Іказьнь (вёска)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гэта састарэлая вэрсія гэтай старонкі, захаваная ўдзельнікам Kazimier Lachnovič (гутаркі | унёсак) у 22:13, 6 сакавіка 2012. Яна можа істотна адрозьнівацца ад цяперашняй вэрсіі.
Іказьнь
Панарама: леваруч возера Іказьнь, праваруч вежы касьцёла Божага Цела
Панарама: леваруч возера Іказьнь, праваруч вежы касьцёла Божага Цела
Вобласьць: Віцебская
Раён: Браслаўскі
Сельсавет: Цяцеркаўскі
Вышыня: 167 м н. у. м.
Тэлефонны код: +375 2153
Паштовы індэкс: 211971
Геаграфічныя каардынаты: 55°37′ пн. ш. 27°16′ у. д. / 55.617° пн. ш. 27.267° у. д. / 55.617; 27.267Каардынаты: 55°37′ пн. ш. 27°16′ у. д. / 55.617° пн. ш. 27.267° у. д. / 55.617; 27.267
Іказьнь на мапе Беларусі
Іказьнь
Іказьнь
Іказьнь
Галерэя здымкаў у Wikimedia Commons

Іказьнь — вёска ў Беларусі, на беразе возера Іказьнь. Уваходзіць у склад Цяцеркаўскага сельсавету Браслаўскага раёну Віцебскай вобласьці. Насельніцтва 305 чал. (2005). Знаходзіцца за 15 км на ўсход ад Браслала, за 31 км ад чыгуначнай станцыі Мёры, на аўтамабільнай дарозе Браслаў — Мёры.

Іказьнь — даўняе мястэчка гістарычнай Браслаўшчыны (частка Віленшчыны), у якім існаваў мураваны замак.

Назва

Варыянты назвы паселішча ў гістарычных крыніцах: Икажно, Кажня, Ыкажна, Иказно[1].

Гісторыя

Першы пісьмовы ўспамін пра Іказьнь датуецца 1499 годам, калі навакольныя землі набыў сакратар вялікай княгіні Алены Іван Сапега. 25 скавіка 1504 году вялікі князь Аляксандар дазволіў яму заснаваць у маёнтку замак, мястэчка і назваць апошняе «паводле свайго меркаваньня».

У пач. XVI ст. у Іказьні збудавалі царкву, якую неўзабаве пераабсталявалі на кальвінскі збор. У 1515 годзе мястэчка спалілі маскоўскія захопнікі, аднак Іказьненскі замак вытрымаў аблогу. У Інфлянцкю вайну ў 1561 годзе яны зноў спрабавалі здабыць замак. Польскі гісторык А. Гваньіні ў «Хроніцы Эўрапейскай Сарматыі» (2-я пал. XVI ст.) адзначаў, што «Іказьнь — замак мураваны і места драўлянае... ад Браслава за 2 мілі ляжыць».

6 чэрвеня 1593 году ўладальнік Іказьні Леў Сапега фундаваў тут касцёл Цела і Крыві Хрыста, пры якім адкрыліся школа і шпіталь. У 1627 Ян Сапега ўнёс фундуш для вуніяцкай царквы. Станам на 1628 год у мястэчку было 5 дамоў пры рынку і 80 вулічных; сярод насельнікаў 5 шаўцоў, 4 млынары, купец, кравец, рэзьнік.

У час Трынаццацігадовую вайну ў 1654 годзе Іказьненскі замак занялі маскоўскія, а ў 1655 годзе — швэдзкія войскі. Паводле падымнага рэестру 1690 году, у іказьненскіх уладаньнях ваяводы віленскага К. Я. Сапегі налічвалася 240 дымоў. У Вялікую Паўночную вайну Іказьнь моцна пацярпела ад ваенных дзеяньняў паміж прыхільнікамі Станіслава Ляшчынскага і Аўгуста Моцнага (страты ацэньваліся ў 50 тыс. флярынаў). Станам на 1781 у парафіяльнай школе было 14 вучняў, на 1782 — 12.

Замак, з мапы 1613

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Іказьнь апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, у Дзісенскім павеце Менскай, пазьней Віленскай губэрні. У 1800 годзе мясьціна перайшла ў валоданьне старосты браслаўскага I. Бужынскага, у гэты час тут было 50 двароў, касьцёл, царква, плябаніі каталіцкая і вуніяцкая, карчма, млын, папскі двор.

У 1919 годзе Іказьнь была адным з цэнтраў сялянскага паўстаньня на Дзісеншчыне супраць бальшавіцкай улады («мяцеж зялёных»). Згодна з Рыскай мірнай дамовай (1921) мястэчка апынулася ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Перабродзкай гміне Браслаўскага павету. Станам на 1931 годзе ў Іказьні было 96 двароў, пачатковая школа, млын, дзейнічаў гурток Беларускага Інстытуту гаспадаркі і культуры.

У 1939 годзе Іказьнь увайшла ў БССР, дзе у 1940 зрабілася цэнтрам сельсавету Браслаўскага раёну. Статус паселішча панізілі да вёскі. Станам на 1971 тут было 88 гаспадарак[2], на 1994 — 128 двароў[1].

Насельніцтва

Інфраструктура

У Іказьні працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, бібліятэка, дом культуры.

Турыстычная інфармацыя

Выдатныя мясьціны

  • Замчышча (пач. XVI ст.; руіны замка Яна Сапегі)
  • Касьцёл Божага Цела (1912)
  • Царква Сьвятога Мікалая (1905)

Страчаная спадчына

  • Касьцёл Божага Цела (1593)
  • Царква Сьвятога Мікалая (1500)

Галерэя

Крыніцы

  1. ^ а б Кастусь Шыдлоўскі. Іказнь // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 478.
  2. ^ Кастусь Шыдлоўскі. Іказнь // ЭГБ. — Мн.: 1996 Т. 3. С. 479.
  3. ^ Ikaźń // Słownik geograficzny Królestwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Tom III: Haag — Kępy. — Warszawa, 1882. S. 255.
  4. ^ Иказнь // Туристская энциклопедия Беларуси. — Мн., 2007.

Літаратура

Вонкавыя спасылкі

Іказьнь (вёска)сховішча мультымэдыйных матэрыялаў