Іван Грыгаровіч
Іван Грыгаровіч | |
![]() | |
Дата нараджэньня | 26 жніўня (6 верасьня) 1792 |
---|---|
Месца нараджэньня | |
Дата сьмерці | 1852[1] |
Месца сьмерці | |
Месца пахаваньня | |
Месца вучобы | |
Занятак | археоляг, гісторык, археограф, праваслаўны сьвятар |
Навуковая сфэра | археалёгія, гістарыяграфія, археаграфія і гісторыя |
Дзеці | Мікалай Грыгаровіч[d] |
Іва́н Іва́навіч Грыгаро́віч (6 верасьня 1792, Прапойск — 13 лістапада 1852, Санкт-Пецярбург) — беларускі гісторык, археограф, сьвятар. Аўтар шматлікіх археаграфічных прац пераважна па гісторыі зямель сучаснай Беларусі.
Выдатна валодаў беларускай, польскай, расейскай, лацінскай і грэцкай мовамі, што і дазволіла яму свабодна працаваць з разнастайнымі рукапісамі ў шматлікіх архівах.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1819 годзе пры падтрымцы Мікалая Румянцава Грыгаровіч скончыў духоўную акадэмію ў Санкт-Пецярбургу. Пазьней быў прызначаны рэктарам павятовай прыходзкай вучэльні ў Гомлі. У 1829 годзе Грыгаровіч быў пераведзены на тую ж пасаду ў Віцебск, а ў наступным годзе яго перавялі ў Пецярбург. Там ён спачатку быў духоўнікам гвардзейскага Фінляндзкага палка, з 1837 — протаіерэям дварцовай царквы, а разам з тым сябрам і галоўным рэдактарам Археаграфічнай камісіі.[2][3][4][5]
Праца
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1824 годзе ў Маскве Грыгаровіч выдае за кошт М. Румянцава першую частку першага беларускага археаграфічнага зборніка «Беларускі архіў старажытных грамат». Ужо ў сярэдзіне XX стагодзьдзя быў знойдзены чыставы рукапіс другой часткі гэтага зборніка. На думку М. Улашчыка гэтая частка так і не была выдадзена па той прычыне, што рукапіс быў гатовы напрыканцы 1825 году, а ў 1826 памёр М. Румянцаў, на сродкі якога Грыгаровіч зьбіраўся друкаваць і гэтую частку. Надрукаваць яе на ўласныя сродкі Грыгаровіч, відаць, ня змог.
Рыхтаваць вышэйазначаны зборнік Грыгаровіч пачаў ужо з 1820 году — адразу па вяртаньні ў Гомель пасьля сканчэньня акадэміі. Большасьць матэрыялаў для яго ён сабраў у архівах Магілёва, значна менш у Воршы і Амсьціславе. Дакумэнтаў з Цэнтральнай і Заходняй Беларусі ў першай частцы зборніка няма зусім. Большая частка дакумэнтаў, зьмешчаных у першай частцы «Архіва», адносіцца да цэркваў і манастыроў, хаця ўсе яны сацыяльна-эканамічнага зьместу. У другой частцы зборніка ёсьць дакумэнты таксама па гісторыі Расеі, Літвы, Прыбалтыцы. Ёсьць у ёй булы папы Інакенція IV (1252—1253), граматы вялікіх князёў літоўскіх Ягайлы і Вітаўта (1398—1427), рукапісы двух беларускіх слоўнікаў, кароткія заўвагі адносна «Энеіды навыварат», «Рабункаў мужыкоў», вершаў Баршчэўскага, каштоўныя вопісы дакумэнтаў, якія ў 1820-х гадах знаходзіліся ў розных архівах Беларусі.
Пазьней Грыгаровіч быў рэдактарам зборніка «Исторические акты», выдадзенага ў 1841—1842 гг. у чатырох тамах. Асноўная ж праца, выдадзеная Грыгаровічам па беларускай гісторыі і археаграфіі — 5 тамоў зборніка «Акты, относящиеся к истории Западной России» (Пецярбург, 1846—1853 гг.), у каторых сабраныя ўнікальныя дакумэнты па гісторыі Беларусі, Жамойці і Ўкраіны XIV—XVII стагодзьдзяў.
З 1848 г. да самай сьмерці Іван Грыгаровіч рыхтаваў да выданьня свой твор "Словарь Западно-Русскаго нарѣчія" (у асабістых рукапісах Грыгаровіча гэты слоўнік названы таксама "Pantheon Vocabulorum" ("Храм словаў")), словы для якога пачаў зьбіраць яшчэ ў 1824 г. дзеля 2-га тома зборніка «Беларускі архіў старажытных грамат». На момант сьмерці сп. Грыгаровіча рэдакцыя пры Імператарскай акадэміі навук пасьпела надрукаваць 13 друкаваных аркушаў (А - Вводины), таксама надрукаваныя слоўныя матэрыялы на літары А і Б былі дасланыя пабочным аўтарам і дапаўненьні ад іх на літару А былі ўжо атрыманыя Акадэміяй. Агульная колькасьць слоўнікавых адзінак у Слоўніку (паводле папярэдніх падлікаў) мела складаць каля 51 597, што значна перавышае аб'ём у выдадзеным пазьней (1870) "Словаре Западно-Русскаго нарѣчія" Івана Насовіча (каля 35 000 слоўнікавых адзінак).[6]
Быў таксама аўтарам духоўнай літаратуры, напісаў «Исторические сведения о жизни Святого Митрофания» (Пецярбург, 1832 год).
Сямья
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У протагерэя Івана Грыгаровіча было чатыры сыны: Іван (1833), Мікалай (1935), Васіль (1839), Міхаіл (1846) і дачка Марыя (1830). Таксама было чацьвёра братоў: Васіль (архіяпіскап аланецкі Венедыкт, памёр 07 сьнежня 1850), Рыгор (памёр у маленстве), Мікалай (малодшы брат, вядома, што ў пачатку 1820-х навучаўся ў Пецярбурзе за кошт М. П. Румянцава), Міхаіл (1802—1846)[7].
- Сын — Іван Іванавіч Грыгаровіч (1833 - 1 красавіка 1904, Санкт-Пецярбург). Вучыўся ў Пецярбурскім ўнівэрсытэце (1856). Спэцыяліст у галіне найноўшай гісторыі, палітычнай гісторыі. Смольны інстытут (1862-1887). Інспэктар Пецярбурскага камэрцыйнага вучылішча (1894-1904)[8].
- Сын — Мікалай Івановіч Грыгаровіч (1835 – 1889). Вучыўся ў Галоўным пэдагагічным інстытуце ў Санкт-Пецярбурзе. Быў начальнікам архіва й бібліятэкі Сынода, шмат працаваў над выданьнем пастаноў Сынода, а таксама над «Апісаньнем архіва Сынода». [9]
Кнігапіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|
|
Фільмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- «З забвеньня й пылу. Іван Грыгаровіч». (рас.) Студыя Беларускі відэацэнтар — 2000 год. Рэжысэр — Вера Ганчарова (прафэсар Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, галоўны рэдактар Белвідэацэнтра).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Grigorovič, Ivan Ivanovič // Нацыянальная служба Чэскай рэспублікі
- ^ Некрологъ. Протоіерей І. І. Григоровичъ. // Журналъ Министерства народнаго просвещенія. : часопіс. — 1852, декабрь. — № Ч. 76, отд. 7. — С. 99—102 (675—678).
- ^ Галактионовъ А. И. Историческіе матеріалы. И. И. Григоровичъ. // Москвитянинъ : часопіс. — 1853. — Т. 5. — № 17. — С. 1—10 (333—342).
- ^ Григорович, Н. И. Очерки жизни протоіерея Іоанна Григоровіча. // Странник : духовный учено-литературный журналъ. — 1861 іюнь. — С. 303—338.
- ^ Григорович, Н. И. Переписка Протоіерея Іоанна Григоровіча съ Н. П. Румянцовымъ. // Чтенія въ императорскомъ обществѣ исторіи и древностей Россійскихъ при Московскомъ университетѣ : часопіс. — 1864 апрѣль—іюнь. — № 2. — С. 1—12.
- ^ Шулаеў, А. Слоўнік заходне-рускай (беларускай) мовы І. Грыгаровіча як гістарычная крыніца // БАШ. Вып. 25. - Мн.: 2024. - С. 200-206
- ^ Вольга Іванова 2007. С. 223.
- ^ Иван Иванович Григорович. Петербургская историческая школа (XVIII – начало XX вв.): информационный ресурс.
- ^ В. Шереметовский. Григорович, Николай Иванович // Русский биографический словарь : Неопубликованные материалы в 8 т. / Подгот. под наблюдением М. П. Лепехина. — Москва: Аспект Пресс, 1997. — Т. (7) Гоголь - Гюнэ. — С. 502, 503. — ISBN 5-7567-0064-1.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
|
|
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Акты исторические, собранные и изданные Археографической комиссией. - СПб., 1841-1872. Дзяржаўная публічная гістарычная бібліятэка ў Санкт-Пецярбургу.
- «Грыгаровіч Іван — вядомы беларускі гісторык, мовазнаўца й літаратуразнаўца»(недаступная спасылка) // Польскае радыё для замежжа