Палацава-паркавы комплекс Пуслоўскіх (Косаў)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік грамадзянскай архітэктуры
Палацава-паркавы комплекс Пуслоўскіх
Палац Пуслоўскіх
Палац Пуслоўскіх
Краіна Беларусь
Места Косаў
Каардынаты 52°45′55″ пн. ш. 25°07′18″ у. д. / 52.76528° пн. ш. 25.12167° у. д. / 52.76528; 25.12167Каардынаты: 52°45′55″ пн. ш. 25°07′18″ у. д. / 52.76528° пн. ш. 25.12167° у. д. / 52.76528; 25.12167
Архітэктурны стыль нэаготыка
Аўтар праекту Францішак Яшчальд
Заснавальнік Вандалін Пуслоўскі[d]
Дата заснаваньня 1838
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь[1]
Палацава-паркавы комплекс Пуслоўскіх на мапе Беларусі
Палацава-паркавы комплекс Пуслоўскіх
Палацава-паркавы комплекс Пуслоўскіх
Палацава-паркавы комплекс Пуслоўскіх
Палацава-паркавы комплекс Пуслоўскіх на Вікісховішчы

Палацава-паркавы комплекс Пуслоўскіх — помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва сярэдзіны ХІХ ст. у Косаве. Знаходзіцца на паўночна-заходняй ускраіне места, у былым фальварку Марачоўшчыне пад адрасам вуліца Тадэвуша Касьцюшкі, 108. Твор архітэктуры рэтраспэктыўна-гатычнага стылю. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палац Пуслоўскіх і сядзіба Касьцюшкаў. Н. Орда, 1875 г.

Да роду Пуслоўскіх Косаўскі маёнтак перайшоў у 1821 годзе, калі яго набыў Казімер Пуслоўскі. У 1838 годзе Вандалін Пуслоўскі збудаваў тут мураваны палац. Па здушэньні нацыянальна-вызвольнага паўстаньня (1863—1864) палац перайшоў у валоданьне князёў Трубяцкіх і Ольдэнбурскіх.

У Першую сусьветную вайну палац атрымаў значныя пашкоджаньні. Па вайне ўлады міжваеннай Польскай Рэспублікі аднавілі палац, які прыстасавалі дзеля патрэбаў адміністрацыі староства Косаўскага павету.

За часамі Другой сусьветнай вайны ў 1944 годзе палац спалілі савецкія партызаны. Доўгі час будынак стаяў закінутым і паступова разбураўся.

У 2000-я гады архітэктары дзяржаўнага прадпрыемства «Брэстрэстаўрацыяпраект» распрацавалі генэральны плян аднаўленьня палаца і сядзібы Тадэвуша Касьцюшкі, а таксама рэканструкцыі парку як адзінага палацава-паркавага ансамблю. У 2007 годзе ў палацы распачаліся рэстаўрацыйныя працы.

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Помнік архітэктуры рэтраспэктыўна-гатычнага стылю, адзін зь першых узораў гэтага стылю ў колішнім Вялікім Княстве Літоўскім. Аўтарам праекту стаў варшаўскі архітэктар Францішак Яшчалд, над афармленьнем унутраных інтэр’ераў працавалі архітэктар Уладзіслаў Марконі і дэкаратар Францішак Жмурка. На архітэктурны разьвязак палаца паўплывала яго сьвядомае будаваньне каля родавай сядзібы Тадэвуша Касьцюшкі.

Захоўвае характэрную для клясыцызму сымэтрыю з абсалютным дамінаваньнем цэнтральнага рызаліту. Франтальна выцягнуты будынак складаецца з цэнтральнага 2-павярховага корпуса і злучаных зь ім галерэямі, высунутых наперад бакавых павільёнаў. Цэнтральная ўзвышаная частка акцэнтуецца прыступкавым атыкам. З вуглоў цэнтральнага корпуса ўзвышаюцца гранёныя вежы рознай вышыні, вуглы бакавых крылаў умацоўваюцца вежападобнымі эскарпамі. Фасады рытмічна падзяляюцца сьпічастымі аркамі, аконнымі праёмамі, пэрспэктыўнымі нішамі, гранёнымі вежамі. Звонку мае суровае «абарончае» афармленьне, за што часам завецца «Косаўскім замкам».

Унутраны плян сымэтрычны. Інтэр’еры аздабляліся фрэскавымі росьпісамі і стукавым дэкорам. Меў 132 пакоі. У адным з крылаў знаходзіліся мастацкая галерэя і бібліятэка, якая зьмяшчала каля 10 тысячаў рэдкіх кніг. У іншым крыле месьціліся спальныя памяшканьні. У палацы было некалькі заляў, кожная зь іх мела ўласную назву і адмысловае прызначэньне. Існавалі Белая, Чорная, Ружовая, Сіняя, Срэбная, Залатая, Шкляная, Люстэркавая ды іншыя залі. Кожны пакой аздабляўся габэленамі, дыванамі, мармурам, дэкаратыўнымі камінамі і скульптурамі. На другім паверсе разьмяшчалася Парадная заля, сьцены якой аздабляліся размалёўкамі[2].

Парк[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палац атачаецца паркам, які ўлучае стары парк сядзібы Касьцюшкаў. Займае тры тэрасы шырынёй да 60 мэтраў зь перападам рэльефу да 4 мэтраў. Тут расьлі больш за 150 відаў экзотаў, а дзеля асабліва рэдкіх расьлінаў уладкавалі аранжарэю. За савецкім часам большасьць дрэваў зьнішчылі.

Парк маляўніча спускаецца да трох сажалак. У заходняй частцы парку разьмяшчаецца капліца, на заходнім баку тэрасаў — дапаможныя памяшканьні, якія складаюцца з кухні, бровару і стайні. Прастору паміж броварам і сажалкамі займалі фруктовы сад, аранжэрэя і дом садоўніка.

На тэрасах былі фантаны з шырокімі чашамі. У парку стаялі скульптуры.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б https://heritage.gov.by/catalog/palatc-puslouskikh
  2. ^ Архітэктура Беларусі. Энцыкл. — Менск, 1993.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  111Г000305