Ваўкавыскае ўзвышша
Ваўкавы́скае ўзвы́шша — узвышша на захадзе Беларусі, частка Паўднёва-Заходняга адгалінаваньня Беларускай грады.
Займае Ваўкавыскі раён, частку Бераставіцкага, Зэльвенскага, Сьвіслацкага раёнаў Гарадзенскай вобласьці. На поўначы ўзвышша мяжуе зь Нёманскай нізінай, на ўсходзе і захадзе — са Слонімскім і Гарадзенскім узвышшамі, на поўдні — з раўнінай на водападзеле рэчак Нараў і Ясельда. 3 захаду на ўсход працягнулася на 70 км, з поўначы на поўдзень — на 65 км, плошча 3,2 тыс. км².
Узвышша штварылі адклады ледавікоў чатырох зьледзяненьняў, сфармавалася ў час менскай стадыі сожаўскага зьледзяненьня. Найвышэйшы пункт 242 м над узроўнем мора. Пераважае ўзгорыста-ўвалісты рэльеф. Паверхня ўзвышша падзяляецца рачнымі далінамі, лагчынамі, западзінамі. Адносныя перавышэньні на ўзвышшы 8—10, радзей 20—25 м. Паўсюдна трапляюцца валуны. Карысныя выкапні: цэмэнтавыя і легкаплаўкія гліны, пяскова-жвіровы матэрыял, крэйда.
Па ўзвышшы цякуць рэкі басэйну Нёману — прытокі Сьвіслачы, Рось з прытокамі, Зэльвянка.
Пад ворывам 50%, пад лесам 15% узвышша. Пераважаюць хваёвыя з прымешкай елкі, дуба, граба, ялова-грабавыя і ясянёва-крапіўныя лясы, дубровы. Па далінах рэчак моцна зарослыя вербалозам лугі.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Ваўкавыскае ўзвышша // Геаграфія Беларусі: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Л. В. Казлоўская і інш. — Мн., 1992. — С.52.
- Волковысская возвышенность // Туристская энциклопедия Беларуси / редкол. Г. П. Пашков [и др.]; под общ. ред. И. И. Пирожника. — Мн., 2007. — 648 с. ISBN 978-985-11-0384-9.