Перайсьці да зьместу

Гутарка (літаратурны жанр)

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Гу́тарка (літаратурны жанр) — адзін з жанраў фальклёрнай і ананімнай беларускай літаратуры XIX ст.; вершаваны маналёг або дыялёг, у якім у форме непасьпешлівай, доказнай гаворкі асьвятляліся вострыя сацыяльна-палітычныя (зямля, воля, адмена прыгоннага права) і маральныя (праўда і крыўда, п’янства) праблемы. Гутарка патрабавала зацікаўленага слухача, субяседніка. У ёй пераважалі інтанацыі жывога народнага маўленьня, што выяўляліся ў лексыцы, сынтаксісе, рытмічным ладзе. Пісаліся гутарка раёшнікам, сілабічным, акцэнтна-складовым, сілаба-танічным вершам (чатырохстопны харэй). Асаблівае распаўсюджаньне набылі «Гутарка Данілы са Сьцяпанам», «Гутарка ў карчме», «Гутарка старога дзеда», «Вось цяпер які люд стаў», «Гутарка Паўлюка» і інш. Гутаркі аказалі пэўнае ўзьдзеяньне на асобныя літаратурныя жанрыпаэму, апавяданьне. Пад уплывам вершаваных гутарак узьніклі празаічныя мастацка-публіцыстычныя гутаркі («Перадсьмяротны разгавор пустэльніка Пятра», «Дзядзька Антон, або Гутарка аб усім чыста, што баліць, а чаму баліць — не ведаем» і інш.).