Яўгенія Пфляўмбаўм
Яўгенія Пфляўмбаўм | |
Яўгенія Пфляўмбаўм на першым зьезьдзе «маладнякоўцаў», 1925 г. | |
Асабістыя зьвесткі | |
---|---|
Імя пры нараджэньні | Яўгенія Эргардаўна Пфляўмбаўм |
Нарадзілася | 1 лістапада 1908 |
Памерла | 14 студзеня 1996 (87 гадоў) |
Пахаваная | |
Сужэнец | Максім Лужанін |
Літаратурная дзейнасьць | |
Род дзейнасьці | паэтка, перакладніца |
Мова | беларуская мова |
Яўгенія Эргардаўна Пфляўмбаўм (1 лістапада 1908, Менск — 13 студзеня 1996, Менск) — беларуская паэтка і перакладніца.
Біяграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нарадзілася ў сям’і менскага чыгуначніка-немца Эргарда Карлавіча Пфляўмбаўма і Алены Кандратаўны Лагун.
У 1930 годзе скончыла літаратурна-лінгвістычнае аддзяленьне пэдагагічнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Актыўна ўдзельнічала ў літаратурна-грамадзкім жыцьці: спачатку была сябрам «Маладняка», потым — БелАПП, а пазней уваходзіла ў склад кіраўніцтва гэтых арганізацый. У 1930—1932 гг. працавала бібліёграфам Кніжнай палаты пры Дзяржаўнай бібліятэцы БССР, літсупрацоўнікам рэспубліканскай газэты «Звязда».
Летам 1931 г. выйшла замуж за Максіма Лужаніна. Калі ў 1933 г. Максім Лужанін быў рэпрэсаваны і на 2 гады сасланы ў сібірскі Марыінск, паэтка паехала следам за мужам, каб быць з ім побач. Пфляўмбаўм была вымушана прадаць сваю бібліятэку з унікальнымі выданьнямі, каб набыць чыгуначны квіток на цягнік[1]. Пасьля вызваленьня мужа пераязджае разам зь ім ў Маскву, дзе ў 1935—1945 гг. працуе рэдактарам Абароннага дзяржаўнага выдавецтва («Оборонгиз»).
Падчас нямецка-савецкай вайны служыла ў супрацьпаветранай абароне Масквы. З 1945 г. і да самай сьмерці жыла ў Менску.
Сябра СП СССР з 1989 г.
Памерла 13 студзеня 1996 году. Пахаваная на могілках вёскі Паперня ў Менскім раёне, дзе пазьней поруч з ёю быў пахаваны Максім Лужанін[2].
Творчасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Друкавацца пачала з 1924 г. у часопісах «Маладняк», «Полымя», у газэтах «Савецкая Беларусь», «Звязда». У 1926 г. разам з сваімі равесьніцамі З. Бандарынай і Н. Вішнеўскай выдала калектыўны зборнік «Вершы».
Пасля вяртання з ссылкі Лужанін вырашае ўсё рабіць так, як патрабуе кіруючая партыя. Паэтка не пагадзілася з мужам, і амаль усё сваё жыццё пісала ў стол, не спадзеючыся калі-небудзь пабачыць напісанае ў друку[3].
Перакладала з ангельскай — Джорджа Байрана і Джэка Лёндана, і з расейскай — прозу і драматургію Антона Чэхава і Максіма Горкага[1]. Усе пераклады друкаваў Максім Лужанін.
Вершы Пфляўмбаўм хацеў надрукаваць Аркадзь Куляшоў, які выпадкова прачытаў іх, калі наведаў Лужаніна. Аднак сьмерць Куляшова адклала вяртаньне паэткі ў друк[1]. Толькі ў 1989 годзе выйшаў зборнік паэзіі «Сувой жыцьця» з прадмовай Анатоля Вярцінскага, а ў 1992 г. — кніга «На захадзе сонца».
Перад сьмерцю Пфляўмбаўм хацела выдаць трэцюю кнігу вершаў «Зімовае сонца». Але, нягледзячы на намаганьні Лужаніна, які пасьля сьмерці жонкі рыхтаваў зборнік да друку, кніга так і засталася нявыдадзенай[4].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в Уладзімер Арлоў Яўгенія Пфляўмбаўм (1.11.1908, Менск — 13.1.1996, Менск. Пахаваная на могілках вёскі Паперня, Менскі раён). Радыё Свабода. Праверана 19 чэрвеня 2018 г.
- ^ Людмила Рублевская. Прощальные портреты ноября. 11 ноября 2009 г.
- ^ Ганна Севярынец. Каханне па-за падручнікам. Невядомая паэтка, жонка вядомага паэта. 16.02.2017. Velvet
- ^ Анатоль Вярцінскі. «Мой лёс круты, як лес густы…» Дзеяслоў, №6(25), 2006
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Пфляўмбаўм Яўгенія // Беларускія пісьменнікі (1917—1990): Даведнік; Склад. А. К. Гардзіцкі. Нав. рэд. А. Л. Верабей. — Мн.: Мастацкая літаратура, 1994. — 653 с.: іл. ISBN 5-340-00709-X.
- Пфляумбаум Я. Сувой жыцця: Кн. паэзіі / Уклад., рэд. і прадм. А. Вярцінскі. — Мн.: Маст. літ., 1989. — 406 с.
- Пфляўмбаўм Я. На захадзе сонца: Вершы — Мн: Мастацкая літаратура, 1992. — 110 с — 1000 экз. — ISBN 5-340-01103-8.
- Трус М. «Нас толькі двое…» [Максім Лужанін і Яўгенія Пфляўмбаўм] // Літаратура і мастацтва. ‒ 24.11.2023. — № 47 (5256). — С. 11.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Яўгенія Пфлямбаўм. Адна, як крыж на небасхіле... Вершы // Дзеяслоў. — 2006. — № 25.
- Нарадзіліся 1 лістапада
- Нарадзіліся ў 1908 годзе
- Нарадзіліся ў Менску
- Памерлі 14 студзеня
- Памерлі ў 1996 годзе
- Памерлі ў Менску
- Пахаваныя ў Менскім раёне
- Беларускія паэткі
- Беларускія перакладчыцы
- Удзельнікі нямецка-савецкай вайны
- Сябры літаратурнага аб’яднаньня «Маладняк»
- Сябры Беларускай асацыяцыі пралетарскіх пісьменьнікаў