Перайсьці да зьместу

Брыцкія мовы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
брыцкая падгрупа
Народнасьць брыцкія народы
Арэал Ўэйлз, Корнўал, Брэтанія
Лінгвістычная клясыфікацыя Індаэўрапейская сям’я
Склад

Бры́цкія мовы — падгрупа моваў у складзе астраўной групы кельцкае галіны індаэўрапейскае сям’і моваў, разам з гайдэльскай падгрупай утварае астраўную групу ў складзе кельцкай галіны[1]. Прыметнік брыцкі ўтвораны ад назову плямёнаў, леглых у аснову сучасных этнасаў, што размаўляюць на брыцкіх мовах — брытаў, які, у сваю чаргу, зьвязваецца з валійскім словам Brython (з тым жа значэньнем) або грэцкім Prettanike, што выкарыстоўвалася для назвы Брытанскіх астравоў у старажытных аўтараў.

Брыцкія мовы паходзяць ад прабрыцкае мовы, на якой размаўлялі на абшарах ад паўднёвай Шатляндыі ў часы Жалезнага веку і пазьнейшага панаваньня Рыму над Брытаніяй. На поўнач ад арэалу прабрыцкае мовы, які сканчваўся ракою Фэрт-оф-Форт, месьціўся арэал пікцкае мовы, якая, меркавана, таксама належала да брыцкіх. У VVI стагодзьдзях н.э. носьбіты тагачасных прабрыцкіх дыялектаў перасяліліся на кантынэнтальную Эўропу, заклаўшы аднайменны кельцкі рэгіён у сучаснай Францыі (Брэтанія), у выніку чаго брыцкае маўленьне пашырылася й на кантынэнтальную частку Эўропы (гл. брэтонская мова). Цягам наступных некалькіх стагодзьдзяў прабрыцкая мова распалася на некалькі дыялектаў, якія ў наступным разьвіліся ў брэтонскую, валійскую, корнскую й кумбрыйскую мовы. Валійская ды брэтонская мовы дагэтуль захоўваюцца ва ўжытку, у той час як кумбрыйская вымерла, а корнская — вымерла параўнальна нядаўна і ў некаторай ступені адраджаецца энтузіястамі. Некаторыя з брыцкіх дыялектаў, верагодна, маглі існаваць на востраве Мэн, аднак востраў зьяўляецца рэгіёнам распаўсюджваньня гайдэльскіх моваў (гл. мэнская мова).

Досыць значная эміграцыйная плыня спарадзіла брыцкамоўныя грамады й за мяжою традыцыйнага арэалу, у выніку чаго брыцкія мовы таксама распаўсюджаныя ў Ангельшчыне, Францыі і Аргентыне (нашчадкі валійскіх каляністаў Патагоніі).

Тэрмін брыцкія мовы адносіцца да ўсіх кельцкіх моваў, якія паходзяць ад прабрыцкае мовы. У ангельскай мове, зь якой зьвязваецца засваеньне тэрміну ў мовах краінаў былога СССР, прыметнік брыцкі мае некалькі варыянтаў напісаньня, першы зь якіх — Brythonic, быў утвораны ў 1879 годзе кельтолягам Дж. Рэсам ад валійскага слова Brython[2]. Іншыя варыянты ангельскага напісаньня гэтага прыметніку паўсталі ў гэтым жа стагодзьдзі, але трохі пазьней. Ужо ў 1953 годзе брытанскі лінгвіст К. Джэксан адзначыў пра больш частае ўжываньне прыметніку Brittonic[2]. Некаторыя аўтары выкарыстоўвалі тэрмін брыцкія мовы для пазначэньня ня толькі ўласна брыцкіх моваў у сучасным разуменьні, але й усіх кельцкіх моваў, у якіх адбыўся пераход пракельцкага /kʷ/ у /p/

Сярод гістарычных тэрмінаў адзначаюцца сярэднявечныя лацінскія lingua Britannica ды sermo Britannicus[3], а таксама валійскае Brythoneg. Тым ня менш, пасьля публікацыі працаў К. Джэксана падобная тэндэнцыя лічыцца састарэлай[3].

Мовы брыцкай падгрупы таксама могуць узгадваюцца пад назваю P-кельцкія мовы, што зьвязана з эвалюцыяй у гэтых мовах праіндаэўрапейскага і (у наступным) пракельцкага *kʷ у p. Падобная намнэклятура звычайна адмаўляе тэрмін астраўная група кельцкае галіны, паколькі пераход у p адбыўся таксама амаль ва ўсіх кантынэнтальных кельцкіх мовах, праз што тэрмін астраўная група страчвае свой сэнс. Варта адзначыць, што ў гайдэльскіх мовах зычны *kʷ перайшоў у [k], з-за чаго яны могуць узгадвацца як Q-кельцкія мовы.

Гістарычныя помнікі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Помнікі старажытнага брыцкага маўленьня даступныя дасьледчыкам праз манэты, надпісы, глёсы, а таксама згадкі тапонімаў і асабістых імёнаў. Пазьнейшыя мовы засьведчаныя дзякуючы сярэднявечным пісьменьнікам, тапонімам і сучасным носьбітам моваў. Варта адзначыць, што на думку некаторых дасьледчыкаў старажытныя аўтары выкарыстоўвалі лацінізаваныя формы брыцкіх тапонімаў для пазначэньня геаграфічных аб’ектаў Брытаніі.

Для брыцкіх моваў уласьцівы перадусім пераход пракельцкага *kʷ у губны выбухны p. Сярод іншых рысаў таксама адзначаюцца:

  • Пераход -m, -n у -am, -an;
  • Пераход s- у пазыцыі перад галосным у h- (вал. hen, hir, hafal; брэт. hen, hir, hañval; корн. hen, hir, haval; але ірл. sean, síor, samhail);
  • Захаваньне першапачатковых насавых зычных перад -t (брэт. kant, але ірл. céad);
  • Пераход sp, sr, sv/sw у f, fr, chw (*swero > вал. chwarae, брэт. c'hoari, пры гэтым корн. gwari);
  • Страта ініцыяльнага (пачатковага) s- перад іншымі зычнымі (*slemon > вал. llyfn, корн. leven, брэт. levn, але ірл. sleamhain);
  • Пераход w у gw у ініцыяльнай пазыцыі, але ягонае захаваньне ў мэдыяльнай (сярэдзіна слова);
  • Пераход падвойных выбухных у сьпіранты перад галоснымі або дрыжачымі: pp, cc, tt > f, ch (c'h), th (z);
  • Пераход адзінарных глухіх і звонкіх выбухных d, b, m у інтэрвакальнай (між галоснымі) пазыцыі ў мяккія сьпіранты (вал. dd [ð], th [θ], f [v]; корн. dh [ð], th [θ], v [v]; брэт. z, zh, v).

Ніжэй прыведзеная табліца з адлюстраваньнем пракельцкіх зычных у асобных брыцкіх мовах. Прыведзены гук (паводле IPA) і літара для яе пазначэньня, у выпадку, калі літара й пазначэньне гуку паводле ІРА супадаюць, прыведзены толькі адзін сымбаль. V — галосны гук, С — зычны.

Пракельцкая Позьнебрыцкая Валійская Корнская Брэтонская
*b- *b b b b
*-bb- *-b- b b b
*-VbV- *v/b? f /v/ v v
*d- *d d d d
*-dd- *-d- d d d
*-VdV- *d/ð? dd /ð/ dh /ð/ z /z/ або страчаны
*g- *g- g g g
*-gg- *-g- g g g
*-VgV- *-VjV- страчаны страчаны страчаны
*φ- страчаны страчаны страчаны страчаны
*-φ- страчаны страчаны страчаны страчаны
*j- *i- i i i
*-j *-ð -dd /ð/ -dh /ð/ -z /z/ або страчаны
*k- *c- c /k/ k k
*-kk- *-cc- ch /x/ gh /h/ c'h /x/ або /h/
*-VkV- *-c-? -g-? g g g
*kʷ- *p- p p p
*-kʷ- *-b- b b b
*l- *l- ll /ɬ/ l l
*-ll- *-l- l l l
*-VlV- *-l- l l l
*m- *m- m m m
*-mb- *m? mb? m m m
*-Cm- *m m m m
*-m- *v? m? f /v/ v v
*n- *n- n n n
*-n- *-n- n n n
*-nd- *n / nn n, nn n, nn n, nn
*-nt- *nt / nh nt, nh nt nt
*r- *r- rh /r̥/ r r
*-r- *-r- r r r
*s- *h-, s h, s h h /h/ або страчаны
*-s- *-s- s s s
*t *t t t t
*-t- *-t-? -d-? d d d
*-tt-, *-ct- *th? *tt? th /θ/ th /θ/ zh /z/ or /h/
*w- *v- gw gw gw
*sw- *hw- chw /xw/ hw /ʍ/ c'ho /xw/
*VwV *w dd /ð/ dh /ð/
канчатковы галосны Vh Vch V/x/ Vgh V/h/

На цяперашні час сярод большасьці лінгвістаў прынятая наступная ўнутраная клясыфікацыя брыцкіх моваў:

Сучасныя брыцкія мовы ўключаюць у сябе брэтонскую, валійскую ды корнскую мовы. Першыя дзьве зь іх бесьперапынна выкарыстоўваліся падчас іх фармаваньня, аднак корнская мова вымерла ў XVIIIХІХ стагодзьдзі На цяперашні час ёсьць пэўныя групы энтузіястаў, якія ставяць на мэце адраджэньне мовы й выкарыстоўваюць яе ў некаторых галінах дзейнасьці. Сярод іншых моваў адзначаецца вымерлая ў ХІХІІ стагодзьдзі кумбрыйская мова, а таксама вымерлая ў Х ст. пікцкая мова, пры гэтым прыналежнасьць апошняй да брыцкіх (як і да індаэўрапейскіх наогул) дыскусійная.

Сучасныя брыцкія мовы лічацца мовамі, што ўтварыліся ў выніку распаду прабрыцкае мовы, якая, у сваю чаргу, узьнікла ў VI ст. да н.э. у выніку распаду пракельцкае мовы або праастраўной кельцкай мовы[4]. Брыцкія мовы, верагодна, захоўваліся па ўсёй частцы Брытаніі на поўдзень ад паўднёвай Шатляндыі да рымскага ўварваньня ў рэгіён. Некаторыя лінгвісты высоўваюць гіпотэзы, што брыцкія дыялекты маглі быць таксама распаўсюджанымі на частцы Ірляндыі і пазьней былі выцесьненыя носьбітамі раньніх формаў ірляндзкай мовы.

Прабрыцкая мова зьяўлялася адной з астраўных кельцкіх моваў, якія, у сваю чаргу, вядуць паходжаньне ад пракельцкае мовы, што распалася на асобныя дыялекты або мовы ў першай палове першага тысячагодзьдзя да н.э.[5][6][7][8]. На думку некаторых лінгвістаў сувязі з прабрыцкай мовай мела пікцкая мова, якая, верагодна, уваходзіла ў склад брыцкіх[9][10][11].

У пэрыяд рымскага панаваньня тагачасныя брыцкія дыялекты ўвабралі ў сябе значную дзелю лацінскіх запазычваньняў, якія сталі пазначаць ня толькі паняткі, успрынятыя пры новым панаваньні, але й нават прыземленыя штодзённыя тэрміны (напрыклад, слова «рыба» ва ўсіх брыцкіх мовах паходзіць ад лацінскага piscis, аднак першапачатковы брыцкі корань *ēskos захаваўся, прыкладам, у гідроніме Аск). Ва ўсіх трох сучасных брыцкіх мовах налічваецца прынамсі каля 800 лексычных адзінак лацінскага паходжаньня. Між іншым, уплыў лацінскай зазналі таксама рэлігійныя галіны дзейнасьці[12].

Ніякіх дакумэнтаў на прабрыцкай мове не існуе, аднак у распараджэньні гістарычнай навукі маюцца некалькі надпісаў[13]. Некалькі таблічак, знойдзеных у Баце ўтрымліваюць каля 150 імёнаў, зь якіх прыкладна палова — кельцкія (але не абавязкова брыцкія). Акрамя таго, у Баце знойдзены кулён, на якім выбіты праклён на прабрыцкай мове:

Adixoui Deuina Deieda Andagin Uindiorix cuamenai або, верагодна, Adixoui Deiana Deieda Andagin Uindiorix cuamiinai.

Існуе таксама дзевяцірадковы тэкст, выбіты на мэталёвай пласьціне, які таксама зьмяшчае брыцкія імёны.

Верагодна, што па пачатку рымскага панаваньня ў прабрыцкай мове вылучыліся дзьве асноўныя дыялектныя групы — заходняя й паўднёвазаходняя, пры гэтым, мажліва магла існаваць усходняя дыялектная група (цэнтральная частка ўсходняй Ангельшчыны), аднак яна пакінула маленкьую колькасьць сьведчаньняў, а яе існаваньне зьяўляецца недаведзеным. У пэрыядзе між канцом рымскага панаваньня й VI ст. заходняя дыялектная група разьвілася ў валійскую ды кумбрыйскую мовы, паўднёвазаходняя — у корнскую й брэтонскую, якая на той час ужо была занесеная на кантынэнтальную Эўропу. У гэтым жа стагодзьдзі пачынаецца этап адначасова рпзыходжаньня між мовамі, але й узьнікненьня агульных асаблівасьцяў. Іншыя агульныя зьмены адбыліся таксама ў VII ст., аднак гэты пэрыяд у цэлым лічыцца датаю распаду прабрыцкае мовы.

У VVI стагодзьдзях н.э. пачалася пэўная экспансія англасаксаў у Брытаніі, праз што некаторая частка брытаў перайшла на стараангельскую мову[14][15][16]. У ХІ ст. звужэньне арэалу брыцкіх моваў адзначылася англіфікацыяй такіх рэгіёнаў, як Дэван, у выніку чаго носьбіты корнскай і валійскай мовы апынуліся адарванымі адны ад адных.

У паўночнай Шатляндыі меркавана пражывалі носьбіты прытэнскай мовы, якая сталася продкам пікцкае мовы, якая, у сваю чаргу, імаверна можа ўваходзіць у склад брыцкіх. Як лічаць некаторыя лінгвісты, прытэнская мова вылучылася з агульнай Р-кельцкай мовы, якая існавала каля І ст. да н.э. Асноўнымі аргумэнтамі на карысьць існаваньня прытэнскай мовы служыць наяўнасьць тапонімаў, назваў плямёнаў і асабістых назваў, засьведчаных грэцкімі й лацінскімі храністамі на поўначы Ангельшчыны. Падобныя ўласныя назвы зьяўляюцца досыць рэдкімі, што тлумачыцца стала пазьнейшая гэльская й скандынаўская калянізацыя рэгіёну. На думку К. Джэксана ды Дж. Коха прытэнская й прабрыцкая мовыраспаліся ў І стагодзьдзі н.э., што больш паглыбіла ўзьнікненьне мяжы Рымскай імпэрыі, якая аддзяліла брытаў ад прытэнаў.

Брыцкія сьляды адзначаюцца ў выглядзе тапонімаў і гідронімаў на тэрыторыях, на якіх брыцкія мовы ўжо страчаныя. Падобныя ўласныя назвы сустракаюцца ў нізіннай Шатляндыі й частках Ангельшчыны, дзе захоўваліся значныя супольнасьці носьбітаў брыцкіх дыялектаў. Гэтыя назовы падзяляюцца на назвы з брыцкім паходжаньнем (Лёндан, Пэнікук, Пэрт, Абэрдын, Дорчэстэр, Дуўр, Колчэстэр), назвы з брыцкімі марфэмамі (bre-, bal-, combe/coomb(e), tor) і назвы, якія ня маюць брыцкага паходжаньня, але адлюстроўваюць іх колішнюю прысутнасьць (Дамбартан, Ўолтан). Гідронімы брыцкага паходжаньня павялічваюць сваю частасьць з усходу на захад і зьяўляюцца як поўнымі назвамі, так і марфэмамі.

Запазычаньні ў ангельскай

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На думку некаторых лінгвістаў у ангельскай мове існуе брыцкі субстрат, які выяўляецца ў лексыцы й сынтаксісе. Прынята лічыць, што асноўны здабытак брыцкіх запазычваньняў у ангельскай мове складаюць некаторыя словы прыроднага дачыненьня, а таксама сыстэма падліку авечак на захадзе й паўночным усходзе Ангельшчыны. Корнская мова зрабіла свой адбітак у горназдабыўнай галіне[17]. Праціўнікі гэтае гіпотэзы лічаць, што падобныя назвы ня маюць брыцкай этымалёгіі і тлумачацца з пункту гледжаньня ангельскай мовы.

Існуе гіпотэза, паводле якой выкарыстаньне іншасказальных канструкцыяў з дапамогаю дзеясловаў do і be узыходзіць да брыцкіх моваў, аднак іншыя дасьледчыкі тлумачаць гэта паўночнагерманскім уплывам[18] (напрыклад, падобныя канструкцыі адзначаюцца ў сучаснай галяндзкай і размоўнай нямецкай мовах).

Некаторыя дасьледчыкі[19] разглядаюць ангельскі сынтаксіс як сынтаксіс зь вялікай дзеляй брыцкага ўплыву[20][21].

Запазычаньні ў гайдэльскіх

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Значна больш прыкметным, аднак менш дасьледжаным зьяўляецца брыцкі ўплыў на гайдэльскія мовы. Напрыклад, як і ў ангельскай, у шатляндзкай гэльскай мове іншасказальныя канструкцыі сталі пераважнымі, але ў значна большай ступені. Апрача таго, шатляндзкая гэльская мае пэўную колькасьць верагодных Р-кельцкіх запазычваньняў. Тым ня менш, праблема запазычваньняў Р-кельцкіх словаў у шатляндзкую мову застаецца нявырашанай з прычыны цяжкасьці аддзяленьня Р-кельцкіх словаў ад Q-кельцкіх. Сярод брыцкіх запазычваньняў адзначаюцца й іншыя словы (напрыклад, monadh — параўн. з вал. mynydd і кумбр. *monidh). Уплыў на ірляндзкую мову выяўляецца ў пасярэдніцтве брыцкіх моваў пры запазычваньні лацінскае лексыкі з прычыны хрысьціянізацыі Ірляндыі з боку Брытаніі.

  1. ^ Arthur Charles Champneys. History of English: A Sketch of the Origin and Development of the English Language with Examples, Down to the Present Day. — Macmillan, 1893. — 414 с.
  2. ^ а б Jackson, ст. 3.
  3. ^ а б John T. Koch. І-ІІ // Celtic culture: a historical encyclopedia. — ABC-CLIO, 2006. — 7 с. — ISBN 1851094407
  4. ^ Koch, John T. An Atlas for Celtic Studies. — Oxford: Oxbow Books, 2007. — ISBN 978-1-84217-309-1
  5. ^ Henderson, Jon C. The Atlantic Iron Age: Settlement and Identity in the First Millennium BC. — Routledge, 2007. — С. 292-295.
  6. ^ Sims-Williams, Patrick. Studies on Celtic Languages before the Year 1000. — CMCS, 2007. — С. 1.
  7. ^ Koch, John. Celtic Culture: A Historical Encyclopedia. — ABC-CLIO, 2006. — С. 1455.
  8. ^ Eska, Joseph. Continental Celtic / Roger Woodard. — The Ancient Languages of Europe. — Cambridge: 2008.
  9. ^ Forsyth, Katherine. Celtic Culture: A Historical Encyclopedia / John Koch. — ABC-CLIO, 2006. — С. 1444, 1447.
  10. ^ Forsyth, Katherine. Language in Pictland : the case against "non-Indo-European Pictish". — Utrecht: de Keltische Draak, 1997. — С. 27.
  11. ^ Jackson, Kenneth. The Pictish Language / F. T. Wainwright. — The Problem of the Picts. — Edinburgh: Nelson, 1955. — С. 129-166.
  12. ^ Lewis, H. Yr Elfen Ladin yn yr Iaith Gymraeg. — Cardiff: University of Wales Press, 1943.
  13. ^ Philip Freeman. Ireland and the Classical World. — University of Texas Press, 2001.
  14. ^ R. Fleming. Britain After Rome. — 2011. — С. 45-119.
  15. ^ H. Tristram. Why Don't the English Speak Welsh? / Higham. — Britons in Anglo-Saxon England. — 2007. — С. 192-214.
  16. ^ D. White. On the Areal Pattern of ‘Brittonicity’ in English and Its Implications. — Austin, Texas: 2010.
  17. ^ Dictionary of Mining, Mineral, and Related Terms. American Geological Institute and US Bureau of Mines. — С. 128, 249, 613.
  18. ^ Roberts, Ian G. Verbs and diachronic syntax: a comparative history of English and French Volume 28 of Studies in natural language and linguistic theory Volume 28 of NATO Asi Series. Series C, Mathematical and Physical Science.
  19. ^ Прыкладам (Filppula et al., 2001).
  20. ^ Hickey, Raymond. Early Contact And Parallels Between English and Celtic. — Vienna English Working Papers.
  21. ^ van Gelderen, Elly. A History of the English Language.
  • Aleini M (1996). Origini delle lingue d'Europa.
  • Dillon M and Chadwick N (1967). Celtic Realms.
  • Filppula, M., Klemola, J. and Pitkänen, H. (2001). The Celtic roots of English, Studies in languages, No. 37, University of Joensuu, Faculty of Humanities, ISBN 952-458-164-7.
  • Hawkes, J. (1973). The first great civilizations: life in Mesopotamia, the Indus Valley and Egypt, The history of human society series, London: Hutchinson, ISBN 0-09-116580-6.
  • Jackson, K., (1994). Language and history in early Britain: a chronological survey of the Brittonic languages, 1st to 12th c. A. D, Celtic studies series, Dublin: Four Courts Press, ISBN 1-85182-140-6.
  • Rivet A and Smith C (1979). The Placenames of Roman Britain.
  • Schrijver, P. (1995), Studies in British Celtic Historical Phonology. Amsterdam: Rodopi. ISBN 90-5183-820-4.
  • Atkinson and Gray (2005) „Are Accurate Dates an Intractable Problem for Historical Linguistics?”. In: Mapping Our Ancestors, Collard, Mark, et al., eds. Transaction Books
  • Forsyth, K. (1997) Language in Pictland.
  • Jackson, K. (1953) Language and History in Early Britain.
  • Jackson, K. (1955) „The Pictish Language” in F. T. Wainwright The Problem of the Picts. London: Nelson.
  • Koch, J. (1986) «New Thought on Albion, Ieni and the „Pretanic Isles”» in: Proceedings of the Harvard Celtic Colloquium; 6, 1–28 (1986).
  • Lambert, P.-Y. (ed.), Recueil des inscriptions gauloises II.2. Textes gallo-latins sur instrumentum, Paris: CNRS Editions, 2002, p. 304-306.
  • Lambert, Pierre-Yves (2003). La langue gauloise. 2nd edition. Paris, Editions Errance. p. 176
  • Lockwood, W. B. (1975) Languages of the British Isles Past and Present, London: Deutsch ISBN 0-233-96666-8
  • Ostler, Nicholas (2005) Empires of the Word. London: HarperCollins ISBN 0-00-711870-8.
  • Price, G. (2000). Languages of Britain and Ireland, Blackwell. ISBN 0-631-21581-6
  • Rivet, A. and Smith, C. (1979) The Place-Names of Roman Britain
  • Sims-Williams, Patrick (2003) The Celtic Inscriptions of Britain: phonology and chronology, c.400–1200. Oxford, Blackwell. ISBN 1-4051-0903-3
  • Trudgill, P. (ed.) (1984) Language in the British Isles, Cambridge University Press.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]