Перайсьці да зьместу

Шатляндзкая мова (кельцкая)

Гэта добры артыкул. Націсьніце на выяву зоркі, каб атрымаць дадатковыя зьвесткі.
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Шатляндзкая мова»)
Запыт «Шатляндзкая мова» перанакіроўваецца сюды. Пра аднайменную мову Шатляндыі германскай галіны глядзіце артыкул «Шатляндзкая мова (германская)».
Шатляндзкая мова
Gàidhlig
Адсоткавыя дзелі носьбітаў гэльскай шатляндзкай мовы ад насельніцтва рэгіёнаў Шатляндыі
Ужываецца ў Вялікабрытаніі, Канадзе
Рэгіён Шатляндыя, востраў Кейп-Брэтан, Новая Шатляндыя, Глэнгары
Колькасьць карыстальнікаў
Клясыфікацыя Індаэўрапейская сям’я
Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў Шатляндыі
Дапаможная мова ў Канадзе
Рэгулюецца Радай гэльскае мовы
Статус: 2 Правінцыйны[d][1]
Пісьмо лацінскае пісьмо і Gaelic alphabet[d]
Коды мовы
ISO 639-1 gd
ISO 639-2(Б) gla
ISO 639-2(Т) gla
ISO 639-3 gla

Шатля́ндзкая мова (саманазва: Gàidhlig, [ˈkaːlikʲ], часам вядомая як гэ́льская або гэ́льская шатля́ндзкая) — мова гайдэльскае падгрупы астраўной групы кельцкае галіны індаэўрапейскае сям’і моваў[2], у асноўным распаўсюджаная ў Шатляндыі і ў некаторай ступені — таксама ў пэўных усходніх рэгіёнах Канады сярод шатляндзкае супольнасьці. Разам з блізкароднаснымі ірляндзкай і мэнскай мовамі паходзіць ад старажытнаірляндзкае мовы, якая, у сваю чаргу, паходзіць ад архаічнаірляндзкае мовы (таксама вядомая як агамічная ірляндзкая, прымітыўная ірляндзкая).

Перапіс насельніцтва Вялікабрытаніі 2011 году засьведчыў, што на шатляндзкай гэльскай мове здольныя размаўляць 57 375 чалавекі, што складае 1,1% ад насельніцтва Шатляндыі, старэйшага за 3 гады[3]. Вынікі перапісу адлюстроўваюць скарачэньне носьбітаў мовы прыкладна на 1 275 чалавек у параўнаньні з 2001 годам, аднак у сучасным шатляндзкім грамадзтве прыкладаюцца намаганьні па адраджэньні мовы й прасочваецца рост колькасьці маладых носьбітаў гэльскай шатляндзкай мовы. У Шатляндыі мова распаўсюджаная ў асноўным на паўночным захадзе краіны, г.зв. Гайлэндзе (літ. «высакагор’е»). Найбольш трывалыя пазыцыі мова мае на Зьнешніх Гебрыдзкіх астравох — невялікім архіпэлягу на паўночны захад ад Гайлэнду. Па-за межамі Шатляндыі найпрыкметны арэал распаўсюджаньня мова мае на ўсходзе Канады, а менавіта на востраве Кейп-Брэтан, у акрузе Глэнгары (Антарыё) ды ізаляваных раёнах правінцыі Новая Шатляндыя, у меншай ступені — у іншых рэгіёнах краіны. У Канадзе пражывае прыкладна 1 500 носьбітаў гэльскай шатляндзкай мовы (пераважна ў Новай Шатляндыі), зь іх для блізу 350 чалавек мова ёсьць роднай[4][5].

Гэльская шатляндзкая мова ня мае афіцыйнага статусу ў Эўрапейскім Зьвязе і Вялікабрытаніі. Тым ня менш мова мае абарону паводле ратыфікаванай Вялікабрытаніяй Эўрапейскай Хартыі рэгіянальных моваў[6]. Апрача гэтага, з 2005 году мова мае афіцыйнае прызнаньне ў Шатляндыі згодна з Актам гэльскае шатляндзкае мовы і афіцыйны орган па разьвіцьці мовы — Раду па гэльскай мове (Bòrd na Gàidhlig)[7].

Назва гэльскай шатляндзкай мовы ў беларускай мове ў асноўным зьвязаная з досьведам запазычваньняў ангельскага паходжаньня.

Найбольш распаўсюджанай у беларускім ужываньні ёсьць назва гэ́льская шатля́ндзкая мова або ейныя варыяцыі. Апроч традыцыйнае назвы маюць ужытак таксама прыметнікі шатля́ндзкая й гэ́льская. Між тым, першая назва можа патрабаваць кантэксту або ўдакладненьня ў мэтах пазьбяганьня блытаніны зь іншай традыцыйнай мовай Шатляндыі — шатляндзкай германскай мовай. Другі назоў, у сваю чаргу, таксама зрэдку можа датычыць ірляндзкае мовы.

Гэльскую шатляндзкую мову ня варта блытаць з шатляндзкай германскай мовай, што належыць да германскае галіны й распаўсюджаная ў раўніннай, паўднёва-ўсходняй частцы Шатляндыі. Гэтая мова паходзіць ад стараангельскіх гаворак, прынесеных у Сярэднявеччы на поўдзень Шатляндыі і да XV ст. мела саманазву Inglis (літ. «ангельская мова»), тады як гэльская шатляндзкая ўзгадвалася ў стараангельскіх дакумэнтах словам Scottis (літ. «шатляндзкая мова»). З канца XV ст. па пашырэньні германскіх гаворак у нізіннай Шатляндыі апошняе слова паступова перамясьцілася на шатляндзкія германскія гаворкі, у той час як гэльская шатляндзкая мова стала пазначацца як Erse (літ. «ірляндзкая мова»)[8]. Гэтая назва, зрэшты, у гэтым значэньні не выкарыстоўваецца ў сучаснай ангельскай і шатляндзкай германскай мовах.

Шатляндзкая кельцкая мова — адна з моваў індаэўрапейскае сям’і моваў, належачы ў яе складзе да кельцкае галіны[2].

Падрабязная клясыфікацыя моваў унутры кельцкае галіны дагэтуль зьяўляецца прадметам дыскусіяў, што таксама адлюстроўваецца на палажэньнях аб дакладным становішчы шатляндзкае мовы адносна астатніх кельцкіх моваў. Шэраг навукоўцаў, грунтуючыся на крытэрах наяўнасьці агульных інавацыяў, прапаноўвае падзел кельцкае галіны на кантынэнтальную й астраўную групы, уключаючы ў склад апошняй брыцкія й гайдэльскія мовы, у склад апошніх, у сваю чаргу, уваходзіць у тым ліку й шатляндзкая мова[9][10]. Іншы пункт гледжаньня, кіруючыся крытэрам захаваньня праіндаэўрапейскага *kʷ, падразьдзяляе кельцкія мовы на дзьве групы — Q-кельцкую, у мовах якой праіндаэўрапейскае *kʷ захавалася ў той ці іншай ступені, і P-кельцкую, у якой гэты гук перайшоў пераважна ў губны. Гэтая гіпотэза адносіць да Q-кельцкай групы ў тым ліку й гайдэльскія мовы[10].

Нягледзячы на спрэчны характар разьмяшчэньня гайдэльскае групы ўнутры кельцкае галіны, уласна правамоцнасьць вылучэньня таксону гайдэльскіх моваў зьяўляецца агульнапрызнанай сярод кельтолягаў. Некаторыя марфалягічныя й сынтаксічныя асаблівасьці шатляндзкай і мэнскай моваў падштурхоўваюць пэўных лінгвістаў бачыць шатляндзкую й мэнскую мовы як бліжэйшыя адна да адной, ніж шатляндзкая або мэнская да ірляндзкай, з прычыны чаго ўнутры гайдэльскае групы часам вылучаецца ўсходнегайдэльская падгрупа, у склад якой уключаюцца шатляндзкая й мэнская. Тым ня менш існуе вялікі спэктар фаналягічных і сынтаксічных асаблівасьцяў, дзякуючы якім можна казаць аб больш блізкім характары шатляндзкай мовы да ірляндзкай, ніж да мэнскай[11]. Уласна гайдэльская група аб’ядноўвае мовы, якія ўзьніклі як вынік распаду старажытнаірляндзкай мовы і якія праз гэта значна бліжэйшыя адна да адной, ніж да любой зь іншых кельцкіх моваў[12].

Паводле зьвестак перапісу насельніцтва Вялікабрытаніі 2011 году, у Шатляндыі пражывала 57 375 носьбітаў гэльскай шатляндзкай мовы старэй за 3 гады, склаўшы 1,1% ад насельніцтва рэгіёну. У параўнаньні з вынікамі перапісу 2001 году гэтая колькасьць меншая на 1 275 чалавек, што сьведчыць пра скарачэньне колькасьці носьбітаў мовы; аднак у пэрыяд між 1991 і 2001 гадамі гэтае скарачэньне было значна большым (каля 7 300 чалавек). У 2011 годзе колькасьць жыхароў Шатляндыі, якія мелі тыя ці іншыя веды шатляндзкае кельцкае мовы, склала 87 056 чалавек, што менш на 6 226 у параўнаньні са зьвесткамі мінулага перапісу[3][13]. Пры гэтым тэмпы скарачэньня колькасьці носьбітаў гэльскай шатляндзкай мовы значна запаволіліся ў параўнаньні зь іншымі гадамі. З улікам зьвестак ХІХ ст. робяцца высновы, што заняпад мовы маглі паскорыць адсутнасьць прыходаў у Шатляндыі, дзе гэльскамоўнае насельніцтва складала больш за 75% ад насельніцтва, а таксама адсутнасьць у асноўнай Шатляндыі прыходаў, дзе гэльскамоўнае жыхарства складала больш за 25%. Зьвесткі 2013 году па перапісе вучняў Шатляндыі засьведчылі, што 525 шатляндцаў школьнага ўзросту, якія вучацца ў дзяржаўных школах, размаўляюць на гэльскай шатляндзкай мове дома як на асноўнай мове, што адрозьніваецца ад зьвестак трохгадовае даўніны, калі такіх вучняў налічвалася 606[14][15].

Для параўнаньня, колькасьць носьбітаў шатляндзкае мовы ў Шатляндыі паводле зьвестак перапісу 2001 году складала 58 652 чалавек[16].

Найтрывалыя пазыцыі мова захоўвае на архіпэлягу Зьнешніх Гебрыдзкіх астравоў, дзе дзель носьбітаў гэльскай шатляндзкай складае 61,1% ад насельніцтва астравоў, а таксама ў вёсцы Кілмуйр (востраў Скай, больш за 50%). За межамі архіпэлягу вылучаюцца астравы Тыры (47,8%), Скай (36,8%), Разэй (36,1%), Лісмар (28,8%)[17][18]. Увогуле, з 900 прыходаў Шатляндыі 9 маюць больш за 50% гэльскамоўных у насельніцтве. Па-за асноўнымі гэльскамоўнымі рэгіёнамі гэльскамоўныя часта аказваюцца ізаляванымі ад іншых прадстаўнікоў гэльскамоўных шатляндцаў, у выніку чаго не існуе вялікіх мажлівасьцяў па выкарыстаньні мовы. Як і ў большай часткі кельцкіх моваў, практычна поўны гэльскі моналінгвізм ёсьць толькі сярод дзяцей дашкольнага ўзросту й у рэгіёнах гэльскамоўнае большасьці. Тым ня менш, нягледзячы на тое, што Зьнешнія Гебрыдзкія астравы зьяўляюцца рэгіёнам найбольш трывалага выкарыстаньня мовы, пачынаючы з 1970-х гадоў адзначаецца тэндэнцыя звужэньня галінаў карыстаньня мовай і ў гэтым рэгіёне[19][20].

Колькасьць носьбітаў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Адсоткавая дзель насельніцтва Шатляндыі ўзростам больш за 3 гады, якія паводле зьвестак перапісу насельніцтва 2011 году пазначылі сваё валоданьне гэльскай шатляндзкай мовай.
Гэльскія тэрыторыі на паўднёвым усходзе Канады.

Ніжэй прыведзеная табліца храналягічнага зьмяненьня насельніцтва Шатляндыі і зьмяненьня дзелі ў ім аднамоўных носьбітаў гэльскай шатляндзкай мовы[21].

Год Насельніцтва Шатляндыі Аднамоўныя носьбіты Гэльска-ангельскія білінгвы Агулам
1755 1 265 380 289 798 22.9% Невядома Невядома
1800 1 608 420 297 823 18.5% Невядома Невядома
1881 3 735 573 231 594 6.1% Невядома Невядома
1891 4 025 647 43 738 210 677 5,2%
1901 4 472 103 28 106 202 700 4,5%
1911 4 760 904 8 400 183 998 3,9%
1921 4 573 471 9 829 148 950 3,3%
1931 4 588 909 6 716 129 419 2,8%
1951 5 096 415 2 178 93 269 1,8%
1961 5 179 344 974 80 004 1,5%
1971 5 228 965 477 88 415 1,7%
1981 5 035 315 82 620 1,6% 82 620 1,6%
1991 5 083 000 65 978 1,4% 65 978 1,4%
2001 5 062 011 58 652 1,2% 58 652 1,2%


Перапіс насельніцтва Шатляндыі 2011 году засьведчыў, што 87 056 чалавек з насельніцтва Шатляндыі больш за тры гады мела пэўныя веды мовы, што склала каля 1,9% ад насельніцтва Шатляндыі (у 2001 годзе — 92 400 чалавек). Паводле зьвестак перапісу 2001 году, большасьць носьбітаў пражывала ў дарадчых акругах Зьнешнія Гебрыдзкія астравы (паўночны захад), Гайлэнд (поўнач, цэнтар) ды Аргайл і Б’ют (захад). У параўнаньні з 1991 годам паводле зьвестак на 2001 год колькасьць асобаў, якія маглі размаўляць на шатляндзкай мове, скарацілася на 11%, але на 7,5% павялічылася колькасьць асобаў, якія маглі чытаць на мове, пісаць — на 10%. З усіх тагачасных 92 400 чалавек носьбітамі шатляндзкае мовы зьяўляліся 63% (гл. вышэй). Параўноўваючы з 1991 годам, назіралася тэндэнцыя павелічэньня дзелі асобаў, якія ведаюць мову, сярод дзяцей узростам ад пяці да дзевяці гадоў, пры гэтым адзначаецца спад гэтага ж паказчыку сярод дзіцячага насельніцтва Зьнешніх Гебрыдзкіх астравоў. Найбольшую дзель носьбітаў шатляндзкае мовы з усіх рэгіёнаў Шатляндыі мае прыход Барвас на паўночным захадзе Зьнешніх Гебрыдзкіх астравоў, дзе гэты паказчык склаў 75%[22]. Больш новыя зьвесткі на 2011 год сьведчаць аб павелічэньні колькасьці носьбітаў мовы сярод насельніцтва маладзейшага за дваццаць гадоў[23].

У той жа час каля 45% ад носьбітаў шатляндзкае мовы пражывае ў Лаўлэндзе, асабліва ў аглямэрацыі Глазга, дзе іх колькасьць складае 11 тыс. чалавек, але агулам гэтае насельніцтва складае толькі блізу 1% ад насельніцтва Лаўлэнду[24][25].

У канадзкай правінцыі Новая Шатляндыя пражывае каля 500—1000 носьбітаў гэльскай шатляндзкай мовы, якія ў асноўным зьяўляюцца людзьмі пажылога ўзросту і зьяўляюцца нашчадкамі бежанцаў XVIII—ХІХ стагодзьдзяў, якія, у сваю чаргу, былі вымушаныя эміграваць у выніку г.зв. «Гайлэндзкіх зачыстак» — прымусовых дэпартацыяў шатляндзкіх горных кланаў. Наогул у Канадзе паводле зьвестак перапісу насельніцтва 2011 году пражывае прыкладна 1 500 носьбітаў мовы (пераважна ў правінцыі Новая Шатляндыя), зь якіх блізу 350 чалавек вызначае шатляндзкую мову як родную[4][5].

Сучасная гэльская шатляндзкая мова можа згадвацца як высакагорна-шатляндзкая мова ў мэтах адрозьненьня захаваных на цяперашні час дыялектаў мовы ад раўнінных дыялектаў, у большасьці сваёй амаль або поўнасьцю страчаных у нашыя часы. Адзіным дыялектам гэльскай шатляндзкай мовы, які захоўваўся да Новага часу, ёсьць галоўэйскі дыялект, што быў распаўсюджаны на паўднёвым захадзе шатляндзкага Лаўлэнду пры мяжы з Ангельшчынай. Па стане на XVIII стагодзьдзе большая частка носьбітаў гэльскай шатляндзкай мовы ў Лаўлэндзе перайшлі на шатляндзкую германскую мову. На карысьць гістарычнае прысутнасьці носьбітаў мовы зьяўляецца адзіная этымалёгія тапонімаў былых і сучасных гэльскамоўных рэгіёнаў.

Паводле паведамленьняў Джэймза Крайтана, апошняй мясьцінай Лаўлэнду, дзе гэльская шатляндзкая мова найдаўжэй захоўвала свае пазыцыі, было сяло Бар у сучасным графстве Эйршыр (крыху на поўнач ад крайняга паўднёвага захаду Шатляндыі)[26]. Тым ня менш, Крайтан не пазначыў дакладнае даты сьмерці мовы ў гэтым паселішчы. Апрача гэтага, зьніклі дыялекты па абодва бакі праліву Стрэйтс-оф-Мойл (між Ірляндыяй і Шатляндыяй), якія сваімі рысамі выступалі як пераходныя шатляндзка-ірляндзкія гаворкі.

Літаратурная гэльская шатляндзкая мова ў сучасным разуменьні ўтвораная на базе гаворак, распаўсюджаных у рэгіёнах, што лічацца найбольш прадстаўнічымі гэльскамоўнымі рэгіёнамі — востраву Скай і архіпэлягу Зьнешніх Гебрыдзкіх астравоў. Гэльскае шатляндзкае маўленьне гэтых астравоў (за выняткам астравоў Аран і Кінтайр) клясыфікуецца як адна з асноўных дыялектных групаў мовы. Між іншым, маўленьне гэтых астравоў мае ўласныя асаблівасьці (напрыклад, рэалізацыя /r/ як [ð] на востраве Льюіс і, на думку некаторых дасьледчыкаў, наяўнасьць сьлядоў скандынаўскае фаналёгіі). Зь іншага боку, амаль зьніклыя на цяперашні час дыялекты ўсходу Шатляндыі (напрыклад, усходняй часткі графства Сазэрлэнд) захоўваюць некаторыя архаічныя рысы, страчаныя на захадзе арэалу мовы.

Гэльская шатляндзкая мова дагэтуль застаецца досыць блізкай ольстэрскаму дыялекту ірляндзкай мовы, а паўднёвыя дыялекты мовы ўтвараюць зь ім дыялектны кантынуўм. Так, дыялект востраву Ратлін між узьбярэжжамі Ірляндыі й Шатляндыі фактычна ўяўляў сабою пераходнае шатляндзка-ірляндзкае маўленьне. Некаторыя рысы супрацьпастаўляюць гэльскую шатляндзкую мову й ольстэрскі дыялект ірляндзкай мовы іншым, больш паўднёвым дыялектам ірляндзкай мовы: напрыклад, у гэльскай шатляндзкай мове й ольстэрскім дыялекце адмоўная часьціца мае выгляд cha, у заходніх і паўднёвых дыялектах ірляндзкай мовы — .

Мовы Шатляндыі ў ХІІ ст.:

     Гайдэльскамоўныя тэрыторыі

     Старажытнаскандынаўска-гайдэльскія дзьвюхмоўныя тэрыторыі

     Стараангельскамоўныя тэрыторыі

     Кумбрыйскамоўныя тэрыторыі

Першымі носьбітамі кельцкіх моваў на тэрыторыі сучаснай Шатляндыі лічацца брыты, якія насялялі ў асноўным паўднёвую, раўнінную частку рэгіёну; у прыватнасьці, імі быў заснаваны Эдынбург. На тэрыторыі Шатляндыі быў створаны адзін з найстаражытных брыцкіх паэтычных пісьмовых помнікаў — паэма Годадын.

Паводле сучаснае гістарыяграфіі лічыцца, што гаворкі, якія леглі ў аснову гэльскай шатляндзкай мовы, зьявіліся ў Шатляндыі прыкладна ў IV ст. н.э., калі перасяленцамі з востраву Ірляндыя на захадзе Шатляндыі было заснаванае каралеўства Дал Рыяда[27][28], што грунтуецца ў асноўным на зьвестках пісьмовых помнікаў ІХХ стагодзьдзяў н.э. Тым ня менш, за апошнім часам некаторымі дасьледчыкамі гэтая вэрсія аспрэчваецца праз адсутнасьць археалягічных або тапанімічных доказаў на карысьць міграцыі продкаў носьбітаў гэльскай шатляндзкай мовы ў гэты рэгіён[29]. Напрыклад, на думку археоляга Э. Кэмпбэла, між поўначчу Ірляндыі й захадам Шатляндыі існавалі сталыя марскія злучэньні, якія дазволілі ўтварыцца агульнай архаічнай мове, досыць ізаляванай ад лінгвістычнага разьвіцьця, якое адбывалася на ўсход ад Гайлэнду[29]. Высоўваюцца гіпотэзы, паводле якіх гаворкі, што леглі пазьней у аснову шатляндзкае кельцкае мовы, зьявіліся ў Шатляндыі значна раней[30]. Брыцкае насельніцтва магло захоўвацца ў рэгіёне прыкладна да VI ст. н.э., але потым на поўдні яно саступіла германскім плямёнам, на захадзе — гайдэльскім, продкам носьбітаў гэльскай шатляндзкай мовы. Па засваеньні гайдэламі з Ірляндыі поўдня Шатляндыі й прасоўваньні далей пашырылася назва Шатляндыя, якая паходзіла ад лацінскага Scotus — «ірляндзец»[31].

Прыкладна ХІІ ст. датуецца вылучэньне гэльскай шатляндзкай мовы з папярэдніх гайдэльскіх гаворак. Іншыя лінгвісты адносяць адасабленьне шатляндзкае кельцкае мовы не раней чым на пачатак XIV ст.[32] Існуюць адваротныя палажэньні, згодна зь якімі гэты працэс распачаўся ўжо па прыбыцьці гэлаў у Шатляндыю[33].

З ростам уплыву дзяржавы Дал Рыяда, утворанага ў ІХ ст. каралеўства Шатляндыя, а таксама царквы гэльская шатляндзкая мова паступова стала асноўнай мовай Шатляндыі, выцесьніўшы кумбрыйскую (поўдзень) і пікцкую (усход, цэнтар) мовы[34]. Пануючы статус мовы падтрымліваўся г.зв. Каралеўствам Астравоў, якое кантралявала астравы на захад ад Шатляндыі і часткі гістарычнага рэгіёну Ольстэр да XVI ст.

У рэшце рэшт гэльская шатляндзкая мова выцесьніла пікцкую мову ў цэнтар і поўнач Шатляндыі. Прыкладна з гэтага пэрыяду й да самага канца XV ст. гэльская шатляндзкая мова стала вядомай як шатляндзкая мова; прынята лічыць, што зь сярэдзіны гэтага ж стагодзьдзя гэльскую шатляндзкую мову можна лічыць асобнай, але іншыя дасьледаваньні адзначаюць, што мова заставалася імаверна ўзаемназразумелай з ірляндзкай[35]. Прыблізна з часу наступнага стагодзьдзя мова стала згадвацца пад прыметнікам Erse, якім пазначалася таксама ірляндзкая мова, у той час як тэрмін шатляндзкая мова стаў перамяшчацца на значэньне германскіх стараангельскіх дыялектаў. Пазначэньне ірляндзкай і гэльскай шатляндзкай моваў адным словам было зьвязанае з выкарыстаньнем адукаванай часткай ірляндцаў і шатляндцаў агульнай пісьмовай мовы — клясычнай гэльскай мовы, розьніца ўнутры якой не дасягала вялікіх маштабаў. Са зьнікненьнем клясычнай гэльскай мовы з адукацыі ў абедзьвюх краінах стала пераважаць размоўнае маўленьне. Гэта спрычынілася да павелічэньня разыходжаньня ў народнай гаворцы, што пацягнула за сабою павелічэньне адрозьненьняў у пісьмовых мовах.

Распаўсюджваньне шатляндзкай германскай (потым — ангельскай) мовы ў Лаўлэндзе і набегі вікінгаў па ўсёй тэрыторыі краю (у тым ліку на Гебрыды, дзе становішча мовы наймацнейшае) моцна аслабілі пазыцыі гэльскай шатляндзкай мовы, зазнаўшы ангельскі й скандынаўскі ўплывы. Акрамя вялікага пласту лексычных запазычваньняў, з скандынаўскімі мовамі зьвязваюць узьнікненьне супрацьпастаўленьня глухіх прыдыхальных з глухімі непрыдыхальнымі, што паўстала замест супрацьпастаўленьня глухіх і звонкіх — падобныя зьявы назіраюцца таксама ў ісьляндзкай, фарэрскай мовах і дыялектах кантынэнтальнай Скандынавіі.

Эканамічныя й палітычныя фактары, зьвязаныя з распаўсюджаньнем на поўдні Шатляндыі стараангельскіх гаворак (якія пазьней разьвіліся ў шатляндзкую германскую мову), абумовілі пачатак працэсу выміраньня шатляндзкае кельцкае мовы ў Лаўлэндзе (поўдзень краіны) з XIV ст.[35] З пачатку XV ст. у шатляндзкім грамадзтве замацоўваецца негалосны падзел на пераважна германскамоўны Лаўлэнд (вядомы ў шатляндзкай мове як Galldachd) і галоўным чынам кельцкамоўны Гайлэнд (гэльск. Gàidhealtachd, літаральна «гэльская [тэрыторыя]»)[36].

Каля XVII стагодзьдзя прынята вылучаць пачатак існаваньня мэнскае мовы, якая вылучылася з гаворак гэльскай шатляндзкай мовы. З гэтага ж стагодзьдзя шматлікія шатляндцы эмігравалі ў Канаду для працы на кампанію Гудзанавай затокі. Некаторы час гэльская шатляндзкая мова была трэцяй паводле колькасьці носьбітаў мовай у Канадзе пасьля ангельскай і францускай, былі прэцэдэнты спробаў наданьня ёй статусу трэцяй афіцыйнай мовы.

Гэльская шатляндзкая мова назапасіла багатую вусную й пісьмовую традыцыю, будучы моваю бардаўскай культуры кланаў Гайлэнду на працягу многіх стагодзьдзяў; таксама ў мове захоўваецца шмат сьлядоў дафэадальнай пляменнай культуры. Пачынаючы з 1746 году, калі пад Кулодэнам адбылася бітва між шатляндцамі-гайлэндэрамі й урадавымі войскамі, мова пачала зазнаваць асабліва моцны перасьлед з боку ўладаў новаўтворанае Вялікабрытаніі. Стан мовы стаў пагаршацца таксама дзякуючы дзейнасьці пасяленцаў у Гайлэндзе, якая ўзмацнілася ў ХІХ стагодзьдзі[37]. Гэльская шатляндзкая мова, як і іншыя кельцкія, доўгі час ня мела афіцыйнага статусу й нават перасьледвалася (напрыклад, Актам аб адукацыі 1872 году забаранялася выкладаць на мове ды нават размаўляць на ёй). Апрача таго, спаду выкарыстаньня мовы ў Гайлэндзе спрыялі культурны ціск, міграцыі, ваенныя падзеі[38][39].

Першым перакладам Бібліі на гэльскую шатляндзкую мову лічыцца пераклад Робэрта Кэрка, апублікаваны ў Лёндане ў 1690 годзе, але гэтая вэрсія не атрымала шырокага выкарыстаньня[40]. Першым шырокавядомым перакладам Бібліі на мову стаў пераклад Новага Запавету, выкананы Джэймзам Ст’юартам Кілінскім і Дугалдам Б’юкэнэнам у 1767 годзе. Адносна доўгая адсутнасьць перакладу Бібліі на гэльскую шатляндзкую мову верагодна стала адным з фактараў заняпаду мовы[41]. Цікава, што ў пэрыяд між сярэдзінай XVI ст. і зьяўленьнем першых вядомых перакладаў Бібліі на мову для мэтаў шатляндзкамоўных вернікаў выкарыстоўвалася Біблія на ірляндзкай мове.

Пачынаючы зь цяперашняга часу гэльская шатляндзкая мова зазнае асаблівы росквіт у галіне мастацкай прозы[41]. Нацяпер некаторыя гэльскія шатляндзкія фразы (напрыклад, Alba gu bràth [ˈal̪ˠapə kə ˈpɾaːx] «Шатляндыя назаўсёды») выкарыстоўваюцца ў Шатляндыі як асаблівыя палітычныя поклічы.

У часы існаваньня старажытнага гайдэльскага дыялектнага кантынуўму гайдэльскія плямёны выкарыстоўвалі агамічнае пісьмо, якое складалася з вэртыкальных і гарызантальных рысаў. Па зварачэньні Ірляндыі ў хрысьціянства сярод гэтых плямёнаў атрымаў распаўсюджваньне лацінскі альфабэт. Сучасны шатляндзкі альфабэт складаецца з 18 літараў:

Aa, Bb, Cc, Dd, Ee, Ff, Gg, Hh, Ii, Ll, Mm, Nn, Oo, Pp, Rr, Ss, Tt, Uu.

У якасьці асобных літараў могуць разглядацца дыграфы bh, ch, dh, fh, gh, ll, mh, ng, nn, ph, rr, sh, th.

У запазычанай лексыцы могуць выкарыстоўвацца літары j, k, q, v, w, x, y, z. Варта адзначыць, што ў адрозьненьне ад іншых пісьмовых моваў Заходняй Эўропы, за выняткам таксама ірляндзкай, літара c у спалучэньнях ce ды ci пазначае не сьвісьцячы гук, а заднеязычны (часьцей за ўсё [k]).

З XVII ст. да сярэдзіны ХХ ст. вельмі шырокае карыстаньне меў г.зв. гэльскі шрыфт, які ўжываўся таксама ў ірляндзкай мове. На цяперашні час гэты шрыфт выкарыстоўваецца ў асноўным у дэкарацыйных мэтах. Раней існавала традыцыя найменьня літараў назвамі дрэваў (напрыклад, Aaailm «бяроза»), але падобны звычай выйшаў з ужытку.

Да XVIII стагодзьдзя ў Шатляндыі ў якасьці пісьмовай мовы гэлаў выкарыстоўвалася клясычная гэльская мова. Артаграфічныя разыходжаньні ў гэльскай шатляндзкай ды ірляндзкай пісьмовасьцях паўсталі пазьней, што спрычынілася да ўтварэньня плюрыцэнтрычнае моўнае карціны. У 1767 годзе выхад Новага Запавету на гэльскай шатляндзкай мове фактычна замацаваў пісьмовыя нормы мовы. Артаграфічная сыстэма ўласна гэльскай шатляндзкай мовы мае працяглую гістарычную традыцыю і засноўваецца на этымалягічным прынцыпе (гл. прыклады ніжэй).

Якасьць зычнага гуку на пісьме адлюстроўваецца наяўнасьцю тых ці іншых галосных вакол зычнага (такім чынам, нярэдка літары для галоснага ня маюць гукавага значэньня, маючы толькі правапісныя функцыі).

Зычныя гукі падзяляюцца на «вузкія», да якіх адносяцца паляталізаваныя зычныя, і «шырокія», да якіх адносяцца вэлярныя й звычайныя зычныя. У сваю чаргу, падзел на «вузкія» й «шырокія» гукі ёсьць і сярод галосных: да першых адносяцца e, i, да апошніх — a, o, u. Аб’яднаньне гэтых заканамернасьцяў для галосных і зычных пакладзенае ў аснову гэльскай артаграфіі, што вядома як прынцып caol ri caol agus leathann ri leathann («вузкі з вузкім, шырокі з шырокім»), які патрабуе, каб перад спалучэньнямі тыпу «зычны ў сярэдзіне слова + і або е» або «група зычных + і або е» стаялі літары i ды e адпаведна. Гэтае правіла дзейнічае й адносна іншых галосных: калі пасьля зычнага ў сярэдзіне слова або групы зычных ідзе галосны a, o або u, перад гэтым зычным або групаю зычных мусіць пісацца a, o або u.

Паляталізаваны або непаляталізаваны характар зычнага пазначаецца тым ці іншым галосным поруч, пры гэтым у выпадку ўзьнікненьня мажлівай неадназначнасьці дадаюцца новыя галосныя літары, якія маюць нуль гуку (напрыклад, параўн. вымаўленьне t у слове slàinte [s̪lˠ̪aːɲtʲə], але bàta [paːʰt̪ə]). Гэтае ж правіла не закранае вымаўленьня галосных: напрыклад, множны лік пазначаецца канчаткам -an, але ў адпаведнасьці з правіламі ў некаторых сытуацыях (напрыклад, пасьля gh) можа дадавацца e, якая не ўплывае на вымаўленьне канчатку — bròg [prɔːk] «чаравік» > brògan [prɔːkən] «абутак», але taigh [tʰɤj] «дом» > taighean [tʰɛhən] «дамы́». Падобныя правілы выконваюцца і ў ірляндзкай мове, а правіла заканамернасьці «вузкі з вузкім, шырокі з шырокім» захоўваецца ў ірляндзкай мове й пасьля рэформавай артаграфіі (гл. далей). Падобным жа чынам, але з даданьнем h, на пісьме пазначаецца леніцыя зычных.

У зьменах, прасунутых Шатляндзкай экзамэнацыйнай камісіяй пасьля 1976 году вышэйшыя правілы парушаныя ў напісаньні канчаткаў дзеепрыметнікаў мінулага часу (напрыклад, togte замест традыцыйнага togta).

У часы Другой Сусьветнай вайны адбылася рэформа ірляндзкага правапісу, якая пашырылася ў 1957 годзе прыбраньнем г.зв. «ціхіх» літараў, у выніку чаго ірляндзкая пісьмовая мова ў пэўнай ступені аддалілася ад гэльскай (напрыклад, зьніклі некаторыя дыграфы, якія ў гэтых пазыцыях захаваліся ў гэльскай шатляндзкай). У 1981 годзе з парады шатляндзкай адукацыйнай камісіі большая частка выданьняў і пісьменьнікаў прыняла г.зв. гэльскія артаграфічныя канвэнцыі, аднак яны сталі крытыкавацца некаторымі лінгвістамі. Тым ня менш, збольшага гэльскае шатляндзкае напісаньне больш традыцыйнае ў параўнаньні з ірляндзкім (напрыклад, гэльск. oidhche, ірл. oiche «ноч», гэльск. суфікс назоўнікаў -chd замест ірл. -cht).

Падчас узьнікненьня параў галосных на пісьме часам узьнікае неадназначнасьць, калі нельга разьмежаваць функцыі галосных для вымаўленьня або іх функцыі для дзеяньня правілаў. У нефармальнай пісьмовасьці могуць ня ўказвацца ненаціскныя галосныя, рэдукаваныя ў маўленьні (напрыклад, Tha mi an dòchas «я спадзяюся» > Tha mi ’n dòchas). Для асобаў, што добра знаёмыя з прынцыпамі гэльскай артаграфіі, маўленчая рэалізацыя пісьмовага тэксту ў цэлым зьяўляецца прадказальнай

Адной з найадметных рысаў шатляндзкае пісьмовасьці зьяўляецца ўжываньне дыграфаў зь літараю h, якая адлюстроўвае леніцыю папярэдняга зычнага гуку, у старых сыстэмах пісьма леніцыя пазначалася кропкай унізе пад патрэбнай літарай. Падаўжэньне галоснага пазначаецца знакам гравіс (à, è, ì, ò, ù), дыграфамі (напрыклад, ao[ɯː]) або шляхам наяўнасьці іншых літараў побач з галосным (напрыклад, u перад nn пазначае [uː]). Традыцыйныя артаграфічныя сыстэмы таксама выкарыстоўваюць знак акут для пазначэньня якасьці галоснага (á, é, ó), але сучасная літаратурная гэльская мова адмовілася ад гэтых літараў. Некаторыя раньнія пісьмовыя помнікі выкарыстоўвалі толькі знак акуту на ўзор ірляндзкага альфабэту, асабліва ў XVIII ст.[42]

У розныя гістарычныя часы для запісу гэльскіх шатляндзкіх тэкстаў таксама выкарыстоўваліся артаграфічныя сыстэмы на аснове шатляндзкага варыянту ангельскай мовы (ня блытаць з шатляндзкай германскай мовай). Аднымі з узораў такіх пісьмовых помнікаў зьяўляюцца Кніга Дэна Лісмарскага й Фэрнаскі манускрыпт.

Лінгвістычная характарыстыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фанэтыка, фаналёгія

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гукавы лад гэльскай шатляндзкай мовы ў асноўным збліжаецца з адпаведнымі сыстэмамі дыялектаў ірляндзкай мовы, перадусім ольстэрскага. У той жа час гэльская шатляндзкая мова мае шэраг своеасаблівых рысаў, што адрозьніваюць яе ад ірляндзкай, у першую чаргу ў сыстэме галосных і змычных зычных. Гэльская шатляндзкая мова ня мае стандартызаванай артаэпіі, у гэтым артыкуле ў асноўным прыведзенае апісаньне гукавага ладу паўночна-заходніх дыялектаў Шатляндыі (Гебрыдзкія астравы, востраў Скай, паўночна-заходні Гайлэнд) як тэрыторыяў, носьбіты якіх складаюць большасьць ад сучасных носьбітаў гэльскае шатляндзкае мовы. Асаблівасьцямі прасодыі ў гэльскай шатляндзкай мове можна лічыць замацаванасьць націску на першым складзе (ініцыяльны націск) з наступнай рэдукцыяй у ненаціскных складох, а таксама падаючую інтанацыю ў большасьці тыпаў сказаў, у тым ліку пытальных. Вялікую граматычную ролю маюць мутацыі зычных і паляталізацыя (гл. далей).

  • Галосныя:

Большая частка дыялектаў гэльскай шатляндзкай мовы мае 8—9 асноўных галосных гукаў-манафтонгаў ([i e ɛ a o ɔ u ɤ ɯ]), якія могуць адрозьнівацца паводле даўжыні або кароткасьці. Галосныя [ə ɪ] ёсьць рэдукаванымі і ня могуць падаўжацца, галосная [a] мае розныя варыянты рэалізацыі як галосны пярэдняга або задняга шэрагу ў залежнасьці ад дыялекту або даўжыні галоснай. Некаторыя з галосных зьяўляюцца моцна назалізаванымі (набываюць насавое вымаўленьне), але ўзоры асобных назалізаваных галосных досыць рэдкія. Апрача манафтонгаў адзначаецца параўнальна шырокая сыстэма дадатковых галосных — каля дзевяці дыфтонгаў і некалькі трыфтонгаў.

Ніжэй прыведзены лад галосных гэльскай шатляндзкай мовы паводле іх месца артыкуляцыі[43][44].

Пярэдняга
шэрагу
Ненапружаныя
пярэдняга
Сярэдняга
шэрагу
Задняга
шэрагу
неагубленыя неагубленыя агубленыя
Верхняга
ўздыму
i ɯ u
Ненапружаныя
верхняга
ɪ
Сярэдне-верхняга
ўздыму
e ɤ o
Сярэдняга
ўздыму
ə
Сярэдне-ніжняга
ўздыму
ɛ ɔ
Ніжняга
ўздыму
a

Дыфтонгі падзяляюцца паводле месца артыкуляцыі іх першых і другіх кампанэнтаў. У гэльскай шатляндзкай мове прадстаўленыя наступныя дыфтонгі: [ei, əi, ai, ui, iə, uə, εu, ɔu, au, ia][45].

Дыялектныя адрозьненьні ў ладзе галосных параўнальна невялікія. На дыялектным узроўні прасочваецца неадрозьненьне /ɯː/ і /əː/ (паўднёвыя дыялекты), а таксама параў тыпу /e : ε/ або /ɔ : o/. Іншай дыялектнай рысай зьяўляецца хістаньне рэалізацыі /a/ ў межах [æ ~ a ~ a], аналягічна ў дыялектах мяняецца рэалізацыя /ε/. Некаторыя з дыялектных адрозьненьняў вылучаюцца нават у пісьмовай мове (напрыклад, mios ды meas «павага»)[46].

  • Зычныя:

Большасьць зычных мае палятальныя й непалятальныя адпаведнікі, у тым ліку вялікі інвэнтар плыўных, насавых і дрыжачых. Непаляталізаваныя й паляталізаваныя зычныя традыцыйна ў гэльскай мове вядомыя як «шырокія» й «вузкія», а іх супрацьпастаўленьне адыгрывае вялікую ролю ў словазьмене. Гістарычна звонкія зычныя [b d̪ ɡ] страцілі звонкае вымаўленьне, праз што супрацьпастаўленьне гэтых гукаў грунтуецца на наяўнасьці або адсутнасьці прыдыханьня ([p t̪ k] і [pʰ t̪ʰ kʰ]). У мэдыяльнай[a] або фінальнай[b] пазыцыях слова выбухныя з наяўнасьцю прыдыханьня пераўтвараюцца ў прэасьпіраваныя, то бок зычныя, перад якімі існуе прыдыханьне.

Як і ў ірляндзкай мове, для гэльскага шатляндзкага ладу зычных уласьцівая карэляцыя паводле паляталізаванасьці, падобная на беларускае сэнсаадрознае значэньне супрацьпастаўленьня мяккіх і цьвёрдых. Пры гэтым у шматлікіх дыялектах у якасьці паляталізаваных карэлятаў пярэднеязычных выбухных [t], [tʰ] выступаюць постальвэалярныя афрыкаты [ʧ], [ʤ]; тое ж датычыць і [ʃ], якая фаналягічна ёсьць паляталізаваным карэлятам [s] (апошняя зьява характэрная для ўсіх дыялектаў), а вэлярызацыю маюць толькі зычныя /n̪ˠ l̪ˠ rˠ/, што адрозьніваецца ад ірляндзкай, дзе вэлярызаваную артыкуляцыю маюць усе «шырокія» зычныя. Большасьць дасьледчыкаў мяркуе, што ў большай частцы гэльскіх шатляндзкіх дыялектаў карэляцыя паводле паляталізаванасьці не распаўсюджваецца на губныя зычныя[47]. Паляталізаваныя карэляты адсутнічаюць у зычных /p pʰ m f v/, але іх колішняя прысутнасьць відаць дзякуючы сьлядам перад або пасьля галосных задняга шэрагу (beul /pial̪ˠ/ «рот», але beò /pjɔː/ «жывы»). Традыцыйна паляталізаваныя гэльскія шатляндзкія зычныя ў кельталёгіі пазначаюцца знакам апострафу (напрыклад, m′).

Агулам разьвіцьцё паляталізаваных губных можна прадставіць наступным чынам[48].

  • У пачатковай пазыцыі:
    • Перад пярэднімі галоснымі выступаюць як непаляталізаваныя: beum [peːm] «рот»;
    • Перад непярэднімі галоснымі выступаюць як спалучэньні губных і [j] або кароткага пераходнага гуку, адпаведнага пярэдняму галоснаму: beàrn [pjaːrn] або [pɛaːrn] «адтуліна»;
  • У непачатковай пазыцыі:
    • У канцы слова пасьля націску даюць спалучэньне «[i] + непаляталізаваны губны», часам з узьдзеяньнем на папярэдні галосны: cnàimh [krãĩv] або [krɛ̃ːv] «косьць»;
    • Між галоснымі й у канцы словаў пасьля безнаціскнога галоснага часьцей за ўсё ўтвараюць простыя непаляталізаваныя губныя, але часам таксама спалучэньне «[i] + непаляталізаваны губны»: caibe [kʰɛpə] «рыдлёўка».

У шэрагу дыялектаў, перадусім паўднёвых, ёсьць гартанная змычка. Яна зьяўляецца пасьля галосных, у асноўным у тых жа становішчах, калі ў іншых дыялектах галосныя падаўжаюцца перад санантамі. Сананты перад выбухнымі могуць аглушацца, зь іншага боку — званчэць, асабліва пасьля «моцных» санантаў (calltainn [kʰauLdəNʲ] «арэшнік»).

Ніжэй прыведзены лад зычных у гэльскай шатляндзкай мове паводле іх месца артыкуляцыі.

Лябіяльныя Пярэднеязычныя Сярэднеязычныя Глётальныя
Зубныя Альвэалярныя Палятальныя Вэлярныя
Выбухныя pʰ   p t̪ʰ   t̪ tʲʰ   tʲ kʲʰ   kʲ kʰ   k
Фрыкатывы f   v ʃ ç   ʝ x   ɣ h
Насавыя m n̪ˠ n ɲ
Апраксыманты l̪ˠ l ʎ j
Аднаўдарныя ɾ ɾʲ
Дрыжачыя
  • Дыялектныя зьмены:

Апрача стандартнага ладу зычных, у залежнасьці ад дыялекту розную рэалізацыю могуць мець /tʲʰ, ɾʲ, ɲ, l̪ˠ/, таксама дыялектныя адрозьненьні маюць асьпірацыя (прыдыхальнае вымаўленьне пасьля зычных) і прэасьпірацыя (прыдыхальнае вымаўленьне перад зычнымі)[49][50][51]: рэалізацыя /tʲʰ/ можа прымаць варыянты [tʃʰ] ці [tɕʰ], /ɲ/[nʲ], /ɾʲ/[ð] (апошняе — на Гебрыдзкіх астравох, гл. вышэй). Асноўны гэльскамоўны арэал (паўночны захад Шатляндыі, а таксама астравы на захад ад рэгіёну) мае стандартную рэалізацыю /l̪ˠ/, у той час як на паўднёвы ўсход ад гэтага рэгіёну, у рэгіёнах Арднамэрхан, Мойдарт, Лахабэр, Лоўрн, Бадэнах гэты гук рэалізоўваецца агублена — [l̪ˠw] або [wl̪ˠ], на паўднёвы захад ад гэтых рэгіёнаў дадзеная фанэма атрымлівае вакалізаваную рэалізацыю ў выглядзе [u̯ˠ], яшчэ на паўднёвы захад (раён затокі Фэрт-оф-Лорн) — [ð] альбо [ðˠ], амаль на самым поўдні гэльскамоўнага арэалу, на востраве Айлэй, фанэма рэалізоўваецца як [t̪ˠ] або [t̪ˠl̪ˠ]; урэшце, на крайнім захадзе арэалу, на архіпэлягу Сэнт-Кілда, была распаўсюджаная поўнасьцю губная рэалізацыя як [w] або [ʊ̯]. У якасьці выключэньня зафіксаваныя рэалізацыі [l̪ˠw] і [l̪ˠv] (паўночна-заходняе ўзьбярэжжа Шатляндыі).

Дыялектную дробнасьць зьведваюць таксама асьпірацыя й прэасьпірацыя. Выбухныя фортыс /pʰ, t̪ʰ, tʲʰ, kʲʰ, kʰ/ у большасьці дыялектаў перасоўваюць уласную асьпірацыю перад зычным у выпадку знаходжаньня ў сярэдзіне слова пасьля націскнога складу[50]. Прэасьпірацыя адрозьніваецца паводле моцнасьці прыдыханьня ([ʰ] або [h]), іншыя глётальныя мяняюцца ў залежнасьці ад віду наступнай зычнай (напрыклад, [ç] перад «вузкімі», [x] — перад «шырокімі»)[52]/, іншай своеасаблівасьцю прэасьпірацыі зьяўляецца яе герархічны характар: у выпадку наяўнасьці прэасьпірацыі перад /pʰ/, яна таксама паўстае й перад зычнымі c, t. На крайняй поўначы, а таксама ў цэнтральнай Шатляндыі прэасьпірацыя адсутная наогул, на захадзе — [xk xt xp] разам [çkʲ çtʲ çp], у паўднёвай частцы цэнтру — [xk xt hp] разам з [çkʲ çtʲ hp], на паўднёва-заходніх астравох — [xk ht hp] і [çkʲ htʲ hp], востраў Льюіс і г.д. — [ʰk ʰt ʰp], паўднёвы захад — [xk] ды [çkʲ] без асьпірацыі t, p.

Нягледзячы на адсутнасьць у літаратурнай гэльскай шатляндзкай мове звонкіх зычных [b d̪ ɡ], у шматлікіх дыялектах іх звонкае вымаўленьне паўстае праз другасную артыкуляцыю пасьля насавых зычных (напрыклад, taigh [t̪ʰɤj] «дом», але an taigh [ən̪ˠ d̪ɤj] «[менавіта гэты] дом»; tombaca [t̪ʰomˈbaʰkə] «тытунь»), іншая дыялектная зьява — тэндэнцыя да поўнае назалізацыі выбухных леніс /p, t, tʲ, kʲ, k/ (напрыклад, doras [t̪ɔrəs] «дзьверы», але an doras [ə n̪ˠɔrəs] «[менавіта гэтыя] дзьверы»). У некаторых устойлівых выразах гэтая зьмена адбылася ў якасьці трывалай заканамернасьці з прычыны страты сувязі зь першапачатковым словам (напрыклад, an-dràsta «цяпер» ад an tràth-sa «у гэты момант»). У іншых дыялектах (у прыватнасьці, на востраве Льюіс) спалучэньні насавых зычных з выбухнымі рэалізоўваюцца як насавыя з рыпучай фанацыяй, адпаведныя зыходнаму выбухному па наяўнасьці прыдыханьня, якое пасьля насавога рэалізоўваецца як [ɦ][53]. Карэляцыя паводле прыдыхальнасьці нэўтралізуецца на карысьць непрыдыхальных пасьля зычных (sgian «нож», olc «зло»), а таксама ў пазыцыі пасьля ненаціскнога галоснага.

Паводле іншых мовазнаўцаў, у дыялектах Льюісу спалучэньні, дзе на канцы слова прысутнічае насавая зычная, а ў пачатку наступнага слова — выбухная, рэалізоўваюцца як /mh nh ŋh/ перад глухімі (напрыклад, nan cat /nə ŋhat/ «катоў», seann taigh /ʃεuN həj/ «стары дом») і як /m n ŋ/ — перад звонкімі (напрыклад, am balach /(ə)maLəx/ «хлопец»)[54]. Іншыя дыялекты сярод падобных спалучэньняў маюць толькі звонкія варыянты, але ў іх яны адрозьніваюцца паводле наяўнасьці або адсутнасьці прыдыханьня (напрыклад, [ŋg] або [ŋgʰ])[55].

Асаблівыя рысы маюць сьцячэньні /rt/ (можа рэалізоўвацца як [ɽst], [ʂt] ці [ʈ]) і /xt/ (у сучаснай мове заўсёды зазнае прагрэсіўную асыміляцыю ў /xk/, пры тым што гэльская тапаніміка захоўвае сьведчаньні раньняга вымаўленьня, напрыклад, корань шэрагу тапонімаў Auchter-)[56][57].

  • Эпэнтэза:

Гэльскай шатляндзкай мове ўласьцівая пасьлядоўная эпэнтэза (устаўка) галосных фанэмаў між шэрагам суседніх зычных, што характэрна таксама для шатляндзкай германскай мовы і шатляндзкага варыянту ангельскае мовы. Эпэнтэза галоснай адбываецца пасьля між гукамі, якія пазначаюцца літарамі l, n, r, і гукамі, што пазначаюцца як b, bh, ch, g, gh, m, mh; а таксама між гукамі, што пазначаюцца літарай m, і гукамі, якія пазначаюцца як l, r, s, ch; эпэнтэтычная галосная на пісьме не адлюстроўваецца (tarbh [t̪ʰaɾav] «бык», Alba [al̪ˠapə] «Шатляндыя»). Вядомая спарадычная эпэнтэза галосных у іншых пазыцыях (напрыклад, Glaschu /kl̪ˠas̪əxu/ «Глазга»).

  • Элізія:

Для галоснай шва (паводле IPA пазначаецца як [ə]) вядомая зваротная зьява — элізія, выпадзеньне фанэмы ў вызначанай пазыцыі словаў ці фразы. У гэльскай шатляндзкай мове элізія шва адбываецца пры наяўнасьці наступнага слова, ініцыяльная фанэма якога зьяўляецца любой галоснай (напрыклад, duine [ˈt̪ɯɲə] «чалавек», але an duine agad [ən̪ˠ ˈt̪ɯɲ akət̪] «вашыя людзі»). Таксама вядомае выпадзеньне ініцыяльнага s у назоўніках жаночага роду, калі між назоўнікам і пэўным артыклем устаўляецца t (гл. ніжэй).

  • Прасодыя:

Націск пераважна мае ініцыяльную пазыцыю (замацаваны на першым складзе): drochaid [ˈt̪rɔxɪtʲ] «мост», у ненаціскным складзе могуць існаваць толькі галосныя, што пазначаюцца спалучэньнямі й літарамі a, ai, e, ea, ei, i. Націск не нясуць на сабе прыназоўнікі, злучнікі, пэўны артыкль і паказчыкі прыналежнасьці, што дазваляе іх разглядаць як клітыкі адносна словаў, да якіх дапасаваныя гэтыя часьціны мовы[57].

У большасьці тыпаў сказу, у тым ліку ў пытальных, адзначаецца падаючая інтанацыя. Тон прадстаўлены толькі ў дыялектах востраву Льюіс (поўнач Гебрыдзкіх астравоў) і графства Сазэрлэнд (поўнач Шатляндыі)[58][59], але асаблівасьцю льюіскіх гаворак зьяўляецца вельмі рэдкае існаваньне мінімальнае пары для тонавых адрозьненьняў (розныя фанэмы ў адной пазыцыі): напрыклад, fitheach [fi.əx] «крумкач», але fiach [fiəx] «абавязак». Тонавыя адрозьненьні не ўласьцівыя іншым дыялектам гэльскае шатляндзкае мовы й блізкароднаснай ірляндзкай[60].

Гэльская шатляндзкая мова мае флектыўную марфалёгію, існуе граматычны род. Аналягічна іншым гайдэльскім мовам граматычную ролю маюць заканамернасьці зьмены зычных фанэмаў у той ці іншай граматычнай форме, вядомыя пад тэрмінам мутацыі зычных. Сярод іншых адметнасьцяў вылучаецца шырокае выкарыстаньне прыназоўнікаў для выражэньня ўласнасьці.

  • Мутацыі зычных:

На ўзор іншых гайдэльскіх моваў і, у прыватнасьці, старажытнаірляндзкае мовы, вялікае граматычнае значэньне адыгрывае набор заканамернасьцяў зьмены зычных, сярод якіх леніцыя (прыдыханьне) і паляталізацыя (перамяшчэньне артыкуляцыі на мяккае нёба, у кельталёгіі таксама вядомая як афэкцыя). Дадзеныя зьмены маюць строгую пасьлядоўнасьць у дачыненьні свайго гукавага выгляду, артаграфічнага адлюстраваньня й прымяненьня.

Так, леніцыя не адбываецца перад галоснымі і перад сьцячэньнямі sg, sm, sp, st і часта абумоўленая наяўнасьцю шэрагу службовых словаў перад словаформай; леніцыя ініцыяльных l, n, r не пазначаецца на пісьме, фаналягічна леніцыя гэтых жа фанэмаў не адбываецца ў часьціцах або ў атачэньні іншымі леніцызаванымі зычнымі, падобнае правіла дзейнічае й для /s̪/ перад /m p t̪ k/. Пры наяўнасьці побач зь леніцызаваным зычным гомарганічнай зычнай (зычнай, якая мае падобнае месца артыкуляцыі) леніцыя не адбываецца, пры гэтым з зубнымі гэтая заканамернасьць зьяўляецца шырокаўжыванай (напрыклад, air an taigh salach «у гэтым брудным доме»), з вэлярнымі й лябіяльнымі гэты працэс мае выключна гістарычны, даўні этымалягічны характар (напрыклад, Caimbeul — уласнае імя). Лябіяльныя зычныя /m p b f v/ ня маюць фанэматычнага адрозьненьня між «вузкімі» і «шырокімі» формамі, але ў пазыцыі перад або пасьля галосных задняга шэрагу гістарычна «вузкія» лябіяльныя зычныя ўтвараюць спалучэньні зь лябіяльнага й ёту. У ініцыяльнай пазыцыі [j] мае пазыцыю пасьля зычнага, у мэдыяльнай — перад. Гэтае ж галоснае атачэньне выклікае пераход /tʲʰ/ ды [ʃ] > /hj/.

Пры наяўнасьці перад «вузкай» галоснай сьцячэньня зычных гэтая галосная паляталізуе ўсё сьцячэньне зычных (напрыклад, uisge /uʃkʲə/ «вада»), у ініцыяльных сьцячэньнях паляталізуецца толькі зычная перад «вузкай» галоснай (напрыклад, grian «сонца», дзе паляталізаваным ёсьць толькі /r/)[56].

Усе леніцызаваныя зычныя маюць замацаваныя адпаведнікі, якія замяняюць першапачатковыя зычныя пры леніцыі[61]:

Першапачатковыя Пасьля леніцыі
Шырокія Вузкія На пісьме Шырокія Вузкія
[p] [pj] b bh [v] [vj]
[kʰ] [kʲʰ] c ch [x] [ç]
[t̪] [tʲ] d dh [ɣ] [ʝ]
[f] [fj] f fh «ціхія» зычныя
[k] [kʲ] g gh [ɣ] [ʝ]
[l̪ˠ] [ʎ] l [l̪ˠ] [l]
[m] [mj] m mh [v] [vj]
[n̪ˠ] [ɲ] n [n] [n]
[pʰ] [pʰj] p ph [f] [fj]
[rˠ] r [ɾ]
[s̪] [ʃ] s sh [h] [hj]
[t̪ʰ] [tʲʰ] t th [h] [hj]

Паляталізацыя ў шатляндзкай гэльскай мове тычыць перадусім зьмены рэалізацыі фінальнае зычнае фанэмы, але не закранае фінальныя галосныя (напрыклад, bàta «лодка») і фінальныя паляталізаваныя зычныя (sràid «вуліца»). З пункту гледжаньня гісторыі фаналёгіі гэльскае шатляндзкае мовы паляталізацыя можа быць растлумачаная як рэліктавы ўплыў страчаных галосных пярэдняга шэрагу пасьля зычных; падобна на гэта, леніцыя ініцыяльнае зычнае фанэмы магла першапачаткова быць выкліканай дзякуючы фінальнай галоснай папярэдняга слова, якая таксама зьведала страту[62][63][64][65]. Некаторыя страчаныя фінальныя зычныя таксама адлюстроўваюць уласныя сьляды ў сучаснай гэльскай шатляндзкай мове, вяртаючыся ў некаторых сынтаксічных канструкцыях (напрыклад, пасьля раду дэтэрмінатываў, гл. ніжэй)[66][67]. У іншых выпадках дзякуючы леніцыі могуць паўставаць зычныя, што звычайна ніколі ня маюць ініцыяльнае пазыцыі ў слове ([h x ç ɣ ʝ v l n ɾ ɾʲ]).

Ніжэй прыведзеныя некаторыя ўзоры леніцыі й паляталізацыі фанэмаў у гэльскай шатляндзкай мове:

  • Леніцыя: beag > bheag «маленькі», snog > shnog «прыгожы»;
  • Паляталізацыя: òran > òrain «песьня», ùrlar > ùrlair «паверх». У некаторых выпадках паляталізацыя цягне за сабою больш істотныя зьмены фанэтычнага аблічча слова (напрыклад, fiadh «алень» > féidh).
  • Назоўнік:

Гэльскія шатляндзкія назоўнік і займеньнік адрозьніваюцца паводле двух родаў, жаночага й мужчынскага, а таксама трох лікаў — адзіночнага, парнага й множнага.

Невялікая колькасьць словаў, што належалі да клясы ніякага роду, страцілі ніякі род, але набылі паводзіны адразу двух родаў у залежнасьці ад кантэксту. Напрыклад, слова am muir «мора» ў некаторых дыялектах вызначаецца як слова мужчынскага роду ў назоўным склоне, у родным — як слова жаночага роду (na mara). Пэўная колькасьць іншых назоўнікаў старажытнага ніякага роду атрымала паказчыкі жаночага або мужчынскага роду ў залежнасьці ад дыялекту[68]. Адзначаюцца ўласныя склонавыя парадыгмы адносна нядаўна засвоеных запазычваньняў і паступовае разбурэньне склонавых парадыгмаў жаночага.

Граматычныя абмежаваньні мае таксама зьмена назоўнікаў паводле ліку. Прыкладам, парны лік мажлівы толькі пры дапасаваньні з колькасным лічэбнікам «два»[69], уласна парная форма адзначаецца толькі ў назоўніках жаночага роду (шляхам паляталізацыі фінальнага зычнага), парныя формы назоўнікаў мужчынскага роду ідэнтычныя адзіночнай. Утварэньне множных формаў мажлівае пры дапамозе паляталізацыі, суфіксацыі (часьцей за ўсё пры ўдзеле суфіксу -(e)an, гл. вышэй) або спалучэньня выкарыстаньня адразу абодвух мэтадаў[68].

Гэльскі шатляндзкі назоўнік таксама адрозьніваецца паводле чатырох склонаў, назоўнага, роднага, давальнага (таксама вядомы як прэпазыцыйны) і клічнага. Склон маркіруецца як зьменамі ў гукавым ладзе слова (напрыклад, леніцыяй або паляталізацыяй пэўных фанэмаў) або шляхам суфіксацыі. Функцыі адсутнага ў мове вінавальнага склону ўскладзеныя на назоўны склон у дачыненьні дзейніку й дапаўненьня, функцыя давальнага склону звужаная да прымяненьня дадзенага склону толькі ў становішчы пасьля прыназоўніку, клічны склон выяўляецца выключна шляхам паляталізацыі ў назоўніках мужчынскага роду адзіночнага ліку, формы жаночага назоўніку адзіночнага ліку зьліваюцца з адпаведнымі формамі назоўнага.

У сучаснай размоўнай гэльскай шатляндзкай мове назіраецца тэндэнцыя да паступовага спрашчэньня склонавых парадыгмаў.

Апроч склонавага падзелу, назоўнікі таксама разьмяркоўваюцца паводле клясаў скланеньня з існаваньнем пэўнага шэрагу лексэмаў, што не трапляюць у межы дадзенага падзелу й уяўляюць сабою выключэньні з гэтае заканамернасьці. Гэтых клясаў налічваецца пяць, кожная кляса мае тры падвіды. У тры падвіды клясы I ўваходзяць назоўнікі мужчынскага роду на o-аснову, жаночыя на ā-аснову, ніякія на o-, u-асноваў; клясы II — мужчынскія й жаночыя на r-аснову, мужчынскія й жаночыя на i-аснову, мужчынскія й жаночыя на k-аснову; клясы III — мужчынскія на o-, u-асновы ды жаночыя на ā-аснову, мужчынскія й жаночыя на u-аснову, мужчынскія й жаночыя на іншыя зычныя асновы; клясы IV — мужчынскія й жаночыя на i- аснову ды жаночыя на ī-аснову, жаночыя на i-, ī-асновы ды ніякія на s-асновы, клясы V — мужчынскія на io-аснову, жаночыя на iā- аснову й мужчынскія ды жаночыя назоўнікі на n-аснову. Кляса V мае таксама чацьверты падвід, у якую ўваходзяць некаторыя іншыя назоўнікі[70].

  • Займеньнік:

Асабістыя займеньнікі гэльскае шатляндзкае мовы на ўзор назоўнікаў адрозьніваюцца паводле родаў, адрозьніваючыся ад апошняга магчымасьцю адрозьненьня толькі паводле двух лікаў (адзіночны, множны), а таксама паводле ступеняў ветлівасьці (другая асоба) і моцнасьці. Граматычны род выяўляецца толькі ў формах трэцяй асобы адзіночнага ліку. Як і ў беларускай мове, другая асоба займеньнікаў адрозьніваецца паводле дзьвюх ступеняў ветлівасьці, а множная форма sibh «вы» можа ўжывацца як форма ветлівага звароту ў адзіночным ліку. У сваю чаргу, займеньнікі маюць своеасаблівыя ўзмоцненыя формы, якія выражаюць вызначаную стылістыку ў сказе.

Ніжэй прыведзены пералік гэльскіх шатляндзкіх назоўнікаў паводле асобы, ліку й моцнасьці.

простыя узмоцненыя
адз.л. 1 ас. mi mise я
2 ас. thu thusa ты
3 ас. м.р. e esan яго
ж.р. i ise яе
мн.л. 1 ас. sinn sinne мы, нас
2 ас. sibh sibhse вы
3 ас. iad iadsan мы, іх

Узмоцненыя формы выкарыстоўваюцца для патрэбнага кантэксту сказу й выражаюцца пры дапамозе прыназоўніку ise або шляхам шэрагу разнастайных займеньнікавых канструкцыяў. Напрыклад, Tha i bòidheach «яна прыгожая», але Tha ise bòidheach «[менавіта] яна прыгожая»; an taigh aicese «[менавіта] яе конь», chuirinn-sa «[менавіта] я паставіў бы», na mo bheachd-sa «[менавіта] на маю думку».

  • Прыметнік:

Прыметнік у гэльскай шатляндзкай мове зьмяняецца паводле ліку й склону, што мажліва толькі ў формах адзіночнага ліку прыметніку. Множны лік прыметнікаў характарызуецца адзінай формай для мужчынскага й жаночага родаў, склоны пазначаюцца выключна шляхам леніцыі зычных у залежнасьці ад патрэбаў кантэксту. Прыметнік дапасоўваецца з азначаемым назоўнікам у родзе, ліку й склоне[71].

  • Лічэбнік:

Колькасныя й парадкавыя лічэбнікі ад 1 да 10 шатляндзкае мовы маюць па чатыры формы ў залежнасьці ад назоўнікаў, у дачыненьні да якіх лічэбнікі зьяўляюцца азначэньнямі. Кожная з гэтых формаў адпаведна выкарыстоўваецца пры простым падліку прадметаў (напрыклад, aon ghille), простым пералічэньні лічбаў (напрыклад, a h-aon), пералічэньні прадметаў пры пэўным артыклі (a’ cheud ghille, an dar(n)a gille, an ceathramh gille), у чацьвертую форму ставяцца лічэбнікі ў колькасным значэньні пры пералічэньні людзей (aonar «адзін [чалавек]», ceathrar «чатыры [чалавекі]»)[72]. У некаторых дыялектах чацьвертая форма выкарыстоўваецца адносна ўсіх адушаўлёных прадметаў[69].

Аналягічна беларускай мове, у залежнасьці ад разраду кожны лічэбнік мае дадатковы корань. Так, лічэбнікі 11—19 маюць нескланяльны корань deug «дзесяць», назоўнікі ад 20 да 99 — fichead «дваццаць». Усе гэтыя займеньнікі ня маюць чацьвертае формы, для выражэньня ейнага значэньня выкарыстоўваецца трэцяя (напрыклад, an ceudamh gille ’s a h-aon «сто адзін хлопец»). Варта адзначыць, што корань fichead можа выкарыстоўвацца таксама для лічэбнікаў ад 100 да 199[69][72].

  • Займенныя азначэньні:

Гэльскай шатляндзкай мове ўласьцівае выкарыстаньне асаблівых займенных азначэньняў, якія выступаюць у ролі прыналежных займеньнікаў і значэньнем блізкія да беларускіх «мой, ваш, іхні» і г.д. Дадзеныя часьціны мовы выкарыстоўваюцца перш за ўсё для пазначэньня валоданьня неад’емнымі прадметамі, як то часткі цела, чальцы сям’і і да т.п. Некаторыя займенныя азначэньні аказваюць леніцыю азначаемага слова, перад азначаемым словам, што пачынаецца з галоснае фанэмы, займеннае азначэньне зазнае элізію (выпадзеньне гуку) або даданьне эпэнтэтычнага (устаўнога) зычнага.

Ніжэй прыведзеныя прыклады ўжываньня займенных азначэньняў у гэльскай шатляндзкай мове. Сымбалі +L азначаюць леніцыю ініцыяльнае фанэмы наступнага слова.

перад зычнай перад галоснай прыклад
адз.л. 1 ас. mo+L m' mo mhàthair «мая маці», m' athair «мой бацька»
2 ас. do+L d' (або t') do mhàthair «твая маці», d' athair «твой бацька»
3 ас. м.р. a+L a a mhàthair «яго маці», athair «яго бацька»
ж.р. a a h- a màthair «яе маці», a h-athair «яе бацька»
мн.л. 1 ас. ar ar n- ar màthair «наша маці», ar n-athair «наш бацька»
2 ас. ur ur n- ur màthair «ваша маці», ur n-athair «ваш бацька»
3 ас. an/am an am màthair «іх маці», an athair «іх бацька»

Азначэньне трэцяй асобы множнага ліку an зазнае асыміляцыю ў am перад зычнымі падобнай артыкуляцыі b, p, f, m. Эпэнтэтычныя n- ды h- адлюстроўваюць колішнюю прысутнасьць фінальнага зычнага, зьніклага ў іншых формах слова, формы ar, ur бяруць сваё паходжаньне з гістарычных формаў роднага склону множнага ліку, якія сканчваліся на насавы зычны[73]. Паказчык адзіночнага ліку ў жаночым родзе a паходзіць ад фінальнае формы -s, адзіным рэфлексам якога ёсьць прыставачнае h- у становішчы перад наступным галосным[74][75].

Указаньне валоданьня патэнцыйна адчужальным прадметам выражаецца прыназоўнікам aig (гл. вышэй): an taigh aige «ягоны дом» (літаральна «дом на ім»), an leabhar agam «мая кніга» (літаральна «кніга на мне»).

  • Артыкль:

На ўзор іншых кельцкіх моваў гэльскай шатляндзкай мове ўласьцівая наяўнасьць артыклю, які выкарыстоўваецца ў словаспалучэньні для выражэньня распаўсюдажнасьці, унікальнасьці прадметаў і г.д. Прысутны толькі пэўны артыкль, няпэўны артыкль адсутнічае (напрыклад, taigh «дом», an taigh «[менавіта гэты] дом»). Форма артыклю зьмяняецца ў залежнасьці ад граматычнае катэгорыі азначаемага слова (лік, род, склон). Ніжэй прыведзены пералік заканамернасьцяў, паводле якіх зьмяняецца артыкль за выняткам выпадкаў прысутнасьці гукавай асыміляцыі наступнага слова. У сваю чаргу, атрыманая форма артыклю можа зьмяняцца й далей у залежнасьці ад першай фанэмы наступнага слова.

Зьмена артыклю ў залежнасьці ад граматычнае катэгорыі слова:

адз.л. мн.л.
м.р. ж.р.
Н.с. AN AN +L NA
Д.с. AN +L
Р.с. AN +L NA NAN
у назоўным склоне мужчынскага роду адзіночнага ліку
AN an t- перад галосным
am перад b, f, m, p
an паўсюль
у назоўным і давальным склонах жаночага роду адзіночнага ліку, родным і давальным склонах мужчынскага роду адзіночнага ліку
AN +L a' +L перад b, c, g, m, p
an +L перад f
an t- перад s + галосная, sl, sn, sr
an паўсюль (перад d, n, t, l, r, sg, sm, sp, st і галоснай)
у родным склоне жаночага роду адзіночнага ліку, назоўным і давальным склонах множнага
NA na перад зычнай
na h- перад галоснай
у родным склоне множнага ліку
NAN nam перад b, f, m, p
nan паўсюль

Некаторыя назоўнікі мужчынскага роду з ініцыяльнай галоснай, а таксама назоўнікі жаночага (часам таксама мужчынскага) з ініцыяльным s маюць прыстаўное t, якое месьціцца паміж пэўным артыклем і словаформай. У апошнім выпадку вымаўленьне s страчваецца, але ўласна літара застаецца на пісьме — такім чынам, у падобных выпадках s не нясе гукавае нагрузкі; прыстаўное t пішацца асобна ад артыклю й праз злучок ад словаформы: напрыклад, sràid «вуліца», але an t-sràid «[менавіта гэтая] вуліца», у апошняй форме гук, што пазначаўся літарай s, выпаў. Прыстаўное t пішацца гэтым жа чынам і ў назоўніках мужчынскага роду з ініцыяльнай галоснай (напрыклад, ìm «масла», але an t-ìm «[менавіта гэтае] масла»)[76]. Гэтая ж мадэль словазьмены распаўсюджваецца часткова таксама на грэцкія й лацінскія запазычваньні.

Формы пэўнага артыклю ўзыходзяць да рэканструяванае пракельцкае формы *sindo-, sindā-. Ініцыяльная s была страчаная ўжо ў старажытнаірляндзкі пэрыяд, захаваўшыся, аднак, у некаторых формаў прыназоўнікаў, першапачатковая d знайшла сваё адлюстраваньне ў форме an t- і страце фінальнай галоснай, выкліканай леніцыяй. Форма na h-, у сваю чаргу, уяўляе сабой рэфлекс першапачатковай фінальнай -s[77][78].

  • Дзеяслоў:

Як, напрыклад, у ангельскай мове (якая, аднак, не належыць да кельцкіх), гэльская шатляндзкая мова мае зьяву няправільных дзеясловаў, агульная колькасьць якіх складае дванаццаць[79]. Пераважная частка іншых дзеясловаў утвараецца згодна з прадказальнымі словаўтваральнымі парадыгмамі, але шматскладовыя дзеясловы, што сканчваюцца на лятэральны зычны, адхіляюцца ад падобных парадыгмаў з прычыны наяўнасьці сынкопы (выпадзеньне безнаціскнога гуку або групы гукаў у пэўнай сытуацыі).

Формы дзеясловаў могуць мець сынтэтычныя формы, ужываныя для абазначэньня асобаў (абмежаваная колькасьць), часу, ладу й стану (актыў, пасіў), як правіла, у падобных выпадках дзеяслоў не маркіраваны паводле асобы, што патрабуе абавязковага ўжываньня займеньнікаў у сказе. Акрамя сынтэтычных формаў, мажлівае ўтварэньне аналітычных (або пэрыфрастычных), якія выкарыстоўваюцца надзвычай часта й выражаюць час, від і мадальнасьць.

У агульным гэльскі шатляндзкі дзеяслоў адрозьніваецца паводле трох асобаў (першая, другая, трэцяя), трох лікаў (адзіночны, парны, множны) і двух станаў (актыўны, пасіўны). Ёсьць адрозьненьне паводле часу, пры гэтым вылучаюцца звычайныя часы (будучы, умоўны, прэтэрыт) і зборныя (плюсквампэрфэкт, будучы скончаны, цяперашні скончаны, цяперашні скончаны, мінулы скончаны, умоўны скончаны). Толькі адзін дзеяслоў — bi, які выкарыстоўваецца для пазначэньня стану, дзеяньня, якасьці дзейніку або пазначэньня нейкай няпэўнай рэчы, якая мае стан, дзеяньне або ажыцьцяўляе гэтае дзеяньне — мае паказчык нязборнага цяперашняга часу. Апрача гэтых адрозьненьняў існуюць незалежны, умоўны й залежны лады. Незалежны лад ужываецца ў галоўнай частцы сказу адносна сьцьвярджальных дзеясловаў, умоўны — у гэтым жа значэньні, але ў даданым сказе, залежны — у даданых сказах адносна несьцьвярджальных дзеясловаў. Асаблівасьцю відавай і часавых сыстэмаў гэльскай шатляндзкай мовы зьяўляецца яе заўважнае адрозьненьне ад падобных сыстэмаў у блізкароднаснай ірляндзкай мове й яе слабая вывучанасьць мовазнаўцамі.

Істотную ролю адыгрываюць аддзеяслоўныя назоўнікі (напрыклад, бел. чытаньне), якія выкарыстоўваюцца ў пэрыфрастычным сказе ў пазыцыі перад прыназоўнікам у значэньні выказьніку асновы сказу. Наогул, гэльскі шатляндзкі аддзеяслоўны назоўнік характарызуецца паводле склону (як і ў беларускай мове) і роду, у безасабовых сказах маючы ўласьцівасьці адначасова назоўніку й дзеяслову. У іншых відах сказу функцыя гэльскага шатляндзкага аддзеяслоўнага назоўніку блізкая канструкцыям нямецкае мовы.

Аналягічна іншым шматлікім індаэўрапейскім мовам сярод дзеясловаў прадстаўленыя дзеясловы-зьвязкі, якія прымяняюцца ў мэтах сувязі між дзейнікам і выказьнікам у сказе, дакладная колькасьць і функцыя гэльскіх шатляндзкіх дзеясловаў-зьвязак дагэтуль зьяўляецца прадметам спрэчак. Абодва дзеясловы-зьвязкі ў гэльскай мове, bi ды is, маюць аднолькавае літаральнае значэньне «быць», аднак ужываюцца ў розных мэтах: так, першы дзеяслоў-зьвязка мае функцыі пазначэньня валоданьня, другі — маркіруе назоўнік або займеньнік у функцыі камплемэнту або робіць сэнсаадрозны акцэнт на той ці іншы член сказу[80]. Дзеля апісаньня займеньніку або прыназоўніку з назоўным камплемэнтам функцыі bi могуць быць ускладзеныя на дзеяслоў-зьвязку tha, разам з чым адбываецца скарачэньне прыназоўніку (напрыклад, Tha Iain ’na shaighdear «Іен — салдат», літаральна ёсьць Іен у салдаце), або на зьвязку is (Is saighdear Iain, літаральна «ёсьць салдат Іен»), пры гэтым у апошнім выпадку традыцыйны парадак словаў VSO парушаецца, на замену чаму прыходзіць парадак словаў VOS (выказьнік-дапаўненьне-дзейнік). Зь іншага боку, дзеяслоў-зьвязка tha можа быць асэнсаваны як член сказу са значэньнем часовага дзеяньня (напрыклад, tha mi sgìth «я хворы»), is — як член сказу са значэньнем трывалай уласьцівасьці (is Albannach mi «я шатляндзец»).

Паводле шэрагу граматычных нарысаў абодва дзеясловы-зьвязкі могуць разглядацца як два віды адзінага суплетыўнага дзеяслову, згодна зь іншымі дасьледаваньнямі is разглядаецца як асноўны дзеяслоў-зьвязка гэльскае мовы.

Маркіроўка часу адбываецца рознымі спосабамі. Азначэньне цяперашняга часу адбываецца пры дапамозе дзеяслову tha і аддзеяслоўнага назоўніку (або дзеепрыметніку): Tha mi a’ bruidhinn «я кажу», літаральна — я на гутарцы. Простая мінулая форма дзеясловаў утвараецца шляхам леніцыі ініцыяльнага зычнага (напрыклад, bruidhinn [ˈpri.ɪɲ] «казаць», але bhruidhinn mi [ˈvri.ɪɲ mi] «я казаў»), што адрозьніваецца, напрыклад, ад беларускае мовы, дзе маркіроўка часу дзеясловаў адбываецца шляхам зьмены канчатку. Існуе мажлівасьць зьмены дзеяслову для выражэньня будучага часу без дапаможнага дзеяслову буду (напрыклад, Bruidhnidh mi «я казацьму»), гэтая ж канструкцыя пазначае таксама сказы са значэньнем частасьці дзеяньня, даданьне дзеяслову bi і аддзеяслоўнага назоўніку надае значэньне паўсядзённага дзеяньня або будучага часу.

Кожны дзеяслоў, як і ў іншых гайдэльскіх мовах, мае залежную й незалежную формы, кожны час дзеяслову мае дзьве адпаведныя формы. Залежную форму атрымлівае дзеяслоў, што прымяняецца пасьля часьціцаў, у іншых становішчах дзеяслоў мае незалежную форму. У адрозьненьне ад ірляндзкай і мэнскай моваў, у гэльскай шатляндзкай захоўваюцца сьляды адрозьненьня абсалютных і кан’юнктных ды дэўтэранічных і протатанічных дзеясловаў, апошняя пара адрозьніваецца адсутнасьцю традыцыйнага цяперашняга часу правільных і няправільных дзеясловаў. Незалежныя формы дзеясловаў звычайна маюць канчатак -(a)idh[81][82]: òl, але òlaidh «вып’е»; cluinn, але cluinnidh «пачуе». У іншых няправільных дзеясловах адрозьненьне паводле залежнасьці—незалежнасьці, вядомае цяперашнім і мінулым часам, мае іншае паходжаньне, беручы пачатак ад старажытнаірляндзкага адрозьненьня дэўтэранічных і протатанічных дзеясловаў[81]: faic (зал.), але chì (незал.) «убачыць»; faigh (зал.), але gheibh (незал.) «атрымае».

  • Прыназоўнік:

Прыназоўнік у гэльскай мове можа быць простым і складаным, кожны прыназоўнік можа кіравацца толькі пэўным склонам, складаныя кіруюцца толькі родным склонам. Вялікая частка прыназоўнікаў могуць мець фінальны -s або -n у залежнасьці ад артыклю (le Iain «з Іенам», але leis a’ mhinistear «зь міністрам»; fo bhròn «смуткуючы» (літаральна пад смуткам), але fon a’ bhòrd «пад сталом»).

Як і асабістыя займеньнікі, словазьменныя прыназоўнікі маюць эмфатычныя формы, атрыманыя праз даданьне адпаведных суфіксаў (напрыклад, agamsa, agadsa, aigesan, aicese, againne, agaibhse, acasan).

Пры суправаджэньні прыназоўніку ann an прыналежным азначэньнем адбываецца зьліцьцё апошняй фанэмы першага й першай фанэмы другога словаў, падобная зьява ўласьцівая й дзеяслоўнаму маркеру ag і спалучэньню a+L, у выніку чаго дзейнічае правіла леніцыі або эпэнтэзы. Напрыклад:

+ mo мой do твой a ягоны a ейны ar наш ur ваш an іхні
ann an у ’nam+L ’nad+L ’na+L ’na [h-] ’nar [n-] ’nur [n-] ’nan/'nam
ag ля, пры 'gam+L 'gad+L 'ga+L 'ga [h-] 'gar [n-] 'gur [n-] 'gan/'gam
a+L да

Будова сказу падпарадкоўваецца схеме VSO (выказьнік-дзейнік-дапаўненьне)[83]. Гэтай схеме падпарадкаваныя ў тым ліку й пытальныя сказы й адмаўленьне, маюцца жорсткія абмежаваньні на ўзьнікненьне часьціцаў перад дзеясловамі. Азначэньне, як правіла, мае становішча пасьля азначаемага, наяўнасьць перад дадзенай канструкцыяй пэўнага артыклю надае леніцыю як азначэньню, так і азначаемаму (напрыклад, (air) breac mòr «на вялікай фарэлі», але (air) a’ bhreac mhòr «на [менавіта гэтай] вялікай фарэлі»). У сваю чаргу, азначэньне можа мець становішча перад азначаемым, спараджаючы ў апошняга члену сказу леніцыю (напрыклад, seann chù «стары сабака», droch shìde «кепскае надвор’е», deagh thidsear «добры настаўнік»).

Выкарыстаньне дзеяслову-зьвязкі tha, ужыванага для апісаньня назоўніку або прыназоўніку разам з назоўным камплемэнтам, спрычыняецца да парушэньня парадку словаў у сказе і складаньня схемы VOS (выказьнік-дапаўненьне-дзейнік), гл. вышэй. Як і ў іншых кельцкіх мовах, адсутны вялікі рад злучнікаў і прыслоўяў, функцыю якіх нясуць іншасказальныя ідыяматычныя канструкцыі.

Кіраваньне прыназоўнікаў адбываецца ў давальным, родным і, радзей, у назоўным і вінавальных склонах, почасту прыназоўнікі дзеляцца паводле склонаў, якія могуць кіраваць дадзенымі часьцінамі мовамі:

  • Толькі з назоўным склонам: eadar «між», gu(s) «да» (у значэньні часу), mar «як», gun «без»;
  • З давальным: air «на», aig «ля, каля, пры», anns/ann an «у», le(is) «з, са», ri(s) «да» (у значэньні кірунку);
  • З родным: tarsainn, trìd «праз, паўз», «падчас», chun «да» (у значэньні кірунку).

Большая частка простых прыназоўнікаў не дапасоўваюцца з асабістымі займеньнікамі ў сынтаксічным дачыненьні, замест чаго займеньнік прымае формы спражэньня на ўзор дзеясловаў. Напрыклад:

+ mi мяне thu ты e яго i яе sinn мы sibh вы iad іх
aig ля agam agad aige aice againn agaibh aca
air на orm ort air oirre oirnn oirbh orra
le з leam leat leis leatha leinn leibh leotha
ann an у annam annad ann innte annainn annaibh annta
do да, для dhomh dhut dha dhi dhuinn dhuibh dhaibh

Большую частку лексычнага фонду гэльская шатляндзкая мова падзяляе зь іншымі кельцкімі, асабліва гайдэльскімі мовамі, што тлумачыцца агульным паходжаньнем гэтых моваў.

Акрамя ўласна кельцкай лексыкі прысутнічае вялікая колькасьць запазычваньняў лацінскага (muinntir, Didòmhnaich), старажытнагрэцкага (асабліва ў галіне рэлігійных тэрмінаў — eaglais, Bìoball), старажытнаскандынаўскага (eilean, sgeir), габрэйскага (Sàbaid, Aba), францускага (seòmar) і шатляндзкага германскага (aidh, bramar) паходжаньня.

Апроч уласна гайдэльскай лексыкі, гэльская шатляндзкая мова ўтрымлівае запазычваньні зь іншых кельцкіх моваў — брыцкіх, якія ад спрадвечнай гайдэльскай лексыкі адрозьніваюцца гукам /p/ на месцы гайдэльскага /k/. Часьцяком, аднак, гэтыя запазычваньні цяжка паддаюцца выяўленьню з-за сэрыі ўзаемных запазычваньняў, але іншыя словы (напрыклад, monadh) дакладна ідэнтыфікуюцца як брыцкія. Нярэдка брыцкі характар слова можна праверыць дзякуючы ірляндзкай мове, якая ў меншай ступені трапіла пад уплыў брыцкіх. Некаторыя з гэтых запазычваньняў былі засвоеныя яшчэ ў пэрыяд старажытнаірляндзкае мовы праз пасярэдніцтва варыянту лаціны, распаўсюджанага ў Вялікабрытаніі[84]. Наогул, дзель брыцкіх запазычваньняў і, акрамя іх, старажытнаскандынаўскіх і пікцкіх, зьяўляецца досыць маленькай[85].

Як і ў бальшыні індаэўрапейскіх моваў, засваеньне нэалягізмаў адбываецца шляхам запазычваньняў каранёў лацінскага або грэцкага паходжаньня, пры гэтым, у адрозьненьне ад вялікай часткі моваў Эўропы, словы набываюць уласнае гэльскае напісаньне: telebhisean «тэлебачаньне», coimpiùtar «кампутар».

Асаблівае месца займаюць запазычваньні ангельскага паходжаньня, існаваньне якіх абумоўленае гістарычнымі прычынамі. Шэраг дасьледчыкаў ставіць пытаньне аб небяспэцы эрозіі лексычнага фонду гэльскае мовы пад уплывам досьведу ангельскіх запазычваньняў[85].

Запазычваньні гэтага паходжаньня падзяляюцца на параўнальна старыя, у якіх адбываецца прыстасаваньне нягэльскае фанэтыкі й словазьмены (напрыклад, seacaid [ʃεxkatʃ ~ ʃaxkεtʃ] «піджак», ад анг. jacket), а таксама адносна новыя, дзе нярэдкім зьяўляецца перайманьне неўласьцівых гэльскай ангельскіх фанэмаў (напрыклад, wèire «провад», дзе існуе [w], ад анг. wire). Таксама могуць запазычвацца марфалягічныя маркеры разам з усім запазычваньнем (na Tories «Торы» (традыцыйная назва брытанскае палітычнае партыі), побач з na Tòraidhean), але больш раньнія запазычваньні падобнае варыяцыйнасьці ня маюць (напрыклад, a’ Chuigse «Ўігі» (традыцыйная назва іншае брытанскае палітычнае партыі))[85]. У словаўтварэньні размоўнай мовы часта адзначаецца выкарыстаньне ангельскіх каранёў разам з гэльскімі афіксамі нават пры наяўнасьці гэльскага літаратурнага адпаведніку (напрыклад, Tha mi a’ watcheadh an telly замест літаратурнага Tha mi a’ coimhead air an telebhisean «я глядзеў тэлебачаньне»), падобныя зьявы ў мове заўважаліся яшчэ ў першай палове ХІХ ст. Па павелічэньні ўплыву гэльскай шатляндзкай сярэдняй адукацыі ўсё больш носьбітаў мовы знаёмяцца зь літаратурнай лексыкай.

Дзьвюхмоўны ўказальнік у Глазга

Зь сярэдзіны 1970-х гадоў у гісторыі шатляндзкае мовы адзначыўся новы этап па адраджэньні мовы, у выніку якога мова атрымала значную ўвагу з боку ўраду Шатляндыі. Былі прадпрынятыя меры па пашырэньні афіцыйнага выкарыстаньня мовы ў рэгіёне[35].

Афіцыйныя функцыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адной з прычынаў заняпаду гэльскай шатляндзкай мовы стала працяглая адсутнасьць мовы пры выкананьні адміністрацыйных і адукацыйных функцыяў, а таксама даволі адмоўная палітыка з боку ўраду ў мінулым[86]. Мова не атрымлівала афіцыйнага прызнаньня, параўнальнага, напрыклад, з валійскай мовай, але зь першымі прыкметамі істотнага скарачэньня ўжытку мова атрымала ўвагу з боку шатляндзкага ўраду, калі ў 2005 годзе парлямэнтам краіны быў прыняты Акт гэльскай шатляндзкай мовы. Акт зацьвердзіў заснаваньне органу па разьвіцьці гэльскай шатляндзкай мовы (Bòrd na Gàidhlig[c]) з мэтаю забесьпячэньня наданьня гэльскай шатляндзкай мове афіцыйнай увагі, роўнай з ангельскай, ды садзейнічаньня ў выкарыстаньні й засваеньні мовы. Разам з гэтым, паводле акту прадпісваецца складаньне г.зв. нацыянальнага пляну гэльскай шатляндзкай мовы, які мусіць быць высунутым на зацьвярджэньне міністрамі ўраду Шатляндыі, рэкамэндацыяў па разьвіцьці адукацыі на мове, а таксама патрабаваньне стварэньня ўмоваў па выкарыстаньні гэльскай шатляндзкай мовы ў іншых ведамствах і ўстановах, калі гэтага патрабуе Рада[7]. Пасьля кансультацыйнага пэрыяду па ўвядзеньні акту Рада атрымала заканадаўчыя функцыі.

На кансультацыйнай стадыі паўсталі дыскусіі наконт наданьня мове статусу роўнага з ангельскай, у выніку чаго камітэт па адукацыі спыніўся на фармулёўцы ўвага, роўная ангельскай, аднак юрыдычная моц гэтай фармулёўкі няясная.

Акт быў прыняты ўсімі шатляндзкімі парлямэнтарамі й быў падтрыманы шатляндзкімі палітычнымі сіламі. Між тым, некаторыя крытыкі Акту (напрыклад, Іман О’Грыбін) лічаць, што ў параўнаньні з статусам валійскай мовы статус гэльскай шатляндзкай мовы досыць вузкі, таму, на думку крытыкаў, істотныя зьмены становішча мовы ў выніку намаганьня Рады наўрадці адбудуцца.

Акрамя намаганьняў ураду Шатляндыі, урад Вялікабрытаніі ратыфікаваў Эўрапейскую Хартыю рэгіянальных моваў. Гэльская шатляндзкая мова поруч з валійскай і ірляндзкай мовамі трапіла ў частку ІІІ Хартыі, што абавязвае ўрад краіны прымаць пакет мераў у галінах адукацыі, судовага й адміністрацыйнага справаводзтва, СМІ й культуры, эканамічнага жыцьця й г.д.[87]

10 сьнежня 2008 году з нагоды 60-годзьдзя Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека Камісія па правох чалавека ў Шатляндыі зьдзейсьніла першы пераклад на гэльскую шатляндзкую мову гэтай дэклярацыі[88].

У 1872 годзе быў выдадзены Акт аб адукацыі ў Шатляндыі, які, як лічыцца, цалкам ігнараваў наяўнасьць гэльскай шатляндзкай мовы і прывёў да заняпаду мовы; актам, у прыватнасьці, забаранялася размаўляць у клясе на мове, практыкаваліся цялесныя пакараньні за размову па-гэльску[89].

Першай сучаснай школай з выключна гэльскай шатляндзкай моваю навучаньня стала гэльская школа Глазга (Sgoil Ghàidhlig Ghlaschu), якая адкрылася ў 2006 годзе ў гэтым горадзе. Дадаткова існуе 61 часткова гэльскамоўная сярэднепачатковая школа, а таксама прыкладна дзесяць гэльскамоўных агульнаадукацыйных школаў. Паводле зьвестак Рады па гэльскай мове, у 1985 годзе ў гэльскамоўныя сярэднепачатковыя школы было залічана 24 чалавекі, тады як у 2008 годзе — 2 092[90]. Тым ня менш, нягледзячы на істотныя захады па абароне мовы, Вышэйшы крымінальны суд Шатляндыі прыняў рашэньне супраць выкарыстаньня гэльскай шатляндзкай мовы падчас судовых пасяджэньняў[91].

У траўні 2004 году ўрад правінцыі Новая Шатляндыя (Канада) аб’явіў пра фінансаваньне праграмаў па падтрымцы мовы й культуры шатляндцаў-гэлаў у правінцыі, у прыватнасьці, урадам правінцыі фінансуецца Ўпраўленьне па гэльскіх справах. У мястэчку Максьвіл (паўночны ўсход правінцыі Антарыё) гэльская шатляндзкая мова факультатыўна выкладаецца штотыдзень. На Востраве Прынца Эдўарда сярэдняя школа Коланэл-Грэй на цяперашні час прапаноўвае курсы па гэльскай шатляндзкай мове й гісторыі ва ўводным і глыбокім відах, што зьяўляецца першым выпадкам афіцыйнага выкладаньня мовы ў правінцыі. У правінцыі працуе Гэльская Рада Новае Шатляндыі, якая ставіць на мэце садзейнічаньне й умацаваньне гэльскай культуры ды мовы ў Прыморскіх правінцыях Канады (правінцыі, што месьцяцца на паўднёва-ўсходнім узьбярэжжы Канады). Гэльскае таварыства за межамі Прыморскіх правінцыяў дзейнічае таксама ў Ванкувэры, у якім ладзяцца песенныя сьвяты й сэзонныя вечаровыя заняткі па гэльскай мове.

У 2009 годзе між урадам Шатляндыі й прадстаўніком Вялікабрытаніі ў ЭЗ Кімам Даракам была падпісаная дамова, згодна зь якой было дазволена выкарыстоўваць гэльскую шатляндзкую мову ў зносінах між міністрамі ўраду Шатляндыі ды службовымі асобамі Эўрапейскага Зьвязу. Дамова не надае мове статусу адной з афіцыйных моваў Эўразьвязу, але прадастаўляе права ўжываць мову ў афіцыйных паведамленьнях, пераклад з мовы будзе ажыцьцяўляцца на сродкі ўраду Шатляндыі. Станоўчую ацэнку дакумэнту далі тагачасны міністар культуры Майкл Расэл і дзяржаўны сакратар па Шатляндыі Джым Мэрфі[92].

Унутры холдынгу BBC існуе радыёвяшчальная служба на гэльскай шатляндзкай мове (Radio nan Gàidheal), а таксама адпаведны тэлевізійны канал, BBC Alba. Канал даступны на тэрыторыі ўсёй Вялікабрытаніі, а таксама краінаў Эўропы[93]. Канал супрацоўнічае з службамі BBC Scotland і MG Alba, апошняя зь якіх зьяўляецца арганізацыяй, што працуе ў мэтах прасоўваньня гэльскай шатляндзкай мовы ў вяшчаньні й фінансуецца ўрадам Шатляндыі[94]. Для гэтых службаў служба STV Central здымае ўласныя праграмы, якія трансьлююцца таксама й на ўласным тэлевізійным канале[94].

Да ўзьнікненьня бясплатнага вяшчаньня BBC Alba тэлегледачам былі даступныя гадзінавыя штовечаровыя праграмы каналу TeleG. Гэльскамоўныя перадачы таксама трансьлююцца на іншых аддзяленьнях BBC ды іншых незалежных камэрцыйных каналах, як правіла з субтытрамі на ангельскай мове. Служба STV North здымае некаторыя ненавінавыя праграмы на мове.

Дзьвюхмоўныя шыльды

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Узор дзьвюхмоўнага дарожнага ўказальніка з выкарыстаньнем гэльскай шатляндзкай мовы (Мэлэг, захад Шатляндыі).

Дзьвюхмоўныя гэльска-ангельскія дарожныя ўказальнікі, шыльды з назвамі вуліцаў, установаў і рэклямныя шыльды паступова ўсталёўваюцца па ўсіх рэгіёнах, дзе распаўсюджаная гэльская шатляндзкая мова. У шматлікіх выпадках гэльскі надпіс паўтарае арыгінальнае напісаньне тапоніму на гэльскай шатляндзкай мове, дублюючы засвоены, пераапрацаваны ангельскі варыянт (напрыклад, Ràtagan і Ratagan, Loch Ailleart і Lochailort). Распаўсюджваюцца дзьвюхмоўныя шыльды на чыгуначных станцыях, пры гэтым яны ўстанаўліваюцца і ў Лаўлэндзе.

Увядзеньне шыльдаў, прадубляваных на гэльскай шатляндзкай мове збольшага выклікала станоўчую рэакцыю грамадзкіх арганізацыяў, на думку якіх падобная практыка дазволіць выкарыстоўваць гэльскую шатляндзкую мову ў навігацыйных мэтах, аднак увядзеньне падобных знакаў у мястэчку Каслтаўн (графства Кэйтнэс, паўночны ўсход Шатляндыі) выклікала некаторыя супярэчнасьці[95].

За апошнім часам Нацыянальнае картаграфічнае агенцтва Вялікабрытаніі стала разглядаць выпадкі памылковага напісаньня на мапах. У 2004 годзе было аб’яўлена пра выпраўленьне тапонімаў і стварэньне спэцыяльнага камітэту з мэтаю ўкараненьня правільнага напісаньня гэльскіх тапонімаў.

Гэльская шатляндзкая мова ў Канадзе ня мае рэгіянальнага або фэдэральнага афіцыйнага статусу, але дзьвюхмоўныя дарожныя ўказальнікі ёсьць на паўночным усходзе Новае Шатляндыі й на востраве Кейп-Брэтан.

Шыльда Вольнай Царквы Шатляндыі, на якой інфармуецца пра правядзеньне набажэнстваў як ангельскай гэтак і гэльскай мовамі

Насельніцтва Зьнешніх Гебрыдаў у большасьці сваёй адносіцца да прэсьбітэрыянаў, у асноўным належачы да такіх царкоўных арганізацыяў як Царква Шатляндыі, Вольная Царква Шатляндыі й Прэсьбітарыянская Царква Шатляндыі; жыхары астравоў Саўт-Ўіст і Бара пераважна зьяўляюцца каталікамі. Усе гэтыя цэрквы маюць гэльскамоўныя кангрэгацыі на памянёных астравох. Акрамя гэтага, гэльскамоўныя прыходы Царквы Шатляндыі ёсьць у Гайлэндзе, Эдынбургу і Глазга. Гэльскамоўныя набажэнствы ладзяць таксама Царква Сьв. Калюмбы і Царква францішканаў у Эдынбургу.

Гістарычныя адносіны між царквой і носьбітамі гэльскай шатляндзкай мовы былі даволі складанымі з прычыны частага выкарыстаньня ангельскай мовы, што, меркавана, магло стаць адной з прычынаў скарачэньня ўжытку мовы. Найбольшую царкоўную падтрымку мове ў цяперашні час аказвае Царква Шатляндыі, аднак за апошнім часам яе прадстаўнікі аб’явілі пра скарачэньне выкарыстаньня гэльскай шатляндзкай мовы празь недахоп гэльскамоўных сьвятароў і пляны па аб’яднаньні кангрэгацыяў[96].

Найпрыкметнае ўжываньне гэльскай шатляндзкай мовы адзначаецца ў шатляндзкім таварыстве шынці[d] Camanachd Association, лягатып якой прадубляваны на гэльскай шатляндзкай мове. У сярэдзіне 1990-х гадоў Кельцкая Ліга — арганізацыя па папулярызацыі кельцкай самасьвядомасьці й культуры ў сучасных кельцкіх рэгіёнах, пачала кампанію па прасоўваньні слова Alba (гэльская шатляндзкая назва Шатляндыі) у футболе й рэгбі. З 2005 году Шатляндзкая футбольная асацыяцыя падтрымлівае выкарыстаньне гэльскай шатляндзкай мовы на ўласных расьцяжках у знак падтрымкі руху адраджэньня мовы[97], падобную ініцыятыву арганізавала Шатляндзкі зьвяз па рэгбі.

Некаторыя спартовыя перадачы маюць уласныя трансьляцыі на гэльскай шатляндзкай мове.

Шатляндзкая кваліфікацыйная камісія прапаноўвае два ўзроўні для навучаньня мовы: для навучэнцаў, эквівалентны праграмам вывучэньня ангельскай мовы замежнікамі, і ўзровень для носьбітаў мовы, які мае вышэйшыя патрабаваньні. Гэльская асацыяцыя, іншая арганізацыя па падтрымцы мовы, прапаноўвае тры ўзроўні для ацэнкі вуснага валоданьня мовы — «бронзавы», «срэбны» і «залаты». Праграма не атрымала шырокага прызнаньня, але яна патрабуецца для ўдзелу ў шэрагу конкурсаў.

Некаторыя шатляндзкія ды ірляндзкія ўнівэрсытэты прапаноўваюць пэўнае вывучэньне гэльскай шатляндзкай мовы ў рамках вывучэньня курсаў кельталёгіі. У Шатляндыі пры дапамозе курсаў гэльскай шатляндзкай мовы мажлівае атрыманьне навуковае ступені (Унівэрсытэт Гайлэнду й Гебрыдзкіх астравоў), апрача таго, ёсьць іншыя навучальныя ўстановы з курсамі па мове й культуры гэльскамоўных шатляндцаў.

Праграмы па гэльскай шатляндзкай мове й іншых кельцкіх мовах у Канадзе маюць унівэрсытэт Сьв. Францішка Ксавэрыя, Гэльскі каледж кельцкіх мастцтваў і рамёстваў ды Кейп-Брэтанскі ўнівэрсытэт. У Расеі гэльская шатляндзкая мова, культура й гісторыя вывучаюцца ў Маскоўскім дзяржаўным унівэрсытэце.

Уплыў на іншыя мовы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гэльская шатляндзкая мова паўплывала на шатляндзкую германскую мову й шатляндзкі варыянт ангельскай мовы як на мовы, якія цягам некалькіх стагодзьдзяў суіснуюць у маўленьні шатляндцаў. Тым ня менш нярэдка свой уплыў аказвала ірляндзкая мова, таму з-за блізкасьці гэльскай і ірляндзкай моваў становіцца цяжкім разьмежаваць гэльскія й ірляндзкія запазычваньні[98]. Бальшыня галінаў гайлэндзкіх дыялектаў ангельскае мовы (лексыка, марфалёгія, фаналёгія) таксама маюць адбіткі гэльскага ўплыву.

Некаторыя гэльскія шатляндзкія словы дзякуючы пасярэдніцтву ангельскай мовы траплялі ў іншыя мовы Эўропы, у тым ліку й у беларускую мову. Як правіла, гэтыя словы адносяцца да спэцыфічных паняцьцяў гэльскай культуры і з прычыны пасярэдніцтва ангельскай мовы маюць значна зьмененае напісаньне й вымаўленьне, некаторыя словы могуць выводзіць сваю этымалёгію зь іншых моваў, адносячыся да гэльскай шатляндзкай мовы як да мовы-пасярэдніку. Некаторыя прыклады, існыя ў сучаснай беларускай мове:

  • Бард. Найранейшае сьведчаньне зьяўленьня слова ў ангельскай мове прыпадае на XV ст. з прыкладным значэньнем «вандроўны мэнэстрэль, мэнэстрэль-валацуга». Сучаснае значэньне слова бярэ свой пачатак з XVII ст., якое ў вялікай ступені зьвязанае з антычнымі грэцкімі й лацінскімі творамі (грэцк. bardos, лац. bardus, напрыклад, у выкарыстаньні Люканам). Лацінскае й грэцкае значэньне слова, у сваю чаргу, паходзіць дзякуючы гальскай мове.
  • Клан. Праз ангельскае clan, ад гэльскага шатляндзкага clann ([kʰlˠ̪an̪ˠ]) «дзеці, сям’я». Паходзіць, у сваю чаргу, ад старажытнаірляндзкага cland[98].
  • Слоган. Праз ангельскае slogan, ад гэльскага шатляндзкага sluagh-ghairm ([s̪lˠ̪uəɣɤɾʲɤm]), «баявы кліч».
  • Стронц. Назва хімічнага элемэнту другой групы пятага пэрыяду пэрыядычнае табліцы Мендзялеева. Ад назвы вёскі Стронтыен[e] на захадзе Шатляндыі, дзе элемэнт быў упершыню знойдзены.
  • Віскі. Праз расейскую й ангельскую мовы, назва алькагольнага напою, што бярэ сваё паходжаньне з Шатляндыі. Ад ангельскага whisky, у сваю чаргу — скарочаная форма whiskybae, ад гэльскага шатляндзкага uisge-beatha ([uʃkʲəˈpɛhə]), літаральна «вада жыцьця». Гэльскі шатляндзкі арыгінал ёсьць калькаваньнем ад францускага eau de vie, якое, у сваю чаргу, зьяўляецца калькаваньнем ад лацінскага aqua vitae з тым жа значэньнем[99].
  1. ^ Сярэдзіна слова.
  2. ^ Канец слова.
  3. ^ Далей — «Рада».
  4. ^ Адзін зь відаў хакею на траве.
  5. ^ Англіфікаваная форма, транскрыпцыя з гэльскае шатляндзкае мовы — Строн-Эн-Ціен. Анг. Strontian, гэльск. Sròn an t-Sìthein.
  1. ^ а б в Ethnologue (анг.) — 25, 19 — Dallas, Texas: SIL International, 1951. — ISSN 1946-9675
  2. ^ а б George McLennan. Scots Gaelic. A brief introduction. — Argyll Publishing, 1998. — С. 13. — 62 с. — ISBN 1874640 196
  3. ^ а б Data Warehouse (анг.) Scotland's Census 2011 Праверана 30 сакавіка 2014 г.
  4. ^ а б 2011 Census of Canada: Topic-based tabulations (анг.). Statistics Canada (2011). Праверана 14 жніўня 2014 г.
  5. ^ а б NHS Profile, 2011 (анг.) Statistics Canada. Праверана 30 сакавіка 2014 г.
  6. ^ Сьпіс рэгіянальных моваў, зацьверджаных краінамі-падпісантамі Хартыі (гл. частку, прысьвечаную Вялікабрытаніі) (анг.) Афіцыйная старонка Рады Эўропы. Рада Эўропы. Праверана 30 сакавіка 2014 г.
  7. ^ а б Акт гэльскае шатляндзкае мовы (анг.) legislation.gov.uk Праверана 30 сакавіка 2014 г.
  8. ^ Tom McArthur. Companion to the Oxford English Dictionary. — Oxford University Press, 1994.
  9. ^ John T. Koch. Insular Celtic // Celtic culture: a historical encyclopedia. — ABC-CLIO, 2006. — Т. 2. — С. 973.
  10. ^ а б Anna Giacalone Ramat, Paolo Ramat. The Celtic Languages // The Indo-European Languages. — Taylor & Francis, 1998. — С. 352. — 526 с.
  11. ^ John T. Koch. The Manx Language // Celtic culture: a historical encyclopedia. — ABC-CLIO, 2006. — Т. 2.
  12. ^ John T. Koch. Goidelic // Celtic culture: a historical encyclopedia. — ABC-CLIO, 2006. — Т. 2. — С. 831.
  13. ^ Scotland's Census Result Online (анг.). Scotland's Census. Праверана 14 жніўня 2014 г.
  14. ^ Pupil Census Supplementary Data (анг.). Scottish government (2013). Праверана 14 жніўня 2014 г.
  15. ^ Pupil Census, Supplementary data (анг.) Афіцыйны сайт ураду Шатляндыі. Урад Шатляндыі. Праверана 31 сакавіка 2014 г.
  16. ^ News Release. Scotland's Census 2001 — Gaelic Report (анг.) General Register Office for Scotland. Праверана 30 сакавіка 2014 г.
  17. ^ Duwe, Kurt. 20 // Gaidhlig (Scottish Gaelic) Local Studies / Muile, Tiriodh & Colla. — 2nd ed. — 2006. — С. 23.
  18. ^ Duwe, Kurt. 17 // Gaidhlig (Scottish Gaelic) Local Studies / Gleann Comhann, Lios Mor & Aird Chatain. — 2nd ed. — 2006. — С. 27.
  19. ^ MacKinnon, Kenneth. The Western Isles Language Plan: Gaelic to English language shift 1972–2001 / McLeod (ed.). — 2006. — С. 49-71.
  20. ^ NicAoidh, Magaidh. Pròiseact Plana Cànain nan Eilean Siar: A’ chiad ìre — rannsachadh air suidheachadh na Gàidhlig anns na h-Eileanan Siar / McLeod (ed.). — 2006. — С. 75, 81.
  21. ^ MacAulay, Donald. The Celtic Languages. — Cambridge University Press, 1992. — С. 141. — ISBN 0521231272
  22. ^ News Release. Scotland's Census 2001 — Gaelic Report (анг.). General Register Office for Scotland (2005). Праверана 23 ліпеня 2014 г.
  23. ^ Growing up with Gaelic. 2011 census shows a rise the number of young Gaelic speakers (анг.). Scottish government (26 верасьня 2013). Праверана 14 жніўня 2014 г.
  24. ^ MacKinnon, Kenneth. Gaelic in the 2001 census: a few green shoots amidst the gloom / ed. by J. Derrick McClure. — Doonsin’ Emerauds: New Scrieves anent Scots an Gaelic / New Studies in Scots and Gaelic. — Belfast: Cló Ollscoil na Banríona, 2004. — С. 24.
  25. ^ 2001 Census. Gaelic Report (анг.). General Register for Scotland (2005). Праверана 23 ліпеня 2014 г.
  26. ^ James Crichton. The Carrick Covenanters. — Cumnock: Office of Messrs. Arthur Guthrie and Sons Ltd..
  27. ^ Jones, Charles. The Edinburgh history of the Scots language. — Edinburgh University Press, 1997. — С. 551. — ISBN 978-0-7486-0754-9
  28. ^ Nora Kershaw Chadwick, Myles Dyllon. The Celtic Realms. — Weidenfeld & Nicolson, 1972. — С. 66. — ISBN 978-0-7607-4284-6
  29. ^ а б Campbell, Ewan. 75 // Were the Scots Irish?. — Antiquity. — 2001.
  30. ^ McLeod, Wilson. Divided Gaels: Gaelic Cultural Identities in Scotland and Ireland c.1200-c.1650. — Oxford: Oxford University Press, 2004. — С. 15.
  31. ^ Donald MacAulay. The Celtic Languages. — Cambridge University Press, 1992. — С. 2. — 466 с.
  32. ^ Jackson, Kenneth. 37 // Common Gaelic: The Evolution of the Goidelic Languages. — Proceedings of the British Academy. — 1951. — 71−97 с.
  33. ^ Ó Buachalla, Breandán. Common Gaelic Revisited / ed. by Colm Ó Baoill and Nancy R. McGuire. — Rannsachadh na Gàidhlig 2000. — Aberdeen: An Clò Gaidhealach, 2002. — С. 1-12.
  34. ^ W. F. H. Nicolaisen. Scottish Place-Names. — London: B. T. Batsford, 1986. — С. 133.
  35. ^ а б в McLeod, Wilson. Gaelic in contemporary Scotland: contradictions, challenges and strategies. — University of Edinburgh. — С. 1.
  36. ^ Gillies, William. Scottish Gaelic // The Celtic Languages / ed. by Martin J. Ball and Nicole Müller. — Routledge Language Family Series. — С. 230.
  37. ^ Hunter, James. The Making of the Crofting Community. — 1976. — С. 178-179.
  38. ^ Withers, Charles W. J. Gaelic in Scotland 1968-1981: The Geographical History of a Language. — Edinburgh: John Donald, 1984.
  39. ^ MacKinnon, Kenneth. Gaelic: A Past and Future Prospect. — Edinburgh: Saltire Society, 1991.
  40. ^ Ross, David. Scotland: History of a Nation. — Geddes & Grosset, 2002.
  41. ^ а б Mackenzie, Donald W. 57 // The Worthy Translator: How the Scottish Gaels got the Scriptures in their own Tongue. — Transactions of the Gaelic Society of Inverness. — 1990-1992. — С. 168-202.
  42. ^ O'Rahilly, T. F. Irish Dialects Past and Present. — Brown and Nolan, 1932. — С. 19. — ISBN 0-901282-55-3
  43. ^ MacAulay, Donald. The Celtic Languages. — Cambridge University Press, 1992. — С. 236.
  44. ^ Bauer, M. Blas na Gàidhlig. — Akerbeltz, 2010. — ISBN 978-1-907165-00-9
  45. ^ MacAulay, Donald. The Celtic Languages. — Cambridge University Press, 1992. — С. 237.
  46. ^ Gillies, William. Scottish Gaelic // The Celtic Languages / ed. by Martin J. Ball and Nicole Müller. — Routledge Language Family Series. — С. 237.
  47. ^ Jackson, Kenneth Hurlstone. Palatalization of labials in the Gaelic languages. — Wolfgang Meid (ed.). — Innsbruck: Festschrift für Julius Pokorny, 1967. — С. 179-192.
  48. ^ Gillies, William. Scottish Gaelic // The Celtic languages / Martin Ball, James Fife (ed.). — London, New York: Routledge, 1993. — С. 145-227.
  49. ^ Ó Dochartaigh, C. Survey of the Gaelic Dialects of Scotland I-V. — Dublin Institute for Advanced Studies, 1997. — ISBN 1-85500-165-9
  50. ^ а б Silverman, Daniel. 39 // On the rarity of pre-aspirated stops. — Journal of Linguistics. — 2003. — С. 578-579.
  51. ^ Borgstrøm, C. Hj. The dialects of the Outer Hebrides. — Oslo: Norwegian Universities Press, 1940.
  52. ^ Silverman, Daniel. 39 // On the rarity of pre-aspirated stops. — Journal of Linguistics. — 2003. — С. 579.
  53. ^ Ladefoged, P.; Ladefoged, J.; Turk, A.; Hind, K.; Skilton, St. J. Phonetic structures of Scottish Gaelic // Journal of the International Phonetic Association. — 1997.
  54. ^ Gillies, William. Scottish Gaelic // The Celtic Languages / ed. by Martin J. Ball and Nicole Müller. — Routledge Language Family Series. — С. 252.
  55. ^ Borgstrøm, C. Hj. The Dialects of the Outer Hebrides. — Oslo: Norwegian Universities Press, 1940. — С. 78-79, 173-174.
  56. ^ а б Gillies, William. Scottish Gaelic // The Celtic Languages / ed. by Martin J. Ball and Nicole Müller. — Routledge Language Family Series. — С. 247.
  57. ^ а б Gillies, William. Scottish Gaelic // The Celtic Languages / ed. by Martin J. Ball and Nicole Müller. — Routledge Language Family Series. — С. 248.
  58. ^ Ternes (1980)
  59. ^ Dorian (1978:60–1)
  60. ^ Clement, R. D. Word tones and svarabhakti / Thomson, Derick S. — Linguistic Survey of Scotland. — University of Edinburgh: 1994. — С. 108.
  61. ^ Gillies, William. Scottish Gaelic // The Celtic Languages / Ball, Martin J. and Fife, James (eds). — Routledge Language Family Descriptions. — London: Routledge, 1993. — ISBN 0-415-28080-X
  62. ^ Lewis, Henry; Holger Pedersen. A Concise Comparative Celtic Grammar / 3rd ed. — Göttingen: Vandenhoeck & Ruprecht, 1989. — С. 167ff. — ISBN 3-525-26102-0
  63. ^ Calder, George. A Gaelic Grammar. — Glasgow: Gairm, 1923. — С. 6. — ISBN 978-0-901771-34-6
  64. ^ Thurneysen, Rudolf. A Grammar of Old Irish. — Dublin: Dublin Institute for Advanced Studies, 1946. — С. 230ff. — ISBN 1-85500-161-6
  65. ^ Calder, George. A Gaelic Grammar. — Glasgow: Gairm, 1923. — С. 19. — ISBN 978-0-901771-34-6
  66. ^ Thurneysen, Rudolf. A Grammar of Old Irish. — Dublin: Dublin Institute for Advanced Studies, 1946. — С. 230, 236ff. — ISBN 1-85500-161-6
  67. ^ Calder, George. A Gaelic Grammar. — Glasgow: Gairm, 1923. — С. 13, 48. — ISBN 978-0-901771-34-6
  68. ^ а б Gillies, William. Scottish Gaelic // The Celtic Languages / ed. by Martin J. Ball and Nicole Müller. — Routledge Language Family Series. — С. 255.
  69. ^ а б в Gillies, William. Scottish Gaelic // The Celtic Languages / ed. by Martin J. Ball and Nicole Müller. — Routledge Language Family Series. — С. 264.
  70. ^ Gillies, William. Scottish Gaelic // The Celtic Languages / ed. by Martin J. Ball and Nicole Müller. — Routledge Language Family Series. — С. 258.
  71. ^ Gillies, William. Scottish Gaelic // The Celtic Languages / ed. by Martin J. Ball and Nicole Müller. — Routledge Language Family Series. — С. 261.
  72. ^ а б Gillies, William. Scottish Gaelic // The Celtic Languages / ed. by Martin J. Ball and Nicole Müller. — Routledge Language Family Series. — С. 263.
  73. ^ Lewis, Henry; Holger Pedersen. A Concise Comparative Celtic Grammar / 3rd ed. — Göttingen: Vandenhoeck & Ruprecht, 1989. — С. 357. — ISBN 3-525-26102-0
  74. ^ Lewis, Henry; Holger Pedersen. A Concise Comparative Celtic Grammar / 3rd ed. — Göttingen: Vandenhoeck & Ruprecht, 1989. — С. 358. — ISBN 3-525-26102-0
  75. ^ Thurneysen, Rudolf. A Grammar of Old Irish. — Dublin: Dublin Institute for Advanced Studies, 1946. — С. 240, 441. — ISBN 1-85500-161-6
  76. ^ George McLennan. Scots Gaelic. A brief introduction. — Argyll Publishing, 1998. — С. 33. — 62 с. — ISBN 1 874640 196
  77. ^ Lewis, Henry; Holger Pedersen. A Concise Comparative Celtic Grammar / 3rd ed. — Göttingen: Vandenhoeck & Ruprecht, 1989. — С. 200. — ISBN 3-525-26102-0
  78. ^ Thurneysen, Rudolf. A Grammar of Old Irish. — Dublin: Dublin Institute for Advanced Studies, 1946. — С. 467. — ISBN 1-85500-161-6
  79. ^ Cox, Richard. Brìgh nam Facal. — Roinn nan Cànan Ceilteach, 1991. — ISBN 903204-21-5
  80. ^ MacAulay, D., Dochartaigh, C.Ó., Ternes, E., Thomas, A.R., & Thomson, R.L. The Celtic languages. — Cambridge: Cambridge University Press, 1992.
  81. ^ а б Calder, George. A Gaelic Grammar. — Glasgow: MacLaren & Sons, 1923. — С. 219-229. — 352 с.
  82. ^ Mackinnon, Roderick. Gaelic. — Teach Yourself Books. — London: 2009. — С. 49-50.
  83. ^ Gillies, William. Scottish Gaelic // The Celtic Languages / ed. by Martin J. Ball and Nicole Müller. — Routledge Language Family Series. — С. 265.
  84. ^ O Croinin, Daibhi. A New History of Ireland: Prehistoric and Early Ireland. — Oxford University Press. — С. 407-410, 436. — 1036 с. — ISBN 0198217374
  85. ^ а б в Gillies, William. Scottish Gaelic // The Celtic Languages / ed. by Martin J. Ball and Nicole Müller. — Routledge Language Family Series. — С. 299.
  86. ^ Kenneth MacKinnon. Gaelic: A Past and Future Prospect. — Edinburgh: The Saltire Society, 1991.
  87. ^ List of declarations made with respect to treaty No. 148 (гл. частку, прысьвечаную Вялікабрытаніі) (анг.) Афіцыйны сайт Рады Эўропы. Рада Эўропы. Праверана 2 красавіка 2014 г.
  88. ^ SHRC Celebrates 60 Years of the Universal Declaration (анг.) Старонка Камісіі па правох чалавека ў Шатляндыі. Камісія па правох чалавека ў Шатляндыі (12 кастрычніка 2008). Праверана 1 красавіка 2014 г.
  89. ^ Pagoeta, Mikel Morris. Europe Phrasebook. — Lonely Planet, 2001. — С. 416. — ISBN 1-86450-224-X
  90. ^ Gael-force wind of change in the classroom // The Scotsman. — 2008.
  91. ^ Wilson McLeod. Official Status for Gaelic: Prospects and Problems // Scottish Affairs. — 1997.
  92. ^ EU green light for Scots Gaelic // BBC News. — 2009.
  93. ^ Help Receiving TV and Radio // BBC News.
  94. ^ а б BBC ALBA Gaelic Digital Service // BBC Alba.
  95. ^ Caithness councillors harden resolve against Gaelic signs // The Press and Journal. — 2008.
  96. ^ Free Church plans to scrap Gaelic communion service // The Scotsman. — 2008.
  97. ^ Gaelic added to Scotland strips // BBC News. — 2006.
  98. ^ а б MacBain, Alexander. An Etymological Dictionary of the Gaelic Language. — 2009. — ISBN 978-1-116-77321-7
  99. ^ Этымалягічны слоўнік беларускай мовы / уклад. І. І. Лучыц-Федарэц [і інш.]; рэд. Г. А. Цыхун. — Мн.: Беларуская навука. — Т. 2. — С. 162. — 325 с.
  • Gillies, H. Cameron. Elements of Gaelic Grammar. — (reprint 2006). — Vancouver: Global Language Press, 1896. — ISBN 1-897367-02-3, ISBN 1-897367-00-7
  • Gillies, William. Scottish Gaelic / Ball, Martin J. and Fife, James (eds). — The Celtic Languages (Routledge Language Family Descriptions). — London: Routledge, 1993. — ISBN 0-415-28080-X
  • MacAoidh, Garbhan. Tasgaidh — A Gaelic Thesaurus. — N. Carolina: Lulu Enterprises, 2007.
  • McLeod, Wilson. Revitalising Gaelic in Scotland: Policy, Planning and Public Discourse. — Edinburgh: Dunedin Academic Press, 2006. — ISBN 1-903765-59-5

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]