Перайсьці да зьместу

Яўстах Тышкевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Яўстах Тышкевіч
лац. Jaŭstach Tyškievič
Яўстах Тышкевіч
Яўстах Тышкевіч

Герб Ляліва
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 18 красавіка 1814(1814-04-18) або 6 красавіка 1814(1814-04-06)[1][2]
Памёр 25 жніўня 1873(1873-08-25) (59 гадоў) або 27 жніўня 1873(1873-08-27)[2] (59 гадоў)
Пахаваны
Род Тышкевічы
Бацькі Піюс Тышкевіч
Аўгуста з Плятэраў
Дзейнасьць археоляг, гісторык, земляўласьнік, калекцыянэр, этнограф
Подпіс Выява аўтографу

Яўстах Тышкевіч (18 красавіка 1814, Лагойск — 8 верасьня 1873) — беларускі археоляг, гісторык, этнограф, краязнаўца, музэязнаўца; адзін з заснавальнікаў беларускай навуковай археалёгіі[3]. Ганаровы чалец Пецярбурскай акадэміі навук, чалец Дацкага таварыства аматараў паўночных старажытнасьцяў, Стакгольмскай Каралеўскай акадэміі выяўленчага мастацтва і старажытнасьцяў, Лёнданскага археалягічнага інстытуту.

Я. Тышкевіч, 1825 г.

З лагойскай лініі роду Тышкевічаў, сын Піюса (1756—1858) і Аўгусты з Плятэраў, малодшы брат Канстантына. Граф на Лагойску і Бярдычаве.

Бацька Яўстаха поруч з эканамічнымі клопатамі пра графства шмат рабіў дзеля памнажэньня культурнай спадчыны радавога Лагойску: пісаў сямейную хроніку, папоўніў мастацкую галерэю і бібліятэку, граў на скрыпцы і флейце, арганізоўваў камэрныя й сольныя канцэрты, быў выдатным разьбярам па дрэве і адмысловым інкрустатарам, дапамагаў сваім сынам Яўстаху і Кастусю ў іх навуковых пошуках. Паводле сьведчаньня сучасьнікаў, у тагачаснай Лагойскай галерэі было больш за 200 карцін італьянскага жывапісу, вялікі збор этрускіх вазаў, больш за 1000 мэдалёў і манэтаў, мноства старадаўніх рукапісаў і мапаў, старажытныя крыжы, кальчугі, шчыты, мячы, дзіды, бердышы, калекцыя льняных вырабаў Лагойскай фабрыкі. Удзячнасьцю і прызнаньнем яго заслуг у навуцы было абраньне ў 1856 годзе П. Тышкевіча ў 42-гадовым веку ганаровым чальцом Віленскай археалягічнай камісіі (выпадак унікальны). Расповеды бацькі былі першай школай гістарычнага выхаваньня сыноў.

Юнацтва. Пачатак кар’еры й навуковае дзейнасьці

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Я. Тышкевіч. У. Штраўс, 1858 г.

З 1824 году навучаўся ў Віленскай гімназіі пад апекай прафэсараў унівэрсытэту Я. Вашкевіча й К. Асмалоўскага. Перапыніўшы тут навучаньне, у 1831 годзе скончыў Менскую гімназію. Потым амаль 2 гады вучыўся самастойна, «дабіраючы» веды ў пецярбурскіх бібліятэках.

З 1833 году служыў у Ордэнскім капітуле канцылярыі віленскага, потым кракаўскага генэрал-губэрнатара. У 1835—1840 гадох на службе ў губэрнскіх управах Вільні, Харкава і Менску. З 1840 году ганаровы апякун школаў, а з 1844 году маршалак шляхты Барысаўскага павету[4], на свае сродкі збудаваў у Барысаве павятовую вучэльню; у 1848—1854 гадах — куратар Менскай гімназіі. Але асноўным яго заняткам была навука. З 1837 году ён кожнае лета дасьледаваў курганы на Лагойшчыне, Барысаўшчыне, Меншчыне, у Друцку, Лідзе, Крэве, Міры, Гальшанах і іншых.

Не зважаючы на свае графскія тытулы, браты Яўстах і Канстантын, а часам і бацька, бралі ў рукі рыдлёўкі і з дапамогай навакольных сялянаў раскопвалі старажытныя курганы. Часам, пераапрануўшыся ў простае сялянскае адзеньне, яны хадзілі па вясковых хатах, каб паслухаць і запісаць народныя песьні, легенды, паданьні, шчырую гутарку сялянаў пра побыт, узяць удзел у абрадах. Захоплены загадкамі старажытнага сьвету, Я. Тышкевіч вырашыў грунтоўна разабрацца ў тыпах гістарычных помнікаў на роднай зямлі і высьветліць, ці ёсьць у іх заканамернасьць і сувязь з культурай плямён, што некалі жылі на Беларусі. Гэта захапленьне археалёгіяй прыйшло да яго ў 20-гадовым веку.

Дасьледаваньне крывіцкіх курганоў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Я. Тышкевіч. А. Сьвяйкоўскі, каля 1865 г.

Як і большасьць археолягаў, свае дасьледаваньні пачаў з курганоў. Іхныя раскопкі напачатку вёў траншэйным спосабам. Але хутка пераканаўся ў беспэрспэктыўнасьці такога мэтаду і пачаў выкарыстоўваць перакрыжаваны спосаб дасьледаваньня. Раньнія яго публікацыі былі пераважна апісальнымі. Пазьней набыты досьвед даваў упэўненасьць у аналізе высноваў і ацэнак. Паводле самых, здавалася, нязначных дэталяў пахавальнага абраду вызначаў час узьнікненьня помніка, а паводле знаходак у пахаваньнях даваў характарыстыку старажытнай эпохі. Накоплены матэрыял і досьвед дазволілі Я. Тышкевічу выкарыстоўваць параўнальна-тыпалягічны мэтад, які пазьней быў удасканалены й узбагачаны.

У выніку дасьледаваньняў сотняў крывіцкіх курганоў і аналізу іх пахавальнага інвэнтару першым адзначыў іх этнавызначальныя прыкметы — скроневыя кольцы ў жанчын. Тым самым даў ключ для вызначэньня тэрыторыі расьсяленьня крывічоў. Аналіз пахавальнага інвэнтару дазволіў зрабіць высновы і пра гандлёвыя зьвязкі крывічоў з аддаленымі землямі, дзе рамяство было на больш высокім узроўні; што мясцовае насельніцтва забясьпечвала жалезам ня толькі сябе, але і вывозіла яго; што мясцовыя прылады працы і вырабы былі на ўзроўні тагачасных вырабаў суседніх краінаў. А з гэтага вынікала, што ў часы так званай «ваеннай дэмакратыі» тут не было таго барбарства, пра якое сьцьвярджалі некаторыя гісторыкі. Канстатуючы багаты і бедны інвэнтар курганных пахаваньняў, зрабіў выснову пра сацыяльную няроўнасьць тагачаснага грамадзтва.

Доказ адзінства паходжаньня беларусаў, летувісаў і латышоў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Я. Тышкевіч, J. Lafosse, 1856 г.

Аналізуючы пахавальны абрад славянаў і іх суседзяў (летувісаў, латышоў), прыйшоў да высновы пра іх блізкасьць (трупаспаленьне, падабенства інвэнтару і яго разьмяшчэньне). Гэтыя высновы, падмацаваныя пазьнейшымі археалягічнымі дасьледаваньнямі, і сёньня зьяўляюцца пануючай думкай пра адзінства паходжаньня славянскай і балцкай культураў на Беларусі.

Тэрмін «гарадзішча» і вытворныя ад яго (гарадок, гародня, горад) лічыў славянскімі і выказаў думку, што самі гарадзішчы не абавязкова зьяўляюцца абарончымі ўмацаваньнямі, а хутчэй абрадавымі. Замкі лічыў абарончымі аб’ектамі і іх этымалёгію выводзіў ад слова «замыкаць».

Зрабіў дэталёвае апісаньне каменных прыладаў працы і ў дадатку да кнігі «Археалягічныя дасьледаваньні» зьмясьціў іх малюнкі. У 1842 годзе выдаў кнігу «Погляд на крыніцы мясцовай археалёгіі, або Апісаньне некаторых помнікаў старажытнасьцяў у Заходніх губэрнях Расейскай дзяржавы».

Навучаньне ў замежжы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Я. Тышкевіч. З асабістым подпісам, 1874 г.

Каб папоўніць свае веды ў старажытнай гісторыі й пазнаёміцца з мэтадамі дасьледаваньняў замежных калег у археалёгіі, у 1843 годзе накіраваўся на стажыроўку ў Данію, Фінляндыю, Швэцыю. Гэта быў першы і адзіны выпадак у 1-й палове XIX стагодзьдзя, калі беларускі навуковец-археоляг паехаў за мяжу пераймаць досьвед калег. Мэтад вядомага дацкага археоляга К. Томсэна падзелу старажытнасьцяў на тры эпохі-вякі (каменны, бронзавы, жалезны) Я. Тыўкевіч узяў на ўзбраеньне пры сваіх дасьледаваньнях і пры сыстэматызацыі старажытнасьцяў у Лагойскім музэі (з 1842 году), а пазьней і ў Віленскім музэі старажытнасьцяў. Вынікам паездкі за мяжу была яго своеасаблівая кніга-справаздача «Лісты пра Швэцыю» (т. 1—2, 1846).

Па вяртаньні з замежжа, выдаў працу «Археалёгія ў Літве» (1872), у якой акрэсьліў шырокі абсяг для дасьледаваньняў помнікаў Літвы (Беларусі).

Вынікам дзейнасьці Я. Тышкевіча на Барысаўшчыне было грунтоўнае «Апісаньне Барысаўскага павета…» (1847). Для гэтай кнігі ён некалькі гадоў зьбіраў першакрыніцы па гісторыі, геаграфіі, этнаграфіі, літаратуры, мастацтве, археалёгіі, тапаніміцы, фальклёры, шукаў памочнікаў-суаўтараў. Сярод іх былі К. Адамовіч, П. Чачот, З. Далэнга-Хадакоўскі, Ф. Чаховіч, В. Твардоўскі, Я. Ваньковіч, К. Тышынскі, В. Гарноўскі і, вядома, брат Канстантын. Амаль 10 гадоў ён ствараў гэту ўнікальную краязнаўчую кнігу, дзе кожны факт, кожная дата вывераныя, дабрасумленна прааналізаваныя й аргумэнтаваныя.

Дасьледаваньні ў галіне фальклёру

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Магіла Я. Тышкевіча, 1882 г.

Працуючы ў галіне археалёгіі, этнаграфіі й краязнаўства, грунтоўна займаўся й фальклёрам. Пры апісаньні вясельля, абрадаў (Дзяды, Каляды, Радаўніца, Спас) і ўсяго цыкля гаспадарчага гадавога календара ліцьвінаў імкнуўся растлумачыць сувязь паганскіх абрадаў, элемэнты якіх замацаваліся і ў хрысьціянскіх вераваньнях. Малюючы народныя ўрачыстасьці, падкрэсьліваў, што багатае духоўнае жыцьцё літоўскага (беларускага) селяніна часта не супадае з матэрыяльным. У запісах Я. Тышкевіча сабрана каля 450 прымавак і прыказак. Ён сьцьвярджаў: «Народная паэзія дае нам магчымасьць пазнаць пачуцьці народа, а прымаўкі — пазнаёміцца зь яго розумам». Падборкі літоўскіх прымавак і прыказак з камэнтарамі навукоўцаў неаднаразова зьмяшчаў у часопісе «Biblioteka Warszawska». Трапнымі літоўскімі прымаўкамі й прыказкамі, легендамі й паданьнямі праілюстраваў і сваю кнігу «Ўзоры хатняга сумеснага жыцьця ў Літве» (1844, дапрацаваны варыянт у 1864 годзе), дзе выклаў свае погляды на культуру шляхты ранейшых стагодзьдзяў.

У кнізе «Нашы краі» зьмясьціў нарыс пра магната Радзівіла. У 1850 годзе ён выдаў у Вільні працу «Археалягічныя дасьледаваньні помнікаў мастацкіх рамёстваў і да т. п. у старажытнай Літве й Літоўскай Русі». З 1847 году працаваў у Менску як чалец камісіі па зборы й выданьні старажытных актаў, грамат і прывілеяў XVI—XVIII стагодзьдзяў гарадоў Менскай губэрніі. У 1855 годзе арганізаваў і ўзначаліў Віленскую археалягічную камісію.

Музэй літоўскай археалёгіі ў Вільні

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Запаветнай марай Я. Тышкевіча было стварыць у цэнтры беларускага краю — Вільні першы грунтоўны музэй старажытнасьцяў на аснове экспанатаў, сабраных у Лагойскім археалягічным музэі. У 1845 годзе частку сваёй лагойскай калекцыі ён перавёз у Вільню пад выглядам выставы, якую пасьля ператварыў у прыватны музэй, а потым, з дазволу ўладаў, — у музэй, што разьмясьціўся ў старажытнай залі Віленскага ўнівэрсытэту. Яго абралі старшынём гэтага музэю.

Музэй актыўна папаўняўся экспанатамі зь Менску, Магілёва, Віцебску, Воршы, Наваградку, Крэва, Ліды, Пінску, Браслава, Паставаў і іншых. Я. Тышкевіч ахвяраваў музэю сваю бібліятэку (3 тыс. кніг) і разам з братам Канстантынам — археалягічную калекцыю з 2 тыс. адзінак. За 2 гады калекцыя музэю дасягнула 10 тыс. экспанатаў.

Магіла Я. Тышкевіча

У 1856 годзе музэй афіцыйна адкрыўся. Каталёг музэю рыхтаваў К. Кіркор. Навуковая грамадзкасьць, прызнаючы заслугі Яўстаха Тышкевіча, абрала яго ганаровым чальцом Пецярбурскай імпэратарскай акадэміі навук. Але казённая адміністрацыя, напалоханая вызваленчым паўстаньнем 1863—1864 гадоў, пачала разглядаць музэй як адзін з цэнтраў «польскай інтрыгі», і на загад генэрал-губэрнатара Мураўёва-Вешальніка ён быў афіцыйна забаронены ў 1864 годзе. Спыніла дзейнасьць і Віленская археалягічная камісія. «Шкодныя» экспанаты музэю адпраўлялі ў Маскву. Я. Тышкевіч, вызвалены ад усіх пасад, абражаны й зьняважаны, у 1865 годзе пакінуў Вільню. Пазьней, дзякуючы намаганьням беларускага археоляга І. Луцкевіча, частку збораў Я. Тышкевіча адшукалі, яна апынулася ў фондзе Беларускага музэю ў Вільні (1921—1945).

Апошнія гады жыцьця

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Я. Тышкевіч перапісваўся з многімі выдатнымі дзеячамі краю, у тым ліку з паэтам і ўсходазнаўцам А. Ходзькам (Барэйкам), А. Кіркорам. У канцы жыцьця ён стварыў альбом «Магілы сямейства Тышкевічаў», выдадзены асобнай кнігай у 1873 годзе ў Вільні. Зь літаратурных твораў Я. Тышкевіча захаваліся вершы, стылізаваныя пад фальклёр, аповесьць «Нашы краі» (1871), успаміны пра В. Ваньковіча, Я. Рустэма, І. Ходзьку і інш. У рукапісах засталіся яго працы «Зельнік барысаўскіх ваколіц», «Матэрыялы да нашай гісторыі», асобныя матэрыялы па археалёгіі, збор дакумэнтаў і інш. Як запавет чытаюцца словы навукоўца: «Абавязак кожнага адукаванага й ўлюбёнага ў свой край чалавека — старацца растлумачыць усё, што падпала пад сумненьне й складае матэрыял для айчыннай гісторыі. Здагадвацца, шукаць, а адкрытае перадаваць людзям — значыць падаваць руку дапамогі тым, хто прысьвяціў жыцьцё сваё й здароўе навукам для дабра грамадзкага». Памёр у Вільні. Пахаваны на могілках Росы.

  1. ^ Wurzbach D. C. v. Tyszkiewicz, Eustach (ням.) // Biographisches Lexikon des Kaiserthums Oesterreich: enthaltend die Lebensskizzen der denkwürdigen Personen, welche seit 1750 in den österreichischen Kronländern geboren wurden oder darin gelebt und gewirkt habenWien: 1856. — Т. 48. — S. 195.
  2. ^ а б в г http://tnk.krakow.pl/czlonkowie/tyszkiewicz-eustachy/
  3. ^ Дзмітрый Караў. Тышкевіч Яўстафій Піевіч // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 680.
  4. ^ Дзмітрый Караў. Тышкевіч Яўстафій Піевіч // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 680—681.