Эпас
Э́пас (па-грэцку: έπος — слова, аповед) — фальклёрныя творы героіка-легендарнага зьместу, што адлюстроўваюць важныя для народа гістарычныя падзеі або цікавыя выдуманыя сытуацыі.
Сусьветная народная творчасьць пакінула багатую эпічную спадчыну: шумэрскі «Эпас пра Гільгамэша», грэцкія «Іліяда» і «Адысэя», індыйскія «Магабгарата» і «Рамаяна», рымскі «Энэіда», армянскі «Давід Сасунцы», іранскі «Шагнамэ», англа-саксонскі «Бэўвульф», францускі «Песьня пра Ралянда», скандынаўскія сагі, нямецкі «Песьня пра Нібэлюнгаў», партугальскі «Лузіяды», кыргыскі «Манас», фінскі «Калевала» і іншыя.
Эпічныя творы вызначаюцца шырынёй ахопу жыцьцёвага матэрыялу, грунтоўнасьцю пры стварэньні чалавечых характараў, паказе быту, абставінаў, малюнкаў прыроды, разнастайнасьцю спосабаў і сродкаў мастацкага выяўленьня, як то апісаньне, маналёгі, дыялёгі, аўтарскія адступленьні. Эпас выпрацаваў цэлую сыстэму відаў і жанраў, як то эпапэя, раман, аповесьць, апавяданьне, навэла, нарыс, фэльетон, казка, легенда і іншыя. Ён, як правіла, карыстаецца празаічнай мовай, але часам зьвяртаецца і да вершаванай (вершаваныя раманы, аповесьці, апавяданьні, легенды, гумарэскі, казкі і іншыя).
Беларускі эпас узьнік у эпоху Сярэднявечча і прадстаўлены летапіснымі зводамі, палемічнымі і сатырычнымі творамі, перакладнымі аповесьцямі і раманамі, аратарскай прозай, публіцыстыкай. У новай беларускай літаратуры спачатку карыстаўся вершаванай мовай, як то вершаваныя аповесьці, быліцы Дунін-Марцінкевіча — «Вечарніцы», «Купала», «Быліцы, расказы Навума». У канцы XIX стагодзьдзя зьвярнуўся і да празаічнай формы, як то Багушэвіча «Тралялёначка», «Дзядзіна», «Палясоўшчык». Сапраўднага росквіту беларускі эпас дасягнуў у ХХ стагодзьдзі.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Беларуская літаратура: вучэб. дапам. для 9-га кл. устаноў агул. сярэд. адукацыі / пад рэд. В. П. Рагойшы. — Мінск: Нац. ін-т адукацыі, 2011. — 320 с. ISBN 978-985-465-898-8