Перайсьці да зьместу

Вільгельм Оствальд

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вільгельм Оствальд
па-нямецку: Wilhelm Friedrich Ostwald
Дата нараджэньня 2 верасьня 1853(1853-09-02)[1][2][3][…]
Месца нараджэньня
Дата сьмерці 4 красавіка 1932(1932-04-04)[4][2][3][…] (78 гадоў)
Месца сьмерці
Месца пахаваньня
Месца вучобы
Занятак хімік, эспэрантыст, вынаходнік, прафэсар унівэрсытэту, ідыст, пісьменьнік, фізык, філёзаф, настаўнік
Навуковая сфэра фізычная хімія
Месца працы
Сябра ў Пруская акадэмія навук[d], Саксонская акадэмія навук[d], Швэдзкая каралеўская акадэмія навук, Акадэмія навук СССР[d], Пецярбурская акадэмія навук[d], Вугорская акадэмія навук, Амэрыканская акадэмія мастацтваў і навук[d], Расейская акадэмія навук, Нямецкая акадэмія навук Леапальдына[d], Нідэрляндзкая каралеўская акадэмія навук[d], Нацыянальная акадэмія навук ЗША, Турынская акадэмія навук[d][5] і Korporatsioon Fraternitas Rigensis[d]
Навуковая ступень доктарская ступень[d][8]
Навуковы кіраўнік Карл Шміт[d][9] і Артур фон Ётынген[d][9]
Бацька Готфрыд Оствальд[d]
Маці Лізавета Оствальд[d]
Дзеці Вольфганг Оствальд[d] і Вальтэр Оствальд[d]
Узнагароды

Фры́дрых Вільгельм О́ствальд (па-нямецку: Аўдыё Friedrich Wilhelm Ostwald ; 2 верасьня [ст. ст. 21 жніўня] 1853, Рыга, Ліфляндзкая губэрня, Расейская імпэрыя — 4 красавіка 1932, Гросботэн, Нямеччына) — балтанямецкі хімік і філёзаф. Адзін з заснавальнікаў фізычнай хіміі (нароўні зь Якабам Гэндрыкам вант Гофам, Вальтэрам Германам Нэрнстам і Свантэ Аўгустам Арэніюсам[10]). Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па хіміі 1909 року за навуковы ўнёсак у прынцыпы каталізу, хімічнай раўнавагі і хуткасьці рэакцыяў[11].

Паводле нацыянальнасьці — балтыйскі немец. Нарадзіўся ў сям’і бондара Готфрыда Вільгельма Оствальда і Лізаветы Лёйкель. Меў старэйшага і малодшага братоў.

У 1872—1875 роках навучаўся ў Дэрпцкім унівэрсытэце. Пачаў працаваць у тамтэйшай лябараторыі Карла Шміта і працягваў навучаньне на фізычным факультэце, дзе ў 1877 року атрымаў магістарскае званьне. Праз год абараніў доктарскую дысэртацыю пад кіраўніцтвам Карла Шміта і стаў ягоным памочнікам.

У 1881 стаў прафэсарам хіміі Рыскага політэхнічага інстытуту. У 1887 стаў прафэсарам фізычнай хіміі Ляйпцыскага ўнівэрсытэту, дзе працаваў да сыходу на пэнсію (1906). Падрыхтаваў будучых нобэлеўскіх ляўрэатаў Свантэ Аўгуста Арэніюса, Якаба Гэндрыка вант Гофа, Вальтэра Германа Нэрнста, а таксама такіх вядомых фізыкахімікаў, як Артур Амас Ноес, Ўіліс Родні Ўітні і Кікунаэ Ікеда.

У 1901 да Оствальда ў лябараторыю спрабаваў уладкавацца Альбэрт Айнштайн. Тады Вільгельм Оствальд ня ўзяў яго на працу, але пазьней яны мелі прыяцельскія стасункі, і Оствальд вылучаў Айнштайна на атрыманьне Нобэлю ў 1910 і 1913 роках[12].

Пасьля сыходу на пэнсію пасяліўся ў маёнтку пад Гросботэнам, дзе і пражыў да скону. Памёр у ляйпцыскім шпіталі, пахаваны ў гросботэнскім маёнтку.

Навуковая дзейнасьць

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вільгельм Оствальд вынайшаў працэс таннага вырабу азотавай кісьлі шляхам атляненьня аміяку, які атрымаў ягонае імя. Зладзіў грунтоўнае дасьледаваньне тэорыі разьвядзеньня і сфармуляваў закон разьвядзеньня, таксама названы ў ягоны гонар. Досьледным шляхам давёў, што канцэнтрацыя кісьляў або лугаў у рошчыне пэўных хімічных рэагентаў можа значна ўплываць на хуткасьць рэакцыі. Увёў у хімічны лексыкон панятак молю як масы рэчыва.

У 1887 заснаваў і да 1922 рэдагаваў рэцэнзаваны навуковы часопіс Zeitschrift für Physikalische Chemie па фізычнай хіміі. У 1889 заснаваў часопіс Klassiker der exakten Wissenschaften, у 1902 — Annalen der Naturphilosophie, у 1927 — Die Farbe. Заснавальнік Нямецкага электрахімічнага таварыства (1894). Адзін з заснавальнікаў і фундатараў (на грошы ад Нобэлеўскай прэміі) мюнхэнскага інстытуту «Мост» (па-нямецку: Die Brücke). Заснавальнік (1911) і першы прэзыдэнт Асацыяцыі хімічных таварыстваў.

За сваю кар’еру апублікаваў больш за 500 навуковых працаў і каля 45 кнігаў[13]. Пасьля адыходу ад навуковых дасьледаваньняў апублікаваў некалькі працаў па тэорыі колераў. Вывучаў эспэранта, іда, стваральнік уласнай «сусьветнай нямецкай» мовы.

Прэміі і ўзнагароды

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Нобэлеўскі сэртыфікат Вільгельма Оствальда

Абраны замежным сябрам Нідэрляндзкай каралеўскай акадэміі мастацтваў і навук (1904), міжнародным ганаровым сябрам Амэрыканскай акадэміі мастацтваў і навук (1905), міжнародным сябрам Нацыянальнай акадэміі навук ЗША (1906[14][15]), міжнародным сябрам Амэрыканскага філязофскага таварыства (1912[16]).

Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі па хіміі 1909 року за ўнёсак у разуменьне каталізу і за вывучэньне фундамэнтальных прынцыпаў хімічнай раўнавагі і хуткасьці рэакцыяў. Узнагароджаны мэдалём Вільгельма Экснэра за ўплыў навуковых дасьледаваньняў на эканоміку[17].

У Грыме на месцы дачы Вільгельма Оствальда адкрыты ягоны парк і музэй. Ягоным імем названы кратэр на адваротным баку Месяца[18].

24 красавіка 1880 Вільгельм Оствальд ажаніўся з Геленай фон Рэйгер (1854—1946), зь якой мелі пяцёх дзяцей. Адзін зь іх, Карл Вільгельм Вольфганг (1883—1943), стаў навукоўцам у галіне калёіднай хіміі.

  1. ^ Wilhelm Ostwald // Biografisch Portaal — 2009.
  2. ^ а б Schummer J. Wilhelm Ostwald // Encyclopædia Britannica (анг.)
  3. ^ а б Friedrich Wilhelm Ostwald // KNAW Past Members (анг.)
  4. ^ а б Оствальд Вильгельм Фридрих // Большая советская энциклопедия (рас.): [в 30 т.] / под ред. А. М. Прохорова — 3-е изд. — Москва: Советская энциклопедия, 1974. — Т. 18 : Никко — Отолиты. — С. 580.
  5. ^ а б www.accademiadellescienze.it (італ.)
  6. ^ https://wilhelm-ostwald-park.de/en/biografie
  7. ^ Find a Grave (анг.) — 1996.
  8. ^ Deutsche Nationalbibliothek Record #11859057X // Gemeinsame Normdatei (ням.) — 2012—2016.
  9. ^ а б Матэматычная генеалогія (анг.) — 1997.
  10. ^ Svante August Arrhenius. Science History Institute (June 2016).
  11. ^ Wilhelm Ostwald Biographical. Nobel Media AB.
  12. ^ Wilhelm Ostwald – Nominations. The Nobel Foundation.
  13. ^ Wilhelm Ostwald
  14. ^ Wilhelm Ostwald (анг.)
  15. ^ Wilhelm Ostwald
  16. ^ APS Member History
  17. ^ Wilhelm Ostwald. Österreichischer Gewerbeverein.
  18. ^ Ostwald. International Astronomical Union.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]