Перайсьці да зьместу

Алена Макоўская

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Алена Макоўская

лац. Alena Makoŭskaja
Дата нараджэньня 1 ліпеня 1970(1970-07-01) (54 гады)
Месца нараджэньня
Грамадзянства Беларусь
Месца вучобы Менскі дзяржаўны пэдагагічны інстытут замежных моваў (1992)
Прафэсія перакладніца, праўніца
Гады дзейнасьці з 1992-га
Вядомая як заснавальніца кампаніі «Будзьма беларусамі!» (2008) і фэсту рэклямы «Аднак» (2010)
Пасада 4-я кіраўніца Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
Тэрмін зь 19 ліпеня 2009 году
Папярэднік Алесь Марачкін
Бацька Павал Яфімавіч
Маці Ларыса Германаўна
Дзеці сын[1]
Узнагароды
Мэдаль да стагодзьдзя БНР
Мэдаль да стагодзьдзя БНР
(2019)
Вікіпэдыя мае артыкулы пра іншых асобаў з прозьвішчам Макоўская.

Але́на Па́ўлаўна Мако́ўская[2] (1970, Кобрын, Берасьцейская вобласьць, цяпер Беларусь) — грамадзкая дзяячка Беларусі.

4-я кіраўніца Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» (зь 19 ліпеня 2009 году) і яго старшыня (2001—2009). Заснавальніца кампаніі «Будзьма беларусамі!» (2008) і фэсту рэклямы «Аднак» (2010). Ляўрэатка Мэдаля да стагодзьдзя БНР (2019).

Нарадзілася ў сям’і намесьніка кіраўніка Кобрынскага кансэрвавага заводу і дзіцячай бібліятэкаркі. Маці была родам з Украіны. У 1987 годзе скончыла ў Кобрыне сярэднюю школу № 6 з ангельскамоўным ухілам і паступіла ў Менскі дзяржаўны пэдагагічны інстытут замежных моваў. У 1992 годзе па сканчэньні Інстытуту замежных моваў па абвестцы ў газэце працаўладкавалася сакратаркай-рэфэрэнткай у Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». У 1994 годзе перайшла працаваць на прадпрыемства ЗБС «Бацькаўшчына», дзе сумесна з прадпрымальнікамі беларускай дыяспары прадавала за мяжу драўніну і харчаваньне. Адначасна скончыла Акадэмію кіраваньня пры Савеце міністраў Рэспублікі Беларусь у галіне права. У 1997 годзе стала загадніцай юрыдычнага аддзелу грамадзкага аб’яднаньня «Міжнародны дабрачынны фонд імя крыжа Эўфрасіньні Полацкай». У 1999 годзе стала выканаўчай кіраўніцай ЗБС «Бацькаўшчына»[3].

У 2001 годзе 3-і Зьезд беларусаў сьвету абраў яе старшынёй Рады ЗБС «Бацькаўшчына»[4]. 1 кастрычніка 2008 году ў якасьці каардынатаркі прадставіла агульнабеларускую кампанію «Будзьма!» ў менскай кавярні «Добрыя мысьлі». Залучыла да гэтай кампаніі Саюз беларускіх пісьменьнікаў, Таварыства беларускай мовы, «Беларускую музычную альтэрнатыву», часопіс «Партызан» і «Эўрарадыё». На прэзэнтацыі патлумачыла: «Мы хочам, каб усе ўсьвядомілі, што беларуская культура — гэта сучасна, модна і пэрспэктыўна. Што сёньня нашымі літаратарамі і мастакамі ствараюцца творы, якія вартыя таго, каб пра іх ведалі ня толькі ў Беларусі, але і па-за яе межамі». У той запрацавала вэб-бачына budzma.org[5]. За 1-ы год кампанія «Будзьма беларусамі!» прыцягнула 11 установаў да 947 мерапрыемстваў[3].

19 ліпеня 2009 году 5-ы Зьезд беларусаў сьвету абраў яе кіраўніцай Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»[6]. 14 красавіка 2010 году паведаміла пра зьмяненьне падыходаў кампаніі «Будзьма беларусамі!»: «На што мы будзем рабіць акцэнт у нашай працы ў гэтым годзе — актыўная супраца з трэндсэтэрамі і лідэрамі субкультураў. Арыентацыя — на праекты, якія маюць патэнцыял стаць папулярнымі сярод шырокага кола грамадзкасьці. Гэта адкрытасьць і публічнасьць мерапрыемстваў кампаніі „Будзьма!“. Дзейнасьць „Будзьма!“ карысна для краіны і грамадзтва. Таму — пабудова канструктыўных стасункаў зь дзяржаўнымі ўстановамі ёсьць для нас прыярытэтам. Мы разьлічваем на партнэрскія стасункі і з Мінкультам, і з Мінадукацыі, і з Мінспорту. І вельмі важнай будзе супраца з прэсай»[7]. 7 ліпеня 2010 году на чале «Будзьмы!» выступіла суарганізатаркай 1-га фэстывалю беларускамоўнай рэклямы «Аднак»[8]. 28 верасьня 2010 году паведаміла пра стварэньне каардынацыйнай Рады ў справах беларусаў замежжа пры Міністэрстве культуры Беларусі пасьля ўдзелу міністра Паўла Латушкі ў Зьезьдзе ЗБС «Бацькаўшчына». У плян дзейнасьці Рады ўлучылі адкрыцьцё і дапамогу беларускім клясам у замежжы, ладжаньне курсаў для настаўнікаў і дапамогу беларускай дыяспары ў правядзеньні культурных мерапрыемстваў. Таксама Макоўская прапанавала стварыць у Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі аддзел беларускай дыяспары для вывучэньня яе найперш у Расеі, дзе яна была найменш дасьледаванай[9].

15 сьнежня 2011 году ў менскай кавярні «Лофт» прадставіла музычную складанку «Будзьма! Тузін. Перазагрузка-2», якая ўлучала 12 перапетых па-беларуску папулярных песьняў. У складанку ўвайшлі песьні такіх гуртоў і выканаўцаў, як «Воплі Відоплясова», Алег Джагер, «Мумій Троль», «Дрымгейл», «5дыез», Макс Лорэнс, Марыя Тарасевіч, Аляксандар Рыбак, «Сэнсавыя галюцынацыі», Лявон Гурвіч, «Здоб сі Здуб» і Алёна Сьвірыдава. Пераклад ажыцьцявілі Алесь Камоцкі, Сяргей Балахонаў, Глеб Лабадзенка, Уладзімер Лянкевіч і Андрэй Хадановіч[10]. 20 траўня 2013 году Макоўская абвясьціла пра пачатак нізкі «Культура паляпшае жыцьцё» з 4-х відэаролікаў і 40 штотыднёвых інтэрвію, якія стварала кампанія «Будзьма»[11]. 22 ліпеня 2013 году прадставіла мабільную праграму «Родная азбука» для пляншэтаў «айПэд» зь інтэрактыўнай анімацыяй і агучкай ад актораў Купалаўскага тэатру Ганны Хітрык і Паўла Харланчука. На прэзэнтацыі адзначыла: «Пытаньне адукацыі на роднай мове стаіць у Беларусі востра, але яшчэ вастрэйшае яно для сем’яў беларускіх эмігрантаў. Цяпер жыхары мэтраполіі і дыяспараў атрымалі добры дапаможнік для навучання сваіх дзетак, зьмест якога адпавядае памкненням бацькоў, а форма — патрэбам дзяцей». Музыку для праграмы напісаў выканаў сьпявак гурту «Палац» Алег Хаменка, а вершы склаў Кастусь Севярынец[12].

24 ліпеня 2013 году 6-ы Зьезд ЗБС «Бацькаўшчына» на яе прапанову ўхваліў зварот да ўраду Беларусі пра стварэньне праграмы «Беларусы замежжа» на 2013—2017 гады. У сувязі са скарачэньнем ліку беларускамоўных у беларускай дыяспары зь 2009 году на 15% Макоўская заявіла: «Мы ня можам супрацьстаяць працоўнай міграцыі. Мы жывём у час глябалізацыі, але можам агульнымі высілкамі дзяржавы і грамадзкасьці супрацьстаяць асіміляцыі, разьвіваць і падтрымліваць нацыянальную культуру, зрабіць так, каб беларуская мова заняла належнае месца ва ўсіх сфэрах жыцьця»[13]. 1 кастрычніка 2013 году паведаміла, што вынікам 5-гадовай кампаніі «Будзьма беларусамі!» стала правядзеньне ў больш як 800 паселішчах звыш 9000 мерапрыемстваў, у тым ліку 4000 такіх імпрэзаў, як вандроўкі, канцэрты, кірмашы, лекцыі, літаратурныя сустрэчы і ток-шоў. Да кампаніі далучылася звыш 20 установаў, у тым ліку Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры і музычны партал «Тузін гітоў»[14]. У сьнежні 2014 году падпісала супольны Зварот аб неабходнасьці захаваньня беларускасьці Эўрапейскага гуманітранага ўнівэрсытэту ў Вільні (Летува). У звароце да Эўрапейскага парлямэнту і Эўрапейскай камісіі, а таксама да Паўночнай рады і Агенцтва міжнароднага разьвіцьця ЗША зьвярталася ўвага на адсутнасьць у Адборачнай камісіі па выбары рэктара ЭГУ прадстаўнікоў выкладчыкаў і студэнцтва[15]. 3 красавіка 2015 году на прэзэнтацыі 3-х кніг пра беларускую дыяспару ў Літаратурным музэі Максіма Багдановіча згадала: «гэта людзі, якія ў розныя часы запачаткоўвалі культурніцкія цэнтры, будавалі бібліятэкі, стваралі музэі, друкавалі кнігі, выдавалі газэты. Шмат нашых суайчыньнікаў сталі вядомымі ў іншых краінах сьвету. Вялікая роля менавіта заходняй эміграцыі ў тым што яна захоўвала культуру, літаратуру і традыцыі, у той час калі тут быў Савецкі Саюз. Гэтыя людзі першыя віталі незалежнасьць Беларусі, яны першыя працягнулі руку, калі ў нас здарыўся Чарнобыль. І сёньня вельмі важна захаваць эмігранцкую спадчыну, перадаць яе нашчадкам»[16]. 13 сьнежня 2016 году сустрэлася зь міністрам замежных справаў Беларусі Ўладзімерам Макеем, зь якім абмеркавала «магчымасьць атрымоўваньня бясплатных візаў, палёгкі пры рэгістрацыі, калі беларусы ўязджаюць у саму краіну». Таксама Макоўская адзначыла: «у 2014 годзе быў прыняты Закон „Аб беларусах замежжа“, і „Бацькаўшчына“ зрабіла вельмі шмат, каб гэты закон быў прыняты. У адпаведнасьці з гэтым законам менавіта МЗС зьяўляецца той установай, якая каардынуе ад імя дзяржавы стасункі зь беларусамі замежжа»[17].

18 чэрвеня 2018 году падпісала супольны Адрыты ліст да прэзыдэнтаў Аўстрыі, Ізраілю, Нямеччыны і Польшчы, якія мелі прыехаць 29 чэрвеня на адкрыцьцё мэмарыялу Трасьцянец. У Лісьце зьмяшчаўся заклік: «уключыць Курапаты ў праграму візытаў у Беларусь. Мы просім Вас ускласьці кветкі на магілы безыменных ахвяраў камуністычнага тэрору»[18]. 11 чэрвеня 2019 году стала 1-й прадстаўніцай Беларусі, якую Агульны сход Эўрапейскай пісьменьніцкай рады абраў у склад Управы. Заняла гэтую пасаду ў якасьці сяброўкі Сакратарыяту Саюзу беларускіх пісьменьнікаў[19]. 22 лістапада 2019 году ўдзельнічала ў беларускай маніфэстацыі ў Вільні з нагоды перапахаваньня Кастуся Каліноўскага[20]. За 1999—2019 гады зладзіла большасьць канцэртаў гурта «Стары Ольса» ў замежжы і здабыла грошы на запіс і выпуск 4-х студыйных альбомаў гурта[21]. 28 жніўня 2020 году падпісала супольную Заяву з заклікам «Спыніць гвалт і беззаконьне ў нашай краіне» ў сувязі зь сілавым здушэньнем мірнага пратэсту супраць фальсіфікацыі выніку прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня[22].

29 жніўня 2019 году намесьнік старшыні Рады БНР Мікола Пачкаеў уручыў Макоўскай Мэдаль да стагодзьдзя БНР[23].

  1. ^ Алена Макоўская // Кампанія «Будзьма беларусамі!», 2021 г. Праверана 11 сакавіка 2021 г.
  2. ^ Макоўская Алена Паўлаўна // Партал «Профіль Беларусі», 2021 г. Праверана 11 сакавіка 2021 г.
  3. ^ а б Аляксандар Тамковіч. Алена Макоўская // Новы час : газэта. — 4 сьнежня 2009. — № 45 (173). — С. 4. — ISSN 2218-2244.
  4. ^ Зьміцер Панкавец. Алена Макоўская: Гэта заканамерна, што нас пачулі ўлады // Газэта «Наша ніва», 19 ліпеня 2009 г. Праверана 11 сакавіка 2021 г.
  5. ^ У Беларусі стартавала агульнабеларуская кампанія «Будзьма!» // «Эўрарадыё», 1 кастрычніа 2008 г. Праверана 11 сакавіка 2021 г.
  6. ^ Новы кіраўнік «Бацькаўшчыны» Алена Макоўская: Маё абраньне я ўспрымаю крэдытам вялікага даверу да мяне і буду імкнуцца яго апраўдаць // БелаПАН, 20 ліпеня 2009 г. Праверана 11 сакавіка 2021 г.
  7. ^ У імкненьні стаць больш масавай «Будзьма!» ўзяла курс на пашырэньне // «Эўрарадыё», 14 красавіка 2010 г. Праверана 11 сакавіка 2021 г.
  8. ^ Зьміцер Лукашук. «Будзьма!» запусьціла рух беларускамоўнай рэклямы // «Эўрарадыё», 8 ліпеня 2010 г. Праверана 11 сакавіка 2021 г.
  9. ^ Сяргей Макарэвіч. Макоўская: Дзяржава ідзе насустрач дыяспары // Газэта «Наша ніва», 28 верасьня 2010 г. Праверана 11 сакавіка 2021 г.
  10. ^ Надзея Гацак. У Менску прэзэнтавалі другі альбом з цыклю «Будзьма! Тузін. Перазагрузка» // БелаПАН, 16 сьнежня 2011 г. Праверана 11 сакавіка 2021 г.
  11. ^ «Будзьма!» прэзэнтуе канцэпт «Культура паляпшае жыцьцё» // Газэта «Новы час», 20 траўня 2013 г. Праверана 11 сакавіка 2021 г.
  12. ^ Першая беларуская азбука для IOS ужо ў сеціве // Газэта «Новы час», 22 ліпеня 2013 г. Праверана 11 сакавіка 2021 г.
  13. ^ Дыяна Серадзюк. Калі сьціраюцца межы // Зьвязда : газэта. — 26 ліпеня 2013. — № 137 (27502). — С. 6. — ISSN 1990-763x.
  14. ^ Алесь Плотка. 4000 імпрэзаў у падтрымку беларушчыны // Газэта «Новы час», 1 кастрычніка 2013 г. Праверана 11 сакавіка 2021 г.
  15. ^ Апошні шанец ЭГУ пацьвердзіць свой эўрапейскі выбар // Газэта «Новы час», 23 студзеня 2015 г. Праверана 11 сакавіка 2021 г.
  16. ^ Аляксандра Дорская. Новыя кнігі пра эміграцыію // Кампанія «Будзьма беларусамі!», 3 красавіка 2015 г. Праверана 11 сакавіка 2021 г.
  17. ^ Стас Дадэрка. Макей сустрэўся з прадстаўнікамі «Бацькаўшчыны» // Радыё «Рацыя», 13 сьнежня 2016 г. Праверана 11 сакавіка 2021 г.
  18. ^ Адкрыты ліст да прэзыдэнтаў Германіі, Польшчы, Аўстрыі, Ізраіля // Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 18 чэрвеня 2018 г. Праверана 11 сакавіка 2021 г.
  19. ^ Стас Дадэрка. Алена Макоўская абраная ва ўправу Эўрапейскай пісьменьніцкай рады // Радыё «Рацыя», 11 чэрвеня 2019 г. Праверана 11 сакавіка 2021 г.
  20. ^ Надзея Бужан. Такой масавай беларускай маніфестацыі Вільня яшчэ ня бачыла // Партал «Наша ніва», 22 лістапада 2019 г. Праверана 11 сакавіка 2021 г.
  21. ^ 20 гадоў прыгодаў «Старога Ольсы» // Газэта «Новы час», 9 сьнежня 2019 г. Праверана 11 сакавіка 2021 г.
  22. ^ Спыніць гвалт і беззаконьне ў нашай краіне // Газэта «Новы час», 28 жніўня 2020 г. Праверана 11 сакавіка 2021 г.
  23. ^ Дыяна Пінчук. «Раней узнагароджвала толькі дзяржава, а цяпер — краіна» // Газэта «Новы час», 30 жніўня 2019 г. Праверана 11 сакавіка 2021 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]