Беларуская партыя сацыялістаў-фэдэралістаў
Беларуская партыя сацыялістаў-фэдэралістаў | |
па-беларуску: Беларуская партыя сацыялістаў-федэралістаў | |
Дата заснаваньня | лета 1918 |
---|---|
Штаб-кватэра | Менск (1918) |
Саюзьнікі і блёкі | БПСР |
Ідэалёгія | сацыялізм, фэдэралізм |
Колькасьць | бл. 1000 чалавек (пач. 1919 году) |
Беларуская партыя сацыялістаў-фэдэралістаў, БПСФ — беларуская палітычная партыя, якая дзейнічала ў 1918 — сярэдзіне 1920-х гг.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Утварылася ўлетку 1918 г. на базе цэнтрысцкіх сілаў у БСГ. Кіроўны цэнтар БПСФ уключаў Язэпа Варонку, А. Цьвікевіча (пасьля далучыўся да БПСР), Кастуся Езавітава, Васіля Захарку (будучу старшыня Рады БНР), Антона Аўсяніка, Пётру Крачэўскага і Івана Сераду.
Такім парадкам, БПСФ мела шырокі ўплыў у Радзе БНР. Ейная фракцыя мела таксама назоў «фракцыя былых міністраў», паколькі многія чальцы раней (вясна 1918) былі чальцамі першага ўраду БНР. У складзе фракцыі быў і колішні старшыня Рады Серада (18 сакавіка — 14 траўня 1918).
Акурат таму 22 ліпеня 1918 Рада зацьвердзіла новы ўрад БНР на чале зь Серадом заміж праіснавалага некалькі тыдняў ураду Скірмунта. Новы кабінэт, займаючы цэнтрысцкія пазыцыі, безумоўна меў болей абсягу для манэўраў, але зрабіць анічога ня даў рады.
У лістападзе 1918 г., у варунках рэвалюцыі ў Нямеччыне і зьмены геапалітычнага становішча, Рада сфармавала новы ўрад на чале з эсдэкам А. Луцкевічам. У склад ягонага кабінэту ўвайшлі 3 эсэфы (Варонка, Захарка, Цьвікевіч).
У студзені 1919 г. у Вільні адбыўся зьезд партыі.
Увесну 1919 г. падтрымлівала некаторы час Пілсудзкага, улетку ўсьлед за эсэрамі стала ў апазыцыю да польскіх уладаў. З гэтага часу БПСФ патрапіла пад моцны ўплыў больш шматлікай і арганізаванай БПСР. Асабліва добра гэта выявілася ў часе сэсіі Рады БНР (лістапад-сьнежань 1919), на якім эсэры і эсэфы (50 з 87 чальцоў Рады) выказалі недавер палянафільскаму ўраду і Прэзыдыюму Рады. Гэта пацягнула за сабой раскол у Радзе БНР: эсэфы ўвайшлі ў эсэраўскую Народную раду БНР. Пётра Крычэўскі быў абраны на старшыню Рады, эсэфы ўвайшлі ў Прэзыдыюм і Раду народных міністраў. Зь цягам часу дзейнасьць партыі зусім заняпала, у 1921 г. яна была разгромлена ў БССР. Некаторы час яеныя групы дзейнічалі ў Заходняй Беларусі.
Праграмныя мэты
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Выступала за канфіскацыю зямлі ў буйных земляўласьнікаў, стварэньне на гэтым грунце «беларускага нацыянальнага зямельнага фонду», узрост прамысловай вытворчасьці і паступовую перадачу яе ў рукі народу. Партыя, працягваючы лінію БСГ, выступала за ўтварэньне ў пэрспэктыве сусьветнай фэдэрацыі народаў, дзе Беларусь мусіла стацца адной са складовых адзінак.