Гадзіньнік Суднага Дня

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Гадзі́ньнік Су́днага Дня (Гадзіньнік Апака́ліпсісу) — праект часопісу Bulletin of Atomic Scientists (Чыкаскі ўнівэрсытэт), які пачалі ў 1947 годзе стваральнікі першай амэрыканскай атамнай бомбы. Пэрыядычна на вокладцы часопіса публікуецца выява гадзіньніку, які паказвае бязь некалькіх хвілін поўнач — сымбалічны момант ядравага апакаліпсісу. Час, пакінуты да поўначы, сымбалізуе напружанасьць міжнароднага становішча і прагрэс у разьвіцьці ядзернага ўзбраеньня.

Рашэньне аб пераводзе стрэлак прымае рада дырэктараў часопіса пры дапамозе запрошаных экспэртаў, сярод якіх, у прыватнасьці, 18 ляўрэатаў Нобэлеўскай прэміі.

Ваганьні хвіліннай стрэлкі Гадзіньніка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ваганьні хвіліннай стрэлкі Гадзіньніка Суднага дня на працягу некалькіх дзесяцігодзьдзяў

За 60-гадовую гісторыю праекту стрэлкі Гадзіньніка мянялі сваё становішча 18 разоў, пачынаючы зь сямі хвілін у 1947 годзе. Падчас Карыбскага крызісу сьвет быў за два крокі ад ядзернай вайны. Тым ня менш, з-за таго, што крызіс скончыўся вельмі хутка (цягам 38 дзён), Гадзіньнік не пасьпеў адрэагаваць, і яго стрэлкі ня зрушыліся. З 1960 і па 1963 год гадзіньнік паказваў сем хвілін (у 1963 годзе гэты час быў павялічаны да дванаццаці хвілін).

  1. У 1949 годзе Савецкі Саюз выпрабаваў сваю першую ядравую бомбу (тры хвіліны да поўначы)
  2. У 1953 годзе, калі СССР і Злучаныя Штаты Амэрыкі з розьніцай у дзевяць месяцаў выпрабавалі свае тэрмаядравыя бомбы, да поўначы заставалася дзьве хвіліны — самае вялікае набліжэньне да апакаліпсісу.
  3. У 1960 годзе пасьля ўсьведамленьня сусьветнай грамадзкасьцю рэальных пагрозаў ядравай вайны стрэлкі былі пераведзеныя назад на сем хвілін да поўначы.
  4. Пасьля падпісаньня ў 1963 годзе ЗША і СССР дамовы аб забароне выпрабаваньняў ядравай зброі Гадзіньнік стаў паказваць дванаццаць хвілін.
  5. 1968 год — пачатак войнаў на Блізкім Усходзе, у Індыі, Віетнамскай вайны — сем хвілін да поўначы.
  6. У 1969 годзе Сэнат ЗША ратыфікуе дамову аб нераспаўсюджаньні ядравай зброі (дзевяць хвілін).
  7. У 1972 годзе ЗША і СССР падпісваюць дамову АСУ-1 і абмежаваньні ПРА (стрэлкі пераведзеныя да дванаццаці хвілін).
  8. У 1974 годзе Індыя выпрабоўвае сваю першую ядравую бомбу, пахаладаньне адносін паміж дзьвюма звышдзяржавамі, абмеркаваньне дамовы АСУ-2 прыпыненае (дзевяць хвілін).
  9. Нестабільнае міжнароднае становішча, падаграванае нацыяналістычнымі войнамі і тэрарыстычнымі актамі да 1980 году скараціла час да сямі хвілін.
  10. 1981 год — эскаляцыя гонкі ўзбраеньняў, вайны ў Аўганістане, Паўднёвай Афрыцы (чатыры хвіліны да поўначы)
  11. 1984 год — далейшая эскаляцыя гонкі ўзбраеньняў, палітыка Рональда Рэйгана, накіраваная на абвастрэньне канфлікту (праект САІ) (тры хвіліны да паўночы)
  12. Разрадка міжнароднай напружанасьці — у 1988 годзе ЗША і СССР падпісваюць у Рэйк'явіку дамову аб зьнішчэньні ракет сярэдняй далёкасьці (шэсьць хвілін).
  13. 1990 год — падзеньне Бэрлінскай сьцяны, «аксамітавыя» рэвалюцыі ва Ўсходняй Эўропе (дзесяць хвілін)
  14. У 1991 годзе гадзіньнік паказваў сямнаццаць хвілін да поўначы — сёлета паміж СССР і ЗША была падпісаная дамова аб скарачэньні стратэгічнага ўзбраеньня. Гэта самы вялікі тэрмін, які даваўся чалавецтву за без малога 60 гадоў існаваньня праекту.
  15. 1995 год — асьцярогі, выкліканыя «ўцечкай мазгоў» і ядравых тэхналёгіяў з краін былога СССР, прымусілі перавесьці стрэлкі гадзіньніка на чатырнаццаць хвілін.
  16. 1998 год — дэманстратыўныя выпрабаваньні ядравай зброі Індыяй і Пакістанам. Гадзіньнік паказвае дзевяць хвілін.
  17. 2002 год — на фоне тэрарыстычных актаў ЗША адмаўляецца ад падпісанай раней дамовы аб абмежаваньні ПРА і плянуе разгарнуць нацыянальную проціракетную абарону (сем хвілін да поўначы).
  18. У сувязі зь ядравымі праграмамі КНДР і Ірана 17 студзеня 2007 году стрэлкі пераведзеныя на дзьве хвіліны бліжэй да поўначы. Гэтая першая зьмена за апошнія пяць гадоў. Да канца сьвету заставалася пяць хвілін.
  19. 2007 — 23:55
  20. 2010 — 23:54 (Новая ДСНУ, Канферэнцыя ААН па зьмяненьні клімату)
  21. 2012 — 23:55
  22. 2015 — 23:57
  23. 2017 — 23:57:30
  24. 2018 — 23:58
  25. 2020 — 23:58:20
  26. 2023 — на фоне расейскага ўварваньня ва Ўкраіну стрэлкі пераведзеныя на 23:58:30

Цікавае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • У ілюстрацыях да распрацоўваемай кампутарнай гульні Team Fortress 2 прысутнічае Гадзіньнік Апакаліпсісу, што паказвае адну хвіліну да паўночы.
  • У калекцыйнай картачнай гульні Magic: The Gathering прысутнічае карта Armageddon Clock, афармленьнем і дзеяньнем якая нагадвае адначасова аб Гадзіньніку Суднага Дня і аб Машыне Суднага Дня.

Глядзіце таксама[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]