Марыя Складоўская-Кюры
Мары́я Складо́ўская-Кюры́ (па-француску: Marie Curie, па-польску: Marie Skłodowska-Curie; 7 лістапада 1867, Варшава, Царства Польскае — 4 ліпеня 1934, Пасі, Францыя) — выбітная вучоная, фізык і хімік, дасьледчыца радыяактыўнасьці, двойчы ляўрэат Нобэлеўскай прэміі. Яна была першай жанчынай-прафэсарам ва ўнівэрсытэце ў Парыжы, а ў 1995 годзе стала першай жанчынай, пахаванай у Пантэоне ў Парыжы[10].
Складоўская-Кюры стала першай жанчынай, якая атрымала Нобэлеўскую прэмію, і зьяўляецца адзінай жанчынай на сёньняшні дзень, якая атрымала гэтую ўзнагароду ў дзьвюх галінах.
Ейныя дасягненьні ўключаюць тэорыю радыяактыўнасьці, мэтады вылучэньня радыяактыўных ізатопаў, а таксама адкрыцьцё двух элемэнтаў, палён і рад. Пад ейным кіраўніцтвам былі праведзены першыя дасьледаваньні ў сьвеце ў галіне лячэньня раку з выкарыстаньнем радыяактыўных ізатопаў. Яна заснавала Інстытут Кюры ў Парыжы й Варшаве, якія застаюцца найбуйнымі цэнтрамі мэдычных дасьледаваньняў сёньня.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Марыя Складоўская-Кюры нарадзілася ў шматдзетнай настаўніцкай сям’і ў Варшаве, у тагачасным Царстве Польскім. Бацька быў выпускніком Пецярбурскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам фізыкі і матэматыкі. Маці таксама атрымала добрую адукацыю, кіравала школай для дзяўчынак[11]. Марыя пачала сваю навукова-практычную падрыхтоўку ў Варшаве. У 1891 годзе ва ўзросьце 24 гадоў яна ўсьлед за сваёй старэйшай сястрой Браніславай зьязджае ў Парыж, дзе становіцца студэнткай факультэту прыродазнаўства Сарбоны. У выніку напружанай працы праз тры гады яна атрымлівае два дыплёмы ліцэнзіяту — па фізыцы і па матэматыцы. На працягу вучобы ва ўнівэрсытэце Марыя знаёміцца зь П’ерам Кюры, кіраўніком навуковай лябараторыі ў Школе фізыкі ды хіміі пры Сарбоне. У 1895 годзе адбываецца іх вясельле, і Марыя пачынае працаваць у лябараторыі П’ера. 12 верасьня 1897 году нарадзілася іх першае дзіця — дачка Ірэн.
У 1897 годзе Марыя Кюры пачынае вывучаць зьяву радыяактыўнасьці, якую ўпершыню выявіў у 1896 годзе Антуан Анры Бэкерэль. Яна вызначае, што крыніцай радыяактыўнасьці ў дасьледаваных злучэньнях зьяўляюцца атамы ўрану і тору. У ходзе экспэрымэнтаў выяўляецца, што некаторыя мінэралы з вокісам урану маюць значна большую радыяактыўнасьць, чым сам уран. Марыя Кюры высоўвае гіпотэзу, што прычынай гэтага ёсьць прысутнасьць у злучэньнях дагэтуль невядомага навуцы высокарадыяактыўнага рэчыва. У гэты час да дасьледаваньня далучаецца і П’ер Кюры. Здагадка знаходзіць пацьвярджэньне: далейшая праца прыводзіць да вылучэньня ў 1898 годзе двух новых элемэнтаў — палёна (названы ў гонар радзімы Марыі Польшчы) і рада. Нягледзячы на цяжкае матэрыяльнае становішча, П’ер і Марыя вырашаюць не патэнтаваць тэхналёгію здабыцьця раду, а пакінуць яе адкрытай для навуковай грамадзкасьці.
1903 год становіцца для сям’і Кюры годам прызнаньня іхных навуковых дасягненьняў. 25 ліпеня Марыя абараняе доктарскую дысэртацыю. У лістападзе Лёнданскае каралеўскае таварыства прысуджае ім адну з найвышэйшых узнагародаў — мэдаль Дэві. А 10 сьнежня П’ер і Марыя Кюры разам з Анры Бэкерэлем становяцца ляўрэатамі Нобэлеўскай прэміі па фізыцы. Такім чынам, Марыя Кюры стала першай жанчынай, якая атрымала Нобэля.
З гэтага часу П’ер і Марыя Кюры становяцца сусьветна вядомымі вучонымі. Яны працягваюць працу над вывучэньнем уласьцівасьцей раду і спосабаў яго прамысловай вытворчасьці. У Сарбоне адкрываецца катэдра фізыкі, загадчыкам якой робіцца П’ер Кюры. Марыя працягвае выкладаньне ў Вышэйшай нармальнай школе для дзяўчын у Сэўры. Да таго ж, 6 сьнежня 1904 году ў іх нараджаецца другая дачка — Эва. Але 19 красавіка 1904 году ў выніку нешчасьлівага выпадку П’ер Кюры памірае.
Пасьля нечаканай сьмерці мужа Марыя Кюры становіцца на чале заснаванай для яго катэдры фізыкі і атрымоўвае ступень прафэсара Сарбоны. Яна працягвае дасьледваньні, выкладае ў Сарбоне і ў Сэўры. Распрацоўвае першы і на той час адзіны ў сьвеце курс лекцыяў па радыяактыўнасьці, рэдактуе і выдае «Працы П’ера Кюры», выдзяляе эталён раду. З 1909 году яна ўзначальвае лябараторыю радыяактыўнасьці ў новаадчыненым Інстытуце раду. У 1911 годзе Марыя Кюры зноў становіцца ляўрэтам Нобэлеўскай прэміі, гэтым разам па хіміі, — першы ў гісторыі выпадак, калі адзін чалавек двойчы атрымаў гэтую ўзнагароду. У час сусьветнай вайны яна стварае «радыялягічную службу», арганізоўвае курсы падрыхтоўкі сясьцер-радыёлягаў, абсталёўвае 220 мабільных рэнтгенаўскіх установак. Пасьля вайны яна актыўна ўдзельнічае ў грамадзкім жыцьці, уваходзіць у склад шэрагу міжнародных арганізацыяў, стварае Інстытут раду на сваёй радзіме — у Варшаве.
Гады працы з радыяктыўнымі рэчывамі не прайшлі бясьсьледна для вучонай. Яшчэ ў маладосьці яна атрымала апёкі кісьцей рук. Да гэтага часу лябараторныя сшыткі П’ера і Марыі Кюры захоўваюць высокі ўзровень радыяктыўнасьці. А 4 ліпеня 1934 году Марыя Складоўская-Кюры памерла ад невядомай тады яшчэ хваробы — леўкеміі. Праз год выйшла апошняя кніга, якую яна пасьпела скончыць перад сьмерцю — фундамэнтальная праца «Радыяактыўнасьць».
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г Рожанский И. Д. Склодовская-Кюри Мария // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1976. — Т. 23 : Сафлор — Соан. — С. 512.
- ^ а б в Кругасьвет (рас.) — 2000.
- ^ а б в г Marie Curie // Encyclopædia Britannica (анг.)
- ^ http://www.aip.org/history/curie/scandal1.htm
- ^ а б в NNDB (анг.) — 2002.
- ^ а б в г https://www.leopoldina.org/fileadmin/redaktion/Mitglieder/CV_Curie-Sklodowska_Marie_D.pdf
- ^ http://www.nytimes.com/1995/04/21/world/marie-curie-enshrined-in-pantheon.html
- ^ а б Venkatraman V. Curie’s intellectual offspring The Elements of Marie Curie: How the Glow of Radium Lit a Path for Women in Science Dava Sobel Atlantic Monthly Press, 2024. 336 pp. (анг.) // Science / H. Thorp — Northern America: AAAS, 2024. — Vol. 386, Iss. 6719. — P. 278—278. — ISSN 0036-8075; 1095-9203 — doi:10.1126/SCIENCE.ADR2515
- ^ а б Каталёг Нямецкай нацыянальнай бібліятэкі (ням.)
- ^ Marie Curie Enshrined in Pantheon (анг.). The New York Times (21 красавіка 1995). Праверана 4 лістапада 2014 г.
- ^ Голин Г. М. Клясыкі фізычнай навукі: Кароткія творчыя партрэты = Классики физической науки: Краткие творческие портреты. — Мн.: Выш. школа, 1981. — С. 93.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ева Кюри Марыя Кюры = Мария Кюри / Перевод с французского Е.Ф.Корша под ред. проф. В.В.Алпатова. — Атомиздат, 1967. — 352 с.
- Выйсьці з-за ценю. Унёсак жанчын у фізыку 20 стагодзьдзя = Out of the Shadows. Contributions of Twentieth-Century Women to Physics / Editors N. Byers, G. Williams. — 2006. — ISBN 9780521821971
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Science in Poland - Maria Sklodowska-Curie (анг.) staff.amu.edu.pl — Дэталёвая біяграфія. Праверана 4 лістапада 2014 г.
- Marie Curie Fellows Association "Researchers without frontiers" (анг.) — Таварыства імя Марыі Складоўскай-Кюры. Праверана 4 лістапада 2014 г.
|