Заслаўскі кальвінскі збор

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Помнік абарончай і сакральнай архітэктуры
Заслаўскі кальвінскі збор
Заслаўскі кальвінскі збор
Заслаўскі кальвінскі збор
Краіна Беларусь
Места Заслаўе
Адрас Замкавая вул., д. 6
Каардынаты 54°0′26.5″ пн. ш. 27°17′30″ у. д. / 54.007361° пн. ш. 27.29167° у. д. / 54.007361; 27.29167Каардынаты: 54°0′26.5″ пн. ш. 27°17′30″ у. д. / 54.007361° пн. ш. 27.29167° у. д. / 54.007361; 27.29167
Канфэсія Беларускі экзахат
Эпархія Менская япархія 
Архітэктурны стыль рэнэсанс
Заснавальнік Ян Глябовіч
Дата заснаваньня XVI ст.
Будаваньне 1577—??? гады
Асноўныя даты:
1628пераўтварэньне ў касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла
1676заснаваньне кляштару дамініканаў
1833пераўтварэньне ва ўніяцкую царкву Сьвятога Спаса
1839перадача Ўрадаваму сыноду Расейскай імпэрыі
1930-язакрыцьцё савецкімі ўладамі
1972разьмяшчэньне музэю рамёстваў і народных промыслаў
1990перадача Беларускаму экзархату
5 чэрвеня 2013 — пачатак набажэнстваў па-беларуску
Апошні плябан Мікалай Мазгоў
Статус Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь
Стан дзейны
Сайт zaslavl-sobor.by
Заслаўскі кальвінскі збор на мапе Беларусі
Заслаўскі кальвінскі збор
Заслаўскі кальвінскі збор
Заслаўскі кальвінскі збор
Заслаўскі кальвінскі збор на Вікісховішчы

Заслаўскі кальвінскі збор[1] — помнік архітэктуры XVI стагодзьдзя ў Заслаўі. Знаходзіцца ў цэнтры места пад адрасам вуліца Замкавая, 6, пасярод колішняга замка. З 1628 году дзеяў як касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла, з 1833 году — уніяцкая царква Сьвятога Спаса. У 1839 годзе ўлады Расейскай імпэрыі гвалтоўна перавялі царкву ў юрысдыкцыю Ўрадавага сыноду, пазьней Маскоўскага патрыярхату. Твор архітэктуры рэнэсансу. Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Беларусі.

У будынку збору дзее сабор Перамяненьня Гасподняга Беларускага экзархату Маскоўскага патрыярхату. З чэрвеня 2013 году ў ім ладзяць набажэнствы па-беларуску, якія на 2023 год праходзілі кожную апошнюю суботу месяца.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вялікае Княства Літоўскае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1577 годзе ўладальнік Заслаўя князь Ян Глябовіч распачаў будаваньне збору на тэрыторыі замка[2]. Яшчэ ў 1572 годзе Ян Глябовіч запрасіў сюды Сымона Буднага. Пры кальвінскім зборы існавала школа, дзе маглі навучацца дзеці розных станаў.

У 1628 годзе кашталян віленскі Мікалай Глябовіч перадаў збор каталікам, якія пераасьвяцілі яго пад касьцёл Сьвятога Міхала Арханёла. Новыя ўладальнікі Заслаўя Казімер і Крыстына Сапегі перадалі будынак кляштару дамініканаў, заснаванаму ў 1676 годзе. У 1678 годзе збор часткова перабудавалі.

Пад уладай Расейскай імпэрыі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па другім падзеле Рэчы Паспалітай (1793 год), калі Заслаўе апынулася ў складзе Расейскай імпэрыі, касьцёл і кляштар працягвалі дзеяць. Па здушэньні вызвольнага паўстаньня (1830—1831) у 1833 годзе расейскія ўлады ліквідавалі кляштар дамініканаў. Будынак збору перайшоў да ўніятаў, якія асьвяцілі яго пад тытулам Сьвятога Спаса ў памяць некалі існай у Заслаўі царквы.

Па гвалтоўнай ліквідацыі Грэцка-Каталіцкай (Уніяцкай) царквы ў 1839 годзе расейскія ўлады адабралі будынак збору ў Сьвятога Пасаду і перадалі ў валоданьне Урадаваму сыноду Расейскай імпэрыі (Маскоўскай царквы). У 1865 годзе збор перабудавалі.

Найноўшы час[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1930-я гады савецкія ўлады зачынілі царкву, у яе будынку разьмясьцілі мучны склад. У 1968—1972 гадох праводзілася рэстаўрацыя помніка, па якой у ім разьмясьціўся музэй рамёстваў і народных промыслаў. У 1990 годзе будынак збору перадалі Беларускаму экзархату Маскоўскага патрыярхату. У 1996 годзе тут адбыўся пажар.

У 2013 годзе на Дзень памяці Эўфрасіньні Полацкай у саборы Перамяненьня Гасподняга ўпершыню правялі набажэнства па-беларуску. Яго пачынальнікам стаў протаярэй Мікалай Мазгоў. Ад 2015 году беларускамоўнае набажэнства пачалі ладзіць рэгулярна кожную апошнюю суботу месяца. У выніку Заслаўскі сабор стаў першай праваслаўнай царквой Менскага раёну, дзе пачалі праводзіць набажэнствы роднай мовай. Пазьней богаслужэньні на беларускай мове сталі прыцягваць паломнікаў з суседніх паселішчаў Менскага раёну, а таксама з Маладэчна і Менску, бо іх таксама пачалі ладзіць на сьвяты памяці беларускіх сьвятых[3].

Архітэктура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адзін з найбольш выразных помнікаў архітэктуры рэнэсансу Вялікага Княства Літоўскага з рысамі абарончага дойлідзтва. Асаблівасьцю помніка зьяўляецца таксама адсутнасьць алтарнай апсыды (характэрная рыса пратэстанцкіх збораў Вялікага Княства Літоўскага). Гэта прастакутная ў пляне базыліка, каталікон якой мае даволі прысадзісты выгляд. Тоўстыя сьцены збору сканчаюцца высокім аркатурным пасам, у якім раней існавалі байніцы. Перад каталіконам узвышаецца 30-мэтровая вежа з шасьцю ярусамі, у кожным зь якіх таксама былі байніцы. Пачаткова збор ня меў вежы, яе дабудавалі крыху пазьней. Звонку сьцены аздабляюцца вэртыкальнымі пілястрамі і рустам.

Збор стаіць пасярод магутнага бастыённага замка і мае выразна абарончыя рысы: ён мог служыць апошнім прытулкам абаронцам, а высокая вежа, відаць, выконвала функцыі вежы-дазорцы.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гістарычныя здымкі і графіка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сучасныя здымкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Калкін В. Заслаўскі кальвінскі збор // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 1. С. 649.
  2. ^ Ткачоў М. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі ХІІІ—XVIII стст. — Менск, 1978. С. 135.
  3. ^ Уладзімер Русаковіч. Стаць бліжэй да Бога / ген.дыр. Ларыса Коршун, рэд. Галіна Наркевіч // Менская праўда : газэта. — Беларускі дом друку, 20 студзеня 2023. — № 5 (15 439). — С. 14.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — 684 с. — ISBN 985-11-0314-4
  • Крыванос Ф. Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква // Вестник Белорусского Экзархата. — 1991. — № 1 (6). — С. 37-39.
  • Крыванос Х. Заслаўская Спаса-Праабражэнская царква: [Археал. даслед. (2-я палова XVI — пач. XVII ст.)] // Вестник Белорусского Экзархата. — 1993. — № 1. — С. 37-39.
  • Ткачоў М. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі ХІІІ—XVIII стст. — Менск, 1978.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, шыфр  611Г000335