—1073)
  • Ян II (1076—1089)
  • Ян III (1089—1091)
  • Яфрэм ІІ (1091—1097)
  • Мікалай (1097—1101)
  • Нікіфар I (1104—1121)
  • Мікіта (1122—1126)
  • Міхаіл II (1130—1145)
  • Клімент Смаляціч (1147—1156)
  • Кастанцін I (1156—1159)
  • Фёдар (1161—1163)
  • Ян IV (1164—1166)
  • Кастанцін II (1167—1169)
  • Міхаіл ІІІ (1171—1179)
  • Нікіфар II (1182—1198)
  • Мацьвей (1200—1220)
  • Кірыл II (1225—1236)
  • Восіп (1237—1240)
  • Пятро Акеравіч (1242—1246)
  • Кірыл III (1247—1281)
  • Максім (1285—1305)
  • Пятро Ратэнскі (1308—1326)
  • Феагност (1328—1353)
  • Аляксей (Бяконт) (1354—1378)
  • Міхаіл (Міцяй) (1378—1380)
  • Пімен (1382—1384)
  • Дыянісі (1384—1385)
  • Кіпрыян (1385—1406)
  • Фоці (1409—1431)
  • Герасім (1433—1435)
  • Ісідор (1437—1441)
  • Ёна Аднавушаў (1442—1458)
  • Рыгор II Баўгарын (1458—1473)
  • Місаіл Пструч (1474—1480)
  • Сьпірыдон (1480—1481)
  • Сімяон (1481—1488)
  • Ёна Глезна (1492—1494)
  • Макар І (1495—1497)
  • Восіп Баўгарын (1498—1501)
  • Ёна ІІ (1503—1507)
  • Язэп Солтан (1508—1521)
  • Восіп ІІІ Русін (1522—1533)
  • Макар ІІ Масквіцянін (1534—1555)
  • Сыльвэстар (Бялькевіч) (1556—1567)
  • Ёна ІІІ (Пратасевіч) (1568—1577)
  • Ільля (Куча) (1577—1579)
  • Анісідор (Дзевачка) (1579—1589)
  • Міхал Рагоза (1589—1599), з 1596 году ўніяцкі
  • Іпаці Пацей (1599—1613), уніяцкі
  • Язэп Руцкі (з 1613-га), уніяцкі
  • Ёў (Барэцкі) (1620—1631)
  • Ісая Капінскі (1631—1633)
  • Пятро Магіла (1633—1646)
  • Сыльвэстар Косаў (1647—1657)
  • Дыянісі (Балабан) (1658—1663)
  • Восіп (Нелюбовіч-Тукальскі) (1663—1676)
  • Антоні Віньніцкі (1676—1679)
  • Лазар (Барановіч) (1679—1685)
  • Гедэон (Чацьвярцінскі) (1685—1690)
  • Варлаам (Ясінскі) (1690—1707)
  • Ёасаф (Кракоўскі) (1708—1718)
  • Варлаам (Ванатовіч) (1722—1730), архіяпіскап
  • Рафаіл (Збароўскі) (1731—1747)
  • Цімафей (Шчарбацкі) (1748—1757)
  • Арсень (Магілянскі) (1757—1770)
  • Гаўрыла (Крамянецкі) (1770—1783)
  • Самуіл (Мсьціслаўскі) (1783—1796)
  • Ерафей (Маліцкі) (1796—1799)
  • Гаўрыла (Банулеску-Бадоні) (1799–1803)
  • Серапіён (Аляксандраўскі) (1803—1822)
  • Яўген (Балхавіцінаў) (1822—1837)
  • Філарэт (Амфітэатраў) (1837—1857)
  • Ісідор (Нікольскі) (1858—1860), архіяпіскап
  • Арсень (Масквін) (1860—1876), архіяпіскап
  • Філафей (Усьпенскі) (1876—1882)
  • Платон (Гарадзецкі) (1882—1891)
  • Янікі (Руднеў) (1891—1900)
  • Феагност (Лебедзеў) (1900—1903)
  • Флавіян (Гарадзецкі) (1903—1915)
  • Уладзімер (Богаяўленскі) (1915—1918)
  • Антоні (Храпавіцкі) (1918—1919)
  • Назар (Бліноў) (1919—1921), архіяпіскап
  • Васіль (Ліпкоўскі) (1921—1927)
  • Мікола (Барэцкі) (1927—1930)
  • Іван (Паўлоўскі) (1930—1936)
  • Канстанцін Дзьякаў (1937)
  • Аляксандар (Пятроўскі) (1937—1938)
  • Мікалай (Ярушэвіч (1941—1944)
  • Ян (Сакалоў) (1944—1964)
  • Ёасаф (Лялюхін) (1964—1966)
  • Філарэт (Дзенісенка) (1966—1992)
  • Уладзімер (Сабадан) (1992—2014)[14]
  • Ануфры (Беразоўскі) (з 2014-га)
  1. ^ Храмы (укр.) // Кіеўская мітраполія Ўкраінскай праваслаўнай царквы (МП), 2017 г. Праверана 3 сьнежня 2017 г.
  2. ^ Манастыры (укр.) // Кіеўская мітраполія Ўкраінскай праваслаўнай царквы (МП), 2017 г. Праверана 4 сьнежня 2017 г.
  3. ^ Япархія ў абліччах (укр.) // Кіеўская мітраполія Ўкраінскай праваслаўнай царквы (МП), 2017 г. Праверана 4 сьнежня 2017 г.
  4. ^ Епархіяльныя аддзелы (укр.) // Кіеўская мітраполія Ўкраінскай праваслаўнай царквы (МП), 2017 г. Праверана 4 сьнежня 2017 г.
  5. ^ Вікарыі (укр.) // Кіеўская мітраполія Ўкраінскай праваслаўнай царквы (МП), 2017 г. Праверана 4 сьнежня 2017 г.
  6. ^ а б в г Гісторыя Кіеўскай мітраполіі (укр.) // Сьвята-Ільлінская царква Кіеўскай мітраполіі УПЦ (МП), 2008 г. Праверана 4 сьнежня 2017 г.
  7. ^ Правілы Картагенскага сабору (рас.) // Бібліятэка Якава Кротава, 2017 г. Праверана 11 верасьня 2017 г.
  8. ^ Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни (рэпрынт: Буэнос-Айрес, 1966) — Минск: Белорусский экзархат Русской православной церкви, 1990. С. 116.
  9. ^ Правілы Эфэскага сабору 431 г. (рас.) // Бібліятэка Якава Кротава, 2017 г. Праверана 4 сьнежня 2017 г.
  10. ^ Правілы 2-га Сусьветнага сабору 381 году ў Канстантынопалі (рас.) // Праваслаўная энцыкляпэдыя «Сядміца», 2017 г. Праверана 4 сьнежня 2017 г.
  11. ^ Аляксандар Крамар. Патрыярхат-рэйдэр  (укр.) = Патріархат-рейдер // Украінскі тыдзень : часопіс. — 11 лютага 2011. — № 6 (171). — ISSN 1996-1561.
  12. ^ Павал Саладзько. Гісторыя і сучаснасьць украінскага праваслаўя (укр.) // Анлайн-выданьне «Гістарычная праўда» (Кіеў), 25 ліпеня 2013 г. Праверана 4 сьнежня 2017 г.
  13. ^ Мартос А. Беларусь в исторической государственной и церковной жизни (рэпрынт: Буэнос-Айрес, 1966). — Минск: Белорусский экзархат Русской православной церкви, 1990. С. 209.
  14. ^ Сьпіс Кіеўскіх мітрапалітаў (укр.) // Сьвята-Ільлінская царква Кіеўскай мітраполіі УПЦ (МП), 2008 г. Праверана 4 сьнежня 2017 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]