Перайсьці да зьместу

Вікенці Равінскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Вікенці Равінскі
лац. Vikienci Ravinski
Асабістыя зьвесткі
Імя пры нараджэньні Вікенці Паўлавіч Равінскі
Нарадзіўся 5 кастрычніка 1786[1]
Духаўшчынскі павет(ru), Смаленская губэрня, Расейская імпэрыя
Памёр 1855(1855)
в. Спас-Вуглы(ru), Духаўшчынскі павет, Смаленская губэрня, Расейская імпэрыя
Пахаваны
Літаратурная дзейнасьць
Род дзейнасьці вайсковец, чыноўнік
Гады творчасьці 1816—1834
Жанр паэма, камэдыя, сатыра
Мова беларуская
Дэбют камэдыя «Шлюб з прымусу»
Значныя творы паэма «Энэіда навыварат» (1828), «Вялікі муж субардынацыі»
Творы на сайце Knihi.com

Віке́нці Раві́нскі (1786, цяпер Духаўшчынскі раён, Смаленская вобласьць, Расея — 1855, в. Спас-Вуглы, цяпер Духаўшчынскі раён, Смаленская вобласьць, Расея) — беларускі паэт і пісьменьнік. Адзін з пачынальнікаў беларускае сатыры.

Нарадзіўся ў 1786 годзе ў Духаўшчынскім павеце Смаленскай губэрні. Бацькі яго належалі да служылай смаленскай шляхты, якая доўга трымалася старадаўніх традыцыяў і патрыярхальных звычаяў, невядомых у іншых мясьцінах Расеі. Равінскія лічыліся дробнамаянтковымі дваранамі. Бацька паэта, адстаўны сэкунд-маёр, а потым калескі саветнік, быў у розныя часы духаўшчынскім земскім спраўнікам, павятовым судзьдзём, гараднічым.

Выхоўваўся будучы паэт дома і па прыкладзе старэйшых братоў у 1800 годзе, яшчэ падлеткам, паступіў на вайсковую службу. Спачатку служыў унтэр-афіцэрам у мушкетэрскім палку, потым у чыне прапаршчыка пераводзіцца ў егерскі полк.

Служба Равінскага ў арміі супала з важнымі падзеямі эўрапейскай гісторыі, з шматлікімі напалеонаўскімі войнамі, у якія была ўцягнутая і Расея. Малады афіцэр браў удзел у вайне з французамі 1805—1807 гадоў, у складзе войск пад камандаваньнем М. Кутузава, П. Баґратыёна і іншых ваеначальнікаў пабываў у Галіцыі, Сілезіі, Маравіі, Аўстрыі, Усходняй Прусіі, удзельнічаў у бітвах пад Аўстэрліцам і Пройсіш-Айляў. Асабліва адзначыўся Равінскі ў вядомай бітве пры Шонґрабэне, дзе ён, паводле запісу ў атэстаце, «харобра адкрываў сам сабе шлях праз варожыя калёны». Яго мундур упрыгожыўся першай баявой узнагародай — ордэнам сьвятой Ганны.

У 1808—1809 гадах знаходзіўся ў Пецярбургу, куды быў накіраваны «для ўведаньня парадку службы». Тут, трэба думаць, ён добра пазнаёміўся з навінамі расейскай культуры, ня толькі расейскай. За гэты час у Пецярбургу двойчы выдавалася «Энэіда» Катлярэўскага, і зусім магчыма, што Равінскі з сваімі сябрамі-афіцэрамі захапляўся ёю. 36-ы егерскі полк, дзе пасьля Пецярбургу працягваў службу Равінскі, некалькі гадоў стаяў ва Ўкраіне, што дало магчымасьць дапытліваму афіцэру грунтоўна пазнаёміцца з украінскай мовай і народнымі звычаямі.

Напалеонаўскія войны

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Напярэдадні вайны 1812 году полк перакінулі на захад Беларусі, пад Ліду. Разам з усёй расейскай арміяй капітан Равінскі бег углыб краіны. На пачатку вайны камандзір корпуса, вядомы ваеначальнік генэрал Дзьмітры Дохтураў узяў яго да сябе старшым ад’ютантам. Апрача выкананьня небясьпечных ратных даручэньняў малады афіцэр, які бойка валодаў пяром, загадваў яшчэ паперамі карпусной паходнай канцылярыі.

Равінскаму давялося ўдзельнічаць у вырашальных бітвах той вайны: пад Смаленскам, дзе, выконваючы распараджэньне Дохтурава, атрымаў моцныя апёкі, Барадзіном, Малаяраслаўцам. Яго мужнасьць засьведчана атрыманымі новымі баявымі ордэнамі, а таксама надзвычай ганаровай тагачаснай узнагародай — залатой шпагай з надпісам «За храбрасьць» (за Барадзіно). Зноў прайшоўшы, пры наступе на захад, з канца ў канец усю Беларусь, у 1813—1814 гадах паэт удзельнічаў у паходзе расейцаў у Заходнюю Эўропу, ваяваў у Нямеччыне, быў сьведкам-удзельнікам гістарычнай «бітвы народаў» пад Ляйпцыгам.

У 1815 годзе, калі ваенныя дзеі ўзнавіліся ў сувязі зь вяртаньнем Напалеона з выспы Эльбы, Равінскі знаходзіўся ў шэрагах расейскай арміі, што вяла наступ на Парыж. Нарэшце, як змоўклі апошнія грымоты вайны, у сакавіку 1816 году пайшоў у адстаўку ў чыне палкоўніка і вярнуўся на зруйнаваную ворагам радзіму.

На цывільнай службе

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле сьведчаньня ўнука, «жыцьцё за мяжой як падчас акупацыі Францыі, так і ў час паходаў, у Аўстрыі і Нямеччыне, не прайшло бясьследна для Вікенція Паўлавіча: ён ня толькі вывучаў францускую і нямецкую мовы, якімі валодаў дасканала, але пры кожным зручным выпадку стараўся папоўніць недахопы сваёй адукацыі і прычым, апрача набыцьця навуковых зьвестак, стараўся вывучыць умовы грамадзкага і дзяржаўнага жыцьця Заходняй Эўропы, — чаму спрыялі яго жывы, дапытлівы розум і назіральнасьць. Вярнуўшыся на радзіму, Вікенцій Паўлавіч сьмела мог назваць сябе перадавым чалавекам, так рэзка адрозьніваўся ад большасьці памешчыкаў таго часу».

Як героя нядаўняй вайны, бывалага і дасьціпнага чалавека Равінскага, нягледзячы на яго вельмі сьціплы маёнтак, з энтузіязмам прымалі на радзіме ва ўсіх самых ганарлівых панскіх дамах. Неўзабаве ён ажаніўся з дачкой багатага мясцовага памешчыка Рымскага-Корсакава. Але хутка расла сям’я, і, удосталь пакаштаваўшы несалодкай долі прымака, ён у 1826 годзе вымушаны быў паступіць на службу па цывільным ведамстве, стаў інспэктарам піцейных збораў у Арэнбурскай губэрні. Жыў ён тады ва Ўфе, дзе знаходзіліся губэрнскія ўстановы. Хутка ў сувязі з рэформай піцейнай сыстэмы гэтая служба была згублена, і Равінскі адправіўся ў Пецярбург шукаць новай пасады. Гэты прыезд у сталіцу адзначаны ва ўспамінах земляка — кампазытара М. Глінкі, які жыў на адной кватэры са шваграм Равінскага, маладым паэтам А. Рымскім-Корсакавым. Паводле характарыстыкі Глінкі, Равінскі «у маладосьці быў чалавек вясёлы, дасьціпны і любіў сьмяшыць рознымі мудрагелістымі выхадкамі. Прычым захоўваў заўжды сур’ёзны выгляд».

У 1828 годзе Равінскі атрымаў службу ў дэпартамэнце ўдзелаў і пасьля нядоўгай стажыроўкі ў Смаленску кіраваў удзельнымі канторамі ў Пензе і Кастраме. Ён разумеў сялянскія патрэбы, па магчымасьці стараўся палепшыць ва ўдзельных маёнтках становішча сялянаў. У 1833 годзе, так і не прыдбаўшы новых вялікіх чыноў, канчаткова пайшоў у адстаўку і пасяліўся на радзіме, спалучаючы клопаты сельскага гаспадара з навуковымі і літаратурнымі заняткамі.

Памёр у 1855 годзе, пахаваны ў сямейным склепе ў царкве ў вёсцы Спас-Вуглы (цяпер Духаўшчынскі раён Смаленскай вобласьці).

Паэма «Энэіда навыварат» напісана Вікенціям Равінскім у 1816—1825 гадох, пасьля вяртаньня з арміі, ці ў 1827—1828 гадах, калі ён чакаў новага прызначэньня і стажыраваўся ў Смаленскай удзельнай канторы. Апрача «Энэіды» Равінскі пакінуў некалькі рускамоўных твораў: празаічную сатыру «Вялікі муж субардынацыі», вершаваныя сатыры «Разьлік капітана з казначэем» і «Размова забабонных суседзяў» (тэксты вядомыя з адзінага рукапісу ў зборах Расейскай дзяржаўнай бібліятэкі[2]). Тэкст вершаванай камэдыі «Шлюб з прымусу» ня выяўлены (зьмест вядомы зь пераказу ў мэмуарах унука паэта, Канстанціна Равінскага).

«Энэіда навыварат» — парадыйна-сатырычная паэма, напісаная на сюжэт старажытнарымскага клясыка Вэргілія. Пад выглядам рымскіх багоў і герояў, а часам і пад сваімі імёнамі, дзейнічаюць самыя звычайныя «тутэйшыя людзі» — паны і сяляне. Такія пародыі на антычную «Энэіду» ствараліся ў многіх эўрапейскіх літаратурах. Непасрэднымі папярэднікамі аўтара беларускай «Энэіды» былі расейскі паэт Мікалай Восіпаў і ўкраінец Іван Катлярэўскі.

Некаторымі канкрэтнымі згадкамі беларуская паэма зьвязаная з заходняй Смаленшчынай, якая ў тыя часы не адрозьнівалася мовай, звычаямі і ўкладам народнага жыцьця ад суседняй Беларусі.

Паводле высноў дасьледчыкаў, якія раскрылі складаную мастацкую прыроду твора, кніжныя традыцыі непарыўна аб’яднаны ў «Энэідзе навыварат» з традыцыямі народнымі, у прыватнасьці фальклёрнымі.

Высокі сюжэт Вэрґіля выкладзены мовай беларускага селяніна. У паэме надзвычай ярка паказаны побыт беларускай вёскі часоў прыгоньніцтва. Траянцы — спадарожнікі Энэя — ператварыліся пад пяром аўтара ў прыгонных сялянаў. Аўтар шчыра любуецца невычэрпнай энэргіяй, таленавітым усёўмельствам, прафэсійным спрытам, кемлівасьцю народа (гэтая тэма будзе потым падхоплена і разьвіта іншымі беларускімі пісьменьнікамі, стане скразной у беларускай літаратуры).

Сваёй паэмай Вікенці Равінскі зрабіў велізарны ўклад у станаўленьне сатырычна-гумарыстычных жанраў у беларускай паэзіі. Жанравыя традыцыі «Энэіды навыварат» выразна прасочваюцца потым у паэме «Тарас на Парнасе», у творчасьці Ф. Тапчэўскага і іншых паэтаў. Але гэтым яе значэньне далёка не вычэрпваецца, у ёй моцна адчуваецца лірычная плынь. Станоўчы ідэал сьцьвярджаўся паэтам ня толькі шляхам сатырычнага адмаўленьня, але і непасрэдна праз узрушана-чульлівы (часам нэўтральна-аб’ектывізаваны) паказ народных звычаяў, народнага мэнталітэту.

  1. ^ Даты, падзеі, людзі // Зьвязда : газэта. — 5 кастрычніка 2013. — № 188 (27553). — С. 8. — ISSN 1990-763x.
  2. ^ Антон Франтишек Брыль. Русскоязычные произведения Викентия Ровинского в рукописном отделе Российской государственной библиотеки. // Асоба і Час, №9, 2020.
  • Беларускія пісьменнікі. У 6 т. — Т. 5. — Мн., 1995. — С. 114;
  • Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды» — Мн., 1971;
  • Кісялёў Г. Слядамі «Энеіды» // Полымя. 1996. № 10;
  • Кісялёў Г. Равінскі // Беларуская энцыклапедыя. Т. 13. — Мн., 2001;
  • Кісялёў, Г. Равінскі Вікенцій Паўлавіч / Генадзь Кісялёў // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі / БелЭн; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — Мн.: БелЭн, 2001. — 591 с.: іл. — С. 37 — 38. — ISBN 985-11-0214-8.
  • Киселев, Г. В. Разыскивается классик…: историко-литературная дилогия. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1989. — 414, [2] с. — С. 171 — 222. — ISBN 5-340-00076-1.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]