Эндаэтнонім
Эндаэтнонім (ад грэц. έ̓νδον 'усярэдзіне, удома', грэц. έθνος 'этнас' і грэц. όνυμα 'імя, назва') або саманазва — варыянт этноніму, назва народа або этнічнай супольнасьці, якую прысвойваюць сабе выхадцы зь яе і якая часта адрозьніваецца ад той, якой яны называюцца ў навуковай літаратуры або ў навакольным асяродзьдзі (экзаэтнонім). Утвараецца і ўжываецца ў асяродзьдзі этнасу[1] і характарызуецца найбольшай гістарычнай устойлівасьцю і трываласьцю[2].
Да прыкладу, этнас, што мае эндаэтнонім «дойч», па-беларуску называецца «немцы», па-італьянску — «тэдэско», па-сербску — «швабы»[2]; афіцыйная назва фінаў — эндаэтнонім суомалайсэт, вугорцаў — эндаэтнонім мадярок[1].
Эндаэтнонімы з моваў асобных народаў часам перакладаюцца як «чалавек», «людзі», «сапраўдныя людзі» — такія назвы, як «айны», «ніўхі», «эскімосы», «чукчы», «мансі» ды іншыя. Таксама этнонімы «мардва», «марыйцы» і «удмурты» улучаюць корань «м-р», што ў мове гэтых народаў азначае «чалавек». Гэтая асаблівасьць эндаэтнонімаў адлюстроўвае такую спэцыфічную асаблівасьць этнічнай самасьвядомасьці, як этнацэнтрызм, у прыватнасьці, уяўленьне пра тое, што іншыя народы «ня людзі». Яна ўзьнікла ў выніку нібыта браку ў іх вэрбальнасьці, то бок мовы, бо звычайна яе не разумелі суседзі[3].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Етнічність: енциклопедичний довідник / В. Б. Євтух; Нац. пед. ун-т імені М. П. Драгоманова, Центр етноглобалістики. — К., 2012. С. 98—99.
- ^ а б Лобач У. Этнаграфія Беларусі: Вучэбна-метадычны комплекс для студ. спец. 1-21 03 01 «Гісторыя», 1-02 01 02 «Гісторыя. Замежная мова». — Наваполацк, 2006. С. 22.
- ^ Этнология (этнография): учеб. для акад. бакалавриата / под ред. В. А. Козьмина, В. С. Бузина. — М., 2015. С. 97.