Перайсьці да зьместу

Артуры Ільмары Віртанэн

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Артуры Ільмары Віртанэн
Artturi Ilmari Virtanen
Дата нараджэньня 15 студзеня 1895(1895-01-15)[1][2][3][…]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 11 лістапада 1973(1973-11-11)[1][2][3][…] (78 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы Хэльсынскі ўнівэрсытэт
Занятак хімік, біяхімік, прафэсар унівэрсытэту, вынаходнік
Навуковая сфэра біяхімія
Месца працы «Валіё», Фінскі тэхналягічны інстытут
Вядомы як Стваральнік АІВ-мэтаду вырабу і захоўваньня кармоў
Сябра ў Швэдзкая каралеўская акадэмія навук, Швэдзкая каралеўская акадэмія інжынэрных навук[d], Папская акадэмія навук[d][6], Нямецкая акадэмія навук Леапальдына[d], Баварская акадэмія навук[d] і Нацыянальная акадэмія навук ЗША
Дзеці Kalle Virtanen[d]
Узнагароды Нобэлеўская прэмія — хімія
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Віртанэн (неадназначнасьць).

Нобэлеўская прэмія Артуры Ільмары Віртанэн (па-фінску: Artturi Ilmari Virtanen; IPA: Аўдыё [ɑrt ː uri ilmɑri ʋirtɑnen] ; 15 студзеня 1895, Хэльсынкі — 11 лістапада 1973, там жа) — фінскі біяхімік, ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па хіміі, найвядомейшы фінскі хімік XX стагодзьдзя.

Артуры Ільмары Віртанэн нарадзіўся ў Хэльсынках у сям’і Серафімы (Ізотала) і Каарла Віртанэнаў. Скончыўшы клясычны ліцэй у Вііпуры (цяпер Выбарг у Расеі), паступіў у Хэльсынскі ўнівэрсытэт, дзе вывучаў хімію, біялёгію і фізыку. У 1916 року атрымаў ступень магістра прыродазнаўчых навук. Цягам наступнага року Віртанэн працаваў у Цэнтральнай прамысловай лябараторыі ў Хэльсінках, а пасьля вярнуўся ва ўнівэрсытэт дзеля падрыхтоўкі доктарскай дысэртацыі, якую абараніў у 1919 р.

Віртанэн працягнуў асьпірантуру ў галіне фізычнае хіміі ў Цюріху (1920) і бактэрыялёгіі — у Стакгольме (1921). Пачынаючы з 1919 року ён таксама працаваў хімікам у лябараторыі фінскай каапэратыўнай сыраварнай асацыяцыі «Валіё», а ў 1921 р. стаў ейным дырэктарам. Да 1923 р. інтарэсы навукоўца засяродзіліся на біяхіміі, і 1923—1924 рокі ён прысьвяціў вывучэньню энзымалёгіі ў Ганса фон Эйлер-Хэльпіна ў Стакгольмскім унівэрсытэце.

У 1931 Віртанэн быў прызначаны дырэктарам біяхімічнага навукова-досьледнага інстытуту ў Хэльсынках і адначасна стаў прафэсарам біяхіміі Фінскага тэхналягічнага інстытуту. Пасьля атрыманьня Нобэлеўскай прэміі Віртанэн актыўна працягваў навукова-досьледную дзейнасьць. Займаючы адказную пасаду дырэктара біяхімічнага навукова-досьледнага інстытуту, ён у 1948 року стаў адначасна прэзыдэнтам Дзяржаўнай акадэміі навук і мастацтваў Фінляндыі.

Навуковая дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Цягам пэўнага часу лябараторыя асацыяцыі «Валіё» працавала над стварэньнем дасканалейшых спосабаў вырошчваньня кармоў для скаціны, асабліва расьлінаў, што зьвязваюць азот. Азотныя злучэньні маюць вырашальнае значэньне для ўсіх жывых арганізмаў. Галоўнай крыніцаю азоту служыць атмасфэра, аднак атмасфэрны азот ня можа быць выкарыстаны большасьцю расьлінаў і ніякімі жывёламі, калі не ўваходзіць у злучэньні, здатныя засвойвацца арганізмам. У лік расьлінаў, якія могуць зьвязваць азот або ўтвараць такія злучэньні з выкарыстаньнем азоту непасрэдна з атмасфэры, уваходзяць шматлікія прадстаўнікі сямейства бабовых, такія, як гарох, канюшына і соя. Гэтыя расьліны маюць здольнасьць у працэсе гніцьця зноў напаўняць азотам выпусташаны ґрунт. У іх таксама ў значнай колькасьці прадстаўленыя азотазьмяшчальныя пажыўныя рэчывы, асабліва амінакісьлі (зь якіх будуюцца бялкі), таму яны ёсьць цудоўнымі кармамі для малочных кароў ды іншых свойскіх жывёл. Усьвядоміўшы вартасьць падобных расьлінаў, Віртанэн у 1925 р. прыступіў да вывучэньня біяхімічных працэсаў, якія ў іх адбываюцца. У пералік пытаньняў, што патрабавалі адказу, увайшлі пытаньні пра прыроду, месцазнаходжаньне і дзейнасьць бактэрыяў, якія, як лічылі, адыгрываюць пэўную ролю ў фіксацыі азоту.

Віртанэн ведаў, што калі зь зялёных кармоў, такіх, як канюшына і травы, нарыхтоўваюць сілас, яны катастрафічна хутка пазбаўляюцца азоту з-за прыроднага раскладаньня бактэрыяў, і гэтыя страты зьніжаюць пажыўную вартасьць кармоў на 25—50 адсоткаў. Адпаведна страчвае свае пажыўныя якасьці малако ад дойных кароў (асабліва вітаміны А і B12), якіх узімку гадавалі гэтымі кармамі. Зьніжэньне якасьці зімовага малака і масла было агульнавядомым. Вывучыўшы больш раньнія работы, у якіх ішла размова пра хімічныя аспэкты пагаршэньня якасьці сіласу і спосабы яе зьбераганьня, Віртанэн выявіў, што ў іх адсутнічае выразная, абгрунтаваная тэарэтычная база. Больш за тое, не былі належным чынам вызначаныя і пажыўныя характарыстыкі кармоў.

Экспэрымэнтальным шляхам Віртанэн давёў, што пагаршэньне якасьці сіласу можа быць у значнай меры запаволенае або зусім прыпыненае, калі дадаць у корм саляную і серную кісьлі. Больш за тое, шляхам зьмены кісьлевасьці сіласу навуковец здолеў паставіць пад кантроль хімічныя рэакцыі, якія вялі да руйнаваньня ў кармах бялкоў і вітамінаў. У вынікі праведзеных досьледаў былі вызначаныя максымальны, мінімальны і аптымальны ўзроўні кісьлевасьці пры апрацоўцы сіласу. Біяпсія тканін кароў, якіх гадавалі апрацаваным такім чынам сіласам, паказала, што такое харчаваньне скаціны не выклікала ніякіх шкодных наступстваў, малако ж выходзіла больш высокай якасьці, выгадна адрозьніваючыся ня толькі сваімі спажыўнымі ўласьцівасьцямі, але і на смак. Гэты мэтад, названы АІВ-мэтадам паводле ініцыялаў навукоўца, было ўпершыню прымененае ў шматлікіх эўрапейскіх краінах і — у крыху зьмененым выглядзе — у ЗША.

Працягваючы дасьледаваць фіксацыю азоту ў расьлінах, ён выявіў, што чырвоны пігмэнт легемаглабін падобны да гемаглабіну крыві і грае істотную ролю ў ператварэньні азоту, што зьдзяйсьняецца ў карнявых наростах. У 40-я рокі ў ягонай лябараторыі ва ўнівэрсытэце Хэльсынкаў праводзілася праца па вывучэньні біяхіміі складанейшых расьлінаў, якая прывяла да атрыманьня шматлікіх амінакісьляў і ўдакладненьню іх хімічнай структуры.

У 1958 року Віртанэн прыступіў да вывучэньня мажлівасьцяў атрыманьня малака ад кароў, што ўтрымліваюцца на небялковай дыеце. Абапіраючыся на зьвесткі, атрыманыя пры вывучэньні бактэрыяў, што зьвязваюць азот, навуковец дапусьціў, што страўная сыстэма каровы цалкам здатная сынтэзаваць выяўленыя ў малацэ амінакісьлі з азотных злучэньняў, якія зьмяшчаюцца ў мачавіне і солях амонію, а не з багатых бялкамі кармоў. Гэтая гіпотэза была экспэрымэнтальна пацьверджаная ў 1961 р.

  1. ^ а б Artturi Ilmari Virtanen // Encyclopædia Britannica (анг.)
  2. ^ а б Artturi Ilmari Virtanen // Энцыкляпэдыя Бракгаўза (ням.)
  3. ^ а б Artturi Ilmari Virtanen // Gran Enciclopèdia Catalana (кат.)Grup Enciclopèdia, 1968.
  4. ^ а б Deutsche Nationalbibliothek Record #117435627 // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
  5. ^ https://www.helsinginseurakunnat.fi/material/attachments/hautausmaat/hietaniemi/w8GZkM0y7/Hietaniemen_merkittavia_vainajia.pdf
  6. ^ www.pas.va (анг.)
  • Лауреаты Нобелевской премии: Энциклопедия. Пер. с англ. — М.: Прогресс, 1992.