Перайсьці да зьместу

Кашталян

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кашталян. Акварэль К. Русецкага

Кашталян (лац. castellum — «замак») — службовая асоба ў Вялікім Княстве Літоўскім і Каралеўстве Польскім.

Пасада кашталяна зьявілася ў XIII стагодзьдзі ў Каралеўстве Польскім. Сьпярша загадваў замкам, войскам у ім ды меў пэўныя судовыя функцыі (на Мазоўшчыне спрабавалі зьмяніць назву на «грададзержца», але беспасьпяхова). На пачатку XIV стагодзьдзя страціў практычную ўладу на карысьць новаўведзеных гарадзкіх старостаў. На нейкі час захаваў судзейства, але разглядаў толькі забойствы, калі ня быў знойдзены забойца. У 1454 годзе страціў і гэтае права.

Пасада, аднак, засталася, а ў выніку павелічэньня гарадоў павялічвалася і колькасьць гарадзкіх кашталянаў.

У Вялікім Княстве Літоўскім пасада была ўведзеная ў 1413 годзе ў Вільні і Троках, а з 1506 году — у іншых літоўскіх ваяводзкіх гарадах. У Інфлянтах на працягу 15981677 гадоў былі: кашталян вэндэнскі, кашталян дорпацкі, кашталян парнаўскі. У 1677 годзе замест іх застаўся адзін — кашталян інфлянцкі.

Уваходзіў у Раду ВКЛ, з 1569 году — у Сэнат Рэчы Паспалітай. Паводле рангу галоўным у Сэнаце лічыўся кашталян кракаўскі, пасьля яго ішлі ваяводы ды роўня ім кашталян віленскі ды кашталян троцкі. Далей падзяляліся на большых — крэславых (правінцыяльных) і меншых — дражковых (павятовых). Першыя праводзілі паседжаньні ў Сэнаце вышэй, на крэслах, другія — ніжэй і на простых лавах. Гэты падзел быў ліквідаваны ў 1775 годзе, калі ўсіх кашталянаў прыраўнялі.

Кашталян ня меў акрэсьленых функцыяў, у службовай герархіі займаў месца пасьля ваяводы (акрамя кашталяна кракаўскага).

У адсутнасьць ваяводы на Літве кашталян склікаў соймік галаўнога павету ваяводзтва і старшынаваў на ім. Пры скліканьні паспалітага рушэньня зьбіраў шляхту з галоўнага павету (у Польшчы — з павету, ці ваколіц гораду) і перадаваў яе пад кіраўніцтва ваяводы[1].

Кашталян ня мог спалучаць пасады ваяводы, вялікага маршалка, канцлера і падскарбія, а таксама гарадзкога старосты ці бурграфа на сваёй тэрыторыі. Затое мог, як і ваявода, стаць гетманам.

  1. ^ Уладзіслаў Вяроўкін-Шэлюта. Кашталян // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 79.